Суббота, 22 07 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Новыя пераклады азербайджанскай паэзіі Таццяны Сiвец

Таццяну Сівец добра ведае беларускі чытач. Паэт, драматург, публіцыст, вопытны журналіст, яна даўно і настойліва займаецца мастацкім перакладам. Дзякуючы ёй загучалі па-беларуску вершы паэтаў розных народаў.

Асабліва шмат зрабіла Таццяна для перастварэння паэзіі азербайджанскіх мастакоў слова на беларускую мову. Дзякуючы менавіта яе намаганням па-беларуску пабачыла свет кніга Лейлы Аліевай, якая піша па-руску, але ўсім сваім паэтычным сэрцам сцвярджае ўсходнія матывы, азербайджанскі менталітэт. Шмат працавала Таццяна Сівец над перакладамі паэзіі Чынгіза Алі аглу. Вось зараз увазе чытачоў мы прапаноўваем вершы Гусейна Арыфа, Набі Хазры, Бахціяра Вагабзадэ ў перакладах маладой беларускай паэткі. Гэтыя творцы працавалі ў прыгожым пісьменстве ў другой палове XX стагоддзя. За плячыма ў кожнага з іх – уласны эстэтычны досвед. Мне здаецца, што пры перастварэнні захаваны дух азербайджанскай нацыянальнай прасторы, дух вялікага азербайджанскага культурнага, літаратурнага свету.

Застаецца пажадаць Таццяне Сівец прыкласці яшчэ болей намаганняў і, магчыма, стварыць аўтарскую анталогію сучаснай азербайджанскай паэзіі на беларускай мове. Усе ўмовы для гэтага ў Беларусі ёсць. Як і ёсць пэўная традыцыя. У 2012 годзе лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі выдаў аўтарскую анталогію кітайскай паэзіі “Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая”. Зараз Мікалай Міхайлавіч завяршае працу над анталогіяй кітайскай паэзіі выключна XX стагоддзя.

Але ж мы сёння знаёмім чытача з перакладамі Таццяны Сівец, яе прачытаннем азербайджанскай паэзіі…

Алесь Карлюкевіч

 

Гусейн Арыф

(1924 – 1992)

 

Хадзем са мной

 

У духмяную квецень садоў

Ты ідзі за мной.

Да чысцюткай крыніцы лясной

Ты ідзі за мной.

Там, дзе лашчацца хвалі да ног,

Ты ідзі за мной.

 

У далёкі край, дзе чужы народ,

Ты ідзі за мной.

Сонца і туман, шчасце і журбу –

Падзялі са мной.

Будзем разам жыць, разам піць віно,

Толькі будзь са мной.

 

Ды калі мяне лёс пакліча ў ноч,

Не хадзі за мной.

 

 

Бягу

 

Я ад крыніц і да крыніц

Бягу спатоліць смагу.

Хай дом трымае, не магу

Стрымаць да зменаў прагу.

 

Узімку – думкі пра вясну,

Ну а вясной – пра восень.

Ні адпачынку мне, ні сну…

Спакой – мой сон дзівосны.

 

Бягу да хваляў я чужых

Ад берагоў Радзімы,

Бо толькі Словам прагну жыць –

Раптоўным і адзіным.

 

Хачу пакінуць я сляды

Свае на стромкіх сходах.

Ды сам не ведаю, куды

Спяшаюся заўсёды.

 

Нібы да рэшняе мяжы

Спяшаюся, на наўя.

Хутчэй, хутчэй спяшаю жыць!

Чаму? І сам не знаю…

 

 

Кажуць мне…

 

Часам кажуць, я надта самотны..

Ды ці варта смяяцца ўвесь час?

Кажуць мне: памыліцца можаш…

Памыляецца кожны з нас!

 

Я люблю, як мой саз спявае:

Шчасце з песняй хачу паяднаць.

Сшытак сэрца глыбей схаваю,

Подых часу – яго цана.

 

Калі побач сябры, я рады,

І самотны, калі адзін.

Ёсць у вершы і боль, і праўда,

Не магу я ўсміхацца ўсім.

 

 

Жыві яшчэ

 

Прайшоў жыцця я паўдарогі,

Гады – за мною па слядах,

Ды мары светлыя трывогам

На глум ні разу не аддаў.

 

Жыў і ў сталіцы, і на вёсцы,

На горных схілах сонца зваў,

Ды розум мой, бы птах дзівосны,

У вышыні заўжды лунаў.

 

Складаў радкі са слоў, а тайны

Мне саз падказваў праз гады.

“Ты ўжо стары!”, -- жыццё шаптала.

Спявала сэрца: “Малады!”

 

  

І я

 

Час каменне сатрэ на тло,

На жалезе пакіне знак.

Застануцца са мной без слоў

Лета, восень, зіма, вясна.

 

Змоўкне птахаў паднебны хор,

Сыдзе звер у лясны гушчар,

Толькі песні сэрца майго

Не суцішыць бязжальны час.

 

Будзе ноч. І ўначы святло.

На світанні засне маяк.

Ды атуляюць сваім цяплом

Сонца, месяц, душа мая.

 

Не ўзгадае майго імя

Незнаёмы нашчадак мой,

Калі сазам і словам я

Не прамоўлю ўсяго, што мог.

 

 

Арэшына

 

Арэшына схілілася

Над соннаю ракой.

Здалёк махнула дрэва мне

Знясіленай рукой.

І лісце парадзелае,

І шнары на кары.

Пра што ты, дрэва, думаеш,

Пра што твой сум стары?

Ад жалю ў рэчку кінуцца б –

Трымаюць карані…

Вось так і сохне, мілае,

І стогне дзень пры дні…

Вятры хісталі, мучылі

Твой гнуткі тонкі стан…

Кранаю дрэва сумнае,

Такое, як я сам!

Ты жывішся, трывалае,

Слязой сваёй зямлі.

І зморшчыны глыбокія

Па скуры прапаўзлі.

Адкрый мне сэрца, роднае,

Пра боль свой раскажы.

Абодва мы гаротныя,

Абодва хочам жыць!

 

Сказала дрэва мудрае:

“Ды што мне град ці снег,

Калі б заўсёды быў са мной,

Каб дбаў ты пра мяне!

Віхура не адолела б

І спёка не звяла,

Калі б рука мая заўжды

Руку тваю знайшла.

Калі б твой позірк радасны

Сачыў, як я жыву…

Цяпер пустыня горкая,

Там, дзе былі мы ўдвух.

Бы сад, квітнела некалі

Душа мая, цяпер

Там сівер вые жаласна,

Бы адзінокі звер…

Ты помніш дні вясёлыя,

Салодкія гады?

Так горка быць старым і так

Салодка маладым…”

 

Схілілася над рэчкаю

Арэшына адна.

Яе на развітанне я

Пацалаваў няўзнак…

 

 

  

Набі Хазры

(1924 – 2007)

 

Два крылы

 

Птушка нябёсам

Глядзіць у твар –

Свет,

Які Бог прысніў.

Каханне з Паэзіяй –

Крылы два,

Сведчанне

Вышыні.

Калі ж зламалі

Адно крыло

У здрадзе

Ці барацьбе –

Значыць,

Страшна птаху было

І страшна было

Табе!

 

 

Калі не бачыў Баку

 

Хвалі ў скалы б’юцца ўпарта,

Хвалі сіняга Хазара,

Крылы ў скалаў вырастаюць,

Скалаў сіняга Хазара…

 

Калі ты яго не бачыў,

Што табе сказаць магу я…

Што ты ў гэтым свеце бачыў,

Як не бачыў ты Баку!

 

Калі ты пакуль не бачыў,

Як вясна сюды прыходзіць,

Як цалуе на світанні

Хвалі сонная зара.

 

Калі ты пад нашым небам

Не глытаў нагбом паветра,

Што ты ў гэтым свеце бачыў,

Як не бачыў ты Баку!

 

Горад ,

Блаславёны морам,

Горад-песня,

Горад-казка…

Калі ты не верыш словам,

Завітай і паглядзі!

 

Ты і сам тады прамовіш

Кожнаму, хто стане слухаць:

“Што ты ў гэтым свеце бачыў,

Як не бачыў ты Баку!”

 

 

Народ і Паэт

 

Ён арлом узнясецца ў неба.

Ён, крылаты, абдыме свет.

Ён народа сын, і ганебна,

Калі ён, нібы крот, аслеп.

Калі ён пра народ забыўся,

Калі следам за ім не йдзе,

І не бачыць ягоных высяў,

І маўчыць аб яго бядзе.

 

Калі кажа: “Занадта просты.

Не дарос да мяне народ…”

Дык і ты яму – не па росце,

Задаволься сваёй нарой!

Не спяшайся спазнаць і змерыць,

Не імкніся ў шырокі свет.

У народ ты павінен верыць.

Без народа памрэ паэт.

  

 

Алень

 

Калі я блукаў па лесе

У звонкім маўчанні дня,

Ты выйшаў,

Нібы на песню,

Вялікі і важны…

Нашто ты мяне заўважыў,

Нашто галаву ты ўзняў?

Чакай,

Не трымці,

Спыніся,

Да рук маіх падыдзі.

Вось мой пінжак –

Укрыйся,

З гонарам не глядзі.

Ты хараством закляты,

Нібыта князь ідзеш.

Сыплюцца росы з шатаў

Срэбным дажджом надзей.

У гушчарах дагэтуль

Дзе ты хаваўся, дзе?

У ценю дубоў не туліся,

Выходзь да мяне, алень!

Хочацца мне напіцца

Вады, што ты піў, але…

Не верыш ты мне, не верыш?

Думаеш, я маню?

Закрыю цябе ад звера,

Песню аддам сваю!

Слёзы твае заўважу –

Вытру хутчэй я іх.

Што ж ты бяжыш, адважны,

Слоў не пачуў маіх?

Я ж не палюю, мілы…

Дзе ты,

Алень, алень!..

 

 

Да жыцця

 

Я не ўзвышаўся.

Час мяне узвысіў.

Душу і мару

час мне падарыў.

Я з сябрам

не лунаў у зорных высях,

Ды ў час бяды

заўжды я з сябрам быў.

 

Я быў мастак

і верыў у мастацтва.

Рабіў усё,

што мусіў я рабіць.

Я жыць хацеў.

Я не хацеў пытацца,

Навошта жыць.

 

Жыццё маё!

Да гэтае крыніцы

Хачу я

спрычыніцца назаўжды.

І станецца,

што я змагу напіцца,

Калі нашчадак мне

дасі вады.

 

І разам з ім

мы заспяваем песні,

І разам з ім

я буду зноў жывы.

Жыццё маё,

шчаслівым і балесным,

Прымі мяне,

Жыві ў яго крыві!

 

 

Паэт – Праметэй

 

Народжаны адзін – для ўсіх людзей,

Ён выклік кінуў нат багам Алімпу.

Паэт здабыў агонь, бы Праметэй,

Нясе свае радкі тым, хто не клікаў.

 

Народжаны адзін – адзін заўжды,

Ідзе з нязгасным словам, бы са знічам.

І аддае апошні свой уздых…

Перад людзьмі схіляючыся ніцма!

 

 

О ноч!

 

На світанні пабачу каханую я!

Ну, чаму так марудна ідзе гэта ноч!

Так хвіліны ляцяць, так імчыцца зямля,

Ну, чаму так марудна ідзе гэта ноч!

 

Цішыня над зямлёю стаіць і стаіць,

Зоркі ў вокны глядзяць, нібы сочаць за мной.

Я за імі сачу, пазіраю на іх,

Ну, чаму так марудна ідзе гэта ноч!

 

Сэрца стогне: хутчэй заірдзей, далягляд,

На світанні пабачу каханую зноў!

Так хвіліны ляцяць, так імчыцца зямля,

Ну, чаму так марудна ідзе гэта ноч!

 

 

Бахціяр Вагабзадэ

(1925 – 2009)

 

Другое жыццё

 

“Калі б я зноў дзіцёнкам стаў малым, --

Сказаў мне ты, -- Зрабіў бы ўсё іначай…”

Шкадуеш ты жыцця, а гэта значыць,

Не там ішоў, не тых багоў маліў.

 

Пакутуеш, памылку ты зазнаў.

І сэрца прагне выправіць былое.

Жыві, мой дружа, быццам не было іх,

Нібы гады не пакідалі знак…

 

***

Мы зноўку пасварыліся… І як!

Я ўсклаў паспешліва на плечы свой пінжак.

Так рэспектабельна я выглядаю ў ім,

Бадай, што не было самотных зім.

Здавалася, так лёгка замаўчаць,

Пінжак узяць, заўважыць позні час.

І ўжо ніякіх у цябе правоў

На сэрца, што заб’ецца без умоў.

Усё так проста… Ды не мілы свет,

Стаю я ля дзвярэй, стары паэт,

І сам сабе пытанне задаю:

Чаму я плачу і чаму пяю?

Чаму хачу здавацца маладым?

І дзе шукаць мне да цябе сляды?

Бо я вярнуся, каб цябе кахаць.

Каханнем палкім сэрца ратаваць.

Мяне ў любові зноў падазраеш,

Забыўшыся пра боль, што ў гэты верш

Я пакладу… І зноўку гэты боль

Спаткання не дазволіць нам з табой.

Вярнуся я, каб зноў спаліць масты,

Не паасобку – разам: я і ты.

 

Цяпер дзялю жыццё на часткі дзве:

Кахаю – не кахаю… Ў галаве

Змагаюцца пачуцці і разлік,

Таму прыходжу, каб пачаць маглі

Мы жыць іначай, ды цяпер (даруй!)

Пінжак я свой з сабою не бяру.

 

 

Сэрца

 

Я па вачох тваіх сумую карых.

Я па тваіх слядах іду ўначы,

Ці з вышыні зрываюся Ікарам,

Ці голубам імкнуся ў далячынь.

А ты мяне не бачыш і не чуеш,

Нібыта і няма мяне зусім.

Заранкаю ўва сне маім начуеш,

Ды раніцою растаеш як дым.

Падумаў я, з раптоўным цёмным болем

Ў грудзях адчуўшы пустату і тло,

Што сэрца маё скрадзена табою,

Не – у цябе яго ніколі не было.

 

 

Некралог

 

Жыццёвы вынік – некралог.

Апошні ўздых – і лёг у лог.

Жыццё перад вачыма ўраз –

Усё! – ўкладзецца ў тузін фраз.

Калі б паўстаць нябожчык змог

Ды прачытаць свой некралог

І як чужы, нібы здалёк,

Зірнуць здалеў на ўласны лёс!

Што б ён сказаў часінай той,

Ці смех пачулі б мы, ці стогн?

Бо кожны ведае здаўна:

Спадзеваў шмат, а смерць – адна.

І колькі б мараў ні люляў,

Усім адзін канец – зямля!

Мы марым жыць, рабіць, ствараць…

Задумаў шмат, ды мала спраў.

Няма мяжы для мрояў, ды

Зіма завейвае сляды,

Імкненні, прагу чысціні.

І я прашу: не падмані!

У некралог мой дапішы

Надзею, што жыве ў душы.

  

***

Я – дрэва. Вось бачыш,

Зямля – гэта маці мая.

Лісце – дзень сённяшні.

Ну а мінулае – корань.

Я вырас на гэтай зямлі,

І з мінулага ў заўтрашні дзень

Пазіраю.

Я – дрэва.

Я верны радзіме маёй.

А лістота шуміць і шуміць,

Нібы час над сівой галавою…

 

З азербайджанскай.

Пераклад Таццяны Сівец

фота з i.ytimg.com

Прочитано 169 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии