Воскресенье, 18 04 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Адкрыццё колераў і лясной памяці: Белавежская пушча ў творах мастакоў мінуўшчыны  

  • Четверг, 11 февраля 2021 10:45
  • Автор  Сугучча

Вядомым, які з выдання ў выданне, з нарыса ў карэспандэнцыю, з газетнага рэпартажа ў часопіснае эсэ пераходзіць, з’яўляецца факт знаёмства з Белавежскай пушчай неўміручага рускага жывапісца Івана Іванавіча Шышкіна. 

Вось і гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна «Памяць» прыадчыняе нам такія даўнія сляды…Краязнаўца М. Клімец расказвае пра архіўны рукапіс «Успаміны аб перасоўніках» (аўтар – Якаў Данілавіч Мінчанкоў), дзе ёсць і згадкі пра паездкі рускага мастака Івана Шышкіна ў пушчу. «Іван Іванавіч Шышкін, ‒ піша М. Клімец, ‒ не быў прыхільнікам чынашавання і ганарыўся незалежнасцю свайго становішча. Ён імкнуўся пазбягаць на выставах сустрэч з асобамі царскай сям’і. Аднак у 1886 г. яму было  загадана надзець фрак і з’явіцца на сустрэчу з Аляксандрам III. У зале выставы мастакоў-перасоўнікаў цар станоўча адазваўся аб работах Шышкіна і параіў мастаку пабываць у Белавежскай пушчы і напісаць некалькі карцін-эцюдаў сапраўднага лесу, якога ён не ўбачыць ні ў ваколіцах  Пецярбурга, ні нават у цэнтральнай частцы Расіі. Праз некаторы час пецярбургскія чыноўнікі арганізавалі паездку мастака ў Белавежскія лясы. На чыгуначнай станцыі Аранчыцы яго чакаў экіпаж, які па прамой дарозе, абмінаючы Пружаны, Крыніцу, даставіў яго ў Белавежскую пушчу. Там мастак прабыў некалькі месяцаў. Адміністрацыя пушчы апякала Шышкіна як вяльможу. Іван Іванавіч нават скардзіўся , што нельга і кроку ступіць без дакучлівых паслуг…»

Праўда, іншыя крыніцы сведчаць, што ў Белавежскай пушчы Іван Іванавіч бываў двойчы і не ў 1886 годзе, а ў 1883 і 1892 гадах…Так яно, відаць, і ёсць, бо ў 1886 годзе Шышкін быў заняты выданнем альбома афортаў. А яшчэ – працаваў на эцюдах у Сестрарэцку. З пэўнай дакладнасцю, відаць, можна сцвярджаць іншае і самае галоўнае: тое, што ў беларускім лесе намаляваны эцюд «Лета ў Белавежскай пушчы» (1892 год). Ды яшчэ –карціна «Ссечаны дуб у Белавежскай пушчы» (1892 год). Астатнія мяркуемыя работы маглі б насіць зборны характар – у тым сэнсе, што асновай для іх выканання маглі стаць эцюды, намаляваныя не толькі ў пушчы. Хаця давайце яшчэ раз звернемся да краязнаўчага даследавання з хронікі «Памяць»: «Аднойчы, робячы замалёўкі сасновага бору, ён намаляваў на пярэднім плане паўзасохлае дрэва. Гэта ўбачыў упраўляючы пушчай і доўга ўпрошваў мастака зняць гэту дэталь з карціны, таму што, калі палатно будзе дастаўлена ў Пецярбург, там скажуць, што дрэнны ўпраўляючы, давёў пушчу да такога стану, што дрэвы сохнуць. Неяк сялянка з Белага Ляска, збіраючы лясныя дары, наткнулася на мастака, які рабіў эцюды лясной паляны. Доўга разглядала карціну і ўздыхала. А калі мастак спытаў, што намалявана, яна перахрысцілася і адказала: «Мабыць, труна гасподня». Іван Іванавіч рассмяяўся, і толькі кемлівы дзесяцігадовы сын сялянкі сказаў: «Лёс Белавежскай пушчы, бацюхна». 

У Яраслаўлі ў мастацкім музеі мне давялося на свае вочы бачыць палотнішча «Ссечаны дуб у Белавежскай пушчы»…Сказаць, што і зараз палотнішча ўражвае чысцінёю красак – значыць, нічога не сказаць. Карціна прымушае наспружыніццца зроку, стрымлівае дыханне, выклікае хваляванне. Уражанне такое, быццам сам прысутнічаеш у лесе. Для Шышкіна дубы сталіся адмысловай тэмай. Вядомасць маюць яго «Мардвінаўскія дубы», «Дубы», намаляваныя ў 1887 годзе, «Дождж у дубовым лесе» (над гэтай карцінай Іван Іванавіч працаваў з К. Савіцкім)…Не дзіва, што газетчыкі, калі Шышкін пайшоў з жыцця, пісалі: «Памёр ён, быццам магутны дуб, пад ударам раптоўнай буры…»

Думаючы пра творчасць Шышкіна, пра яго шчырую і шчыльную мастацкую паяднанасць з Белавежскай пушчай, думаеш і пра шэраг іншых мастакоў, якія спрычыніліся да светавыяўлення найпрыгажэйшай і найцікавейшай лясной старонкі.

Легендарным ілюстратарам да кнігі «Паляванне ў Белавежскай пушчы» стаў М. Зічы. Міхай Зічы нарадзіўся ў Венгрыі ў 1827 годзе. Закончыў універсітэт у Будапешце. А пасля – і Акадэмію ў Вене. Маладым, але дастаткова вядомым мастаком, па запрашэнні вялікай княгіні Алены Паўлаўны ён прыехаў у Пецярбург, каб даваць урокі малявання дачцэ яе – Кацярыне Міхайлаўне. З часам жывапісец становіцца прыдворным мастаком, атрымлівае званне акадэміка Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Болей як трыццаць гадоў быў Зічы пры імператарскім двары. Адпаведна – і маляваў ці не кожны крок гаспадароў краіны. А ўжо паляванне – дык ці не ў першую чаргу. Творы Зічы калекцыянаваў імператар Аляксандр III, упрыгожваў імі свае пакоі ў царскім палацы ў Гатчыне. Памёр мастак у 1906 годзе ў Пецярбургу, а пахаваны ў Будапешце…

Мала звестак захавалася пра Якава Іванавіча Бровара (1864 – 1941). Вучань А. Куінджы і І.Шышкіна, ён за сваю творчасць быў адзначаны малымі і вялікімі сярэбранымі медалямі Акадэміі мастацтваў. Вельмі шмат ездзіў па Расійскай імперыі. Да 1888 года адносіцца яго карціна «Дубовы гай». Магчыма, не без уплыву Шышкіна Бровара цягнула і ў Белавежскую пушчу. Да 1906-1908 гадоў адносіцца работа мастака над серыяй карцін «Белавежская пушча»… 

А вось і зусім цікавыя мастацкія памяткі…Давайце згадаем…Але ж аб усім па парадку…Паяднанасць Беларусі і Туркменістана выяўляецца ў многіх стасунках. Сяброўству двух – тэрытарыяльна далёкіх адзін ад другога  народаў спрыялі  многія факты чалавечай далучанасці. Ці то беларусаў – да Туркменіі. Ці то – туркменаў да Беларусі. Адзін калі толькі абсяг узяць ‒ удзел туркменаў у вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і тады нашая размова можа падасца калі і не бясконцай, то ўжо дакладна не дужа кароткай. Але ж былі і ранейшыя сустрэчы, ранейшыя адкрыцці, ранейшыя знаёмствы.

Пачынальнік прафесійнага туркменскага выяўленчага мастацтва ‒ Назар Ёмудскі. Дзяцінства правёў ва Украіне, юнацтва – у Пецярбургу і на Каўказе, дзе пазнаёміўся са ссыльнымі дзекабрыстамі. Бацька Назара – Аннамухамед – камандаваў уланскім палком, удзельнічаў у штурме Шыпкі. Мо дзе поруч з ім баранілі братушак-балгар і сыны Беларусі? Ваяваў Аннамухамед Ёмудскі як след, бо стаў поўным георгіеўскім кавалерам. Прадзед Назара – вядомы прагрэсіўны туркменскі дзеяч Кіятбек, які шмат зрабіў дзеля ўмацавання сувязяў Туркменістана і Расіі.

А што ж Назар, дзе яго асабістае месца ў стасунках са славянскім светам..? Кар’ера вайскоўца маладога туркмена не вабіла. У сваіх вандроўках па Расійскай імперыі хлопец цягнуўся да прыгожага, назіраў за наваколлем, марачы пра тое, як занатаваць акаляючы яго асяродак. З такімі думамі і жаданнямі і прыйшоў у Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў. Поруч з ім свае вучнёўскія месцы занялі Валянцін Сяроў, Міхаіл Врубель. Зазірнуўшы ў даведнікі, можна ўзнавіць і гады тае вучобы. У даведнікі з біяграфіямі, зразумела, Сярова, Врубеля. Інфармацыі ж пра Ёмудскага амаль нідзе не знайсці. Валянцін Сяроў вучыўся ў акадэміі ў 1880 – 1885 гадах. Міхаіл Врубель – таксама з вучняў тае пары. З таго часу сапраўднымі настаўнікамі туркменскага мастака сталі Ілля Рэпін, Іван Крамской, Уладзімір Стасаў.

Атрымаўшы адукацыю, Назар Ёмудскі стала жыў у Санкт-Пецярбургу. Маляваў Туркменістан, шмат падарожнічаў. Невядома, хто падказаў Ёмудскаму беларускія адрасы. Але прыблізна напрыканцы 19 стагоддзя  мастак трапляе ў Белавежскую пушчу. Творца адкрывае зачынены для сябе дагэтуль свет. Як некалі пустыня займала ўвесь яго пагляд, прасочвалася ў душу, сэрца, забіраючы частку асобы Ёмудскага ў вечны свой палон, так і Белавежскі лясны край павярнуў да сябе творчае гарэнне мастака.  І нарадзіліся новыя палотнішчы – «Зіма ў Беларусі», «Белавежская пушча». Магчыма, былі і яшчэ «беларускія» працы Ёмудскага. Магчыма, да яго партрэтаў украінцаў, грузін, армян, жыроў сярэдняй паласы Расіі, да партрэтаў туркмен былі яшчэ дадзены і выявы нашых далёкіх прашчураў. Зараз лёс многіх работ Ёмудскага невядомы. Асабліва – тых, якія яшчэ ў дарэвалюцыйны, дакастрычніцкі час паехалі  са сваімі новымі гаспадарамі за мяжу.

Дарэчы, цікава, што, калі напрыканцы жыцця мастак сам патрапіў у Германію, улады паспяшаліся яго як неблаганадзейнага выслаць. І немцы даведаліся, што творчасць і ўся дзейнасць туркменскага майстра носяць характар сацыяльны. Якраз Ёмудскі быў адным з першых ілюстратараў паэмы Мікалая Някрасава «Каму на Русі жыць добра». А якой уладзе прыгнятальнікаў мог бы прыйсціся даспадобы гэты твор?!.

Шукаючы хаця б якія-небудзь звесткі пра Назара Ёмудава, я звярнуўся да народнага пісьменніка Туркменістана Рахіма Махтумавіча Эсенава. Размова была тэлефонная, ды, улічваючы сённяшнія клопаты ў стасунках, у дарагавізне дарог і немагчымасці вандраваць як раней, усё адно прыемная і радасная. З Рахімам Эсенавым мы знаёмы яшчэ з сярэдзіны 1980-х, калі я  таксама жыў у Ашхабадзе. Былі сустрэчы на пісьменніцкіх нарадах, у яго рабочым «офісе». Пісьменнік і сам звязаны з нашым краем. Пра Беларусь – у яго рамане «Легион обреченных», што ў свой час маскоўская «Молодая гвардия» выпусціла ў звышпапулярнай серыі «Стрела». Перапытаўшы, што ж мяне цікавіць, Рахім Махтумавіч заўважыў наступнае:

‒ Шукаць трэба ў архівах расійскіх мастакоў, куды з Беларусі прасцей, магчыма, патрапіць. Усё ж не тая адлегласць, як з Сярэдняй Азіі. Думаю, што варта прагледзець і фонды беларускіх  мастакоў, якія, мяркуючы па гадах, з яўляюцца   равеснікамі Ёмудскага і, магчыма, у пецярбургскім мастацкім свеце сустракаліся з ім. Што ж, улічым і гэтую параду ўніклівага даследчыка. І, можа быць, вядомасць пра беларуска-туркменскі духоўны масток стане большай.   

…Нельга згадкамі пра Шышкіна, Зічы, Бровара, Ёмудскага падсумоўваць размову пра мастацкі летапіс Белавежскай пушчы. У згаданых творцаў былі і наступнікі. Асабліва шмат – сярод беларускіх і польскіх жывапісцаў. Дык мо з часам і альбом такі мастацкі варта выдаць «Белавежская пушча ў творах мастакоў свету»..?

 

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 71 раз