Среда, 27 05 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Сабіт Муканаў: «Я ведаю, што вы настойліва вывучаеце казахскую мову…»

  • Суббота, 28 марта 2020 17:27

Панцялеймон Кандратавіч Панамарэнка – складаная і дастаткова няпростая фігура ў савецкай палітыцы 1930-1960-х гг. Нарадзіўся будучы партыйны дзеяч у Краснадарскім краі ў 1902 годзе. З 1937 года – у апараце ЦК УКП (б). У 1937 – 1948 гадах – першы сакратар ЦК КП(б)Б. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў начальнікам Цэнтральнага штаба партызанскага руху пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Сталін высока ацэньваў яго дзейнасць. Існуюць сведчанні (праўда, не пацверджаныя якімі-небудзь дакументамі) пра тое, што ён арыентаваўся на Панамарэнку як на свайго пераемніка. У снежні 1952 – сакавіку 1953 гг. П. К. Панамарэнка – намеснік старшыні Савета міністраў СССР. У 1954 – 1955 гг. Панцялеймон Кандратавіч – першы сакратар ЦК Кампартыі Казахстана. Вядома, што ў 1954 годзе пасля вызвалення гісторыка Е. Бекмаханава Панамарэнка выступіў з рэзкім асуджэннем яго арышту. У 1955 годзе на пасадзе першага сакратара ЦК Кампартыі Казахстана Панамарэнку змяніў Леанід Ільіч Брэжнеў.

І ў Беларусі, і ў Казахстане партыйны сакратар імкнуўся падтрымліваць актыўныя стасункі з пісьменнікамі. Захавалася вялікая асабістая бібліятэка Панамарэнкі, у якой значнае месца займаюць кнігі з аўтографамі беларускіх, савецкіх пісьменнікаў. У мінскім выдавецтве «Звязда» некалькі гадоў назад выдадзены зводны каталог «Панцялеймон Панамарэнка: асабісты архіў і кніжны збор». Кіраўніком творчага праекта выступіў кандыдат гістарычных навук вядомы беларускі архівіст Віталь Уладзіміравіч Скалабан.

Асобныя старонкі кнігі займае вопіс кніг з аўтографамі, якія зараз захоўваюцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Мінску. Яны паступілі ў Беларусь у 1985 годзе (памёр Панамарэнка ў студзені 1984 года). Перадавала бібліятэку на захоўванне ўдава Панцялеймона Кандратавіча – Вера Георгіеўна.

І сярод іншых кніг у асабістай бібліятэцы Панцялеймона Панамарэнкі – кнігі казахскіх аўтараў, кнігі, якія выйшлі ў Алмаце. Іх, дарэчы, дарылі, падпісвалі аўтары ў самыя розныя гады. У тым ліку і тады, калі Панцялеймон Кандратавіч ужо не працаваў у Казахстане першым сакратаром ЦК.

Як, напрыклад, і ў выпадку з аўтарэфератам дысертацыі на атрыманне вучонай ступені доктара філасофскіх навук – «Мова Тукая (лексіка і фразеалогія)» Г. С. Аміраў (Алма-Ата, 1968). Чытаем дарчы надпіс: «Глыбокапаважанаму Панцялеймону Кандратавічу на добрую памяць і са шчырай удзячнасцю ад былога партызана Гаяна Амірава. Г. С. Аміраў. 23/ II – 68».

«Развагі пра цаліну» Ф. Маргуна былі выдадзены ў 1968 годзе ў маскоўскім выдавецтве «Колос». Аўтограф датаваны 9 лістапада 1968 года. Чытаем: «Цаліннікі памятаюць цяжкасці першых гадоў засваення новых земляў у Казахстане, калі розум кіраўнікоў рэспублікі і энтузіязм усіх прыводзілі да вялікага поспеху пры малых матэрыяльных затратах. У памяць пра тыя дні прашу Вас, Панцялеймон Кандратавіч, прыняць маю сціплую працу. Былы дырэктар цаліннага зернесаўгаса «Талбухінскі» Ф. Маргун. 9. XI. 1968 г.» У 1969 годзе маскоўскае выдавецтва «Колос» перавыдае «Развагі пра цаліну». Ф. Маргун ізноў дорыць кнігу П. Панамарэнка: «Цалінніку Панамарэнка Панцялеймону Кандратавічу. Ф. Маргун. 25. XI. 72 г.». Яшчэ адзін аўтограф пісьменніка і публіцыста – на кнізе «Хлеб і людзі», якая выйшла ў маскоўскім Палітвыдаце ў 1973 годзе: «Панамарэнка Панцялеймону Кандратавічу. Ф. Маргун.  2. VI. 73 г. г. Масква».

Нагадаем крыху, хто ж такі Маргун. Фёдар Трафімавіч Маргун нарадзіўся ў 1924 годзе. З 1949 года быў на гаспадарчай працы ў Палтаўскай вобласці. З 1954 года – на цалінных землях Казахстана: на гаспадарчай і партыйнай рабоце ў Какчэтаўскай вобласці. З 1962 года – першы намеснік старшыні Паўладарскага абласнога савета дэпутатаў працоўных. Праз год – другі сакратар Паўладарскага сельскага абкама КП Казахстана. Затым працаваў у Цалінаградзе. З 1965 года – у ЦК КПСС: інструктар, загадчык сектарам Сельскагаспадарчага аддзела ЦК КПСС. З 1973 па 1988 год – першы сакратар Палтаўскага абкама КПСС. У 1968 і 1969 гг. выйшлі першыя кнігі Фёдара Маргуна – «Думы пра цаліну». Некалькімі выданнямі пабачыла свет яго брашура «Поле без плуга». У 1981 і 1983 гады выдаў кнігу «Раскажы, поле…»

У кніжным зборы П. К. Панамарэнкі – і тры кнігі Сабіта Муканава. «Выбраныя вершы», выдадзеныя ў 1954 годзе на казахскай мове, С. Муканаў падпісаў 28 лютага 1955 года: «Тав. Панамарэнка. Дарагі Панцялеймон Кандратавіч! Я ведаю, што вы настойліва вывучаеце казахскую мову. Я буду бясконца рады, калі мая дадзеная сціплая праца будзе Вам карысная ў гэтым Вашым імкненні. Я жадаю Ва поспехаў у гэтай і іншых Вашых працах і дзеля гэтага Вам жадаю моцнага здароўя і доўгага шчаслівага жыцця. Як пісьменнік-нацыянал, я буду Вам бясконца ўдзячны, калі Вы засвоіце мову майго роднага народа і будзеце гаварыць ці пісаць для нашага грамадства рэчы на гэтай мове. Са шчырай павагай да Вас, – Сабіт Муканаў. 28 – II – 1955 г. Г. Алма-Ата».

А на рамане «Сыр-Дар'я», выдадзены ў Маскве ў 1953 годзе ў перакладзе Л. Собалева, чытаем: «Тав. Панамарэнка Панцеляймону Кандратавічу – С. Муканаў. 5 – ІІІ – 1954 г. Масква». У тэксце ёсць пазнакі і П. Панамарэнкі. Падпісаў Сабіт Муканаў партыйнаму сакратару і зборнік аўтабіяграфічных апавяданняў «Школа жыцця» (першую кнігу з трохтомніка, выдадзеную ў Алма-Аце ў перакладзе І. Шухава ў 1952 годзе): «Тав. Панамарэнка на добрую памяць. С. Муканаў. 3 май, 1954 г. Алма-Ата». Верагодна, гэту праграмную кнігу Панцялеймон Кандратавіч мог параўнаць з трылогіяй Якуба Коласа «На ростанях». У бібліятэцы Панамарэнка было каля дваццаці кніг народнага песняра Беларусі – і ўсе з аўтографамі Якуба Коласа.

Ёсць і другія кнігі казахскіх аўтараў, чыё імёны малавядомыя. Напрыклад, аповесць М. І. Пічугіна «Світанні над горадам», выдадзеная ў Алма-Аце ў 1953 годзе. На форзацы – дарчы надпіс: «Дэпутату Вярхоўнага Савета СССР Панцялеймону Кандратавічу Панамарэнка з глыбокай павагай аўтар-выбаршчык падносіць сваю працу – першую на рускай мове аповесць пра людзей сучаснай Караганды. М. Пічугін (Член ССПК). 24. ІІІ. 1954 г. Алма-Ата».

У 1968 г. у Алма-Аце выходзіць кніга А. А. Пагарэлава «Парызанская слава». На тытульным лісце дарчы надпіс: «Дарагому Панцялеймону Кандратавічу! Прыміце мой сціплы ўклад у асвятленне партызанскай барацьбы ў Беларусі. Вялікі Вам дзякуй за казаную дапамогу ў падрыхтоўцы гэтай кнігі. З глыбокай павагай А. Пагарэлаў, г. Гур’еў. 15. ІІ. 1969 г.». У кнігу ўкладзены ліст А. А. Пагарэлава да П. К. Панамарэнкі.

Гэты ж аўтар падносіць партыйнаму сакратару яшчэ адну сваю кнігу – ужо, праўда, выдадзеную ў Мінску, – «Ля Суражскіх варот» (Мінск, 1980). На форзацы – дарчы надпіс: «Панцялеймону Кандратавічу Панамарэнка! Практычна кіраўніку партызанскага руху ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны! З глыбокай павагай і найлепшымі пажаданнямі Вам і Вашай сям’і! А. Пагарэлаў. Г. Віцебск. 08. 07. 1980».

Такога характару кніжная сувязь з Казахстанам, якая прасочваецца па зводнаум каталогу асбаістага архіва і кніжнага збора П. Панамарэнкі, з’яўляецца красамоўнай характарыстыкай цікавасці партыйнага дзеяча да нацыянальнай літаратуры. Магчыма, хтосьці дапоўніць гэтыя нататкі, падказаўшы іншыя характарыстыкі пра ўвагу Панцеляймона Кандратавіча да Казахстана праз прызму мастацкага слова, мастацкай публіцыстыкі.

Мікола Раўнапольскі

 

Прочитано 508 раз