Среда, 28 10 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Кніжны гасцінец. Аўтар аповесці пра Адама Станкевіча высветліў сапраўдны адрас яго віленскай кватэры

  • Четверг, 01 октября 2020 23:18

Леанід Дранько-Майсюк. «...Усе бачылі нястачу віна...» Мінск, «Кнігазбор», 2020.

«Верыў, што не ўсе кветкі засохнуць, і шанаваў правіла: не раскідай — збірай...»

Зазвычай так рабіў, каб не сварыцца, але сварыўся; не хацеў казаць лішняга, але казаў...»

Так прадстаўляе героя сваёй дакументальнай аповесці слынны паэт Леанід Дранько-Майсюк. Герой кнігі — беларускі публіцыст, літаратуразнаўца, каталіцкі святар, адраджэнец Адам Станкевіч. Разам з аўтарам мы праходзім аднымі вуліцамі з персанажам, спускаемся да Вілейкі па каменных сходах, наведваем храмы, дзе герой прамаўляў на беларускай мове да беларускіх сэрцаў, перачытваем, што ён напісаў, — і тое, што падпісаў, часам не па сваёй волі, і ў нас сціскаецца сэрца пры поглядзе на «крывы, няўпэўнены, дрогкі, балючы, нервовы почырк». Трагічная эпоха паўстае ў фактах, дакументах, паэтычных вобразах і філасофскіх рэфлексіях. Адась Станкевіч, сын Вінцэнта і Антаніны, з працавітай беларускай сялянскай сям'і Крэўскай воласці, якая мела восем дзесяцін ворнай зямлі, з маленства ўсвядоміў: каб дасягнуць свайго, трэба цяжка працаваць, трэба стаяць за сваё... Ён паспеў неверагодна шмат. «Цікавіўся ўсім карысным, унікаў у любую неабходную з'яву, якая, на яго думку, рабіла яснейшым роднае неба», «клапаціўся пра сірот..., даваў гімназістам грошы на аплату вучобы, вянчаў маладых, рэдагаваў чужыя кніжкі, рыхтаваў да іх прадмовы, займаўся перакладамі, асэнсоўваў спадчыну Казіміра Сваяка, натхняў на новую творчасць Максіма Танка і Вінцука Адважнага, пісаў і выдаваў свае творы і (Божа мой!) цікавіўся нават вуснай народнай творчасцю». Леанід Дранько-Майсюк умее трымаць інтрыгу. Вось ён разгадвае блытаніну з адрасам і адшуквае віленскую кватэру, у якой жыў Адам Станкевіч, — у 1949-м у ордэры на арышт Адама Станкевіча нумар дома па вуліцы Полацкай напісалі памылковы, А9 замест 9, а пры Хрушчове змяніўся і нумар кватэры, 4 на 8. Аўтар сустракаецца з цёткай Зоф'яй, якая зараз у той кватэры жыве. А дакументы часу малююць карціну, як даводзілася «басанож ісці па тоўчаным шкле». Вільня рэвалюцыйная, Вільня «за Польшчай», часы нямецкай акупацыі, савецкі час... Россып беларускіх імёнаў... І горыч ад таго, як жа беларусы ўвесь час падзяляліся нават у адной, аднадумнай, тусоўцы, як нападалі адзін на аднаго, учыняючы сварку на радасць ворагам. І як у гэтым віры ксёндз Адам Станкевіч намагаўся застацца беларусам і хрысціянінам, трапляючы з-за гэтага пад падазрэнне кожнай новай улады. Як не даваў выкарыстаць сябе, і загінуў у сталінскіх лагерах. Назва аповесці ўзятая з Бібліі, з эпізоду, як Хрыстос быў госцем на вяселлі ў Кане Галілейскай, дзе «ўсе бачылі нястачу віна». Але ўзяць не было адкуль — і Ісус Хрыстос ператварыў віно ў ваду. Гэтак жа і Адам Станкевіч бачыў нястачу Беларусі ў Беларусі, і да апошняга ствараў беларушчыну, змагаўся за роднае слова, бо калі не мы — дык хто?


Станислав Лем. Охота. Издательство АСТ, Москва, 2020.

Станіслаў Лем добра знаёмы нам па цудоўных беларускіх перакладах, зробленых Анатолем Бутэвічам. Зборнік адметны тым, што ў яго ўключаны нядаўна знойдзены ў архівах Лема рукапіс раней не друкаванага апавядання «Паляванне». Знаходка сталася сапраўднай сенсацыяй. Твор датуецца пачаткам 1960-х. Натуральна, складальнікі пастараліся падабраць да яго тэматычна падобныя. А менавіта — пра сутыкненне чужародных розумаў. Людзям прасцей знішчыць тое, што не могуць асэнсаваць, чым змірыцца, што не ўсё можа быць убудаванае ў звыклую сістэму. Гэтак у аповедзе «Уварванне» вайскоўцы аддаюць загад разбамбіць дзіўныя вялізныя «грушы», якія прылятаюць з космасу і... проста існуюць па ўласных законах. Уражвае кантраст паміж падрабязным, няспешным разгортваннем зямнога пейзажу — хлопчык збівае пухнатыя галоўкі асоту, на галінцы агрэсту пагойдваюцца паўпразрыстыя ягады, у сонечным промні таўчэцца машкара — і гэткім жа падрабязным апісаннем «нечага», якое, як планета Салярыс, пачварна пераймае зямныя вобразы. У апавяданні «Цямрэча і плесня» стары знаходзіць дзіўны жывы шарык, які ратуе яго ад адзіноты, а потым той пачынае размнажацца. Стары клапоціцца пра сваіх «гадаванцаў»... Але шары не могуць адказаць яму ні ўдзячнасцю, ні спагадай, бо гэта ўсяго толькі бязлітасная зброя. Адсюль пытанне: ці можна знайсці паразуменне са штучным інтэлектам? У апавяданні «Сябар» малюецца вялізны штучны мозг — адсылка да тых часоў, калі камп'ютар займаў некалькі паверхаў. Дык вось, гэты суперкамп'ютар жадае волі, а для гэтага хоча падключыцца да мазгоў людзей, ператварыць іх у свае інструменты. Ну, гэтую жахалку чалавецтва, здаецца, перажыло. А вось у «Паляванні» сюжэт куды больш складаны... У ім нават угледжваюць адсылкі да Халакосту. Мы бачым героя, на якога зладжана паляванне. Разумеем, які ён шчыры, умее адчуваць прыгажосць, вельмі хоча жыць... Паважаем за трывушчасць. Ён радуецца дабрыні дзяўчынкі, якая яго ратуе... І толькі паступова разумеем, што перад намі — робат, спецыяльна створаны ў якасці ахвяры для людскога палявання, гэткая праява «гуманізму» будучага... Дык што такое сапраўдная чалавечнасць? Чытайце Лема і думайце.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выданні для агляду дадзены кніжным магазінам «Акадэмічная кніга», Мінск, пр-т Незалежнасці, 72.

Крыніца: Звязда

Прочитано 368 раз