Понедельник, 20 05 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Сяргей Крывец. Маўкліва дубок паміраў

Жыццё беларускага паэта Сяргея Крыўца прамільгнула знічкай на небасхіле беларускай літаратуры. Хацелася б напісаць «вядомага», ды знакамітым ён стаць не паспеў. На жаль, і сённяшнія аматары паэзіі пра яго ведаюць мала. Дый не разумеюць, што з-за гэтага свайго няведання ў многім абядняюць сябе, бо напісанае ім — з тых старонак нацыянальнага прыгожага пісьменства, перагарнуць якія ніколі не грэшна. Хоць ён не паспеў дасягнуць значных адкрыццяў, але сваім жыццём, творчасцю запэўніў, што той, хто па-сапраўднаму любіць Бацькаўшчыну, менш клянецца ў гэтым, а больш робіць дзеля росквіту. Не зважаючы на самыя неспрыяльныя ўмовы. Яны ж С. Крыўца пастаянна выпрабоўвалі. Аднак і загартоўвалі, надавалі ўпэўненасці ў справе, якой сябе прысвяціў. 

Родам С. Крывец з вёскі Дубна. Некалі гэта быў Скідзельскі павет, цяпер Мастоўскі раён. Нарадзіўся ў 1909 годзе. Калі дакладна — невядома. У беднай сялянскай сям’і, з якой паходзіў, было не да таго, каб клапаціцца аб захаванні неабходных звестак. З братам гадаваўся без бацькі. Маці часта пакідала дзяцей з сямідзесяцігадовым дзедам, а сама ехала ў пошуку заробку. Сваёй хаты не мелі, жылі на кватэры, гаспадар якой знаходзіўся ў палоне. Дзед Сымон, якога ў вёсцы празвалі Табалам, хоць «універсітэтаў» не заканчваў, але цаніў грамату. Ён і навучыў шасцігадовага Сяргейку чытаць па-беларуску. Калі ж хлапчук пайшоў у школу, выявіў задаткі да малявання.

Вярнуўшыся з нямецкага палону, гаспадар чамусьці выкінуў на сметнік сваю даволі багатую хатнюю бібліятэку. Сяргейку гэта — толькі ў радасць. Пазбіраў кнігі, сярод якіх было шмат «Жыціяў святых», розныя рэлігійныя брашуры. Начытаўшыся іх, нават падаўся ў Жыровіцкі манастыр. Але зразумеў, што гэта — зусім не тое, да чаго ляжыць ягоная душа. А тут яшчэ дзед памёр. Трэба маці дапамагаць. Быў пастухом, батрачыў. Аднак і з кнігамі не развітваўся. Узяўся і вершы пісаць. Дачакаўся і першай сваёй публікацыі. Адбылася яна на старонках заходнебеларускага дзіцячага часопіса «Заранка». У чацвёртым ягоным нумары за 1928 год выступіў з вершам «Моладзь, Моладзь, надзея ўся...» Падпісаў яго С. Пастушок. Публікаваўся і пад псеўданімамі Сярожа Пастушок, Сымон Табала.

На той час ужо тры гады быў актыўна далучаны да грамадскага жыцця. За актыўнасць яго выбралі сакратаром Таварыства беларускай школы. Цікавіўся тым, што адбывалася ва Усходняй Беларусі. Нават тройчы спрабаваў перайсці дзяржаўную мяжу, але быў затрыманы. Як на сёння, то і добра, што з гэтага намеру нічога не атрымалася. Канешне, у сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагоддзя да масавых рэпрэсій у СССР не дайшло, але хто ведае, як бы ў далейшым усё склалася для яго, калі б застаўся там жыць. Мог бы быць аб’яўлены «ворагам народа».

Мала радасці ў яго было і на радзіме, бо нейкага пэўнага занятку не меў. Авалодаў сталярным майстэрствам, цяслярыў, працаваў будаўніком. Заробку — кот наплакаў. Ды ўсё адно стараўся выпісваць прагрэсіўныя беларускія і польскія газеты і часопісы. Шмат займаўся самаадукацыяй. Захапіўшыся творчасцю Якуба Коласа, з задавальненнем перачытваў ягонага «Сымона-музыку». У дасканаласці авалодаў рускай і польскай мовай. Узяўся за вывучэнне нямецкай. Такое жаданне патлумачыў брату тым, што хоча ў арыгінале прачытаць творы Гётэ і Шылера. Вершы пісаў таксама не толькі па-беларуску, а і па-руску, па-польску, па-нямецку.

Жылося ж яму ў Беластоку, куды нарэшце перабраўся ў пошуку лепшай долі, нясоладка. Яшчэ як нясоладка. Уяўленне аб гэтым можна атрымаць з верша «Сыплюць думкі», напісанага ў 1936 годзе:

Ночка чорным пакрывалам

Мне акно завесіла.

Ў хаце холад (дроў замала).

На душы нявесела.

Мне б сяброў наведаць трэба.

Думка — не гарэзія.

Сеў падумаў.

(Скуль ўзяць хлеба?)

Эх, жыццё — паэзія.

Цяжка і дарма.

Але веру,

Возьмем цябе прозаю.

Стаў пісаць — няма паперы —

Думкі нецвярозыя.

Слініць дождж.

На панадворку

Ноч ў гразі палошчацца.

Закурыць (была б махорка)

Неяк надта хочацца.

Ператрос усе кішэні,

Ціха, назбіраецца!

Пацягнуў (адны карэнні),

Чад клубком хістаецца.

Сыплюць думкі, сыплюць мроі

Іскрамі з-пад крэсіва.

Прыйдзе час (і мы героі!),

Ну й гульнём жа весела.

Аднак не ўсе творы датаваны. «Крызіс» — з шэрагу такіх. Бадай, ён напісаўся не адразу. Доўга абдумваўся, пакуль не знайшоўся той варыянт, што лёг на паперу. Але С. Крывец не палічыў абавязковым указваць ні канчатковую дату напісання, ні пазначаць, у прамежку якога часу ён ствараўся. Відавочна толькі, што ў гэты час паэта апаноўвалі далёка не радасныя думкі. Знаходзіўся ў такім стане, які можна ахарактарызаваць як ростані духу. Зразумела, гняла і сама рэчаіснасць. Але з ёю, як гэта цяжка ні давалася, у многім ужо змірыўся. Пакутлівы ж роздум нараджаўся з-за таго, што наперадзе не бачылася ніякага прасвету. Лірычны герой не ведаў, як быць далей, бо ўсё, што ні адбывалася, заспакаення і спадзявання на лепшае не прыносіла:

Зноў асенні чорны вечар.

За вуглом скавыча вецер,

Ў хаце гойдае абраз.

На сцяне шасцяць абоі.

Плаўна ў цень без перабояў —

Цік-так… цік-так… — сходзіць час.

Малюнак гэтай безвыходнасці ўзмацняецца, ператвараючыся ў тую рэальнасць, ад якой яшчэ больш не па сабе. Быццам усё зрушылася. Замест звыклага з’явілася тое, якое сваёй, здавалася б, звычайнасцю так нясцерпна балюча цісне. І ты ўжо сам не свой. Быццам і далёкі ад усяго гэтага, але разам з тым і не можаш вырвацца з яго, бо цалкам у ім, а яно — у табе. З’яднанасць гэтая, лучнасць самі па сабе дзіўныя, таму што тваё нутро працівіцца наканаванасці, але яна — тая рэальнасць, што не адпускае. Драматычнасць становішча нават ператварае яго ў трагічнае, а пасля гэтага пераўвасаблення ты ўжо нішто. Цябе паглыне праклятая наканаванасць. Вытлумачэння ёй няма, але яна прысутнічае:

Сумна. Жудасна. Трывожна…

 З-пад падлогі асцярожна,

Быццам змей, вылазіць змрок.

Вылез. Сеў. Двухзначна глянуў…

Ўстаў. Па хаце крокам п’яным

Ходзіць ўздоўж і ўпапярок.

Роспачнасць лірычнага героя С. Крыўца зразумелая. Ягонае жыццё толькі пачынаецца, а перспектыва такая, што ёсць ад чаго зняверыцца: «Цік-так… цік… — нясецца час. // Вось чутно — жыццё злятае, // А з ім моладасць святая — // Скарб адзін мой // Лёс я свой выразна бачу, // Чую, знаю, што заплачу […]» . Ды ён — не з тых, хто гатовы здацца без бою. Паратунак ад безвыходнасці шукае ў грамадзе, разумеючы, што там, дзе аднаму не выстаяць, гэта магчыма разам, у супольнасці: «Я гукаю: // — Гэй, прыйдзі, душа жывая, // Ў мой закляты кут! […] Я з надзеяй ў перамогу // Вечнасць выклічу на бой».

Следам ідзе завяршальная страфа верша, прасякнутая тым аптымізмам, якім і жыў лірычны герой паэта. Сам ён таксама, калі роспач і неўладкаванасць забываліся, праходзіў той душэўны крызіс, які і спарадзіў гэты адзін з лепшых ягоных вершаў. Невыпадкова цудоўны знаўца паэзіі Алег Лойка поруч з яшчэ трыма творамі С. Крыўца ўключыў у другі том трохтомнай «Анталогіі беларускай паэзіі» (1993), складальнікам якога быў, і верш «Крызіс»:

Стук… Ідзе… Вецер дзверы адчыняе.

Ў хаце гоман, рогат, стук.

Чую, руку мне сціскае

Чарада мазольных рук: —

Не адзін ты, нас мільёны —

Не пайдзем к панам з паклонам!

Лірычны герой С. Крыўца жыў прагавітым жаданнем заўсёды і ва ўсім дамагацца справядлівасці. Таму і заклікаў сваіх аднадумцаў: «За міг адзіны людскай волі // Аддай няволі сто гадоў!». Калі ж прыйшло свята вызвалення, не хаваў сваіх пачуццяў. Вершам «Упалі путы», напісаным 28 верасня 1939 года, выказаў тое, чым жылі многія:

Адзін удар — і ўпалі путы

З грудзей няшчаснае краіны!

І вось закончан шлях пакуты,

Хто жыў астаўся — не загіне.

………………………………..

Мой край, празваны Беларуссю,

Даруй за слабасць, што я плачу,

Бо перадаць яшчэ баюся

Таго, што сёння я пабачыў.

………………………………………

Ды не сон перада мною.

Сцягі чырвоныя навокал,

І свеціць ласкай незямною

Майго народа ўзрок глыбокі.

У С. Крыўца, як і ў іншых заходнебеларускіх паэтаў, пераважная большасць твораў, у якіх, у той ці іншай ступені, гучаць матывы барацьбы. Гэта тое, пра што Уладзімір Калеснік сказаў, што лірычны «герой звычайна цягнецца да арганізаванага вызваленчага руху свайго народа, спадзеючыся знайсці там збавенне ад безнадзейнасці, адчуць сапраўдны сэнс жыцця».

Пра каханне С. Крывец амаль не пісаў. Затое, калі звяртаўся да гэтай тэмы, нараджаліся радкі пяшчотна-кранальныя, спавядальна-адкрытыя, як у гэтым безназоўным вершы:

Мы забылі, што можна любіць,

 Эх ты, моладасць, наша суровая!

Але сёння ўжо, так і быць,

Пацалую цябе, чарнабровая.

Не судзі мяне, хто малады,

Правы сэрца не намі напісаны.

Па вясне пачынаюць сады

Разгарацца ружовымі вішнямі.

Дый хай будзе, што мае ўжо быць,

Покуль вішня красы не асыпала.

Покуль кроў маладая дыміць,

Я люблю. Не магу не любіць,

Бачна, доля такая мне выпала.

У пасляваенны час вершы С. Крыўца змяшчаліся ў калектыўных зборніках «Мы іх не забудзем» (1949). «Сцягі і паходні» (1965), «Крывёю сэрца» (1967) поруч з творамі іншых паэтаў, якія заўчасна пайшлі з жыцця, загінуўшы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Найбольш поўна яго мастацкая спадчына прадстаўлена ў кніжцы выбранага «Дубок» (1972), укладзенай Рыгорам Шырмам і выдадзеная пад рэдакцыяй Максіма Танка.

Такое суседства прозвішчаў — Крывец — Шырма — Танк — невыпадковае. Рыгор Раманавіч быў літаратурным настаўнікам С. Крыўца. А з Яўгенам Іванавічам ён пазней перапісваўся, браў у яго ўрокі творчасці. Невыпадкова і выбранае названа менавіта «Дубок». Аднаму з вершаў, напісаным у роднай вёсцы Дубна, даў на той час дваццацігадовы паэт менавіта гэтую назву.

З агледзін часу змест гэтага твора набывае глыбокі, а ў многім і сімвалічны сэнс. С. Крывец як бы адштурхоўваўся ад народнай песні, у пачатку якой ёсць такія словы: «Дубок зялёненькі, чаго ты схіліўся?». Даючы ёй сваю інтэрпрэтацыю, звяртаўся да рэалій сучаснага яму жыцця, спалучаны з імі лёс лірычнага героя. Недзе ж падсвядома задумваўся і над тым, што можа чакаць у будучыні самога. У самае горшае верыць не хацелася, але і вялікага аптымізму не было:

Дубок падцяты малады

Пры першай буры марна згіне.

Пры ім жыццю — такой бяды,

Ды з жалем ён яго пакіне.

Нядаўна жыў і красаваў

І быў таго ж жыцця аздобай,

Цяпер зялёны ліст завяў,

Прадчасна скошаны хваробай.

Праходзіць ноч. Ўстае зарніца.

Дубок галінкамі дрыжыць.

 Ён просіць сонца: —

Дай мне жыць!

Ён смерці, холаду баіцца.

Злятае дзень, і звод нябёс,

Прыбраўшысь зорамі, іскрыцца.

Дубок раняе кроплі слёз…

Каго прасіць, каму маліцца?

І ўжо згубіў надзею ён.

Надарма ўсе яго старанні.

Праходзіць рад апошніх дзён,

Ён загаіць не можа раны.

І крыўды горкай пачуццё

Іржой лісткі яго з’ядае.

Наўкол дубка цвіце жыццё —

Дубок маўкліва памірае.

Сам паэт жыў, як той малады дубок. Нядоля ламала яго, аднак не зламала. Ды наперадзе яго чакалі яшчэ больш суровыя выпрабаванні, якія сустрэў годна. Калі ў 1944 годзе Беласток быў вызвалены ад нямецка-фашысціх захопнікаў, не вагаўся, з кім яму і дзе быць. Добраахвотнікам уступіў у савецкае войска. Аб жаданні граміць ворага да пераможнага канца заявіў на мітынгу, што адбыўся 4 снежня, а гэта, як вядома, пярэдадзень Канстытуцыі. Пра яго выступленне паведаміла нават прыфрантавая газета «Боевые резервы».

Толькі нядоўгім быў ягоны франтавы лёс. Блізу канца красавіка 1945 года пры штурме Гдыні С. Крыўца цяжка параніла — варожым снарадам адарвала нагу. Урачы, як ні стараліся, не змаглі ўратаваць паэта-воіна. 28 красавіка 1945 года С. Крывец памёр. Як той маладзенькі дубок, адышоў у вечнасць у самым сваім росквіце. Пакінуў не такую і вялікую творчую спадчыну, але яна годная частка нашай літаратуры.

Алесь Марціновіч

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 203 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии