Вторник, 19 03 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Партрэты сяброў беларускай літаратуры. “Шукаць сутнаснае, сапраўднае”: Максат Бяшымаў. Туркменістан

  • Вторник, 25 декабря 2018 18:48
  • Автор  Сугучча

Максат Бяшымаў – малады туркменскі празаік. Супрацоўнік часопіса перакладной літаратуры “Дунья эдэбіяты” (“Сусветная літаратура”). Максат ужо тройчы выступаў у беларускім літаратурна-мастацкім часопісе “Маладосць”. З грунтоўным інтэрв’ю, у якім расказаў пра літаратурную моладзь Туркменістана. І яшчэ – са сваімі апавяданнямі. “Маладосць” двойчы змяшчала пераклады яго апавяданняў на беларускую мову.

У ліставанні з Максатам Бяшымавым (хаця мы з ім і сустракаліся на кніжнай выстаўцы ў сталіцы Туркменістана – Ашхабадзе) узнікла і ідэя падрыхтаваць калектыўны зборнік сучаснага туркменскага апавядання. Традыцыя для беларуска-туркменскіх літаратурных сувязяў далёка не новая. У свой час, а калі быць болей дакладнымі – яшчэ ў 1969 годзе, у Мінску пабачыла свет кніга “Каракумскія зоркі”. Былі перакладзены на беларускую мову апавяданні Бекі Сейтакава, Ашыра Назарава, Нарымана Джумаева, Ташлі Курбанава, Нурмурада Сарыханава і іншых туркменскіх пісьменнікаў, якія ўваходзілі ў літаратуру ў 1930-1950-я гады. Прайшоў час, з’явілася шмат новых імёнаў – і, безумоўна, тэма туркменскага апавядання выйшла на новы творчы ўзровень. Максат Бяшымаў падабраў тэксты, даў вельмі выразную характарыстыку кожнаму аўтару, выклаў – што не меней важна – сваё ўласнае абгрунтаванне выбару таго ці іншага твора. Да такога падыходу, несумненна, пранікаешся даверам. Так што, анталогія, канешне ж, атрымаецца. Некаторыя творы, выбраны Максатам Бяшымавым, ужо надрукаваны ў беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыцы.

Дзякуючы Максату Бяшымаву, творчая пляцоўка часопіса “Дунья эдэбіяты” (“Сусветная літаратура”) прадстаўлена і для знаёмства з беларускай літаратурай у новых перакладах туркменскіх літаратараў. За шэсць мінулых гадоў (2012 – 2018) у часопісе прадстаўлена дванаццаць беларускіх аўтараў: Якуб Колас, Янка Купала, Максім Танк, Ніл Гілевіч, Сяргей Законнікаў, Алесь Бадак, Юлія Алейчанка і іншыя паэты і празаікі. Канешне ж, гэтыя публікацыі, у якіх і новы перакладчыцкі зварот да беларускай класікі, не адлюстроўваюць усю карціну развіцця сучаснай беларускай літаратуры, ды тым не меней справа зроблена вялікая. Публікацыі твораў беларускай прозы і паэзіі, да перакладаў якіх спрычыніліся вядомыя туркменскія літаратары (вершы ў асноўным пераклаў дора вядомы ў Туркменістане, краінах Цэнтральнай Азіі паэт Набаткулі Рэджэпаў), даюць добрае ўяўленне пра беларускую літаратуру на сённяшнім этапе развіцця. Іншая справа, што вельмі хацелася б істотна пашырыць гэты ручаёк. І калі ўжо як паэты прадстаўлены Алесь Бадак, Мікола Мятліцкі, Адам Шостак (яго якраз Максат Бяшымаў і перакладаў), то мо з часам у “Дунья эдэбіяты” будуць надрукаваны вершы Міхася Башлакова, Марыі Кобец, Людмілы Рублеўскай, Віктара Шніпа… А яшчэ – Яўгеніі Янішчыц, Міколы Купрэева, Анатоля Сыса, Алеся Каско і іншых літаратараў, якія працавалі ў беларускай паэзіі ў 1960-1990-х гг. Іначай будзе прапушчаны пэўны перыяд і складзецца ўражанне павярхоўнага ўяўлення пра значны перыяд у развіцці беларускай літаратуры. Менавіта пра гэта мы перапісваемся, менавіта гэта мы абмяркоўваем у электронным ліставанні з маладым туркменскім літаратарам Максатам Бяшымавым. Нягледзячы на сваю маладосць, і як шэраговы чалавек, і як пісьменнік з вялікім талентам (пра гэта мяркую па апавяданнях Максата), мой туркменскі карэспандэнт вылучаецца высокай адказнасцю. Ён і мне дапамагае фарміраваць аб’ектыўнае меркаванне пра сучасную туркменскую літаратуру.

Максат Бяшымаў прыцягнуў да справы перакладу твораў беларускай літаратуры і Аразмурата Тычмамедава, які пераўвасобіў на туркменскую мову аповесць Алега Ждана “Прынцэса”. Зрабіў тым самым выдатны падарунак для юных чытачоў Туркменістана. Спадзяюся, што аповесць Алега Ждана, адрасаваная падлеткам, пабачыць свет і асобнай кнігай на туркменскай мове. А паважаны калега спадара Максата Аразмурат Тычмамедаў будзе засвойваць як перакладчык іншыя абсягі беларускай дзіцячай літаратуры. Мо, напрыклад, возьмецца за пераўвасабленне на туркменскую мову прозы Яўгена Хвалея, Валерыя Гапеева, Алеся Бадака ( размова пра яго аповесць “Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца”, якая сёння перакладзена на добры дзясятак моў!), Алены Масла, Раісы Баравіковай (чаму б не загучаць па-туркменску яе кнізе “Казкі астранаўтаў”, якая ўключана ў праграму пазакласнага чытання ў агульнааукацыйнай школе Беларусі?!)… Як бачым, прастора для працы, для перакладчыцкіх ініцыятыў неверагодна вялікая. І засвоіць яе можна толькі ў тым выпадку, калі ёсць такія сябры ў беларускай літаратуры, як Максат Бяшымаў.

І сам туркменскі пісьменнік вылучае ініцыятывы для прапаганды творчасці наступнікаў Махтумкулі і Берды Кербабаева. Акрамя выдання анталогіі туркменскага апавядання мы абмяркоўваем з ім і іншыя творчыя праекты. Вось што піша, у прыватнасці, у адным з лістоў Максат Бяшымаў: “… падтрымліваю выдатныя ідэі, што датычаць планавання адносна выдання майго самага любімага туркменскага паэта Курбанназара Эзізава і ўсімі любімага Керыма Курбанняпесава. Вельмі спадзяюся, што справа завершыцца поспехам…” І ў Беларусі, дарагі сябра Максат, гэта сумненняў не выклікае. Галоўнае, як вы не аднойчы падкрэслівалі, у развіцці беларуска-туркменскіх літаратурных сувязяў, у выбары твораў для перакладу шукаць сутнаснае, сапраўднае.

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 26 раз Последнее изменение Вторник, 25 декабря 2018 18:49
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии