Пятница, 24 05 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Пятрусь Граніт. Выбраныя вершы

Сёлета споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння заходнебеларускага паэта Петруся Граніта (сапр. — Іван Пятровіч Івашэвіч).

Нарадзіўся П. Граніт 11 студзеня 1909 г. у вёсцы Зачэпічы Лідскага павета Віленскай губерні (цяпер Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. Магчымасці атрымаць добрую адукацыю ў прагнага да ведаў хлопчыка не было — вучыцца давялося толькі ўрыўкамі ў выпадковых настаўнікаў, галоўным чынам па зімах, калі спадала інтэнсіўнасць працы па гаспадарцы. П. Граніт закончыў 4 класы польскай школы, вучыўся на шаўца, быў рознарабочым. Пад уплывам грамадскіх настрояў і народна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі далучыўся да грамадска-культурных мерапрыемстваў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, рэвалюцыйнага падполля. У 1930 г. уступіў у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі. У сувязі з удзелам у барацьбе за сацыяльную і нацыянальную справядлівасць, за беларускую школу неаднаразова арыштоўваўся польскай паліцыяй і падвяргаўся катаванням у пастарунках.

Цікавіцца літаратурай і пісаць вершы Пятрусь Граніт пачаў пад уплывам вядомага палітычнага і грамадскакультурнага дзеяча Ігната Дварчаніна, з якім ён быў добра знаёмы. Першы верш «Лета» апублікаваў у «Беларускай газеце» 10 жніўня 1933 г. Друкаваўся ў часопісах «Летапіс ТБШ», «Шлях моладзі», штотыднёвіку «Poprostu», газеце «Наша воля» і інш.

Паэт браў удзел у вядомым нелегальным з’ездзе заходнебеларускіх пісьменнікаў у Вільні ў 1933 г., які праходзіў на кватэры Любові Асаевіч — будучай жонкі Максіма Танка. У 1939 г. падрыхтаваў да выдання зборнік вершаў «Над хвалямі Нёмана», які ў сувязі з ваеннымі падзеямі не выйшаў.

Пасля ўз’яднання Беларусі П. Граніт працаваў сакратаром валвыканкама, старшынёй сельсавета ў Беліцы, вучыўся ў вячэрняй школе. У 1940 г. разам з некаторымі іншымі паэтамі Заходняй Беларусі сустракаўся ў Лідзе з Янкам Купалам, выступаў з вершамі на сустрэчы з жыхарамі горада. Падчас Вялікай Айчыннай вайны актыўна ўдзельнічаў у антыфашысцкім руху, быў сувязным партызанскай брыгады «Барацьба». Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў скончыў Навагрудскае педагагічнае вучылішча (1950), працаваў настаўнікам, загадчыкам пачатковай школы ў Зачэпічах.

Падборкі вершаў Петруся Граніта змяшчаліся ў калектыўных зборніках «Сцягі і паходні» (1965), «Ростані волі» (1990) і інш. Выйшаў зборнік вершаў паэта для дзяцей «Сцяжынка» (1978). Памёр П. Граніт 14 студзеня 1980 г.

Паэтычны багаж Петруся Граніта быў досыць сціплага патэнцыялу, яго вершы не вызначаліся асаблівай арыгінальнасцю ідэйна-эстэтычнага мыслення, глыбінёй і ёмістасцю. Паэт не меў далёкасяжных паэтычных памкненняў і амбіцый. Ён працягваў традыцыі нашаніўцаў, быў таленавітым выхадцам з масавай заходнебеларускай паэзіі, яго творчасць развівалася галоўным чынам у рэчышчы фальклорнай свядомасці, калектыўнага мыслення, народнага бачання і разумення працэсаў рэчаіснасці.

У вершах П. Граніта пераважаюць карціны цяжкай працы селяніна і рабочага, людской нядолі, нялёгкага народнага побыту і нястач. Яны звярталі на сябе ўвагу найперш праўдай перажытага, натуральнасцю лірыкаапавядальнага малюнка, шчырасцю і цеплынёй. Разам з тым у параўнанні з нашаніўцамі паэт засведчыў актыўнасць асваення складаных працэсаў грамадскага жыцця. У яго творах агульнае, калектыўнае прадугледжвала існаванне асобнага. Такія вершы П. Граніта, як «Брукар», «Песня каваля» і іншыя, характарызаваліся вастрынёй сацыяльнага погляду, наступальнасцю, адмабілізаванасцю зместу. Яны раскрывалі аб’ектыўную прыроду з’яў і рэчаў, сапраўдную сутнасць падзей і фактаў, як правіла, звязаных з канкрэтным хранатопам, зусім пэўнымі і выразнымі сацыяльнымі ўмовамі і абставінамі жыцця і часу. Яны неслі ідэі духоўна-сацыяльнага і нацыянальна-культурнага абуджэння асобнага чалавека і ўсяго народа краю, кансалідацыі грамадскіх сіл з мэтай супрацьстаяння прыгнёту, сведчылі сацыяльны аптымізм.

Даследуючы паэзію Заходняй Беларусі, знаёмячыся са шматлікімі архіўнымі матэрыяламі, з рэдкімі перыядычнымі выданнямі, звязанымі з яе развіццём, аўтару гэтых радкоў давялося выявіць шэраг новых вершаў П. Граніта. Гэтыя творы невядомыя не толькі шырокаму чытачу, але і спецыялістам, гісторыкам літаратуры. Прапаную некаторыя з іх чытачам газеты «Літаратура і мастацтва».

Мікола МІКУЛІЧ

 

Пятрусь ГРАНІТ

Мужыцкая восень

З палёў даўно сабралі

Збажыну мужыкі,

І па вясковых далях

Цяпер грымяць такі.

 

З братвы мужыцкай, шэрай

Бязмежна кожны рад,

Што хлеба скромнай мерай

Мо хопіць да Каляд.

 

Праходзяць дні без мовы,

I толькі вецер дзьме,

Сустрэчны гімн суровай

Складаючы зіме.

 

Далёка ў небным полі

Крык жураўлёў замоўк.

А над мужыцкай доляй

Завые сёння воўк.

1933

 

Са школы

Грамадой вясёлай

Дзеці йдуць са школы.

Разам і Мацейка

Йдзе, ды невясёлы.

 

Маці і з Сцяпанам

У сынка пытаюць:

— Аб чым, скажы, у школе

Дзетак навучаюць?

 

Смуціцца Мацейка:

— Расказаць не ўмею,

Што вучыцель кажа, —

Я не разумею,

 

Бо не нашай мовай

У школе гутораць.

— Праўда, што чужою, —

Яму бацька ўторыць.

 

— Але не смуціся,

А чакай цярпліва,

Завітае доля

І да нас шчасліва.

 

Хутка ўжо здабудзем

Школу ў роднай мове,

Тады зразумееш

Ты усё даволі.

1936

 

***

Зарою ўсход залоціцца,

лье чырвань на зямлю.

Пад п’яную разводзіцу

жыцця дзень новы родзіцца,

І я жыццё люблю!

 

Іграюць песні звонкія,

калосячы раллю.

На сонца струны тонкія,

што звіслі над старонкаю,

я песні разалью!

1937

 

Мяцеліца

Сярдзітая мяцеліца

І віхрам закруцілася,

Снег бел, як пер’е, сцелецца,

Туманам даль пакрылася

 

І гоніць снег палямі,

Віхры злуюцца, круцяцца,

Спяваюць або смуцяцца,

Гамонячы з парканамі.

 

Б’юць ў вокны, ў шыбы белыя,

Снягамі бурна звонячы

І ў комінах рагочучы,

Віхуры ашалелыя.

 

Дзе дзеці пасінелыя

У кут ля печы туляцца

І з голадам галубяцца

Іх вочы пахмурнелыя.

 

Так бачыць сонца й хочацца

Цяпло з яго праменнямі,

Вясеннюю разводзіцу,

Зіму забыцца з ветрамі.

1937

 

Зімовая ноч

Развітаўся з сонцам вечар чарнабровы,

усміхнуўся ночцы, стаў запальваць зоры.

І рассыпаў пэрлы у прастор блакітны,

заіскрыў агнямі залатыя ніткі.

 

І з-за лесу, гораў выплыў ясны месяц

і стаў гаспадарыць над палямі, лесам.

Загарэлісь іскры на снежных раўнінах,

сыпнуліся зоры на лясы, даліны.

 

І каротка рэха ціха замірае,

зорным срэбрам месяц вёскі залівае

ды крадзецца ціха каля хат вясковых,

хоча ён паглянуць на галодных, голых.

 

А мароз сярдзіты закрыў лёдам шыбы,

каб не мог ўглядацца месяц да сялібы,

як сінеюць дзеці у трухлявай хаце

і як над калыскай ціха плача маці.

Зачэпічы, 11.01.1938

 

Напрадвесні

Падралась кужэльна кашуля зімы,

і люты стаў латаць палеткі,

рубіць узгоркі, загоны, шляхі

на чорныя плямы, на сцежкі.

 

Ў растрэпаных лапцях крадзецца мароз,

часам і ў акно заглядае.

А сонца засвеціць —

апусціць свой нос

і соплі свае абцірае...

 

Ідзе сакавік у рабым каптане,

распусціў свае полы на вецер, —

жаўрука з кішані ўгору шпурне

і бусла паказвае дзецям.

26.02.1938

 

Кінь нуду і бяду!

Кінь нуду і бяду,

Забудзь слёзы і жаль,

Калі ў сэрцы агонь,

Гартуй грудзі, як сталь.

 

Падымі галаву,

Грымні песняй сваёй,

Каб няслася яна

З краю ў край над зямлёй.

 

Кінь нуду і бяду,

Сонцу ў вочы глядзі

І да мэты сваёй

ўсё пярэднім ідзі!..

1938

 

Хачу спаткаць вясну

Хачу спаткаць вясну,

вясну вясёлых песень,

пасля цяжкога сну,

як сонца край пацешыць.

 

На сноп яго зары,

на грэбень бору, лесу,

як выйдуць песняры

і сонца іх асвеціць.

 

Сплятуць красы вянок

з маёвых красак, песень,

 развеюць сум і змрок,

што слаліся па лесе.

 

Хачу спаткаць вясну,

вясну красы і ўсмеху,

і на цяжкім шляху

паставіць шчасця веху.

1938

 

 Вясна

На струнах медных сосны —

сустрэчны марш

зайграў вецер вясне.

Вясна снуе шаўковай пражай кросны

і сонца золатам абрус узорны тчэ.

 

Лісты шаўковыя: кляноў, дубоў, бярозаў,

язмін красуецца пахучы пад вакном,

сад беллю пеніцца, бы іней ад марозу,

то краскі пырскаюць на землю малаком.

 

Чароўны май — прыгожасцямі п’яны,

мастак красы, касметык ля душы.

Куды ні глянь, усё размалявана,

іграюць з ветрыкам лісточкі дрэў вяршынь.

 

Ліецца арамат, цалуе сонца нівы,

і рунь кудравая усю зямлю ўпляла,

вачамі п’еш красу, і ў грудзі йдуць прылівы

паветра чыстага, як ранняя раса.

 

Шапочуць вечарам лісты дрэў у зефіры,

складаюць песні небу і красе,

і зоркі ўсмешліва міргаюць ў сінім віры,

навокал чуецца прывет, прывет вясне!

1939

 

***

Ад працы цяжкое

Ты рук не хавай.

Хоць змучаны, стомлены, —

Песні спявай.

 

Хай ведаюць гоні,

Лугі і лясы

Аб дружбе і долі

Сярпа і касы.

 

Рабочыя рукі,

Як рэмень, далонь —

Не знаюць дакукі,

Бо ў сэрцы агонь.

 

Ці чуеце песню,

Палі і лясы,

Аб лучнасці цеснай

Сярпа і касы?!

 

Над хвалямі Нёмана

Хвалюецца Нёман, і пеняцца хвалі,

Б’юцца аб бераг ад нейкай тугі.

Ці, можа, што хмары зноў неба заслалі?

Ці мо што спрадвеку нясе ланцугі?

 

I быццам бы плачуць аб нашай нядолі

Нёмнавы хвалі — дзед Нёман стары —

Вятры яму многа чаго расказалі,

Нямала ім Нёман чаго гаварыў...

 

Яны заліваюцца жалем ад смутку,

Як людзі, у вечнай няволі жывуць.

Ўспамін аб свабодзе, усмех на мінутку,

I радасна песню ў той час прапяюць.

 

Хвалюецца Нёман, і пеняцца хвалі,

Б’юцца аб бераг і далей бягуць.

Ужо не сягоння людзі пазналі,

Што хвалі з усходу свабоду нясуць.

Публікацыя Міколы Мікуліча

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Загаловак у газеце: «Над хвалямі Нёмана…»

Прочитано 395 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии