Понедельник, 10 12 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Аюб Хавар. Дрэва, альбо Цень Хрыста (Пакістан)

  • Суббота, 01 декабря 2018 19:31
  • Автор  Сугучча

З Пакістанам, шматмоўнай краінай, яе нацыянальнымі літаратурамі (а ў Пакістане прыгожае пісьменства ствараецца на некалькіх мовах – панджабі, пушту, сіндхі, урду, белуджскай мове. Дзяржаўнымі мовамі ў краіне з’яўляюцца урду і англійская) у Беларусі і не такія шырокія сувязі. Дакладней – іх фактычна і не існуе. Праўда, у розныя гады былі спробы развіць літаратурныя стасункі паміж нашымі краінамі. Некалі альманах “Далягляды” надрукаваў апавяданні аднаго з пакістанскіх пісьменнікаў у перакладзе Валерыя Шчаснага. Пераклады былі здзейснены з мовы арыгінала. Валерый Шчасны – прафесійны савецкі і беларускі дыпламат – некаторы час працаваў у Пакістане ў складзе савецкай дыпламатычнай місіі. У 2016 годзе часопіс “Полымя” (шосты, чэрвеньскі нумар) надрукаваў вялікую падборку вершаў пакітсанскіх паэтаў у перакладах Адама Шостака і Алеся Бразгунова. Поруч былі прадстаўлены творы Разака Надзіра, Максуда Джафары, Анджума Салімі, Зэхры Нігаха, Вазіра Ага, Шахзада Ахмеда, Саміна Раджы, Сахара Імдада, Насрына Анджума Бхаці, Пушпы Валабаха, Шахэна Муфці, Азры Аббаса, Парвеена Шакіра, Фацімы Махджубы, Салмы Шахэн, Кунвара Нарайна, Балрай Комала, Фацімы Хасан. 18 паэтаў адразу надрукаваліся ў Беларусі. З уступным словам да публікацыі выступіў арганізатар гэтага творчага праекта і перакладчык Адам Шостак. А спрыялі такому развіццю падзей стасункі з тагачасным старшынёю Акадэміі літаратуры Пакістана доктарам Махамадам Касімам Бугія, які некалькі разоў наведаўся ў Беларусь. Прымаў удзел у пісьменніцкім з’ездзе, быў госцем Міжнароднага сімпозіума літаратураў “Пісьменнік і час”, сустракаўся з кіраўніцтвам Выдавецкага дома “Звязда”, наведаў Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы. У газеце “Літаратура і мастацтва” пакістанскі пісьменнік выступіў з інтэрв’ю “У Пакістане ведаюць Васіля Быкава і Святлану Алексіевіч”. А ў кастрычніку – снежні 2016 года да 125-годдзя Максіма Багдановіча была прымеркавана Інтэрнэт-акцыя “Чытаем Багдановіча разам”. Пакістанскі паэт Сайед Заудзін Найем пераклаў для гэтага праекта верлібр беларускага класіка “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…”

І вось яшчэ адна сустрэча. Гэтым разам – з Аюбам Хаварам, якога і творы якога расшукала, дзякуючы сусветнай Інтэрнэт-павуціне таленавітая беларуская перакладчыца Марыя Кобец.

Нарадзіўся Аюб Хавар у 1948 годзе ў акрузе Чаквэл (гэта ў Пенджабе). Вучыўся ва ўніверсітэце ў Карачы, які закончыў у 1974 годзе. Атрымаў ступень магістра ў галіне мовы урду. Займаўся і займаецца літаратурай, тэлежурналсітыкай. Вядучы розных літаратурных тэлевізійных перадач. Драматург. Аўтар сцэнараў многіх тэлевізійных фільмаў. Напісаў і выдаў чатыры паэтычныя кнігі. Паэзія Аюба Хавара перакладзена на англійскую, італьянскую, французскую мовы. А цяпер – і на беларускую.

Жыве і працуе пакістанскі паэт у горадзе Лахор. Па-ранейшаму галоўным яго прафесійным клопатам з'яўл’ецца тэлевізійная журналістыка.

 

Алесь Карлюкевіч

 

Дрэва

(Цень Хрыста)

 

O, дрэва!

Якімі былі рукі і плечы Хрыста,

Калі  вы былі поруч, на Крыжы?

Паяднаныя разам, плячом да пляча…

Ці спадабаўся табе Яго цнатлівы дотык?

Дотык Хрыста…

Якім было Яго светлае крананне?

Дотык пары Яго дрыготкіх пальцаў,

Расквечаных сінімі шнарамі,

Дотык Яго пакалечаных рук, параненых зброяй…

Калі Яго рукі былі ў тваіх,

А цвікі забіваліся ў цела Яго,

Ці магло ты дапамагчы ў той момант,

Калі кроў струменілася з ранаў,

Калі крывавелі лініі рук  Яго?

 

O, дрэва!

Калі цела Хрыстова знітавалася з тваім,

Калі разам  вы былі выпрастанымі на зямлі,

У якое ж імгненне спынілася Яго дыханне?

І гэта ў той момант

Хрыстос павінен быў дараваць усё тое, чаго

Не змагло б дараваць зламанае цела?!

Адчуванне сілы Яго духу і цярпення

Мажліва засталося ў тваёй душы

Як патаемная таямніца?..

 

O, Князь лесу!

Мой верш прымае дзіўную форму,

А пытанні застаюцца без адказу

У подыхах сотняў стагоддзяў.

У безлічы сэрцаў і душ,

Цюрбанаў і касцюмаў

Чорнае балота невуцтва квітнее…

Будзьце ж выкляты тыя, хто не ведаў Ісціны!

На жаль, мы не ў стане ведаць,

Калі Хрыстос быў прыкаваны да цябе,

Калі людзі забыліся на Яго…

 

Яны не могуць не ведаць, што лясы, як і яны, дыхаюць,

І ў іх таксама ёсць сэрцы,

І кроў гэтаксама  праходзіць праз іх жылы.

Але яны  могуць  не ведаць, які колер мае  глеба…

Магчыма, гэта твой спосаб збегчы ў цямніцу, дрэва?

І толькі дождж, што даруе  неба,

Сілкуе і развівае цябе.

Сонечнае цяпло змяняецца змрокам…

Ці быў жа Бог пачаткам і канцом,

Зіхценнем тваёй маладосці?

 

У агнявішчы якой печы,

Абпальваўся метал для тых піл і сякераў?

Дзе вастрыліся іх лязо і зуб’е?

Да якое абшчыны належалі тыя дрывасекі,

І хто былі тыя цесляры, што стваралі тваё аблічча?

Разарвалі  грудзі,

Парэзалі  рукі і плечы,

А затым прабілі іх цвікамі…

Каго праклялі яны, кінуўшы выклік бяспецы?

 

Каго ўкрыжавалі яны, не пабаяўшыся расплаты?

Таго, каго наканавана было 

Узняць над усімі жывымі…

 

Але Ты, о Князь лесу!

У безлічы самых розных прычын,

У  выніку ўсіх абставін,

Ты, дрэва, таксама было раскрыжавана,

І нават пасля распяцця  

Ты –  жывеш!

Што гэта, калі не Воля Бога?

 

З урду, пераклад Марыі Кобец

 

Прочитано 8 раз Последнее изменение Воскресенье, 02 декабря 2018 19:39
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии