Вторник, 17 07 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Марыя Кобец. Вершы

Марыя Уладзіміраўна Кобец нарадзілася і жыве ў вёсцы Валішча Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыла Пінскае медыцынскае вучылішча,  Інстытут журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Паэт, перакладчык, рэдактар  карэспандэнцкага пункта г. Пінска РУП РТЦ “Тэлерадыёкампанія “Брэст”. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, лаўрэат Брэсцкай абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка (2012). Аўтар паэтычных зборнікаў: “Кроплі” (2011); “Палыновая квецень” (2016); "У белым ветразі завей"(2018). У перакладах асобныя творы  друкаваліся ў Азербайджане, Расіі, Польшчы, Сербіі, Чарнагорыі, Чачні, Туркменістане.

 

ПАКЛІКАННЕ СЛОВАМ

 

Захліпалася сэрца ў граху –

Да Паклікання, к Лучнасці светлай…

 

На апошняй прыступцы шляху

Я пачула Ваш голас прыветны.

 

Я прачула цяплынь Вашых воч,

Эўхарыстыю – ў простай прамове.

Панавала згрызотная ноч –

Я знайла ратаванне… у Слове.

 

Адкупленне, адхланне, спадзеў,

Знітаванасць з Высокім, Сусветным…

На прыпынку Апошніх Надзей –

Я спаткала Ваш позірк прыветны.

 

Спаталілася лучнасцю ўсмак –

У Пакліканні Словам Прасветлым…

На апошнім маршруце – як знак –

Стаў збавеннем Ваш голас прыветны.

 

ДА ПАЭЗІІ…

 

Пагібель?..

Надзея?..

Збавенне?..

Нязграбная ноша?..

Ці крыж?

Ратуеш, ці дорыш сцаленне?

Знішчаеш, уздымаючы ўвысь?

 

Вясны гаманкой захапленне!

Бурлівы, няўрымслівы плёс!

Любоў… да шаленства… ўтрапення!

Нянавісць… да ўедлівых слёз!

 

Самоты, журбы паланенне!

І радасць… з ударам пад дых!

 І Веры Святой наталенне!

І споведзь,

І каянне ўслых!

 

Трохперсце… Пацір…

Ачышчэнне…

Пачатак… і ўрэшце… канец.

Пагібель…

           і дзеля збавення

                   цаглянага жвіру свінец!..

 

***

 

Проста мяне няма

там, дзе выток ад ценю.

Выспамі воч – зіма,

шэрань сляпых адценняў.

 

Проста мяне няма

ў цемрадзі і ў зеніце.

Тайнапіс дзён – “сама”,

правапіс ісціны – I.Н.С.I.[1]

                           

Проста няма мяне

ў ветры, вадзе і ў глебе!

Я ў шматгалоссі?..

Не!..

Я – у сумоўі з Небам!

 

Я ў сутарэнні слоў

І  ў рыфмаванні строфаў.

Пошук асновы асноў – 

вязень сваёй катастрофы.

                

З німбам над галавой,

з крыламі за плячыма…

 – Вязень Паэзіі!..

        Стой!..               

            К вечнасці?..

                –  Так!..

                     Магчыма…

[1] I.Н.С.І. -  у царкоўна-славянскай мове абрэвіятура  значыць “Іісус Назаранін Цар Іудзейскі”. Пры  распяцці  Хрыста Понцій Пілат напісаў на дошчачцы віну Іісуса:  (І҆и҃съ назѡрѧнинъ, цр҃ь і҆ꙋдейскїй).  Дошчачку  з  надпісам прыбілі да крыжа над галавой Іісуса Хрыста. На выявах Распяцця гэты надпісь скарачаюць да абрэвіятуры з першых загалоўных літар (І.Н.Ц.І.).

 

***

Я між зрэнкаў вачэй Вашых спраўлю жытло,

Іх сінечы – я стану часцінкаю…

Хай запоўніць мне сэрца блакіту святло!

Хай гарэзяць вясёлкамі льдзінкі!

 

Я на Вашай шчацэ стану цёплым дажджом,

На руцэ – застануся сняжынкаю…

Хай захліствае пролівень, хай жа, суздром! –

Я – упрыцем, насустрач, сцяжынкаю!

 

Наўпрасткі, па вадзе…

Вешні дзень, скрыгат крыг –

Шлях сінечы вачэй Вашых родных…

Я на Вашым шляху – мімалётнасці міг.

Вы ў маім – бессмяроцці стагоддзяў...

 

***

«Так не бывае!» – думала раней.

«Бывае – горш, а лепей – толькі ў іншых.

А мне…мне толькі яшчэ больш бальней».

…І сумавала, вусны прыкусіўшы.

 

Зямля як прысак. Сярод дня – імгла.

І, задыхаючыся ад вачэй калючых,

Ці ж я магла, ці ж я раней магла

Пазбавіцца ад подумаў балючых?!

 

Ад словаў Вашых сум сыходзіць прэч,

І ўпершыню за доўгі час – надзея,

І як ніколі, мабыць, насамрэч,

Зноў пачынаю верыць у сябе я.

 

Ад Вашых словаў цепліцца, вось-вось

Гатовы ўміг агеньчык распаліцца,

Але баюся я не тое штось

Сказаць, каб лішні раз не памыліцца.

 

Вось як бывае! Так таму й бываць!..

Надзею падарылі, як сцаліўшы, –

У руцэ жар-птушку нават патрымаць,

І патрымаць, рукі не апаліўшы.

 

***                                                     

Па пекнаце самоціцца слата, 
Пад льдзінкай 
               тонкай 
                       восеньскі 
                                спіць сівер.
Зноў разлівае фарбы немата,
Вятрыска – 
                 і напорысцей, 
                                     імклівей!


Зноў непагадзь – мярзотнае сіло.
Ды ў віры мітуслівае планеты
Я прысягаю Вам сваім святлом – 
Дыханнем перарывістым санету.

 

І пульсам ненароджаных радкоў,
Няўскрытых венаў, горычных глыткоў 
Я к Вам штодзень няўмольна прыкіпаю.


Я прырастаю 
зломленым крылом,
Распятай воляй… 
І толькі ў плыні сноў
                зноў к дзьмухаўцу 
                              пад вейчыкі 
                                            сягаю!..

 

***

Словы Вашыя – гукі ўрачыстай Малітвы,

што лёгка і нязмушана ўваходзяць у маю падсвядомасць.

Высокі голас Яе – запаўняе ўсе патаемныя куточкі душы і сэрца.

Гэта голас Пазачасовасці і Небыцця,

Голас Святога Пісання, што памятае яшчэ голас Прарока…

 

Я – хрысталюбчая сястра, што засялілася ў Храме Душы Вашай.

Светлы, утульны, узнёслы і таямнічы…

Ён – месца маёй Забыццёвасці і… Небаўзняцця.

Асэнсаванасць, выспеленая ўнутранай разгубленасцю –

ёсць неабходнасць паломніцтва ў гэтае Святое месца.

Яно адводзіць цела маё ад краю адчайна-роспачнага бяздоння

І спараджае Веру…

Веру – у сябе.

Веру – у Чалавека.

Веру – у будучнасць Чалавецтва.

 

СОНЦА

 

Так,  толькі Сонца

Ведае сцяжыну да вялікага Гняздоўя Жар-птушкі…

 

Старанна і надзейна хавае яно гэты маршрут

І ад бяздзейных мінакаў,

І ад апантаных шукальнікаў.

Змораныя нялёгкай дарогай,

Толькі адзінкі з сотняў тысяч адшукваюць Яго

Праміж  мільёнаў падманных прыстанішчаў,

Знаходзяць і застаюцца ў Святасці Яго

Назаўсёды прасветленымі.

 

Мажліва, мне не ставала моцы ў нагах,

Мне не хапала зроку,  слыху, ці разумення,

Каб адолець гэты шлях,

Таму сёння

Я агідна глытаю атрутлівы пах чужых валасоў,

Прызвычайваюся да крывадушнага атачэння,

Ды ледзь-ледзь вытрымоўваю відавочнае –

Я – ў ліку астатніх сотняў тысяч. 

 

НЕБА

 

Я аддала табе сваё Неба.

А ты…

Ты засяліў Яго крумкачамі і хмарамі,

Перунамі  й маланкамі...     

Аблашчаныя сухавейнымі  зграямі

Яны спаралізавалі  цела  Яго,

згвалтавалі волю Яго…

 

Навошта-аа-а?!..

Роспачна ўздымаю ўгару рукі і… жахаюся:

Перуны  трушчаць аблічча  прывіднае ,

Крумкачы даўбуць вочы блакітныя,

Крывавы барвовец сплывае

па грудзях заранічных...       

Годзе-еее-ее-е!..           

 

Праз твае, так, праз твае намаганні

Пакорліва гіне ва ўлонні Ракі Жыцця

“Ружовая лілея Ніла” – лотас[2] свяшчэнны.

Годзе-ееее-еее-ее-е!..

…Ды тоне голас у гуках нямой нячуласці…

 

[2] У Старажытнай Індыі лотас выступае як сімвал творчай сілы, як вобраз стварэння свету.

 

ВЫРАЙ альбо

ПАРТРЭТ ДЗЯЎЧЫНЫ

З ПАРЦАЛЯНАВАЙ ФІЛІЖАНКАЙ

 

Яна любіла піць каву

з цынамонам і гваздзікай,

Ледзь кранаючы вуснамі

мізэрную чорную

парцалянавую філіжанку.

Яна марыла навучыцца

размаўляць на хіндзі,

хаця невыносна мала ведала пра яе.

Яе вочы былі падобныя на вочы яе коткі:

аднолькава мядова-загадкавыя,

адрозна палахліва-прадрачоныя.

 

Яе вусны зліваліся з колерам шэра-блакітнага неба.

З ім яна звычайна размаўляла,

як і з гадаванцамі-птушкамі,

што луналі там.

Яна абагаўляла сваіх крылатых сяброў,

карміла іх з азяблай рукі

пакутнымі бясконцымі начамі.

І адчайна прамаўляла,

самотна пазіраючы з акна бальніцы:

“На іскрыста-цнатлівым снезе планеты

ёсць і мае сляды, о Неба!

Вунь там яны,

Ты бачыш?

Ды вунь жа, глядзі!”

 

...Ночы яе ўсё часцей і часцей

межавалася толькі з начамі,

А схуднелы тварык нібыта пераймаў колер

старанна адбеленага паркалю

прабабулінай сукенкі.

Аж покуль аднойчы наранні

прыручаныя гадаванцы

не забралі яе ў сваю чараду,

Каб далікатна і лёгка

з усмешкай на вуснах колеру неба

ўзняць у ВЫРАЙ!

 

...Яна любіла піць каву

з цынамонам і гваздзікай,

І марыла навучыцца

размаўляць на хіндзі...

Яна карміла з рук белых птушак

бясконцымі самотнымі начамі,

І знітавалася з іх белай чародкай,

пакінуўшы на іскрыста-цнатлівым

снезе планеты

амаль незаўважны,

але чысты след...

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Прочитано 166 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии