Четверг, 21 03 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Марыя Кобец. "Ліст да патухлых знічак…" Вершы

  • Пятница, 22 февраля 2019 15:39

Марыя Уладзіміраўна Кобец, паэт, перакладчык, журналіст, галоўны спецыяліст Мінскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, лаўрэат Брэсцкай абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка (2012, Брэст), Залаты лаўрэат “Міжнароднай Еўразійскай літаратурнай прэміі” у намінацыі “Мастацкая літаратура” (2018, Масква). Аўтар паэтычных зборнікаў: “Кроплі” (2011); “Палыновая квецень” (2016); "У белым ветразі завей"(2018), удзельнік шэрагу калектыўных зборнікаў паэзіі і анталогій, у тым ліку і міжнародных. Асобныя вершы Марыі Кобец былі перакладзены на азербайджанскую, албанскую, англійскую, балкарскую, башкірскую, бенгальскую, італьянскую, іспанскую, казахскую, кітайскую, татарскую, малайскую, нямецкую, нідэрландскую, польскую, румынскую, рускую, сербскую, славенскую, тайваньскую, туркменскую, турэцкую, украінскую, урду, пенджабі, хіндзі, чарнагорскую, чачэнскую, чувашскую мовы.

 

Бераг

(Калінавыя маністы)

 

Бераг…

Мой бераг парос хмызамі…

Колішні, пясчаны, светлы…

Бераг маёй Зараніцы,

Бераг майго Зоркападу…

 

Плёскаюцца гонкія хвалі,

сонечны праменьчык

у люстры вады –

люстры памяці:

 

Няўклюднае дзяўчо бяжыць басанож,

рудзенькі тварык і ручкі  запэцканыя глінай,

танюткую шыйку аздабляюць калінавыя маністы.

 

Бераг…

Той бераг парос хмызамі…

Крывавай барвай

на зледзянелым снезе –

Калінавыя маністы…

 

 

Каляндар

 

…Тата, я чую сэрца твае!

Я чую яго...

Я ведаю кнігу твайго жыцця напамяць.

Гартаю каляндар  вясны...

Халоднай, галоднай, басаногай.

Сірата- пастушок, жэўжык, руплівец…

І цешуся жніўнем тваім –

Мазалістым, урадлівым, мітуслівым.

 

Сонца яшчэ высока, Тата!

Вер! Я чую сэрца тваё!

 

 

Торба

 

Торба мая пустая, Мама…

Дом мой даўно астыў,

Вецер нястрымна ірве яго дах, аканіцы,

Заносіць у жытло маё пыл і смецце,

Шэрыя шчуры павілі кублы ў ложку маім,

З покуцця самотна глядзіць Збавіцель,

Стол вянчае штодзённая сухая скарынка…

 

Дай да мне про̀скурку1, Мама…

Дай!..

Шлях мой яшчэ даўгі, торба цяжкая, ды… амаль пустая.

Няма ў ёй ні золата, ні караляў…

Вера, Надзея і Любоў – ледзь цяплеюць у торбе маёй.

Далікатна трымаю яе,

Іду…

Што пакладзеш ты ў торбу маю

перад Вялікім Шляхом, Мама?

Што пакладу я ў торбу сыноў сваіх

Перад Дарогай Ісціны?..

 

 

Ліст да патухлых знічак…

                                    Маме маёй Матулі

 

Я трымаю ў руках твой льняны сувой

І пішу да цябе ліст, Мама маёй Матулі…

Вечар раскрыліўся над маёй хатай,

Дробны дождж засцілае шыбы,

Я трымаю ў руках тваю спадчыну…

 

Ты сеяла… і вучыла сеяць мяне,

Ты ткала і вышывала крыжыкам…

Крыжык на сарочцы, крыжык на целе,

Крыж на вясковым цвінтары…

 

Я сею жыта і збажыну,

Ды збіраю ўраджай – суквецці дзікага палыну. 

Кудзеля мая поўніцца чорнай кастрыцай,

Але я праду з яе белую ніць.

Кволую, танкую!..

Даўгую?..

Вецер ірве мой каляндар –

Травень, лістапад, люты…

Жнівень мой выпаў з калаўроту часу,

Жыта маё не саспела…

 

І сёння я пішу ліст у Вечнасць,

Ліст да патухлых знічак,

І вучуся ставіць свой подпіс крыжыкам, –

Так, як рабіла гэта ты, Мама маёй Матулі.

 

 

Паветраны шар

 

Што бачыла вока Ваша, о Вучыцель,

Калi Вы сляпую, глухую, нягеглую вялі мяне з цемені да Святла?

Што рабілі рукi Вашы, калi я ў знямозе аступалася?

Як трывалі вушы Вашы, о Вучыцель,

Калi я ў роспачы прызывала на дапамогу д’ябла.

Што чула я?.. Спытаеце Вы… –

Што чуе гаротнiк, акрамя мелодыi сваей жалейкi?!

 

Але Вы навучылі мяне слухаць Голас Ветру

І навучылі быць падуладнай яму.

Вы навучылі мяне разумець Голас Неба

І занатоўваць Яго думкі ў Нататніку Ісціны.

Я ўдыхнула водар кветкі Эўтэрпы2 і сёння…

Сёння я не належу сабе, о Вучыцель!

Я – празрысты паветраны шар!

Бязвольна лунаю сярод цяжкіх хмараў,

Не дыхаю…

Матузок, на якім трымаецца  шар, у Вашых руках.

Не адпускайце яго!

Ён загіне адзін між хмар, Вучыцель...

 

 

Ліст да Збавіцеля

 

ЗБАВІЦЕЛЬ!

Калі постаць Твая размыецца

ў марыўным даляглядзе гарызонту,

ці змогуць вочы мае распазнаваць  сілуэт Твой?

ЗБАВІЦЕЛЬ!

Калі ў бясконцай пустыні

сляды Твае замятуць сухавейныя Вятры Стагоддзяў,

ці змагу я адшукваць  шлях Твой?

ЗБАВІЦЕЛЬ!

Калі сведкі Тваіх пакут –

крывавыя адмеціны на сукне –

знікнуць са  Святой Плашчаніцы,

ці змогуць людзі адчуваць той боль,

які Ты стрываў дзеля іх?

 

ГОСПАДЗЕ!

Крынічка мая перасохла, 

сандаліі  пазношваліся,  рукі стаміліся прасіць,

плечы ледзь-ледзь утрымліваюць цяжар крыжа майго, 

а цела ўжо амаль не ў стане ісці за Табой па вадзе.

ГОСПАДЗЕ!

Шчокі мае палымнеюць3 –

гэта рдзеюць сцягі перамог маіх крыўдзіцеляў.

Але…

Злітуйся над імі, Ісусе!

Злітуйся нада мной і маімі сынамі!

Злітуйся над людзьмі, што ўсё роўна здраджваюць табе!

 

Твар мой асвянчаецца салёнай вільгаццю пакаяння,

рукі адчайна перабіраюць Святы Ружанец, а вусны шэпчуць:

“Госпадзе, памілуй!

Госпадзе, памілуй!

Госпадзе, памілуй!”

 

…Ісусе! Я ведаю, Ты чуеш мяне…

 

 

 

 

1 Проскурка (палескі дыялект) – прасфора (бел.).

2 У грэчаскай міфалогіі адна з дзевяці муз, дачок Зеўса і Тытаніды Мнемасіны, муза лірычнай паэзіі і музыкі.

3 38-ы верш Нагорнай пропавадзі, Евангелле ад Мацвея. Мц. 5.38-42. – Ня пярэчце злу сілаю.: "Вы чулі, што сказана:" вока за вока і зуб за зуб ". А Я кажу вам: не праціўцеся злому. Але хто ўдарыць цябе ў правую шчаку тваю, падстаў яму і другую”

Прочитано 227 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии