Пятница, 04 12 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

На вуліцах пустэльных Ашхабада…

Гісторыя літаратурных стасункаў – тонкая матэрыя. За кожнай праявай, кожным фактам літаратурнага пабрацімства – персанальная біяграфія, унутраны покліч, часам лёсавызначальныя сустрэчы…

Вось гартаю зборнік беларускага паэта Паўла Марціновіча (нарадзіўся ў Мінску ў 1954 годзе) “Час бурштыну” (Мінск, 1977 год). Кнігу набыў яшчэ ў 1980-м годзе. Школьнікам. І, магчыма, толькі з часам прачытаў гэты верш – “*** На вуліцах пустэльных Ашхабада…”:

 

На вуліцах пустэльных Ашхабада,

Дзе я блукаў калісьці дзень пры дні,

Здалося неяк, што я быў бы рады

Жыццё пражыць у гэтай цішыні.

 

Вось так блукаць спакойна і самотна

Па вуліцах пустэльных дзень пры дні,

Вось так ьлукаць бязмэтна, бесклапотна

У выпаленай сонцам цішыні.

 

Што сталася – я адказаць не ў стане,

Яшчэ адзін прайшоў я толькі крок –

І гэтае нікчэмнае жаданне

Рассыпалася ў момант, як пясок.

 

Відавочна, што верш напісаны пасля паездкі ў сталіцу колішняй Туркменскай ССР. І паездка тая далёка не выпадковая. Некалі ў ваколіцах Ашхабада (здаецца, у Небіт-Дагу) служыў салдатам ( некаторы час, пасля шпіталю, у запасной вайсковай часці) бацька Паўла – Аркадзь Марціновіч. Беларускі пісьменнік Аркадзь Марціновіч расказаў пра гэты час у рамане “Не шукай слядоў сваіх”… Ужо ў другой палове 1980-х гг. я напісаў Аркадзю Марціновічу з роспытамі пра яго “туркменскую біяграфію”… Пісьменнік даслаў мне ў Ашхабад кнігу з аўтографам. Пасля я перадаў раман (у першай палове 1990х гг.) у бібліятэку Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Францыска Скарыны. Дзе той зараз цэнтр?!. Дзе тая бібліятэка?!.

Так што, і ў бацькі, і ў сына – свой Туркменістан, свае туркменскія ўспаміны. У Паўла Марціновіча, які болей засведчыў сябе як дзіцячы пісьменнік (выдаў чатыры зборнікі вершаў для маленькіх чытачоў – “Паспяшайся ў наш звярынец!”, “Жыў-быў воўк”, “Дзядзька Сон”, “Сталёвы бусел”), ёсць яшчэ адзін “ашхабадскі” верш – “Дыван”. Яму папярэднічае эпішграф: “У музеі на Ашхабадскай дывановай фабрыцы я ўбачыў дыван незвычайнай прыгажосці. Ён сатканы старым майстрам, які загінуў у час землятрусу 1948 г.”.

 

Дываны, дываны…

Дываноў найдзівоснае ззянне.

Колькі тут пешчатлівай душы,

Колькі тут хвалявання.

 

Кожнай ніткай сваёю

Яны прамаўляюць і сведчаць,

Як схіляліся рупныя плечы

І ўранні, і ўвечар.

 

Маляўнічы арнамент…

Гэта нечыя шчодрыя мары.

Ці збыліся яны?

Але ўсё ж завіталі не марна!

 

… Толькі гэты дыван

Аглядаю ў задуме і скрусе.

Нават зыркая гладзь

Мне нагадвае аб землятрусе,

Аб зямлі, што была,

Як дыван, маляўнічай і пекнай.

 

А пасля скаланулася

І загрымела, як пекла.

 

Дзе ты, майстра? Цябе

Пахавалі каменныя груды.

А дыван ацалеў,

Ацалеў нейкім д’ябальскім цудам.

 

На музейнай сцяне

У цяністай дагледжанай зале

 

Ён вісіць, як вісеў,

І блюзнерскімі фарбамі ззяе!

 

… Дарэчы, крыху болей як за год да землятрусу ў Ашхабад прыехаў пасля вызвалення з ГУЛАГа беларускі пісьменнік Барыс Мікуліч. Тут жыла яго сястра – Кацярына. Яна працавала ў тэатры оперы і балета. Тут Барыс Мікуліч пісаў “Аповесць для сябе”, іншыя творы. Пражыўшы колькі месяцаў у Ашхабадзе, пераехаў у Беларусь. А сястра – Кацярына Мікуліч загінула ў землятрусе. Як загінуў і туркменскі мовазнаўца, публіцыст беларус па паходжанню Аляксандр Пятровіч Пацалуеўскі. Відаць, гэтыя факты Паўлу Марціновічу былі невядомыя. А я ўсё ж чытаю пранізлівы, шчымлівы верш “Дываны” у звязку з гэтым вось веданнем пра беларусаў, якія загінулі ў ашхабадскім землятрусе… Разам з імі загінула і шмат што няспраўджанае, няздзейсненае. Шкада…

 

Алесь Карлюкевіч

Фота : Ашхабадскі землятрус. Крынiца: diletant.media

Прочитано 1973 раз