Четверг, 27 07 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Новыя пераклады Міколы Мятліцкага: Юрый Хэжка

Юрый ХЭЖКА

(1917 – 1944)

 

 

ПЕСНЯ ВАНДРОЎНІКА

 

Я па жыцці хаджу-блукаю

і ў ясны дзень, і ў позні час,

у пустынях крушні абмінаю –

і неяк напаткаў алмаз.

 

Яго разгледзець прыпыніўся –

блішчэў таемнай зіхатой;

я ў сонных далях заблудзіўся,

каменьчык авалодаў мной.

 

Падняў яго – і ўскрык пачуўся

з цямотнай будучыні ўраз:

“Ты не за тым, брат, пацягнуўся,

спакой шукай, а не алмаз!”

 

Спаткнуўся я. Мігценне зорак.

Боль згас у зацішы нямой.

Развеяўся агуслы морак.

Алмаз блішчыць перада мной.

 

10.08.1936

 

 

ЗЯЛЁНАЯ ZET

 

Без думак у душы эратычных,

у чаргаванні турбот

я табой любаваўся маўкліва,

літара Zet, усім, што за табой:

зеляніна сукенак бяроз маладзенькіх,

зеляніна водных глыбінь,

царкоўных званіц,

зеляніна ускрайкаў

ніколі не знанай красы.

 

У нябёсах прыгожа,

там зеляніна райская

вечна бруіцца,

ціха звініць: зялёная прыгажосць –

зялёная Zet.

 

02.03.1937

 

 

КАЛІ?

 

Сонца і месяц –

калаўрота колы,

што з крывавага кужалю,

ружы зары вечаровай,

нітку прадуць,

нітку часу і лёсу,

з бядотамі маімі,

калі вас пакіне Той,

хто наўкруг зямлі,

радзімы нашай,

восі калаўрота

бег спешны вядзе?

 

Асыпае чарамі песні,

жалеза, халоднае сэрца крышыць,

для прасушкі нітку нацягвае

на цвікі срэбныя,

якімі прыбіты дах небны.

 

Слухаю, гляджу, бачу і адчуваю,

удыхаю ў даліны самоту.

 

27.03.1937

 

 

НОЧ

 

Ноч, грозных таямніц сяброўка

з вугальна-смольнымі валасамі,

у сукенцы жалобы,

у ёй мільёны

залатых камянёў

уладараць над намі.

 

Адчуванне свабоды,

метэор скрозь цемру

працяў трывогі мае:

зноўку цямрэча, толькі пяшчота

невядомая абдымае цябе,

немагчыма трываць – сэрца

павінна быць абароненым.

 

Аметыст светлаблакітны,

смутак, парослы

мохам даўняга забыцця,

ад шчасця шчасцем

залівае сухую самоту.

 

28.03.1937

 

 

ВІШНЯ

 

Цвіценне вішні белапеннае

у зеляніне лістоты,

не спяшайся, часу дастаткова,

смерць шчасця не мае,

не мае часу.

 

Не будзе пладоў;

чаму твая маладосць

не зазірае далей святла,

прыбіраецца для магілы,

ты, чалавек – жывая крыніца?

 

Люстра крывое,

тут маладых столькі

зарана падалося на вечар

ад віны безабаронных,

якую ты маеш?

 

05.05.1937

 

 

ЯКІ СОН ЛЁГКІ

 

Які сон лёгкі,

калі лёс самотны народа сербскага

на сэрца табе кладзецца,

ніхто цябе не трывожыць.

 

Адзін я, адзін, зноў адзін,

а наўкруг, калі пагляджу,

усё пуста, аднак напоўнена гэтым Нішто,

што кажа – сабе не веру,

якога бачыць – не магу,

што ў думкі сочыцца

так напорыста з цемры начной.

 

06.09.1937

 

                Пераклад з верхнялужыцкай Міколы Мятліцкага

Прочитано 70 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии