Среда, 17 10 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Па слядах першадрукара

Нацыянальнай бібліятэцы лёсам было наканавана стаць цэнтрам святкавання 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Міжнародны сімпозіум, навуковыя канферэнцыі, прэзентацыі…  Канешне ж, выстава «Францыск Скарына і яго эпоха» — такога маштабу кніжнай экспазіцыі ніколі не было не тое што ў сценах «алмаза», але наогул на постсавецкай прасторы. Шэсць дзясяткаў кніг, узрост якіх вылічваецца стагоддзямі, — унікальная падзея. Асобнае месца скарынаўскім арыгіналам: раней іх толькі вывозілі з краіны і, на жаль, незваротна. Цяпер жа чатыры краіны пагадзіліся іх прывезці да нас. Зноў жа толькі на час. І ці папоўніцца калі-небудзь беларуская скарбонка арыгіналамі першадрукара — вялікае пытанне. Таму ў бібліятэцы знайшлі выхад — зрабіць факсімільнае выданне. 

Гэта толькі на першы погляд здаецца, што такая праца простая. Маўляў, адсканіравалі існуючыя выданні, сабралі гэты матэрыял разам — і факсіміле зроблена. На самай справе гэта шматгадовыя пошукі, тысячы кіламетраў шляху, сотні ўзгадненняў і дзясяткі бяссонных начэй спецыялістаў рознага ўзроўню. Але больш за ўсё клопату легла на плечы намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алеся Сушы:

— Сёння кожны беларус ведае імя Скарыны, здагадваецца, за што мы цэнім гэтую асобу, у чым  яго вялікае дасягненне, але пры гэтым слаба ўсведамляем, якую ўласна спадчыну пакінуў пасля сябе першадрукар: што гэта за кнігі, дзе яны захоўваюцца, колькі іх засталося, як яны выглядаюць? Аб’ектыўная праблема ў тым, што ў дзяржзборы ёсць толькі дзесяць кніг, і ўсе яны фактычна няпоўныя. Праз гэту калекцыю нельга паказаць усю спадчыну Скарыны.

Словам, галоўная ідэя была вярнуць спадчыну. Калі фізічна зрабіць гэта амаль немагчыма, тады хаця б займець у лічбавым варыянце. А ўжо з гэтага матэрыялу можна скласці факсіміле. Дарэчы, у бібліятэкі ўжо быў добры досвед, як робяцца такія справы. Яшчэ дзесяць гадоў таму там пачалі праект па ўзнаўленні беларускіх помнікаў, якія знаходзяцца за мяжой. Так у нас з’явіліся факсімільныя выданні твораў Коласа, Купалы, Багдановіча; Полацкае, Тураўскае, Слуцкае Евангелле; Баркалабаўскі летапіс…

Але са скарынаўскімі выданнямі ўсё выйшла куды больш складана. Праца па іх узнаўленні пачалася яшчэ пяць гадоў таму.  Тады напісалі канцэпцыю, дзе апісваліся сутнасць ідэі, фінансавыя разлікі, графік выканання работ, навуковыя рэсурсы, дызайнерскія сілы і гэтак далей. Яна шмат абмяркоўвалася, карэкціравалася. Гэта той выпадак, калі нават на паперы не ўсё было гладка. 

Найперш пачаўся пошук усіх існуючых у свеце арыгіналаў. Да таго часу ніхто ніколі за такую працу не браўся. Выявілі каля 520 асобнікаў. Пераважная большасць з іх — дэфектныя, у некаторых наогул толькі асобныя старонкі. Заставалася дамовіцца на аблічбоўку.

— Перамовы з уладальнікамі арыгіналаў на атрыманне лічбавых копій часам праводзілі  гадамі. З усімі заключалі дагаворы. Хтосьці прадстаўляў нам сканы бясплатна, з кімсьці мы абменьваліся, але былі і тыя, хто працаваў толькі за грошы. У выніку мы маем каля трох соцень сканаў. Сёння яны даступныя для кожнага. 

З гэтага і пачалі складвацца кнігі. Пазнакі на палях, падкрэсліванні, пячаткі, нават плямы і пацёртасці паперы — усё захоўвалі, як у арыгінале. 

У рэдкіх выпадках даводзілася аб’ядноўваць некалькі сканаў у адзін. Той жа Псалтыр: іх усяго ў свеце два: адзін у Маскве, другі — у Санкт-Пецярбургу. У адным няма пачатку, у другім — канца. Вось іх і злучылі. Але толькі сабраць усё разам і надрукаваць — гэта было б няправільна. Патрабавалася навуковае апісанне. Таму паходжанне кнігі, яе прызначэнне, выкарыстанне, афармленне, мова і г.д.  — усё гэта таксама ёсць. Больш за тое, адразу на трох мовах: беларускай, рускай, англійскай. Паклапаціліся складальнікі і пра пераклад арыгінальных тэкстаў Скарыны. Лічыцца, што яго прадмовы і пасляслоўі — гэта асобныя  літаратурныя творы. Дагэтуль на старабеларускай мове іх мала хто мог прачытаць. 


Апошні крок — уласна выдавецкая справа: макет, рэдагаванне, афармленне і г.д. Выкарыстоўваліся самыя сучасныя тэхналогіі. Шыкоўная папера, вельмі блізкая да арыгінала, якасны паліграфічны друк, выдатныя пераплёты. Нездарма выданне сёлета атрымала Гран-пры на нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі».

Вынік — 20 тамоў, кожны з соцень старонак і вагой каля кілаграма. Заключнае выданне называецца «Вяртанне», яно складзена з навуковых даследаванняў, прысвечаных спадчыне Скарыны. Сёння гэтыя зборы ёсць ва ўсіх раённых бібліятэках краіны, розных навучальных і навуковых установах, музеях — туды яны перададзены бясплатна. Геаграфія знаходжання скарынаўскага факсіміле наогул вельмі шырокая: уся Еўропа, ЗША, нават некаторыя азіяцкія краіны. Гэта выданне сапраўды выклікала вялікую цікавасць, прычым не столькі ў навукоўцаў, колькі ў звычайных людзей: многія хочуць на свае вочы ўбачыць і прачытаць тое, што зрабіў Францыск Скарына з Полацка. 

Што далей? Нягледзячы на тое, што юбілейны год скончаны, у бібліятэцы не збіраюцца спыняцца. Да факсіміле і дзясятка выданняў, прысвечаных першадрукару і яго спадчыне, павінны дадацца яшчэ шмат праектаў. Справаздачу аб іх атрымаем у 2022-м, калі будзе адзначацца 500-годдзе з выхаду «Малой падарожнай кніжыцы» ў Вільні.

Наталля СЦЯПУРА

Крынiца: СБ

Прочитано 229 раз Последнее изменение Среда, 10 января 2018 08:54
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии