Среда, 08 04 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Аркадзь Моркаўка. Свечка перад вечнаю красой

  • Четверг, 27 февраля 2020 14:42

Біяграфія Аркадзя Моркаўкі «працавала» на тое, каб ён не стаў паэтам. Але ад наканавання не сыдзеш... У шаснаццаць гадоў (нарадзіўся 26 студзеня 1900 года ў вёсцы Зазер’е, цяпер гэта Пухавіцкі раён) скончыў у  Мінску курсы тэлеграфістаў і да 1924 года працаваў па спецыяльнасці на чыгуначнай станцыі «Мінск». Вырашыўшы прадоўжыць вучобу, выбраў прафесію, таксама далёкую ад «лірыкі»,  — паступіў у Віцебскі электрамеханічны тэхнікум. Яшчэ праз тры гады стаў студэнтам Беларускага політэхнічнага інстытута. Скончыўшы яго ў 1934 годзе, быў інжынерам на мінскім заводзе «Беларусь», а затым перайшоў у Палату мер і вагі. Паралельна працаваў ва Усесаюзным энергетычным таварыстве. У  Вялікую Айчынную вайну — удзельнік мінскага антыфашысцкага падполля: рабіў капсулы для мін і снарадаў. Пасля вызвалення Мінска ад нямецкафашысцкіх захопнікаў вярнуўся ў Палату мер і вагі. Адначасова выкладаў на родным яму энергетычным факультэце політэхнічнага інстытута. Памёр рана, 24 красавіка 1957 года.

 

Паэзію ён не проста палюбіў. Стаў паэтам. Хоць, на жаль, ведаюць пра яго нямногія. Хораша заявіўшы аб сабе ў пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя, у 30-я, па сутнасці, змоўк. Па складзе свайго творчага даравання заставаўся «ціхім» лірыкам, пісаць на патрэбу дня не хацеў. У вайну ж пісаў шмат, але для сябе. Пасля вызвалення, як і многім, давялося выжываць. Дый сумненні адольвалі: а ці варта штосьці прапаноўваць у  друк, калі ўзрост ужо не надта «паэтычны».

Але асноўная прычына ўсё ж у  сціпласці Аркадзя Андрэевіча. Стаў аўтарам толькі адной прыжыццёвай кнігі «Дым жыцця» (1928). Другая «Гады, як ветразі» пабачыла свет праз два гады пасля яго смерці. Быў яшчэ і  зборнік, сціпла названы «Вершы», у «Бібліятэцы беларускай паэзіі». Кніжка «А ў полі вярба» ў серыі «Спадчына», запланаваная выдавецтвам «Мастацкая літаратура», так і не папоўніла серыю, для якой задумвалася...

Першы твор, дзе яскрава прагучаў паэтычны голас Моркаўкі, — «Я жыў…». Напісаны ён у 1926-м, а адчуванне такое, што сёння. Маштабнасць думкі, сучаснасць моцна знітаваны з мінуўшчынай дагістарычных часоў. Праўда, наконт гэтага ў Рыгора Бярозкіна было іншае меркаванне: «У Моркаўкі той самы Адам звяртаецца да нас ад першай асобы». Аднак сцвярджаць так, памойму,  — звужаць аўтарскую задуму. Прысутнасць лірычнага героя ў дагістарычным часе — лішні доказ, наколькі ў жыцці чалавецтва ўсё пераплецена і  якая глыбінная сутнасць самога быцця, а кожны лёс — гэта маленькае звяно ў ланцугу бясконцасці:

Мільёны год таму назад я жыў…

Яшчэ зямля, ад сонца адарваўшыся,

У згоду лёсу астывала,

Як след на попеле мой вырысы лажыў,

І зорка ў сэрцы начавала…

Успамінаецца куляшоўскае: «Мільёны лёсаў змешаны ў маім…» Але ж Аркадзь Куляшоў — гэта сучасная паэзія, абсягі якой настолькі пашырыліся, аб чым паэты ў 20-я гады і падумаць не маглі. А. Моркаўка, як бачым, свой час абганяў. Ішоў наперадзе яго на некалькі дзесяцігоддзяў. А хіба верш «ххх Паў на калені дзень…» не сучасны:

Паў на калені дзень…

Як шэпты ціхіх лоз,

Узнятыя растаць, пыліцца у вадзе, —

З душы трывожнае

з трывогай дня сплыло…

А Млечны Шлях заве…

Паў на калені дзень…

Свечка перад вечнаю красой «Прымерваючы» на сябе зорную прастору, лірычны герой імкнецца суаднесці яе з паўсядзённай рэальнасцю: «Прастору любоў на свет, як Млечны Шлях прасцёр». З гэтага шэрагу і такія радкі:

Прытулілася маўкліва

да знямелае зямліцы

Ноч грудзьмі… а ў бяздонні сінім —

зоры чараўніцы.

У бяздонні сінім зоры заскакалі, мільганулі,

Думкі ж недзе пад дугою ў акіяне патанулі…

(«ххх Прытулілася маўкліва…») Паэзію Аркадзя Моркаўкі любілі Янка Купала, Цішка Гартны… Не мог не падабацца ім і верш «ххх Срэбнай казкай сад…». Гэта — адзін з найлепшых яго твораў. А напісаны ж у 28-гадовым узросце:

Срэбнай казкай сад у снежні стыне,

Дрэвы шэпчуць у глыбокім сне.

Грузка шэрань лапамі сваімі

Звісла ў снег.

Кволым шклом абложаны галінкі, —

У палях закутыя вятры…

Сны пра сонца, пра снапы, дажынкі,

Вецер, вецер, не сатры!

Тонка адчуты і перададзены настрой чалавека ў зімовую часіну. А яшчэ навідавоку еднасць лірычнага героя з усёй прыродай. Настолькі трывалая, знітаваная, што немагчыма цалкам аддзяліць іх адно ад аднаго:

Сніцца дрэвам…

А мо сэрцу сніцца

Строма жыцця, дзён інакшых даль,

Сонца поўдня, васількі у жыце

І зямля ў садах.

Разумеў, што яго «ціхая» лірыка не гучыць ва ўнісон з палітычнай траскатнёй, таму і мусіў адысці ад паэзіі. Амаль дзесяць гадоў бадай нічога не пісаў.

Падзеяй, якая ізноў падштурхнула А. Моркаўку да творчасці, стала Вялікая Айчынная вайна. Вершы перыяду акупацыі — творы не ваенныя, а антываенныя. Ён паказваў пакуты народа. Не як фізічны стан, а як душэўны.

Яго тагачасная паэзія — філасофскага кшталту. Гэта роздум аўтара, у якім ён не абмяжоўваецца зямнымі праблемамі, а сягае ў паднябессе, да касмічных высяў. Тое, што здарылася, паэт успрымаў як з’яву глабальную. Бачыў у гэтым нейкую наканаванасць, фатальную непазбежнасць. Пацвярджэнне — верш «Вока суровае…». Відаць, даваўся ён няпроста і, хутчэй за ўсё, нараджаўся бяссоннай ноччу, калі асабліва востра адчуваўся боль. Не, не за сябе, а за свой народ, за Беларусь. І хоць яна не згадваецца, сумнення няма — верш менавіта пра яе ў час самых суровых выпрабаванняў:

Вока суровае поглядам жорсткім

Сочыць за намі аднекуль.

Змоўкніце, людзі, абшары і вёскі,

Станьце, крыніцы і рэкі.

 Станьце, спыніцеся…

Сёння між намі

Нехта нябачны блудзіць,

Сведчыць магіламі, кажа званамі:

Выйсця няма і не будзе.

Боль над зямлёю ходзіць, як хмары,

Болем напружаны жылкі.

Што ж, яшчэ будуць жывыя ахвяры —

Ёсць жа чужыя памылкі.

Апошні радок гучыць шматзначна. Што меў на ўвазе паэт, можна здагадвацца. Калі ж згадаць, што дзесяць гадоў ён маўчаў, «замкнуўшыся» ў сабе, то, відаць, многае. У тым ліку і звязанае з даваеннымі супярэчнасцямі, пісаць пра якія нельга было. Супрацоўнічаць з выданнямі, якія выпускалі па-беларуску акупацыйныя ўлады, сумленне не дазваляла. Хіба мог ён, падпольшчык, дазволіць сабе такое? Разумеў, што наўрад ці ўдасца надрукаваць гэта і  пасля вызвалення ад фашысцкай навалы. Адштурхоўваўся ад перажытага, глядзеў на ўвесь шлях, пройдзены беларускім народам, на яго шматпакутную гісторыю. Пры гэтым карыстаўся і фальклорнымі матывамі, што яшчэ больш узмацняла відавочнасць менавіта народнага ўспрымання і рэчаіснасці, і мінулага:

Горда па зорнаму шляху

Лебедзі ноччу плылі.

Іх палічылі з-за гмахаў

Рукі апаленых ліп.

Лічачы птахаў, угору

Крыўду узнеслі да хмар.

Падала зорамі гора —

Наш гістарычны ўладар.         

(«ххх Горда па зорнаму шляху…»)

Наўрад ці знойдзеш яшчэ ў каго-небудзь з паэтаў (нават у сучаснікаў) нешта падобнае: «гора — наш гістарычны ўладар»! Цяжка адшукаць і гэткае ўсведамленне асабістай маральнай віны, як ў вершы А. Моркаўкі «ххх Багіня — цудоўная Муза…»:

Багіня — цудоўная Муза — любіла палі Беларусі,

Любіла шкляныя азёры і рокаты рэха ў бары.

Ды жнеек у полі лёс цёмны змоўкнуць прымусіў,

Ды лёс кулямётамі загаварыў.

Ой сумна!.. Балюча мне й сумна... як быццам і я вінаваты,

Што сціхнула рэчка у лесе, што

Муза у полі маўчыць…

Багіня, ўваскросні!..

Прыйдзі ў нашы хмурныя хаты,

Ружоваю раніцай стань уначы!

А «цудоўная Муза» не пакідала яго ні на імгненне. Нават у самыя цяжкія моманты, калі наперадзе было яшчэ столькі няпэўнасці. Нават калі бачыў смерць і слёзы, рабіў запалы для мін і снарадаў, паэт не мог забыць аб цудадзейнай сіле хараства, якое жывіла душу. І надавала ўпэўненасці:

Зораў чыстых і дрыжачых залатыя сеці звіслі

Над абшарам, над сумленнем, над празрыстаю расой.

У руцэ сваёй спакойна васкавую свечку сцісні,

Каб паставіць, запаліўшы, перад вечнай красой

Упэўненасцю ў непазбежнай перамозе прасякнуты верш «ххх На шляху гадоў стаіць майстэрня…», што па змесце сваім блізкі да прытчы:

На шляху гадоў стаіць майстэрня.

І куе каваль жалеза-слова.

Кавалёва песня не ачэрніць,

Не абмане песня кавалёва.

Кавалёвы рукі не прысталі,

Што б ні стала — будзе перамога!

І дарога ў край са шкла і сталі —

Самая шчаслівая дарога.

Гэты верш усё ж трапіў на старонкі зборніка ў «Бібліятэцы беларускай паэзіі». Іншыя, напісаныя ў ваенныя гады, прыйшлі да чытача толькі ў 1989 годзе (падборка «Выходжу з паходняю веры», публікацыя Міколы Мішчанчука ў часопісе «Полымя», № 4). Надрукаваны і нямногія пасляваенныя творы. У рукапісах засталіся чатыры закончаныя і адна незакончаная паэмы.

Талент яго да апошняга дня не растраціў сваіх мажлівасцей, і хоць раскрываўся запаволена, вершы нараджаліся арыгінальнымі, касмічнымі. Паэту ўдалося спасцігнуць саму сутнасць усяго жывога ў Сусвеце, адчуць заканамернасць усяго, што адбываецца, а чалавека і чалавецтва ўбачыць часцінкай несупынных працэсаў, якія праходзяць па адным ім вядомых законах:

І зорны рой, і кожны атам,

І плынь няспынная гадзін —

Ўсё у бясконцасці узнята

Сляпою воляй дзікіх сіл.

У дзікай прорве акіянаў,

Віроў міжзорных і азёр

Бушуе безліч сіл, сабраных

Для утварэння новых зор.

Закон адзіны і няўхільны:

Усім няспынны творчы дух.

Таму на камені і гліне

Ляжыць і наш агністы круг.

Верш «ххх Маладымі прагнымі вачыма…», напісаны ў 1954 годзе, — нібы падагульненне пройдзенага шляху. Жыццёвага, творчага. І як надзея на паразуменне з тымі, хто сустрэнецца з яго творамі праз шмат гадоў:

Не судзі мяне, суддзя суровы,

Мой далёкі, мой сапраўдны друг:

Нечакана патухала слова,

Нечакана разрываўся круг.

Чорнай бурай наляталі войны…

Па крывавай сцежцы йшлі гады…

А засцелюць абрусы для роўных,

Дык здалёк пакліч мяне тады.

Паэзія Аркадзя Моркаўкі вартая ўвагі і павагі. Той, хто ўпершыню сустрэнецца з ёю, перажыве радасныя, шчаслівыя хвіліны. А хто паспеў яе палюбіць, стаў духоўна багацейшы.

 Алесь Марціновіч

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 345 раз