Бараноўскі Міхал (Міхаіл Аляксандравіч) нарадзіўся ў 1984 годзе ў горадзе Мінску. Скончыў БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці «Гісторыя і замежная мова». Пасля службы ў войску з 2008 года працуе ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Аўтар кнігі «Volumen.1» (2016). Лаўрэат прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча (2017).
* * *
У люстэрка старое ўзіраюся пільна
У яго глядзелася маладая яшчэ бабуля
Маці малая
І дзед якога я ніколі не бачыў.
Раму паела часам
Срэбра асыпалася
Рабаціннем шэрым пабіла твар мой.
Самае то каб напісаць верш сур’ёзны глыбокі
Пра моўчу і памяць і бесчас
Пішу
—
Як жа патрапіць
Па той бок люстэрка
Думае сонечны зайчык
* * *
Гісторыя Беларусі як адрыўны каляндар
Старыя старонкі дзеці парэзалі на калажы
І ілюстрацыі да сценгазеты
Хтосьці зрабіў бусліка
Хтосьці прыхапіў асабліва нялюбыя ў прыбіральню
Хтосьці скруціў папяроску
Альбо распаліў імі ў печы каб прыгатаваць табе есці
Злуешся на дзеда з бабай за такія турботы
Што табе тае праўды хлапчыска
Хочаш споведзі альбо спавядацца
Шукаеш герояў
Дык гэта яны прыхапілі тыя лісты ў прыбіральню
Шукаеш адказы на пытанні
Але ці здолееш іх данесці ў наступнасць
Не ведаеш на каго скіраваць нянавісць
Дык пачытай сценгазету.
Выбірай сабе казку да смаку і кладзіся спаць
Бо заўтра рана ўставаць
Так і раблю але перад сном
Кідаю позірк на папяровага Страцім-лебедзя
КАЛІНАВЫ МОСТ
Захацеў вярнуцца і ўсё выправіць,
А там замест уласных памылак ужо чужыя.
—
Як спускацца з шашы да моста, крыху ўбок ад сцежкі — «ключ».
Кожны раз, калі ехалі з горада гэтым шляхам,
то спыняліся з яго напіцца.
Стары эмаліраваны кубачак на галінцы быў знакам.
Каб не мінулі, запамятаўшы.
На тое, як рухаецца жоўты пясочак пад напорам «жывой вады»,
можна было глядзець бясконца.
—
Стрыечная сястра крочыць па кладцы праз балаціну,
а за ёй брацельнік.
Ён бачыць гадзюку, што паўзе праз дошку і босую нагу сястры,
якая смела ступае, не заўважаючы чорнай стужкі.
Мінула больш за 30 гадоў, як пачуў яго ўзрушаны расповед.
І як зараз перад вачыма змяя і пальчыкі, якія размінаюцца
ў пары сантыметраў з небяспекай.
—
Вялікая артылерыйская гільза ў калоду загнаная:
Калісь пэўна хораша гвазданулі з гаўбіцы
А зараз сусед прыладзіў яе пад кавадла
І раўняе цвікі
Б’е малатком па стальным азадку
І пытаецца
Ці будзеш у людзей больш страляць
Ці будзеш
А яна толькі цінь
Дзінь
—
...Дзе сякера Міхалка
А ён
Як скрозь зямлю праваліўся
І рукі разводзіць
Расказваў дзед любімы свой успамін пра мяне і смяяўся
З казачна-дзіцячага светасузірання.
А зараз гэта мой успамін пра яго успамін
Пра тое як мы разам чысцілі ляда
Бо сам я таго ўжо амаль не памятаю.
Можаш загугліць
Л-Я-Д-А
—
Для таго каб бульба радзіла
Баба чытала замовы.
І на ўсялякі выпадак сыпала
Калійныя ўгнаенні
—
Крыгай выцягнулі з балота чарапаху
Ну як у гэта паверыць
—
Каб патрапіць у вёску да дзеда з бабай
Трэба было праз драўляны мост перайсці раку
Мост той згарэў
І цяпер нічога не злучае
Сталасць з дзяцінствам.
Чытайце падборку цалкам у часопісе «Полымя» №11 (лістапад).