Суббота, 19 08 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Сяргей Панiзнiк. Францыску Скарыне прысвячаецца

На ўзвышша  Роду

                           Шумяць вякі зялёна,
                           Бо глыбока
                           Карэняцца Скарынавы сляды.

                Рыгор Барадулін “Скарынавы сляды”

Калі ў Дзвіну плыў з ручая,
    было мне вузка…
І вось я з “Бібліяй…”. Чыя?
    Чытаю: “…руска”
Скарына працу падарыў
    не жніўню – Спасу.
Адратаваў, а не скарыў
    зямлі акрасу.
Ці з веры рускае мой хрост,
    ці з веры рымскай,–
на доўгія вякі быў пост
    краіне крыўскай.
Ліцьвінам быў я, быў рабом
    расейскай сілы…
Мне б сёння вольнасць піць нагбом!
    Ды – Божа мілы –
яшчэ не выпрастаў хрыбет…
    А стаў я гонкі,
калі Скарыны запавет
    збіў лёд палонкі.
Палон палонкі, біч ярма
    вякі паскручваў…
Апроч Скарыны і няма,
    хто б сэрца мучыў
і выпраўляў знямелы лёс
   на ўзвышша Роду,–
каб смела беларускасць нёс,
    жыў не ў дагоду…
– Ахвярты Спас! Апостал быў?
    “— Да Влтавы збочыў…”
А ў Палату глядзіць не Дзіў,–
    Скарыны вочы.
З іх Знічка рысу правяла:
    слязу – у жнівень…
І ўжо паболела святла
    на нашай ніве !
––––––––––––––––––––––––––––
   Спас – эпітэт ва ўслаўленні Ісуса Хрыста.
6(19) жніўня ў народзе адзначаюць Праабражэнне Ісуса.
Яблычны Спас – дзень дабраслаўлення пладоў.
   Дзіў – у далёкіх продкаў бажаство неба, бацька багоў і людзей,
кіраўнік Сусвету і стваральнік маланак.

 

Пажытак

           Усялякае Слова, Богам натхнёнае,–карысна!
           Яно вучыць, выкрывае, выпраўляе і карае!

                              Францыск Скарына
                      (Паводле прадмовы да “Псалтыра”)

Пайду, падумаю… Паеду…
На час няўродны адлучуся.
Хай Беларусь –
                           Каханка-Веда –
паверыць, што і я вучуся
         у Празе, Кракаве, у Львове…
         Радню шукаю ля Таронта…+)
         Крутыя ў нас шляхі любові,
         ліхія думаў гарызонты.
Была спагада да Майсея:
маца, разлом вады, скрыжалі…
Пажытак свой мы паважалі.
А сталі з кнігамі вітрыны
падкрылкамі для Беларусі?
        Пайду, падумаю… Вярнуся,
        адкрыю Біблію Скарыны.
        Пакуль у Слова не ўвапруся,–
        не нажыву сваёй Краіны.
–––––––––––––––––––––––––––––––
Сям”я Георгія Яна Скарыны знаходзілася ў Мексіцы, Стэнлі (Станіслава) Скарыны – у Канадзе.

 

Першаптах

         Прысвячаецца 505-годдзю
         Францішка Скарыны

Уздымаюцца кнігаў крылы:
на стагоддзі у кніг размах.
   Светлы вырай пачаў Скарына–
   дальназорны наш Першаптах.

З кнігай роднаю падрастаў я
і тэўтону казаў:–Не руш
   ты ахоўніцу небакраю
   і збіральніцу нашых душ!”

З кнігай знішчыць нас не ўдалося.
Веру кожнаму ў ёй радку
   пра крывіцкае ускалоссе
   на Скарынаўскім мацерыку.

Птах вярнуўся. У ціхай стоме
на гучальнай стаіць вярсце.
   З мудрай кнігай у родным доме
   юны родзіч яго расце.

 

РОДНАМУ  ПОЛАЦКУ


Францішака, Скарыніна сына з Полацка,
у лекарскіх навуках доктара, прамаўленне

            Калі у далёкіх краях на мяне заяўлялі правы,
            Паўтараў, што са слаўнага Полацка родам.

                             Генадзь Бураўкін “Скарына”

– Бераг нямеў.
Пад пяском зараслі пласкадонкі.
І перакулены
вежы, званіцы, крыжы…
    Полацак!
    Ты крутабокі і звонкі:
    кроны святыя свае ўскалышы!

На крыжака
прабіраўся ты воўчаю сцежкай,
зьлюбамі-шлюбамі
весніў прыдзвінскі прастор…
    Полацак!
    І каб нашчадкаў усцешыць,–
    ордам жахлівым даваў ты адпор.

Веча гудзе.
Адраджаецца Полацка вера.
Славу тваю
я вяду ў далячынь і на ўзвыш.
     Полацак!
     Дужай дзяржаўнасці  бераг,
     помны як наш Еўфрасінеўскі Крыж!

Прочитано 29 раз Последнее изменение Пятница, 04 августа 2017 07:04
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии