Версия для печати

Паэзія «Полымя». Анхела Эспіноса. Спіць ў кішэні май…

  • Понедельник, 13 января 2020 13:56

Між горадам і святлом —

Забруджаны небасхіл.

Трамвай, нібы страшны сон,

Пакінуў мяне без сіл.

 

Пакутна дрыжыць ліхтар,

І попелам снег ідзе,

У цемрыве ззяў твой твар,

А зорак няма нідзе.

 

Самота, мінак, мінак,

Мінак, бы ружовы цень,

І кожны ўспамін — маяк

У гэты маркотны дзень.

 

А вецер няўзнак завыў,

Заснежаны салавей,

У сэрцы мароз застыў:

Я вырву яго з грудзей...

Іду: ў руцэ лістапад,

А спіць у кішэні май,

Пакліч, вярнуся назад!

А міма едзе трамвай...

 

Між твараў бачу цябе,

Я бачу цябе за шклом,

А снег як шалёны йдзе,

Сыходзіш і ты, як сон...

 

Між горадам і вясной

Сцяна. Каханне, чакай!

За горадам мы з табой

За горадам цёплы рай...

 

І горад у нас адзін

Сусвету далей няма:

Ёсць холад пустых гадзін,

Бяззорная ноч. Зіма.

 

Трывога, віна, мароз,

Блуканне, дыханне, кроў.

Ракою дзявочых слёз

Цячэ пад зямлёй любоў,

 

Над горадам снег ідзе,

Над горадам цісне боль,

Над горадам вецер дзьме,

Над горадам сыплюць соль.

 

Над горадам глуш і ціш,

Над горадам коўдра хмар,

Над горадам ты ляціш:

Сняжынка, мінак, ліхтар...

 

У горадзе бруд і сон,

У горадзе я адна,

Між горадам і святлом

Бязлітасная зіма.

 

Падняўся дым залаты,

Падняўся забыты грэх,

У горадзе толькі ты

І шэры, злавесны снег.

 

 

Не аддам

 

Хай з’ядае жыццё ды ўспаміны сярэбраны час,

Хай пакутліва грэемся попелам фенікса-болю,

Хай далей гарады мітусліва грукочуць без нас,

Заставайся са мной! Не знікай, не хачу, не дазволю.

 

Хай не бачна надзей, хай і зоркі на небе няма,

Пакрысе назаўжды зачыняецца брама да раю,

І зламаныя крылы, і кожнае слова — дарма...

Не забудзь: я цябе ўсё адно невымоўна кахаю.

 

Хай ляціць над зямлёю бязлітасны, злы лістапад,

Хай пануе зіма, снегапад хай накрые дарогу,

Хай памру: я кахаю бязмерна, да смерці й назад,

І цябе не аддам ні марозу, ні ветру, ні Богу.

 

 

Посткаханне

 

Дождж, праспект і метро: ты павольна спускаешся ў пекла,

Недапітая кава астыла, ты ўжо за акном.

А пяшчота, нібы бліскавіца, твой розум рассекла,

Хай між намі быў толькі халодны, знявераны дом.

 

Не крычу, не бядую, не плачу, ды не даганяю,

Разумею, што больш не змагу цалаваць тваіх ног,

Пажырае душу ўсё ж бязлітасна бездань глухая,

Першародны мой грэх не прабачаць ні музы, ні Бог.

 

Вечарэе: імчацца суцемкі высока й нягожа,

Зачыняецца ноч нада мною, як быццам труна.

Паглядзі яшчэ раз на мяне, не сыходзь! Як ты можаш,

Калі разам з табою сыходзіць з Сусвету вясна?

 

 

* * *

 

Нябеснай калыханкай засынае

Спавольна сонца між духмяных руж,

І ззяе зорка закаханых душ.

Вятрыска ў летнім садзе заціхае.

Расце у неба векавечны дуб,

Паміж галінаў клетка залатая,

А ў клетцы плача птушка мрой начная,

Як згублены ў сумневах самагуб.

І гэта толькі ты, мая турма,

Бо жарсць твая ўзяла мяне ў палон.

Як птушка на самоце сэрца б’е.

Ты кветка дня, ты рэха салаўя,

Мая няволя — цуд мой і праклён,

Гучыць мой сумны голас для цябе…

 

 

  • *

 

Купіць бы новую душу,

Здаровую,

Без паэзіі

І іншых недахопаў,

Альбо, прынамсі,

Аддаць бы гэтую сваю душу на рамонт:

Яна парвалася ўшчэнт,

І няма што апранаць узімку

На сэрца.

 

Выходжу з хаты, фактычна, голай,

І вяртаюся з супермаркета без кавы,

Бо я запомніла твой сілуэт з кубкам кавы,

Насупраць соннага сонца халоднай раніцы,

І нават пах мне баліць.

Я не хацела быць паэтам,

Я не хацела быць анёлам,

Ані, што горш, намеснікам анёла,

Я хацела быць проста сабой,

Нарадзіцца з чыстым аркушам

Замест старой душы з крамы сэканд-хэнд;

Нарадзіцца з паўнавартаснымі крыламі,

І без цяжару ўсяго чалавецтва на плячах;

Нарадзіцца без лебядзінай песні,

Нарадзіцца шчасліва, усляпую і надоўга.

Мяне забяруць, забяруць —

Я думала ў маленстве…

А не забралі. Сяджу

Паміж двума чужымі Сусветамі,

Таму што няма больш

Каму тут сядзець,

І чакаю моўчкі.


Крыніца: «Полымя», №5, 2019

Прочитано 389 раз