Воскресенье, 29 03 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Бэз: Мастацтва і кветкі

  • Суббота, 06 апреля 2019 12:13

У выдавецтве “Мастацкая літаратура” пабачыла новая кніга ў серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”.  

Барыс Аракчэеў – адзін з заснавальнікаў сучаснай школы беларускага жывапісу. Рускі па нацыянальнасці і нараджэнні (нарадзіўся на Яраслаўшчыне), мастак адбыўся як Асоба з вялікай літары ў Беларусі. Кавалер ордэна Францыска Скарыны. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Майстру выяўленчага мастацтва і прысвечана новая кніга, якая толькі што выйшла ў свет у добра вядомай серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” – “Барыс Аракчэеў. Бэз малюецца на шчасце”. Разам сабраны ўспаміны, дзённікавыя запісы самога мастака, эсэ, нарысы, прысвечаныя творчасці жывапісца.

Сярод аўтараў кнігі – мастак Ігар Бархаткоў, рэстаўратар Аляксандр Дзямідаў, паэт і музыкант Сяргей Занімонец, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Святлана Казюліна, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Йіржы Карас, фотамастак Яўген Колчаў, мастацтвазнаўцы Барыс Крэпак, Святлана Строгіна, музейныя работнікі Алена Ляшковіч, Ірына Мышкавец, калекцыянеры Іна Радаева, Аляксандр Радаеў, протаіерэй, кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі Аляксандр Шымбалёў, пісьменнікі, журналісты Тамара Бунта, Святлана Дзядзінкіна, Іна Наркевіч, Раіса Южык, Вольга Паўлючэнка… І, канечне ж, сярод аўтараў – тры дачкі жывапісца: мастак, дызайнер Марына Анджэліч (Аракчэева), мастак Алёна Аракчэева, мастак, член Беларускага Саюза мастакоў, лаўрэат прэміі імя Васіля Віткі, куратар чэшскай GalerieKARAS Аксана Аракчэева.

Укладальнік выдання – пісьменніца Алена Масла. Вось што яна піша ў  прадмове да кнігі: “…Я была на могілках у вёсцы Гара, дзе пахаваны Барыс Аракчэеў. Дарэчы, “Гара” – былы “Эверэст”, новапасяленне ля Чарэі падчас калектывізацыі з экзатычнай на той час і не зразумелай мясцовым назвай. Не прылаўчыліся яны яе вымаўляць, і з досведу пра тое, што Эверэст – найвышэйшая гара ў свеце, пакінулі толькі зручную для вымаўлення частку – Гара. Вось там, на Гарскіх могілках, сярод светлага – аж у вачах бела – бярозавага гаю спіць мастак. Ён лічыў, што менавіта чарэйскім землям ён, ураджэнец Расіі, абавязаны сваёй любоўю да Беларусі. Апошнія працы, распачатыя мастаком незадоўга да канца зямнога шляху, былі прысвечаны менавіта Чарэі. Ён казаў, што і там, у лепшым свеце, будзе працягваць маляваць чароўныя беларускія пейзажы”.

Чарэя – паблізу вёскі Мілашова, паблізу тых мясцін, адкуль родам паны Мілашы, сваякі славутых Чэслава Мілаша – нобелеўскага лаўрэата і Оскара Мілаша – французскага паэта-містыка. З прадмовы Алены Масла: “Оскар Мілаш родам з Чарэі! <…> Краязнаўцы сцвярджаюць, што Мілашы былі прафесійнымі заводчыкамі бэзу. Ахвотна верыцца, бо і ў маім Мілашове, і ў Чарэі бэз – любімы жыхар, не проста так сабе куст! На кожным панадворку – маўклівыя вартавыя, якія ўвесну ўбіраюцца ў пухнатыя аблокі кветак. Чым больш іх ламаюць – тым пышней квітнее куст. А яшчэ ў бэзавых гронках можна знайсці “шчасце” – кветкі з няцотнай колькасцю пялёсткаў. З’ясі такое – і збудуцца самыя смелыя мары…

Любіў маляваць бэз і Майстар. На шчасце, няйначай! Палотны з букетамі бэзу – як акно ў вясну, як вяртанне ў юнацтва, як бяздонны вір закаханасці. А для мяне яшчэ – і як прывітанне ад Мілашаў: найчасцей менавіта там, у вёсцы Мар’іна ля Чарэі, Барыс Аракчэеў і маляваў бэз.

Не проста маляваў! Перадаваў таемны знак тым, хто здольны пачуць: зробленае – застаецца.

І дорыць шчасце.”

“Бэз ля студні” (1956), “Бэз і ружы” (1956), “Венера і бэз” (1995), “Свята Ўшэсця” (2004 – 2006)… Колеры, знойдзеныя Барысам Аракчэевым, прывабліваюць, прыцягваюць, насычаюць асалодай жыцця. Вялікі, надзвычай цікавы мастак, якога, на жаль, ужо няма сярод нас, несумненна, сваімі мастацкімі адкрыццямі будзе і надалей радаваць гледачоў, усіх, хто пільна ўглядаецца ў палотнішчы майстра. І кніга “Барыс Аракчэеў. Бэз  малюецца на шчасце” – добры праваднік у знаёмстве з жывапісцам, яго жыццём і яго творчасцю.

Сяргей Шычко

 

Прочитано 2202 раз