Среда, 19 09 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Кітайскі перакладчык, мастак і паэт адзін са сваіх вершаў прысвяціў Абаю

Гаа Мана добра ведаюць на постсавецкай прасторы. Перакладчык Аляксандра Пушкіна, Мікалая Астроўскага, Тараса Шаўчэнкі, Івана Франка, Максіма Танка, Святланы Алексіевіч, ён выявіў сябе ўважлівым да развіцця савецкай шматнацыянальнай літаратуры і ў якасці галоўнага рэдактара кітайскага часопіса “Сусветная літаратура”, якім кіраваў болей як два дзесяцігоддзі.

У пачатку 1990-х гадоў у Пекін Паўнамоцным і Надзвычайным Паслом Казахстана ў Кітаі прыбыў сын славутага Мухтара Ауэзава – культуролаг, філосаф, літаратуразнаўца Мурат Ауэзаў. Ён разгарнуў шырокую праца па прадстаўленню Абая на кітайскай прасторы. З’явіліся новыя пераклады. Спрычыніўся да гэтай працы і Гаа Ман. Ён намаляваў партрэт казахскага класіка. Напісаў і верш, прысвечаны Абаю. Дарэчы, да гэтага часу нават у Казахстане з гэтым творам знаёмы толькі па падрадкоўніку на рускай мове. А першы яго мастацкі пераклад з’явіўся на беларускай мове – дзякуючы лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколу Мятліцкаму. І гэта далёка не выпадковасць. Мікола Мятліцкі аднолькава прыязна ставіцца і да кітайскай паэзіі, і да казахскага прыгожага пісьменства.

Шэсць год назад у Мінску пабачыла свет кніга Абая “Стэпавы прастор” у яго перакладах. А ў 2012 годзе – аўтарская анталогія “Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая”, над якой Мікалай Міхайлавіч працаваў шмат гадоў. Трэба заўважыць, што сёння кітайская паэзія ўсё шырэй і шырэй друкуецца па-беларуску. Відавочна, што гэтаму спрыяюць развіццё, рост беларуска-кітайскіх гуманітарных, асветніцкіх, культурных стасункаў. Але ж і Казахстан праз свае літаратурныя памкненні таксама болей шырока выяўляецца ў Беларусі. І такім вось чынам  -- праз пераклад на беларускую мову верша кітайскага паэта, прысвечанага класіку казахскай літаратуры, -- таксама.

Алесь Карлюкевіч

Гаа МАН

АБАЮ

Калі развеюцца начы туманы?

Праясніцца выша нябёс

Над стэпамі Казахстана?

Абай, ты сабраў кветкі слёз

І горкія плады ў народзе,

Сплятаў вершаў вянкі,

Пеў гімны жывыя свабодзе,

Музыкай агучыў вякі.

Голас рабоў уздымаў высока,

Дапамагаў ім у барацьбе.

Самым вячыстым, смелым крокам

Мужнасць ішла да цябе.

Марыў, каб свет жыў справядліва,

Паўсюд былі прыгажосць, дабрыня.

Скалы нямыя і хвалі імклівыя

Сэрцам гарачым жадаў абняць.

Сагрэўшы народ агнём асветы,

Слова і музыкі жывую брую

Пакінуў, свет пакідаючы гэты,

Рушачы ў зорную Вечнасць сваю.

Кружацца зоркі. І месяц светлы

Небам за імі ідзе ў цішы.

І птушка сэрца твайго прыветна,

Спеўнагалоса крыляе ў вышы.

І анямелыя сэрцаў струны

Рэхам табе адгукнуцца змаглі.

І пошуг вясны адвечна юны

Палае красою вольнай зямлі.

І людзі, волі пачуўшы вецер,

У наступе новых, радасных дзён

Выйшлі сівога цябе прывеціць,

Слова твайго прымножыць плён.

Чуеш, Абай, гэта вецер волі

Імя тваё ў свеце агучыў паўсюд.

Мужную песню казахскай долі

Слухае сёння

Планеты люд!

1994

З кітайскай. Пераклад Міколы Мятліцкага

Прочитано 618 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии