Среда, 23 10 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Таемнасць шорскіх вяршынь

Любоў Арбачакава — невядомае для беларускага чытача імя. Хаця яе судакрананне з беларускім мастацкім светам, беларускай літаратурай ужо відавочнае. Паэтэса з далёкай сібірскай старонкі пераклала на сваю родную мову неўміручыя радкі беларускага першадрукара Францыска Скарыны — урывак з прадмовы асветніка да «Кнігі Юдзіф». З таленавітым творцам беларусаў пазнаёміў Уладзімір Беразеў — на той час галоўны рэдактар часопіса «Сибирские огни». Пераклад на шорскую мову увайшоў у зборнік «Францыск Скарына на мовах народаў свету» (кніга займела тры выданні: у 2014 і 2015 гадах выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда»; 2018–м годам пазначана перавыданне, здзейсненае Паліграфічным камбінатам імя Якуба Коласа). Спадзяюся, што з часам пераклад скарынаўскага тэкста ўбачыць свет і ў адным з перыядычных выданняў на шорскай мове.

Так, шорцаў у свеце не дужа шмат. Крыху болей за 12 тысяч чалавек. У асноўным яны пражываюць у Кемераўскай вобласці. У мінулым шорцы фармальна лічыліся праваслаўнымі. На самой справе захоўвалі культ прашчураў. У шорцаў тры сферы светапогляду: «зямля Ульгенча», наша зямля і зямля злосных духаў ці падземны свет. Валадараства Ульгеня — дзевяць нябёсаў. На сёмым небе — месяц і зоркі. На восьмым — сонца. На дзявятым — сам Ульгень, добры вярхоўны Бог.

Пры ўсёй нешматлікасці ў розныя дзесяцігоддзі дваццатага стагоддзя сярод шорцаў знаходзіліся чулыя да роднага слова творцы. Гэта і Фёдар Чыспіякаў, адзін з заснавальнікаў шорскай літаратуры. Першая яго кніга — «Шалбан» — пабачыла свет у 1934 годзе. Чыспіякаў пераклаў на шорскую мову аповесць Пушкіна «Капітанская дачка». З кагорты шорскіх пісьменнікаў — Веніямін Барыскін, Любоў Чульжанава, Генадзь Кастачакаў, Анатоль Амзораў, Мікалай Бельчагешаў… І, канешне ж, Любоў Арбачакава. Паэтка, публіцыстка, яна яшчэ і таленавіты мастак–жывапісец, які шукае свой шорскі свет, усталёўвае свае вяршыні, занатоўвае сваю нацыянальную прастору. А яшчэ праяўляе надзвычайную цікаўнасць да беларускага прыгожага пісьменства. Як верхавенства гэтай цікаўнасці — перакладзены Любоў’ю Арбачакавай цыкл вершаў народнага песняра Беларусі Янкі Купалы «Санеты». У хуткім часе купалаўская публікацыя з’явіцца ў шорскім перыядычным друку. А пасля, магчыма, — і ў адной з кніг паэтэсы і перакладчыцы Любові Арбачаковай.

А пакуль што пазнаёмімся з вершамі шорскай паэтэсы ў перакладзе на беларускую мову, які ажыццявіў Мікола Мятліцкі.

Кастусь Ладуцька

 

Любоў Арбачакава

 

*   *   *

Наведала я сонечны Анзас

І не пазнала родны дом і край.

Ачаг бацькоўскі ўжо даўно пагас,

Звініць і мне ўсміхаецца ручай.

 

*   *   *

На дол сыры радзімага аала

Год колькі басанож я не ступала.

Цяпер у стрэмках і душа, і ногі…

 

*   *   *

На родную гару я паднялася,

Дзе кедр шуміць ды памяць засталася, —

Драбіна–лаз сатлела ля ствала.

 

*   *   *

І Шорыі далёкія вяршыны

Таемна пазіралі на мяне.

Прыходзяць толькі духі зрэдку ў сне

Адтуль, дзе пакручастыя хрыбціны.

 

*   *   *

Я па Анзаскай ранішняй паляне,

Дзе сцежка ўжо згубілася ў траве,

Бягу–лячу… Так шчасце ў даль заве!

Расінкі звоняць… Сонца зырка гляне…

 

*   *   *

Трымаецца яшчэ бацькоўскі дом хай,

Хоць мне хадзіць нязвыкла па гарах.

Тут дзікіх кветак хмельна–церпкі пах.

Стаю адна, любуюся чаромхай.

 

*   *   *

Таг ээзі, гор Шорыі ўладарка,

З’яўляецца вандроўніку падчас.

Калі дзе заблукае хтосьці з нас,

Захопіцца яе красою яркай,

Пазнаўшы чары мройнай асалоды,

Між гор таемных знікне назаўсёды!

 

*   *   *

Аб волатах я слухаю паданні,

А сэрца надрываецца ў рыданні:

Чаму героі, што грымелі славай,

Далёка так у часе адышліся

І ў эпасе вось толькі й засталіся,

Гісторыяю сталі, а не явай?

 

*   *   *

Скмеціла, што па–над родным домам

Жураўлі нябесную сцяжыну

Ужо праклалі восеньскай часінай,

Ды ляцяць–вяртаюцца ўсцешна

На прадвесні шляхам ім вядомым.

 

*   *   *

Сярод суродзічаў маіх

Зык мовы роднае суціх.

З гадамі выстылі яны

Да старыны і стараны.

 

*   *   *

Ранняя восень…

Вецер лістоту носіць.

На мосце бабуля

З голля вязанкаю на спіне.

Як светла, прачула

Час даўні ўсміхаецца мне.

 

*   *   *

Цар неба бязмежнага — сонца,

Ззяе сланечнікам сонным

І не ведае, ветла–светлае,

Што чакаю дажджу і ветру я.

 

*   *   *

Восеньскай раніцай дрогкай

Праз туманную рэчку Мрасу

Конь белагрывы лётка і лёгка

Скача насустрач збегламу Часу

І даскакацца не можа…

 

*   *   *

У транс увайшоў шаман,

Душу загаіць мне паможа.

А ў куце хаціны іскрыцца

Самотны лік Маці Божай.

 

*   *   *

Зусім выпадкова

У рэчцы горнай

Злавіла сонца пагляд —

Іскрыста–зорны.

 

Калі нават аслепну

Ад зіхацення:

Шчасця імгненне!

 

*   *   *

Як хацелася б мне праімчацца

Лугам зялёным вясной,

Дзе кандыкі і мядункі

Паразмаўлялі б са мной.

 

*   *   *

Шаманкай сябе назвала,

У бубен грукала ўдала,

Быццам цвікі ўбівала.

Калі б блізка былі духі ўдзячныя,

Разбегліся б адназначна.

 

*   *   *

Хан–беркут крыляе высока,

Сваю выглядае здабычу

І я ўжо ад чыстага сэрца

Удачы драпежніку зычу.

 

*   *   *

Каменьчык я кінула сонцу

У гладзь ракі, дзе яно тоіцца.

І гэтак яно ўстрывожылася,

Усё не магло супакоіцца.

 

*   *   *

Снежны калючы вецер

Панёс з кандыку пялёсткі.

Учора яшчэ ён цвіў.

 

*   *   *

Падаравалі мне ружы.

Толькі вечар любавалася імі:

Усё зрэзанае нядоўга жыве!

 

*   *   *

Не, ужо лаянкай звычнай

Сэрца маё не прабіць!

Закрытаму панцырам слёз,

Яму звыштрывалым быць.

 

*   *   *

Я нарадзілася ў траўні.

Па–шорску — кандыком буду цвісці.

Па–руску — мне вечна мучыцца,

Слёзы і кветкі сплесці ў жыцці.

 

*   *   *

Падоўгу у страчаным часе

Глядзела на горы, на лес.

Ні дома, ні мамы ў Анзасе,

Ёсць толькі тут — я ды Кубес!*

*назва гары

 

*   *   *

Як пахка пакошаны травы,

Як водарам цягнуць парэчкі!

Гэта апошнія іхнія ўздыхі.

 

*   *   *

Прашу даравання ва ўсіх

За крыўды і словы калючыя.

Я абяцаю:

У іншым жыцці

Вам не зраблю балюча!

 

*   *   *

Час надышоў — ахрысцілі мяне.

Я, як дзіця, бязгрэшнаю стала.

Ды ў той жа самы жаданы дзень

Ужо награшыла нямала.

 

*   *   *

Толькі да паўвечча свайго

Любіць навучылася дрэвы, траву,

Людзей за прыстойныя ўчынкі цаніць…

На тры гады больш за Маму жыву.

 

*   *   *

Сяброў завялося — не палічыць!

Сардэчныя ўсе, дабрадушныя.

Ды ўвагай залішняй не пешчу я іх,

Бо яны ўсе — фэйсбушныя!

 

*   *   *

Узбоч аўтастрады

Зыркія кветкі не радуюць.

Чорнае гора гляне адтуль —

Кветкі таму, хто выпусціў руль.

 

*   *   *

Імя зоркі маёй — Шалбан,

Рада я, што ў небе маім не пуста.

Зорка кахання зырка гарыць,

Ды я не прыйшлася, відаць, ёй па гусце.

 

*   *   *

Аблай мяне, пракляні,

Зноў давядзі да слёз

У думках сваіх не на зямлі я,

А ў глыбіні нябёс.

 

*   *   *

Мае валасы срэбра кранула,

А сэрца кай–комусам грае.

Каханне вялікае ў ім прачнулася,

Памаладзець і мяне прымушае.

 

*   *   *

Далёка недзе мройнае шчасце знаходзіцца —

У невядомай, чужой старане.

Дзе неба з зямлёй сыходзіцца,

Хтось помніць яшчэ пра мяне.

 

*   *   *

Не клічце мяне

Прычашчацца любоўю

Усявышняга.

Без любові зямной

Мне не пражыць.

 

*   *   *

Пачакай, дай толькі

Слёз расінкам скаціцца —

І я выпушчу кіпцюры кошкі!

 

*   *   *

На дарозе доўгай, вядомай

Вершы прыходзілі, песні пеліся.

Ды толькі вярнулася я дадому —

Як птушкі, яны разляцеліся.

 

*   *   *

Не дзеля славы пішу,

І не слёзная споведзь гэта —

Звяртаюся да такіх, як сама,

Вандроўцаў Сусвету.

 

*   *   *

Я шарыянка Расіі

Рускіх песень усіх

Яшчэ не пачула,

А ўжо родныя

забываю…

 

З шорскай. Пераклад Міколы Мятліцкага.

Крыніца: «Маладосць»

 

 

Прочитано 212 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии