Среда, 19 09 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Бажэна Мацюк. Вершы

Мацюк (Ганушкіна) Бажэна Юр’еўна нарадзілася 08.06.1991 года ў г. Вілейка Мінскай вобласці. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, у 2016 годзе атрымала ступень магістра філалагічных навук. Працавала настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ДУА “Гімназія № 31 г. Мінска”, вядучым рэдактарам ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці”, зараз – намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Першыя творы публікаваліся ў раённай газеце “Шлях перамогі”, дэбют у рэспубліканскім друку адбыўся ў газеце “Раніца” (2005 год, верш “Родны кут”). Вершы, эсэ і артыкулы друкаваліся ў шматлікіх калектыўных зборніках паэзіі і перакладаў Беларусі і Расіі (“Душа не можа памыліцца”, “Дыханне нябёсаў”, “Срэбны блюз”, “Край верасовы”, “Мне рамонкі цалуюць калені”, “Непадкупны подых натхнення”, “Слова Купалы да творчасці кліча”, “Мы – маладыя”: кніга паэзіі маладых літаратараў Беларусі, “Расчыні ў вясну акно”, “Нам этот мир завещано беречь”, “Ад чатырох вятроў”, “Калі бярэшся за пяро” і інш.).

 

***

А я нічога і не ведаю пра нас,

Бо мы – набор нявыказаных фраз,

Канструктар без інструкцый і ключоў,

Імгненне між нанова ды ізноў.

Праз боль і сум, нам дадзеныя звыш,

Не ведаю, пра што ты прамаўчыш,

Што скажаш пра прызначаны нам лёс,

Адчуеш на мяжы нябачных слёз.

За кожны дзень, пражыты за табой,

Ці буду я прымаць няроўны бой,

Ці здолею крыжовы шлях змагчы

Не ведаю – бяры хутчэй ключы,

Інструкцыю і танных фраз тамы,

Дзе ў вечнасці даўно не чутна “мы”.

 

 

 

***

Жыццё інтымнае – а ведаюць усе:

Мы ўзрошчваем кар’еры пакрысе,

А людзі кажуць, быццам бы наш трап –

Чарга вяльможных ложкаў і канап,

І ў кожным – задаволены сатрап.

 

Здзіўляцца позна ўжо, бо злыя языкі

Змяняюцца на вострыя клыкі

І рвуць цябе дашчэнту, да канца –

Успомні пра нябеснага Айца

І Езуса – святога пасланца:

 

Ідзі далей у свет – цябе сустрэне шлях,

Што горшае імгненна, не па днях.

Ты стомлены разгублены ваяр,

Наперадзе ізноў чакае яр –

Планідай нам падораны махляр.

 

Глядзі на ворагаў – яны твае сябры:

Іх зайздрасць у заплечніку збяры –

І спіну немагчыма больш згінаць,

А з роўнаю – мы велічная гаць,

Што годнасці захоўвае пячаць.

 

 

Напамінак

У горадзе чужым, крыху варожым,

З бетонам між нябёсамі і мной,

Спыняецца разгублена прахожы,

Бо ўсюды пахне скошанай травой.

 

Ён, пэўна, і не здолее заўважыць

Духмянасць і атавы – і жыцця:

Муры тут больш за глыбы цвердзі важаць,

Пад імі ты знямоглае дзіця.

 

Ён, пэўна, і не можа здагадацца,

Што ў паху гэтым мноства таямніц:

Увішная настойлівая праца –

І вольная часіна ля крыніц.

 

Ён, пэўна, і не ведаў бы ніколі

За кратамі шклянымі гарадоў

Пра гэты водар чысціні і волі,

Прынесены з квітнеючых садоў.

 

І вось цябе, чужы мне і варожы,

Прыму без слоў у сэрца і душу

За гэты пах травы – людскі і божы –

І цэлы свет я ім закалышу.

 

 

***

Я перастаю баяцца вар’яцтва, калі бачу зблізку тых, хто хварэе на яго.

Вінсэнт Ван Гог

Так, мы вар’яты. Можна не баяцца

І не хавацца, бо вядома ўсім:

Мы блазны, скамарохі і паяцы –

Знаходзім фарбы ў белі сцюжных зім

І бачым лепшых на агульным фоне,

Смяёмся з тых, хто слухаць не мастак,

Не б’ёмся перад моцнымі ў паклоне,

Не прадаём святое за пятак,

І талент не па крытыцы змяраем,

І словы не кідаем проста ў бруд,

На дробязі-знявагі не зважаем,

Не ломімся ад дробязных пакут.

Між намі ёсць закон, даўно прыняты:

Рабі ўсё тое, што ніхто не мог.

Вітаю вас, сябры, мы ўсе вар’яты!

І гэтаму я рада, далібог!

 

 

***

Маё бяссонне – твой, каханы, грэх.

Маё бяссілле – нашая правіна.

Я буду падаць з паламаных стрэх

Шматпавярховак – і наперад спінай…

 

І свой адчай я з некалькіх прычын

І з некалькіх нагод даўно складаю:

Мая душа хацела на спачын,

Даводзіцца ж то ў рай, то ў пекла з раю…

 

Пакінь мяне без болю і без слёз.

Змяняць жыццё, упэўнена, складана,

Ды я пайду пытацца насур’ёз

Пра шлях свой у Талмуда і Карана.

 

 

 

***

А вершы палалі ў пякельным тваім агні,

А словы вяршылі чарговую – несудовую – справу.

Ты верыш яшчэ ў каханне? Скажы мне? Ані…

Я веру чужым безнадзейнасцям – захінаюся ў славу.

 

У шчасця, на жаль, і кароткі, і хісткі век,

У боля няма незавершаных – перакручаных – думак.

Ты бачыш дрыготкасць маіх крыштальных павек,

Я бачу бязлітаснасць вэрхалу – назапашванне сумак.

 

Не варта расказваць пра тое, што тут было,

Не трэба дзяліцца пакутамі – недамэтамі – з намі.

Ты ломіш на спіне чужой – ці маёй? – крыло,

Тваю паламала будзённасць я – асабістымі снамі.

 

 

***

Засынае неба. Засынае.

Тчэцца нітка самых шчырых слоў.

Я – бязвольная, бязродная, чужая –

Успамін далёкіх светлых сноў.

 

Прамільгнула думка. Патанула

У сінечы памятных вачэй.

Між лістоў старых твая цыдула

Дагарае ці гарыць ярчэй?

 

Усміхнуцца вусны. А на сэрцы

Застанецца горыч і смуга.

Ён пайшоў навек. Не азірнецца.

Зноў над багнай вырасце куга…

 

Я гляджу на неба, чую думкі

І на вуснах хмельны мёд лаўлю.

Гэты вечар – плён маёй прыдумкі.

Я кахаю Вас. Ці ўсё ж люблю?

 

***

Навукоўцы даказалі, што любы псіхічны боль

цягнецца 12 хвілін, усе астатнія перажыванні

мы абуджаем самі.

Адбаліць. Праз дванаццаць хвілін. Пачакай.

І не будзе ні слёз, ні адчаю ніколі.

Зноў заб’ецца зламанае сэрца паволі,

Растрывожана сонца кране небакрай.

Адзінаццаць. Сляза – быццам здань – на шчацэ

Высыхае і больш не прыносіць маркоту.

Я кахала цябе… Абдыму адзіноту

І адчую палёгку ад ветру ў руцэ.

Чуеш – дзесяць – застылі не тут, а ўбаку

Успаміны, міргнулі і зніклі раптоўна…

Запісаўшы на аркушы – дзевяць – даслоўна,

Патаплю горыч кавы і дня ў малаку.

Аджывалі і – восем – лічылі дарма,

Што не здолеем – сем – ні за што мы ўхапіцца –

Шэсць – павінны былі да канца памыліцца –

Пяць, чатыры – спыніліся – тры – дзе мы? – два…

Адбалела. Адзін. Не вярнуцца туды.

Пасівелыя скроні. Пабітыя рукі.

Смак, твой водар. І дотыкі… Чуюцца гукі…

Не, дванаццаць – так мала. Павер. Сапраўды.

 

 

Філалагічны вершык пра тэорыю “смерці аўтара”

У смерці няма абліччаў,

Хто ўбачыў – яе прызёр.

Філолаг наіўна лічыць,

Што аўтар даўно памёр,

А тэксты ствараюць словы –

І словы ствараюць тэкст,

А кожны твой верш – не новы,

Дай толькі знайсці кантэкст,

Алюзіі ў кожнай казцы,

Бы снежкі, збіваюць з ног,

У драме – у кожнай – масцы

не здацца ніхто не змог.

 

Мы просты набор сюжэтаў,

Мы клавішы Ctrl+V:

напішам мільёны светаў,

Каб толькі падняць лавэ,

Узновім гарачых сонцаў,

Каб з гонарам “Я паэт”

Паўсюль паўтараць бясконца…

Спыніся. Мы толькі след

На мокрым яшчэ бетоне

Пагоста банальных кніг.

 

У тэкстаў зноў тэкст патоне –

Праз смерць неўміручы знік.

 

 

 

 

Дэцыма Незнаёмаму

Мастацтва патрабуе заўсёднага назірання.

Вінсэнт Ван Гог

Мастачка намалюе Ваш партрэт,

Хоць творца і здаецца незнаёмай,

Ваш вобраз на карціне аксіёмай

Схавае і пейзажы, і сюжэт –

Карціна адлюструе Ваш імпэт.

 

Паэтка не напіша верш пра Вас,

Бо вобраз пакідае на запас:

У тэкстах адшукайце між радкамі

Свой голас, ёй пакінуты не Вамі –

Яго не зменіць ні жыццё, ні час.

 

 

Фота: minsknews.by

 

 

 

 

 

 

Прочитано 113 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии