Понедельник, 10 12 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Кыргызскія перакладчыкі беларускай літаратуры

  • Пятница, 30 ноября 2018 11:46
  • Автор  Сугучча

Гісторыя адносінаў заўсёды ўмацоўваецца дзякуючы асобам, якія спрыяюць развіццю тых ці іншых накірункаў. Так і ў літаратуры… Мастацкі пераклад – той абсяг, які фарміраваўся, які фарміруецца ў выніку ўвагі пэўных творцаў да розных літаратурных, мастацкіх, культурных з’яў.

У XX стагоддзі склалася і ў Кыргызстане асяроддзе ўважлівых да беларускай мастацкай літаратуры паэтаў, празаікаў, якія актыўна перакладалі вершы, апавяданні, аповесці майстроў беларускага прыгожага пісьменства. Згадаем хаця б некаторыя іх імёны.

У 1972 годзе ў часопісе “Ала-Тоо” (дванаццаты, снежаньскі нумар) былі надрукаваны на кыргызскай мове вершы народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Перакладчык – Э. Турсунаў. Затым былі публікацыі ў газетах “Кыргызстан маданіяты”, “Совет Кыргызстан”. Вершы Максіма Танка пераклалі Т. Байзакаў, К. Акаеў, К. Ырсаліеў, А. Кыдыраў, І. Гілязятдзінаў. Раскажам крыху хаця б пра аднаго з перакладчыкаў Максіма Танка. Туменбай Байзакаў нарадзіўся ў 1923 годзе. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Друкавацца пачаў з 1946 года. Першы зборнік вершаў выдаў у 1958 годзе. Шырока вядомая перакладчыцкая дзейнасць Туменбая Байзакава. Паэт пераўвасобіў на кыргызскую мову паэзію А. С. Пушкіна, Максіма Рыльскага, Мусы Джаліля…

Творы беларускага дзіцячага паэта Міколы Чарняўскага перакладаў М. Элімбаеў. Вершы былі надрукаваны ў калектыўным зборніку, які выйшаў тады яшчэ ў Фрунзе ў 1981 годзе. Апавяданне Івана Чыгрынава “Бульба” таксама для аднаго з калектыўных зборнікаў пераклаў С. Шатманаў. Дарэчы, ён жа – і перакладчык апавядання Алеся Якімовіча на кыргызскую мову. Салібай Шатманаў (нарадзіўся ў 1932 годзе) працоўную біяграфію пачынаў з настаўніцтва. Быў дырэктарам Джангі-Джольскай васьмігадовай школы ў Ошскай вобласці. З 1966 па 1983 гады – у газеце “Мугалімдэр газетасы”. Затым – у выдавецтве “Мектэп”.

У 1962 і 1986 гадах у Фрунзе (так раней называлася сённяшняя сталіца Кыргызстана – Бішкек) выйшлі асобнымі выданнямі раманы народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. Перакладчыкі – У. Шаршаналіеў, У. Умралін. Адно з апавяданняў Івана Пятровіча – ужо для калектыўнага зборніка выдання 1981 года – пераклаў Ж. Арунтаеў.

Для часопіса “Жаш ленінчы” (1974 год, дзясяты нумар) вершы Еўдакіі Лось пераклаў А. Кыдыраў. Асобная кніга вершаў для дзяцей Валянціна Лукшы выйшла па-кыргызску ў 1986 годзе ў перакладзе Ж. Садыкава. Яшчэ раней гэты ж перакладчык прапанаваў газеце “Кыргызстан піонеры” свае пераклады вершаў згаданага беларускага калегі – публікацыя здзейснілася 18 снежня 1985 года.

Яшчэ ў 1960 годзе пабачыла свет кыргызскае выданне аповесці народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова “Міколка-паравоз” (перакладчык – А. Жапаркулаў). Была і іншая публікацыя Міхася Лынькова ў Кыргызстане – у часопісе “Жаш Ленінчы”, перакладчык – Ж. Садыкаў. Друкаваўся ў газеце “Совет Кыргызстан” – 31 сакавіка 1973 года – і народны пісьменнік Беларусі Іван Мележ. А ў часопісе “Жаш ленінчы” у 1971 годзе (чацвёрты, красавіцкі, нумар) з апавяданнем выступіў Павел Місько.

З Кыргызстанам звязаны і творчы лёс беларускай паэтэсы Вольгі Іпатавай. Яе творы друкаваліся ў часопісе “Ала-Тоо” у маі 1978 года. Перакладчык – Б. Абакіраў. Ды і ў Вольгі Іпатавай ёсць верш “Кіргізія”. Творы Паўла Кавалёва пераклалі на кыргызскую мову Т. Шамшыеў, С. Алжабаеў. Яшчэ 4 сакавіка 1966 года газета “Ленінчыл жаш” надрукавала верш Івана Калесніка ў перакладзе С. Эраліева. Вершы Кастуся Кірэенкі пераклаў на кыргызскую мову К. Асманаліеў. На кыргызскую мову перакладзена і аповесць Алены Кобец-Філімонавай “Жаваранкі над Хатынню” – асобнае выданне 1976 года. Перакладчыкі – Б. Берубаеў, У. Тактамамбетаў. Невялікае і, здаецца, цікавае адступленне. Бацька Алены Кобец-Філімонавай – адзін з пачынальнікаў беларускай нацыянальнай драматургіі Рыгор Якаўлевіч Кобец (1898 – 1990). У 1938 годзе ён быў незаконна арыштаваны і асуджаны. Пасля праз некаторы час апраўданы. Здаралася і такое. А на пачатку Вялікай Айчыннай вайны ізноў арыштаваны і “за непачцівыя адносіны да асобы І. Сталіна” сасланы на 10 гадоў у сібірскія лагеры. З 1951 года – на пажыццёвым пасяленні ў кыргызскіх стэпах (с. Кара-Балты Фрунзенскай вобласці). Працаваў у саўгасе “Чалдавар” (Чуйская даліна) – сторажам на вінаградніках, памочнікам пчаляра (у гарах Цянь-Шаня), загадчыкам хаты-чытальні, клуба, гаспадаркі ў школе, быў кіраўніком мастацкай самадзейнасці… Друкаваў нарысы і фельетоны ў рэспубліканскім друку Кыргызстана. У 1958 годзе вярнуўся ў Мінск…

На кыргызскую мову перакладзены і многія творы народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Іх пераўвасаблялі такія кыргызскія літаратары, як І. Іскакаў, М. Аліеў, С. Тургунбаеў. А вершы народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы пераклаў на кыргызскую Э. Турсунаў. А вось творчасць Янкі Купалы прадстаўлена па-кыргызску двума асобнымі кнігамі. У 1954 і 1982 гадах выбраныя творы народнага песняра Беларусі выйшлі ў Фрунзе ў перакладах Т. Уметаліева. А яшчэ Янку Купалу перакладалі А. Такамбаеў, Т. Байзакаў, А. Кыдыраў, К. Ырсаліеў, Б. Сабіраў.

Выйшла ў Фрунзе і асобная кніга беларускага дзіцячага пісьменніка Васіля Віткі – у 1984 годзе. Перакладчык – Н. Эрмекаў. Яшчэ паэзію Васіля Віткі перакладаў кыргызскі паэт Ж. Мамбеталіеў. Па-кыргызску надрукаваны і вершы вядомых беларускіх паэтаў Анатоля Вялюгін, Вера Вярба, Авер’яна Дзеружынскага, Анатоля Грачанікава, Генадзя Бураўкіна, Сяргея Законнікава, Міколы Засіма, Эдзі Агняцвет, Рыгора Барадуліна, апавяданні Міколы Гамолкі, Алеся Жука, Янкі Брыля. Перакладчыкі – А. Рыскулаў, Т. Малдабаеў, Ж. Алыбаеў, Р. Белекбаеў, М. Аліеў і іншыя. Дарэчы, асобная кніга Рыгора Барадуліна выйшла ў Фрунзе яшчэ ў 1974 годзе.

Вельмі шмат друкавалі ў Кыргызстане перакладаў твораў народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі. Асобная кніга нашага земляка ў перакладзе на кыргызскую пабачыла свет у Фрузе яшчэ ў 1966 годзе. Перакладчык – С. Егіналіеў. Дзясяткі публікацый Петруся Броўкі – у часопісе “Ала-Тоо”, “Ден соолук”, газетах “Совет Кыргызстан”, “Кыргызстан маданіяты”, “Ысык-Кел правдасы”, “Ленін жолу”, “Ленінчыл жолу” і іншых выданнях.

І самым вядомым беларускім пісьменнікам, адкрытым шырокімі чытацкімі масамі на роднай мове, стаў у Кыргызстане народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. Асобнымі выданнямі яго творы выдаваліся ў Фрунзе пяць разоў (!) – у 1971, 1978 (двойчы), 1980, 1985 гадах. Уражлівы, пагадзіцеся, прыклад. Ці будзе яшчэ хто так прадстаўляць беларускую літаратуру ў іншанацыянальным свеце?!. Перакладчыкі прозы Васіля Быкава – А. Аразбаеў, С. Артыкбаеў, Ш. Келгенбаеў, А. Іманаліеў, Р. Сыдыкава, М. Сардыбаеў, Т. Тактаналіеў. Друкавалася проза Васіля Быкава і ў кыргызскай літаратурна-мастацкай і грамадска-палітычнай перыёдыцы.

Аповед пра кыргызскіх перакладчыкаў беларускай літаратуры будзе далёка не поўным, калі мы не згадаем імя Аалы Такамбаева (нарадзіўся ў 1904 годзе). Фактычна – родапачынальнік сучаснай кыргызскай нацыянальнай літаратуры. У 1927 годзе пабачыла свет яго першая вершаваная кніга на роднай мове. Выйшла яна, праўда, у Ташкенце. Аалы Такамбаеў – народны паэт Кыргызстана (1945). Герой Сацыялістычнай Працы. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Кіргізскай ССР імя Тактагула Сатылганава. 16 ліпеня 1978 года ў газеце “Саветык Кыргызстан” быў надрукаваны верш Янкі Купалы “А хто там ідзе?” у перакладзе Аалы Такамбаева. Ён з’яўляецца і аўтарам артыкула пра Купалу – “Вялікі паэт беларускага народа”. Дарэчы, цікавы такі факт. 2 снежня 1936 года ў Маскве быў праведзены вечар кыргызскай паэзіі. Разам з іншымі дэлегатамі VIII Надзвычайнага Усесаюзнага з’езда Саветаў СССР Янка Купала прысутнічаў на вечары кыргызскай паэзіі. Беларускага творцу запрасілі ў прэзідыум. На вечары Янка Купала слухаў выступленне старшыні Саюза пісьменнікаў Кіргізскай ССР Аалы Такамбаева. І калі дзе ў Бішкеку вы будзеце праходзіць па праспекту Аалы Такамбаева альбо па вуліцы з яго імем, ведайце – гэта і “беларускі адрас” кыргызскай сталіцы.

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 7 раз Последнее изменение Пятница, 30 ноября 2018 11:47
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии