Среда, 22 08 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Сэрца кажа, што б’е трывогу… Міхаіл Хонінаў. Званы Хатыні. Паэма

Гераічнаму народу Беларусі прысвяціў сваю паэму калмыцкі паэт Міхаіл Хонінаў. “Званы Хатыні” – гэта не толькі мастацкі твор, але і мастацкі і жыццёвы дакумент часу. Так склалася ў лёсе легендарнага беларускага партызана Мішы Чорнага, што ён зрадніўся з народам Беларусі. А іначай і не магло быць. Ён жа, выкараскаўшыся з фашысцкай няволі, быў выхаджаны беларускай сялянкай. У лесе сярод народных мсціўцаў жыў адной душой, аднымі думкамі і памкненнямі з сынамі Беларусі. Змагаўся за абяздоленых і пакрыўджаных фашыстамі мірных жыхароў Беларусі. За сваю партызанку Міша Чорны (а гэта і ёсць Міхаіл Хонінаў) атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга. Высокая ўзнагарода не выратавала паэта ў будучым ад дэпартацыі разам са сваімі землякамі-калмыкамі. А калі вярнуўся ў Элісту, то рваўся ў Беларусь, імкнуўся як найчасцей наведвацца ў Мінск і розныя куточкі сваёй партызанскай, сваёй баявой маладосці. І, канешне ж, шмат пісаў пра Беларусь. У вершах і прозе згадваў эпізоды ваеннага ліхалецця, згадваў сыноў і дачок Беларусі.

А ў Элісце друкаваў пераклады з беларускай паэзіі на калмыцкую мову. Быў своеасаблівым паўнамоцным прадстаўніком беларускай паэзіі ў роднай сваёй старонцы. Выдаў кнігу перакладаў паэзіі Янкі Купалы – якраз да юбілею народнага песняра ў 1962 годзе. Пераклаў вершы Якуба Коласа. Мо з часам яшчэ выдаў бы і яго калмыцкую кнігу ў сваіх перакладах. Стараўся ўцягнуць у працэс сяброўства з беларускай літаратурай, беларускімі пісьменнікамі і сваіх калмыцкіх калег. Ліставаўся з Максімам Танкам, Петрусём Броўкай, Васілём Быкавым, Алесем Бачылам, Сяргеем Грахоўскім, Пятром Шасцерыковым… На беларускай мове пабачылі свет дзве кнігі вершаў Міхаіла Хонінава. Адну з іх цалкам пераклаў Аляксей Пысін. Беларускі паэт-франтавік упадабаў паэзію калмыцкага мастака слова. Вельмі адказна паставіўся да пераўвасаблення яго твораў на беларускую мову… А народны паэт Беларусі Максім Танк так пісаў у адным з лістоў Міхаілу Хонінаву: “Адна твая біяграфія – калі задумацца, глыбока ўсё асэнсаваць, звязаць з лёсам свайго народа – у тысячу разоў грандыёзней многіх сусветна вядомых твораў…”

Але, канешне ж, не ўсё з твораў Міхаіла Хонінава вядома беларускаму чытачу. Шкада, што за столькі гадоў пасля смерці паэта (памёр Міша Чорны ў 1981 годзе) так раней і не перакладалася паэма пра Хатынь. Не здольны “забыцца вогненнага шквалу”, Міхаіл Ванькаевіч вельмі даражыў гэтым сваім творам. Болей таго – ён меркаваў выбудаваць паэтычны цыкл з трох паэм. У 1975 годзе паэт у складзе пісьменніцкай дэлегацыі пабываў у В’етнаме. Ён ведаў пра в’етнамскую вёску Сонгмі і пра чэшскую вёску Лідзіцэ, спаленыя разам з жыхарамі захопнікамі, крыважэрнымі катамі. І вельмі хацеў, вельмі марыў, як і пра Хатынь, пра кожную з іх напісаць паэму…

“Званы Хатыні” толькі што з’явіліся ў перакладзе на беларускую мову. Гэты клопат ажыццявілі маладыя беларускія перакладчыкі Рагнед Малахоўскі і Адам Шостак. Рагнед Малахоўскі і раней звяртаўся да перакладу паэзіі М. Хонінава на беларускую мову. Кансультантам у маладых літаратараў выступіла кандыдат філалагічных навук Рыма Міхайлаўна Ханінава, дачка калмыцкага паэта. Яна рыхтавала падрадкоўнік. Яна, між іншым, ажыццявіла і другі пераклад паэмы на рускую мову. Раней твор пераклаў Аляксандр Нікалаеў. Чытачу самому ацэньваць вартасці паэмы “Званы Хатыні”. Зараз хацелася б заўважыць толькі тое, што самім фактам публікацыі перакладу паэмы “званы Хатыні” беларусы аддаюць даніну памяці творцу, партызану, які шмат зрабіў для нашага народа, нашай Айчыны. І мо з часам у Мінску з’явіцца новая беларуская кніга Міхаіла Ванькаевіча. Ужо з перакладамі нераўнадушных творцаў новага пакалення…

Алесь Карлюкевіч

 

Міхаіл Хонінаў

Званы Хатыні

Паэма

Беларусь. Ўсё болей з кожным годам

Прыязджае і сяброў, і блізкіх.

Тут пра подзвіг мужнага народа

Нагадаюць сумна абеліскі.

Кроў і прах, і попел ад пажарышч –

Гэта ўсё было ужо даўно.

Толькі сцежку, дзе упаў таварыш,

Не забудзеш ты усё адно.

Не забудзеш вогненнага шквалу.

Кубак гора, выпіты да дна.

Гэта тры гады тут бушавала

Наша партызанская вайна.

Стань пад Мінскам ля Кургана Славы.

Бы народу гонар – кружыць сокал.

Паглядзі налева і направа,

Колькі тут святых магіл навокал.

Створаны руплівымі рукамі,

Памяць каб не канула ў нябыт,

Увянчаны той курган штыкамі –

Горда узвышаюцца ў зеніт.

З гонарам стаіць на варце міру,

Сімвал памяці і вартаўнік,

Курган Славы, быццам брат Хатыні

Да пляча сястрынага прынік.

Больш няма яе на белым свеце.

Як перад святыняю – застынь:

І старыя, і жанчыны, дзеці –

Спалена фашыстамі Хатынь.

Галаву схілі на месцы гэтым,

Тут сто сорак дзевяць чалавек

Спалены ў агні пакутнікі Сусвету.

Памяць захавай аб іх навек.

Дзірлівангер выканаў загад:

Нібы д’ябал у хлеў усіх сагнаў,

І агонь імгненна ўзяў ў абхват,

Баццам ў пекле страшным запалаў.

Раздзіралі сэрца крыкі, гукі,

Што гучалі, быццам з-пад зямлі,

Ды звязаныя вяроўкай рукі

Парабіць нічога не маглі.

Ці жанчыны, ці дзіцяці слёзы…

Дзірлевангер распаліў пажар,

І – у хлеў, бы ў топку паравоза,

Вугаль падкідае качагар.

З моцным крыкам тут усе палалі.

Енчаць дзеці і дарослыя,

Нават з сумам дрэвы ўздыхалі

І сабакі вылі невыносна.

Я праз сон прачнуўся па адрыне,

Бы ў агні жахлівым заблукаў.

І з надзеяй, што няшчасце міне,

Людзям ува сне дапамагаў.

Быў далёка я тады, пад Мінскам,

Ды нібыта з імі быў я там.

Бачу – да мяне бяжыць Камінскі,

На руках – як свечка – сын Адам.

Калі б мог бы я перамагчы

У той дзень, я высек бы агонь

Проста з сэрца. Людзі б уцяклі,

Каты б самі ўвайшлі ў загон.

Часта ў хатах я бываў Хатыні.

Помню, што ля самага акна

Стол і лаўка жоўтая, як дыня,

Гладка габляваная сасна.

Горкаю падушкі на пасцелі.

Абразы. Пах бульбы ў паветры.

І мяляты на мяне глядзелі

Вочкамі блакітнымі, як ветразь.

Кот як сон ідзе на мяккіх лапах,

Дзеці весела сядзяць на печы.

Толькі зараз узгадаю з жахам

Як гарэлі дзеці ў галечы.

Я сюды заехаў неяк ноччу…

Зноў цяпер набрыў на стары след.

Дзе ж Навіцкі Аляксандр Раманыч?

Усіх спалілі. Дзе малы? Дзе дзед?..

Усе згарэлі быццам як адзін.

Тут імёны – смутку абеліск.

Даты тут кароткія малых:

Ані, Мані, Лёні ды ўсіх…

Хтосьці з іх хадзіў учора ў школу,

А каму да школы колькі год,

Лёня ў дзявятым класе, Жэня ў шостым

Зараз навучаліся б… Згарэў той род.

Ні ў якім не пабывалі класе

Маляняты, двух ці трох гадоў:

Касцюшок, Антосік і Міхаська

Да мяне ўва сне прыходзяць зноў.

– Дабрыдзень, лянок мой беларускі! –

Зваў я цёзку хлопца Міхася,

І Міхась па вулачцы Хатыні вузкай

Да мяне ляцеў здаля!..

Цёзка мой Міхасік граўся шчыра:

На плячо мне скокне – разам ў бой.

Але клічуць мне “пара”. – Я з мірам

Адыходжу, у думках я з табой.

Мне Навіцкі з жонкай хлеб давалі.

Праваджалі, гледзячы мне ў след.

Мы ў іншым накірунку кіравалі,

Не маглі паратаваць Хатынь ад бед.

Зараз з жахам я гляджу на камні.

Раптам быццам голаз зазвініць:

“Дзя-дзя Мі-і-і-ся”, бы мяне пазвалі

Да сябе Хатыньскія сябры.

Няўжо ты, Лянок, мяне паклічаш.

Голас звонам зычным у вушах.

“Можа не згарэў Міхась? Ён выжыў?” –

Думка праняслася як кажан.

Валасы на дыбкі сталі ў міг,

Розум мой не вытрываў той праўды.

Такім гучным быў дзіцячы крык.

Уяўленне ўсё. Не прыйдзе радасць.

Ты загінуў, двухгадовы сябар,

Як бы не хацеў, не ўстанеш з праху.

Я цябе дагэтуль з жахам бачу:

Да дзвярэй ты крок зрабіў з размахам.

Чым жадайце мерайце,

Гэты крок адзіны быў страшнейшым,

Крок дзіцёнка, вы паверце,

Большы за мае насустрач смерці.

Я вайною праз палі, лясы

Беларусі крокаў безліз крочыў,

А Міхасік большы крок зрабіў.

Крок той – мужнасць, гонар, роздум!

Свет наш назаўжды запомніў Міша

Вогненным, палаючым, чырвоным,

Нават ён не змог у пекле выжыць,

Целы ўсіх змяшаў агонь з зямлёю.

Дзірлівангер кінуў позірк палкі,

У кішэні штосьці ўзяў ў далонь

І дастаў. Не ледзянец – запалкі.

Шоргнуў ён і запаліў агонь.

Злодзей, кат, вядома, ён быў вінны,

Што агонь пачаў у сене бег?

Ён, адданы людзям, у Хатыні

З’еў сто сорак дзевяць чалавек.

Слёзы ў Хатыні быццам кіпень.

Горыч – ўсё. І ком у горле тут.

Снежань, студзень, май ці ліпень,

Бо ўсе з вёскі болей не жывуць.

Быў Міхась святым, нявінным, чыстым.

Хіба можна перадаць мне словам,

У хляве замкнутым як фашысты

Спальвалі дзяцей малых, як дровы.

Спаленых людзей мы не забудзем.

Гэта гонар наш і абавязак.

Мы паклон нясём нявінным людзям,

Не было каб болей ў свеце здрады.

У Хатыні трубаў печак шэраг,

А на іх званы – бы вечны помнік.

Колькасць гора проста не адмерыць.

Гора ўсё, як быццам адзін комін.

Зычны звон мне чутны ўдзень і ўночы,

Вецер стогне, і крычыць, раве,

Я б аддаў усё дашчэнту,

Каб Міхась вярнуўся да мяне.

З ранаю падпаленай у сэрцы,

Думаю бясконца пра яго.

З Міхасём, нібыта аднаверцы,

Быццам беглі разам пад агнём.

Ці пішу, ці рушу я ў дарогу,

Сплю калі, альбо калі прачнуся,

Сэрца кажа мне, што б’е трывогу

У званы Хатыні Беларусь!

 

          З калмыцкай. Пераклад Рагнеда Малахоўскага і Адама Шостака

Прочитано 961 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии