Среда, 19 12 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Ён ніколі не крывіў душой

3 жнiўня вядомаму беларускаму пісьменніку Алесю Адамовічу споўнілася б 90 гадоў. Ніякай памылкі няма. Сам пісьменнік у сваёй анкеце пісаў іншую дату нараджэння — 3 верасня 1927 года. Але падчас вайны яго «памаладзіла» маці, каб сына не ўгналі ў Германію. Насамрэч ён жнівеньскі, з 1926 года.

«Звязда» працягвае праект «Глуша Адамовіча» дзеля ўшанавання памяці пісьменніка і адкрыцця ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці музея «Вайна пад стрэхамі» — своеасаблівага помніка героям яго дылогіі «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой». Усім тым, хто змагаўся на перадавой і ў тыле, ахвяраваў сваім жыццём на самай крыважэрнай вайне XX стагоддзя.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа, публіцыст, крытык, кінасцэнарыст — у жыцці ён паспеў многае. На яго лёс вельмі паўплывала вайна, навучыла разбірацца, дзе чорнае, а дзе белае. Напэўна таму ён на ўсё жыццё застаўся максімалістам, вельмі балюча рэагаваў на несправядлівасць. Ён ніколі не быў канфармістам, гаварыў і пісаў толькі тое, што сапраўды думаў. І гэта не ўсім падабалася. Апошнія гады жыцця ён жыў у Маскве, бо быў абраны дырэктарам Усесаюзнага НДІ кінамастацтва, а таксама з'яўляўся народным дэпутатам СССР. Але нават пры такой вялікай занятасці ні на адно імгненне не забываў пра Глушу. Першы трывожны званочак прагучаў для яго 21 снежня 1991 года, калі ён перанёс цяжкі інфаркт міякарда. Праз 3 гады яго не стала. 30 студзеня 1994 гада ён быў пахаваны ў Глушы побач з братам, недалёка ад магіл бацькоў і бабулі. Гэта было яго асабістае, прынцыповае пажаданне.

Напярэдадні біялагічнага дня нараджэння Алеся Адамовіча мы наведалі пасёлак, пакланіліся яго магіле і пагутарылі з тымі, для каго гэта імя не просты гук.

...У Глушу! У Глушу! У Глушу!

Стаю на прыпынку вакзала ў Бабруйску, а ў вушах гучыць вось гэты знакаміты адамовіцкі рэчытатыў. Ён нарадзіўся ў Канюхах, але менавіта Глуша стала для яго родным домам. «Забалацце, Рачэнь, Канюхі — усё гэта назвы, кропкі пашпартныя. А сапраўдная малая радзіма, дзе я ўваходзіў ва ўзрост і ў жыццё, — рабочы пасёлак Глуша», — чытаем у яго апошнім пасмяротным зборніку «Vіxі». Маленькі населены пункт, які на некалькі кіламетраў працягнуўся ўздоўж «варшаўкі». «На гэтую асфальтавую стралу столькі ўсяго нанізана», — разважаў пісьменнік, успамінаючы пра яўрэяў-балаголаў, якія вазілі бутэлькі ў горад на конях, нямецкія танкі, якія спачатку лязгалі на ўсход, а потым ганебна беглі, уцякаючы ад Чырвонай Арміі. Па гэтай дарозе і сам ён колькі разоў вяртаўся ў Глушу да сваіх бярозак каля дома.

Вось мы і на месцы, арыентуюся я, убачыўшы з акна аўтобуса знакаміты дом былой аптэкі. Будынак, дзе павінен калісьці адкрыцца доўгачаканы музей. Бо менавіта тут адбываліся галоўныя падзеі ваеннай дылогіі Адамовіча. Тут некаторы час жыла сям'я Адамовічаў, перад тым, як атрымаць жытло насупраць цераз дарогу. На жаль іх бацька Міхаіл Іосіфавіч, вельмі таленавіты ўрач, не дачакаўся гэтай шчаслівай хвіліны. У 1948 годзе ён адправіўся ноччу на дапамогу парадзісе, але прастыў на пранізлівым ветры, падхапіў запаленне лёгкіх і хутка згарэў. Наваселле Адамовічы справілі без яго, у 1954 годзе. У гэтым доме да апошняга дня жыла гераічная маці Алеся Адамовіча — Ганна Мітрафанаўна, галоўная гераіня кніг «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой» Ганна Карзун. Сюды да яе і да родных яму бярозак спяшаўся Алесь.

Яны і цяпер тут растуць. Летам дом зноў напаўняецца галасамі. Сюды прыязджае дачка пісьменніка Наталля, яе стрыечныя сёстры, іх дзеці і ўнукі. На жаль, падчас майго візіту дома нікога не аказалася. За акном убачыла толькі пакінуты на стале кубачак і стосік кніг. Потым па тэлефоне з Наталляй Адамовіч мы доўга размаўлялі пра яе бацьку.

— Ён вельмі любіў гасцей, — казала яна. — Але хмялеў не ад гарэлкі, яе ён ніколі не піў. Ён быў п'яны ад зносінаў з роднымі і блізкімі яму па духу людзьмі.

Адчуць прысутнасць у Глушы Алеся Адамовіча дапамаглі зацікаўленыя ў адкрыцці музея старшыня Глушанскага пасялковага савета Марыя Сушчанка і яе папярэднік на гэтай пасадзе Фёдар Бязручка. Менавіта Фёдару Фёдаравічу выпала місія арганізаваць па ініцыятыве мясцовага шклозавода 60-гадовы юбілей Алеся Адамовіча ў Глушы. Віншавалі пісьменніка прама ў школе.

Адамовіч запомніўся Фёдару Фёдаравічу, як чалавек інтэлігентны і вельмі сціплы. Як, дарэчы, і яго маці — Ганна Мітрафанаўна. З усмешкай успамінае, як падлеткам бегаў у аптэку, дзе яна працавала загадчыцай, здаваць сушаныя смаржкі.

Так склаўся лёс, што ён займаўся і пахаваннем пісьменніка. Маленькая Глуша ў тыя сумныя дні пабачыла шмат знакамітых асоб. З Масквы прыехаў цэлы аўтобус з пісьменнікамі. Яшчэ адзін, таксама «пісьменніцкі», прыбыў з Мінска.

Пасёлак Глуша, які паявіўся на свет дзякуючы шклозаводу, так і не абзавёўся сваімі могілкамі. Дагэтуль яго жыхароў хаваюць на Дойнічаўскіх, за тры кіламетры ад пасёлка. Там, сярод тых, пра каго пісаў, каго любіў і з кім дзяліў радасці і няшчасці, вечным сном спіць Алесь Адамовіч, чалавек з чулым сэрцам і вялікай душой.

Непадалёк магіла яго любай матулі, спагаднай жанчыны і гераічнай падпольшчыцы. Менавіта яе ўспаміны ляглі ў аснову дылогіі «Сыны ідуць у бой» і «Вайна пад стрэхамі». Тыя, хто бачыў Ганну Адамовіч, успамінаюць яе, як жанчыну рэдкай прыгажосці. Яна і на помніку такая, што вачэй не адвесці. А два гады таму побач з магілай Алеся Адамовіча паявілася яшчэ адна — яго жонкі Веры Сямёнаўны, якая перажыла мужа на 20 гадоў.

Пацерка на тонкай нітачцы

Школы, дзе вучыўся Адамовіч, на жаль, няма. Яна цалкам згарэла. Кажуць нехта забыўся выключыць абагравальнік у бібліятэцы. Замест яе пабудавана новая — вялікая і прасторная. У ёй таксама не раз бываў Алесь Адамовіч. Сімвалічна, што знаходзіцца яна на вуліцы, названай у яго гонар. Пры жыцці пісьменніка вуліца называлася проста — Школьная.

Настаўнікі разам з вучнямі сабралі шмат карыснага матэрыялу пра гісторыю вёскі, яе ваеннае мінулае і, канешне, яе песняра — Алеся Адамовіча. Намеснік дырэктара школы Таццяна Петухова, якая шмат гадоў займаецца краязнаўствам і праводзіць экскурсіі, дэманструе некалькі важкіх папак і альбомаў з каштоўнай інфармацыяй. Калі ў пачатку 2000-х шклозавод быў прызнаны банкрутам, усе гістарычныя звесткі, звязаныя з яго існаваннем, перадалі ў школу. Асобны альбом прысвечаны ветэранам партызанскай брыгады № 161 імя Р. Катоўскага, яшчэ некалькі — непасрэдна Алесю Адамовічу. А галоўнае — распрацаваны экскурсіі, якія і сёння запатрабаваны.

— Гэта калектыўная работа нашых настаўнікаў і бібліятэкара Алены Уладзіміраўны Кісляк, старэйшага работніка школы, — кажа Таццяна Фёдараўна. — Ёсць нават дыск з запісам экскурсіі, якую праводзіць наша вучаніца. Яна ідзе па вуліцы Адамовіча, спыняецца каля дома сям'і, аптэкі, выходзіць на плошчу з помнікам «Маці, якая смуткуе». Потым падзеі перамяшчаюцца на могілкі. Там мы ўспамінаем пра вайну, лётчыкаў, якія загінулі ў 1941-м, пра сямейства Адамовічаў.

Таццяна Петухова кажа, што, калі музей адкрыецца, увесь гэты каштоўны матэрыял перадасць туды. Яна лічыць, што размову пра Адамовіча нельга пачынаць без экскурсу ў мінулае Глушы. Гэта ўзаемазвязана і нельга раздзяляць.

— Пасёлак сёння ведаюць больш, дзякуючы фестывалю Глушанскі хутарок. Але ж ёсць рэчы больш грунтоўныя. Адамовіч — асоба з сусветным іменем. Цяпер у Глушу прыязджаюць, каб адпачыць у аграсядзібах. Але, калі б тут быў музей, адпачынак набыў бы зусім іншую вагу. Зараз шмат моладзі падарожнічае па Беларусі, ім цікава гісторыя краю. Адамовіча нашчадкі павінны ведаць, бо ў яго шмат чаму можна павучыцца. Каб зразумець пісьменніка, перш за ўсё трэба прачытаць яго творы. І музей можа стаць для гэтага добрым стымулам. Хай адзін з 10 пачуе, прапусціць праз сэрца, але зерне будзе ўжо кінутае, — кажа яна.

«Глуша — маленькая кропка на карце — пацерка на тонкай нітачцы», — пісаў Алесь Адамовіч. Пацерка, якая можа заблішчаць і гэтым прывабіць турыстаў. Адамовіча нездарма лічаць чалавекам свету. Ён паспеў пабываць у многіх краінах, расказаць пра сваю вялікую і малую радзіму. Яго творы перавыдаюцца ў Францыі, Англіі. Калі стане вядома, што ў Глушы ёсць музей, прысвечаны яго кнігам, раёну не трэба будзе нешта прыдумваць, каб сюды паехалі зацікаўленыя людзі, у тым ліку і з-за мяжы.

Створым музей разам

Сёлета быў адкрыты разліковы рахунак для збору сродкаў на стварэнне ў Глушы музея «Вайна пад стрэхамі». На жаль, грошы паступаюць вельмі марудна. Ахвяруюць у асноўным звычайныя беларусы з Магілёва, Бабруйска, Глушы, Мінска, Гомельскай, Віцебскай абласцей... Сярод тых, хто пералічыў сродкі на рахунак, цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Бабруйскага раёна, Бабруйскі райвыканкам і райсавет дэпутатаў. Здзівіла, што дагэтуль сваю лепту не ўнёс Саюз пісьменнікаў Беларусі. У свой час шмат пісала пра адсутнасць разліковага рахунку прыватная прэса. Рахунак нечакана спрацаваў па прынцыпе лакмусавай паперы. Яго стварылі, а ў адказ — цішыня.

На рахунку ўсяго крыху больш як 900 дэнамінаваных рублёў. Мы падлічылі, што калі справа і далей пойдзе такімі тэмпамі, музей адкрыецца не раней чым праз 100 гадоў. Іншымі словамі — ніколі. Не вельмі прыемныя перспектывы.

Напэўна, мы проста забыліся, што прозвішча Алеся Адамовіча сёння стаіць у адным шэрагу з імёнамі выдатных асоб XX стагоддзя. Менавіта ён стаў заснавальнікам асобага жанру нон фікшн, вельмі папулярнага сёння. Гэта калі літаратурная творчасць жорстка прывязаная да канкрэтных, рэальных падзей. Знакаміты сучасны пісьменнік, выкладчык літаратуры, тэлевядучы Дзмітрый Быкаў называе Адамовіча тэарэтыкам літаратуры, якая «эмацыянальна мацнейшая, страшнейшая, бо пазбягае выдумкі, пазбягае літаратурных прыёмаў. Гэта непасрэдны, жывы кантакт з рэальнасцю. Гэта «перадавы атрад» літаратуры. Гэта як санітары, якія першымі кідаюцца ў бой, маюць справу з крывёю, з порахам, самі рызыкуюць».

На Магілёўшчыне няма лепшага літаратурнага помніка пра Вялікую Айчынную вайну, чым той, што стварыў Алесь Адамовіч. Трагедыя вёсак Кіраўскага раёна апісана ў жахлівай аповесці «Карнікі», па якой пастаўлены самы праўдзівы фільм пра вайну «Ідзі і глядзі». Дылогія — «Сыны ідуць у бой» і «Вайна пад стрэхамі» — даніна памяці падпольшчыкам і партызанам Бабруйскага, Глускага раёнаў. Гэтыя творы існуюць яшчэ і ў экранізаваным варыянце, а ваенныя песні, якія да гэтых стужак напісаў Уладзімір Высоцкі, адны з самых кранальных па змесце. Я ўжо не кажу пра кнігу «Я з вогненнай вёскі», якую рабілі разам Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік і Янка Брыль. Яе наогул нельга чытаць без слёз. Гэта тая літаратура, без якой немагчыма выхаваць сапраўдных патрыётаў.

Сёння дзень нараджэння вялікага пісьменніка. Выказаць сваю ўдзячнасць за тое, што ён стварыў, можна добрай справай. Гэтым мы зробім падарунак зусім не яму. Гэты музей патрэбны нам!

Нэлі ЗІГУЛЯ

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Фота: klashkevich.com

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама р/р 3642129272326 у філіяле 703 ААТ АБ «Беларусбанк», код 706, г. Бабруйск, УНП 701226324.

Прызначэнне плацяжу «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча».

Прочитано 894 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии