Понедельник, 23 07 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Кнігі як птушкі… © Гао Ман

Сустрэча дзвюх традыцый, дзвюх культур адбылася ў мінскай кнігарні “Кніжны салон”. У эпіцэнтры — дыялог пра жыццё і творчасць кітайскага перакладчыка Гао Мана.

Увагу наведвальнікаў кнігарні ў гэты дзень прыцягвалі рэпрадукцыі каліграфічных партрэтаў беларускіх пісьменнікаў. Іх аўтар — Гао Ман, які доўгія гады жыве ўвагай да літаратуры і культуры славянскіх народаў. Нарадзіўся мастак і перакладчык у 1926 годзе ў Харбіне. Цяпер жыве і працуе ў Пекіне. Яшчэ з 1950-х гадоў ведае Мінск і Беларусь. Быў знаёмы з Заірам Азгурам, Максімам Танкам. Напрыканцы 1950-х гг. разам з Гэ Баацюанем пераклаў на кітайскую мову кнігу выбранай паэзіі Максіма Танка. У кнігарні на асобных паліцах — томікі перакладаў, публіцыстыкі, гісторыка-літаратурных матэрыялаў, альбомы Гао Мана. Гэтыя выданні цягам апошніх гадоў ён перадаў беларускім аматарам кітайскага мастацкага свету.

Таму невыпадкова імпрэза сабрала ў беларускай кнігарні самых розных людзей, найперш пісьменнікаў, мастакоў, а яшчэ — супрацоўнікаў Міністэрства замежных спраў, факультэта міжнародных зносін, Інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, “Россупрацоўніцтва”, Пасольства Таджыкістана ў Беларусі, гасцініцы “Пекін”… Сярод удзельнікаў вечарыны — людзі, якія асабіста знаёмы з Гао Манам, сустракаліся з ім у Пекіне: Навум Гальпяровіч, Лі Цзо, Вераніка Карлюкевіч… Арганізатарам імпрэзы выступіў Выдавецкі дом “Звязда”, дзе была падрыхтавана кніга, прысвечаная творчасці 100 паэтаў Кітая, — “Пад крыламі Дракона”. Над перакладамі для яе рупіўся лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі. А падтрымку ў рэалізацыі праекта аказалі Міністэрства інфармацыі і Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ. Дарэчы, яго дырэктар доктар філалагічных навук Аляксандр Гардзей, выступаючы на сустрэчы ў “Кніжным салоне”, падкрэсліў гатоўнасць і інстытута, і кітайскага боку ўвогуле да новых кроках супрацоўніцтва. У прыватнасці, у адным з найбліжэйшых нумароў часопіса “Нёман” выйдзе своеасаблівы “кітайскі сшытак”, які прадставіць сучасную кітайскую прозу. Перакладчыкі на рускую мову з арыгінала — мінскія аматары кітаістыкі.

Успамінамі пра сустрэчу з Гао Манам у Пекіне падзяліўся паэт і журналіст Навум Гальпяровіч. Дарэчы, у Гао Мана ёсць верш, прысвечаны беларускаму калегу. У падрадкоўным перакладзе ён гучыць так: “Ты прывёз з Мінска/ Мядовае віно сваёй Радзімы,/ Калі я выпіў глыток,/ То адразу прыйшло да мяне гора./ Шматлікія мае беларускія сябры/ Пакінулі жыццёвы і мастацкі свет./ Цяпер ты прыехаў да нас./ І каля падножжа Вялікай Кітайскай Сцяны / Я зрабіў малюнак з цябе./ Хачу пакінуць тваю ўсмешку,/ Твае сардэчныя словы,/ Бляск тваіх вачэй”. Кнігі падобны да птушак. Вось і кнігі Гао Мана з вятрамі сяброўства, дружбы, добрымі і цёплымі аўтографамі

заляцелі ў Беларусь. Дзякуючы кнігам-птушкам, дарогу якім у шырокі свет адкрывае Гао Ман, чытачы знаёмяцца з літаратурамі славянскіх народаў. Паэт і каліграф перакладае рускую і ўкраінскую паэзію. Высокую ацэнку атрымала яго работа па перастварэнні паэмы Ганны Ахматавай “Рэквіем”. Гао Ман пераклаў і паэму Тараса Шаўчэнкі “Кацярына”.

З цікавасцю слухалі ўдзельнікі вечарыны мастака, кніжнага графіка Георгія Паплаўскага. Гао Ман неаднойчы расказваў кітайскім чытачам пра беларускага творцу, друкаваў у розных выданнях рэпрадукцыі з яго работ. Адзін з гэтых артыкулаў у свой час быў перакладзены на беларускую мову і надрукаваны ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Георгій Георгіевіч падзяліўся ўражаннямі ад знаёмства ў “Кніжным салоне” з рэпрадукцыямі партрэтаў беларускіх пісьменнікаў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Максіма Танка, Святланы Алексіевіч, выкананымі Гао Манам. Беларускі мастак адзначыў добрую школу каліграфа, падкрэсліў яго высокі прафесіяналізм. Расказаў Георгій Георгіевіч і пра свае паездкі ў Кітай, шматлікія краіны Азіі. Словы ўдзячнасці Гао Ману выказаў кітайскі мовазнаўца, паэт, перакладчык, каліграф Лі Цзо, які зараз працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. У яго перакладзе на рускую мову ў Мінску выйшла кніга вершаў класіка літаратуры Паднябеснай Лі Бая. Між іншым Лі Цзо добра вядомы як каліграф. Адна з яго мінскіх выставак прайшла ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Што цікава, да першых вершаваных практыкаванняў Лі Цзо яшчэ ў Пекіне, у час вучобы ва ўніверсітэце, натхніў менавіта Гао Ман. А вось цяпер у Беларусі Лі Цзо выдае свае пераклады класічнай кітайскай паэзіі на рускую мову. Хочацца верыць, што Лі Цзо, які даўно жыве ў нашай краіне, стане генератарам многіх праектаў па перакладзе кітайскай паэзіі і на беларускую мову.

Вечарына ў “Кніжным салоне” прыцягнула ўвагу беларускіх паэтаў, празаікаў — Алеся Бадака, Алега Ждана, Таццяну Сівец, Адама Мальдзіса, Святлану Дзянісаву, Уладзіміра Мазго, музейных і бібліятэчных работнікаў... Удзел у сустрэчы браў і намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. У галоўнай кніжнай скарбніцы краіны захоўваецца вялікі збор кніг на кітайскай мове. Будзем спадзявацца, што патрапяць у яе фонды і кнігі добрага сябра беларускай культуры Гао Мана.

Мікола Міршчына

Прочитано 513 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии