Суббота, 23 03 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Анупам Гош. Бангладэш

Беларуская сцежка паэта з Бангладэш.

Зусім малады паэт – Анупам Гош. Нарадзіўся ў 1991 годзе, 18 кастрычніка. Знайшоўшы яго выпадкова ў інтэрнэт-прасторы, беларуская паэтэса Марыя Кобец тым самым адкрыла і цяжкі лёс моладзі ў Бангладэш. Краіна знаходзіцца ў няпростай сітуацыі. Сваімі жаданнямі бангладэшцы, бенгальцы імкнуцца да лепшага жыцця. І хуткасці ў дасягненні мэтаў у гэтай дзяржаве, нягледзячы ні на што, ёсць. Але ж, але ж… У прыватнасці, у невялікім бенгальскім гарадку Гаўрыпар, што знаходзіцца ў адміністрацыйнай частцы горада Маймесінгх, карціну жыцця складаюць розныя сацыяльныя бядоты і згрызоты. Змагаючыся з беднасцю, Анупам Гош змагаецца за ўласнае жыццё. І паэзія з’яўляецца для маладога творцы асновай гэтага змагання. Іначай ён не можа выявіць сябе, выкласці свае погляды на рэчаіснасць, іначай, як праз паэтычнае слова…

Творчы партфель маладога літаратара складае сотні вершаў. Ці не пяць соцень, калі быць болей дакладным… У гэтым творчым змаганні, у сацыяльным характары сваіх паэтычных вышукаў Анупам Гош падобны на легендарнага бенгальскага паэта Казі Назруло Іслама, з якім нашага сучасніка раздзяляюць дзесяцігоддзі. Казі Назруло Іслам зараз прыйшоў і ў беларускую прастору. Яго вершы перакладзены на беларускую мову Міколам Мятліцкім, Навума Гальпяровічам, Марыяй Кобец. Як бачыце, складваецца гурток, асяроддзе цікаўных у Беларусі да бенгальскай літаратуры перакладчыкаў. Адбываецца нешта дзіўнае і сімпатычнае, калі руку творчай дапамогі далёкаму мастацкаму свету працягваюць за тысячы кіламетраў, працягваюць праз горы і стэпы, пустыні і рэкі, праз моры і лясы, працягваюць, каб выказаць сваю зацікаўленасць у яднанні мастацкага свету.

Галодны бежанец, няўдачлівы палюбоўнік, чалавек – мёртвае дрэва – так характарызуе сябе Анупам Гош. Так жорстка гаварыць пра сябе як няспраўджаную асобу. Але відавочна, што ў паэзіі, у пранізлівым позірку на навакольнае жыццё, на свой сацыяльны клас, на сваю краіну Анупам Гош спраўдзіўся. Найперш – як таленавіты мастак слова, як блізкі да жыцця публіцыст, чые высновы ўзвышаюць чалавека, даюць яму зброю асаблівага гарту. Гэтай зброяй з’яўляюцца вершы-перажыванні. “Мой першы і адзіны настаўнік у даследаваннях жыцця і маім літаратурным станаўленні, – гаворыць Анупам Гош, – гэта Мегла. Так завуць маю каханую. Яна падобная да мары. І яна – далёкая, недасягальная мара… Нас разлучае беднасць…” Малады бенгальскі паэт супраціўляецца беднасці, гаротнасці, сацыяльнай прыгнечанасці як толькі можа. І, відавочна, змаганне якраз і прыўносіць у яго лірычную плыню высокі паэтычны гарт. Ці пачуе паэта з далёкай краіны Бангладэш чытач Еўропы ці Амерыкі, чытач, які не пражыў і дня без кавалка хлеба, чытач, ва ўяўленнях якога мо і няма такога архетыпу і тым болей такой рэчаіснасці, як галоднае жыццё, – яшчэ пакажа час. У Анупама Гоша ёсць маладосць. Яна напаўняе яго сілай, разбурае скруху і дазваляе вырвацца за межы спакутаванага лёсу. Няхай жа ў гэтым змаганні да перамогі вядзе яго, таленавітага творцу, і беларуская сцежка.

 

Алесь Карлюкевіч

 

Анупам Гош

Бангладэш

 

Галодны бежанец, няўдачлівы палюбоўнік, мёртвае дрэва…

 

 
1.

ВАДА

 

Калі я памру з-за недахопу вады,

Я ведаю, ты будзеш прыносіць мне шмат любові,

Але яе зможа паглынаць толькі глеба маёй магілы.

На жаль, ты не будзеш прыносіць мне ваду,

Але тады  я б нарадзіўся як дрэва.

У такім выпадку ў яго быў бы  моцны корань,

Але ты… ты будзеш запаўняць сваю шклянку з нянавісцю.

 

 

2.

КАЛІ ВЫ СПЫТАЕЦЕ…

 

Калі вы спытаеце ў бежанца:

  • Ці ты галодны?

Тады ён ніякавата прамаўчыць ад сораму.

Калі вы запытаецеся ў мёртвага дрэва:

  • Ты хочаш вады?

І яно дакладна не падасць голасу.

Калі вы пацікавіцеся ў няўдачлівага палюбоўніка:

  • Навошта табе такое каханне?

І ён таксама будзе маўчаць.

 

Ды як жа адкажу я, як адкажу я?!

  • Я – галодны бежанец, няўдачлівы палюбоўнік і мёртвае дрэва…

 

3

КРЫВАВАЯ КВЕТКА  ВЕРЫ…

 

Мажліва, Я прагнуў такога гора,

Мажліва, Я хацеў такім чынам расстацца,

Мажліва, Я шукаў паратунку ў гэтым расстані,

Мажліва, Я калі-небудзь хацеў…

Заўсёды хацеў…

Заўсёды хацеў…

 

Калі не,

Тады чаму сёння  атрутная мелодыя

Лунае ў пары з мелодыяй вечара?

І чаму наша напалову распачатая гісторыя

Лягла цяжарам на маё сэрца?

Чаму сёння я нават не ведаю, хто я?

 

Мажліва, я калісьці хацеў,

Каб мой дом спалілі  навальніцы,

Каб я патануў у пойме хуткай ракі…

Давай жа, знішчай мой свет ушчэнт!

Калі не,

Тады ў сэрца маё праб’ецца святло месяца,

На рагу майго ганка з’явіцца кволая кветка,

І кожную раніцу я буду паліваць гэтую кветку веры.

 

4.

ПРЫЧЫНЫ

 

У мяне няма прычын прасіць у цябе прабачэння,

Але ў мяне шмат прычын  кахаць цябе.

Калі я быў небам,

Ты была бялей за аблокі.

Бялюткае воблака ніколі не пакіне неба.

 

У мяне няма прычын сыходзіць ад цябе далёка,

Але ў мяне шмат прычын, каб быць бліжэй да цябе.

Калі я быў ветрам,

Ты была зялёнай лістотай.

 

У мяне шмат прычын быць тваім,

Таму што ты была маёй, ёсць мая, будзеш маёй...

 

Толькі смерць можа разлучыць нас,

Але і тады мы будзем належаць адзін аднаму.

Тады, калі Бог ператворыць нас з табой у птушку і неба.

 

 

З бенгальскай. Пераклад Марыі Кобец

Прочитано 351 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии