Вторник, 22 05 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Генератар гістарыяграфічных і краязнаўчых ініцыятыў: Віталь Скалабан

У гісторыі кожнай краіны ёсць людзі, якія, магчыма, не адзначаны самымі высокімі званнямі. Яны не сталі акадэмікамі. Не кожны з іх адзначаны і высокімі ўзнагародамі. І тым не меней іх уплывы на фарміраванне грамадскай свядомасці, незалежна ад палітычных перакананняў і іх саміх, і розных сацыяльных груп насельніцтва, якія цікаўныя да зробленага такімі рупліўцамі, надзвычай велізарны.

Такімі стараннымі наватарамі ў захаванні прыярытэтаў грамадскага, нацыянальнага жыцця ў маіх вачах былі і застаюцца літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў (шукальнік літаратурнай памяці мінулых стагоддзяў, чалавек някідкі, ён заклаў падмурак для многіх адкрыццяў), пісьменнік і публіцыст Кастусь Тарасаў (яго кніга “Памяць пра легенды” дадала шмат у свядомасць моладзі 1980-1990-х гадоў), краязнаўца і археолаг, этнограф Генадзь Каханоўскі (і зараз яго кніжачкі пра Маладзечна і Вілейку, пра Максіма Багдановіча і літаратурныя сцежкі Міншчыны бачацца мне светачам для многіх, хто становіцца на шлях радзімазнаўства, спасціжэння беларускай мінуўшчыны, асэнсавання яе ў сённяшнім часе)… Такіх людзей нямала, дзякуй Богу!.. Сярод сучаснікаў – гэта і доктар філалагічных навук культуролаг і публіцыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Адам Мальдзіс… Гэта – і пісьменнік і публіцыст Вітаўт Чаропка, які сумленна нясе сваю няпростую долю папулярызатара беларуксай гісторыі, пачынаючы з самых сівых вякоў.

А зараз я хацеў бы сказаць колькі слоў пра Віталя Уладзіміравіча Скалабана, выпускніка гістарычнага факультэта Ленінградскага дзяржаўнага універсітэта… Успамінаючы архівіста Віталя Уладзіміравіча Скалабана ў дні яго 70-годдзя, канешне ж, першае, пра што пачынаеш думаць: як рана пайшоў з жыцця гэты апантаны збіральнік памятак беларускага жыцця. Не стала яго ў 2011 годзе. Улетку…

З нашым выдавецтвам “Літаратура і мастацтва” (з часам яно перайшло ў выдавецкі дом “Звязда”) яго ядналі многія ідэі. Так, Скалабан перш-наперш успамінаецца праз прызму менавіта ідэй, праз прызму яго ўяўленняў пра магчымыя здзяйсненні. І нават часам, калі нешта не ўдавалася ажыццявіць па аб’ектыўных прычынах, сама ідэя, сама яго задумка набывала фармат дзеі. Часам нешта выглядала нават як жарт. Напрыклад, калі Віталь Уладзіміравіч, не чакаючы ніякіх пастаноў і дырэктыўных рашэнняў, з уласнай ініцыятывы распісваў план да пэўнага знакавага юбілея. І па вялікаму рахунку не так важна, што не ўсё з таго плана атрымлівалася. Ён умеў зварушыць людзей з месца. Мо таму быў сябрам музеяў, архіваў, іншых устаноў…

Хаця, канешне ж, і зробленага за ім, зробленага з яго падказак можна налічыць нямала… Уражваюць абсягі яго асабістых зацікаўленняў, абсягі яго жаданняў і памкненняў. Памятаю, як многа зрабіў ён да 1000-годдзя з дня нараджэння Міколы Каспяровіча, ураджэнца Пухавіцкага раёна. Тады ў Беларусь наведаўся і сын Міколы Іванавіча – 70-гадовы доктар тэхнічных навук Алесь Мікалаевіч Каспяровіч. Яго так і прадстаўлялі – Алесь Мікалаевіч… А не Аляксандр Мікалаевіч. Хаця тады гэта ці не першая паездка сына легендарнага краязнаўцы ў Беларусь. Тады прайшла канферэнцыя ў гонар Міколы Каспяровіча ў архіве-музеі літаратуры і мастацтва. І яшчэ прайшла канферэнцыя ў пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі, імпрэза адбылася і на радзіме Міколы Каспяровіча – у Чырванакастрычніцкай базавай школе (краязнаўца нарадзіўся побач – у вёсцы Ізабалёва).

Сустракаючыся з Віталем Уладзіміравічам у розных рэдакцыях (а знаёмства наша адносіцца да першай сустрэчы ў рэдакцыі гісторыі выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” на самым пачатку 1990-х гадоў), заўсёды дзівіўся яго добраму, светламу настрою. Нават апошнія сустрэчы ў “ЛіМе”, калі ён чарговы раз выйшаў з бальніцы (як і тэлефонныя размовы пасля адпаведных працэдур, прыняцця лекаў, калі яму, пэўна, і гаварыць было цяжка), былі даволі лёгкімі, прыязнымі. І калі ўжо ён сыходзіў з выдавецтва альбо калі тэлефон замаўкаў, думалася пра самае страшнае, пра тое, што і яго забірае смерць. Адлік часу ішоў… А гаварылі мы ўсё адно пра справу, пра новыя публікацыі…

Па-добраму ўражвала сяброўства і супольная праца Віталя Уладзіміравіча з журналісткай і пісьменніцай Людмілай Іванаўнай Рублеўскай, шматгадовым карэспандэнтам газеты “СБ. Беларусь сегодня”. Дзясяткі публікацыі пра розныя перыяды беларускай гісторыі, найболей – пра 1920-1940-ыя гады, пра яркіх асоб беларускага мастацтва, беларускай культуры, беларускай літаратуры, – усё гэта прыцягвала іі прыцягвае ўвагу і зараз. Часткова тыя публікацыі з газеты “СБ. Беларусь сегодня” былі аформлены ў іх сумесную – Рублеўскай і Скалабана – кнігу. Яна пабачыла свет у выдавецтве “Літаратура і Мастацтва” у серыі “Беларусь вчера и сегодня”. І нельга не заўважыць, што даволі хутка разыйшлася, знайшла свайго чытача… Хаця артыкулы перад гэтым і друкаваліся ў самай тыражнай газеце краіны.

Мне пашчасціла быць выдаўцом, хутчэй нават – мне пашчасціла быць сведкам зносін Віталя Уладзіміравіча з выдавецтвам. У “ЛіМе” ішоў “трохтомнік” “Купала і Колас, вы нас гадавалі…”. Размова – пра зборнік дакументаў з розных архіваў, прысвечаных народным песнярам Беларусі – Якубу Коласу і Янку Купалу. Канешне ж, над кнігай, якую спярша меркавалі выдаць адным фаліянтам, працавала каманда з Нацыянальнага архіва Беларусі. Быў у гэтай каманды і дарадца, падказчык самы што ні ёсць аўтарытэтны – член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі літаратуразнаўца доктар філалагічных навук Міхась Іосіфавіч Мушынскі. Можна назваць многія імёны тых, хто спрыяў нараджэнню зборніка. І ўсё ж Віталь Уладзіміравіч Скалабан – галоўны арганізатар і галоўны, лічы, “аўтар” (архівісты – канешне, укладаюць, упарадкоўваюць, яны дакументы не перапісваюць, не перарабляюць згодна свайму, калі хочаце, мастацкаму мышленню) не толькі навуковага, але і творчага праекта адкрыцця купалаўскіх і коласаўскіх дакументаў.

Роля такога генератара, такога арганізатара заўсёды шмат значыць. Віталь Скалабан змог паяднаць дзеля вырашэння адной супольнай задачы многіх людзей – архівістаў, музейшчыкаў, бібліёграфаў. Не толькі з Беларусі, але і з Расіі. Нарадзілася кніга, якой будуць карыстацца ва ўсе часіны, пакуль будуць помніць народных песняроў Беларусі Купалу і Коласа, пакуль будзе жыць і квітнець беларускае слова. У гэтага “трохтомніка” была ў прынцыпе процьма шанцаў не выйсці ў свет альбо выйсці шмат пазней. Ці выйсці дастаткова абмежаваным тыражом. Што ўвогуле зрабіла б актуальную па розных прычынах кнігу малавядомым выданнем. Па-першае, адпужваў аб’ём (спярша была ідэя выдаць увесь архіўна-даументальны збор адной кнігай, пад адной вокладкай). Па-другое, нават, калі ўжо пабачыла свет першая кніга, працягу работы заміналі сумненні пра распаўсюджванне спецыфічнага, далёка не масавага выдання. Гэта стане чытачом кнігі дакументаў? Тыраж у 1000 экзэмпляраў для томіка архіўных матэрыялаў – справа рызыкоўная.

Але і з распаўсюджваннем атрымалася, усё склалася даволі добра. Хаця і не было гэта такой простай справай. І болей як тысячу старонак – дзве велізарных скалабанаўскіх папкі – расклалі на дзве кнігі, а пасля і другую кнігу падзялілі яшчэ на дзве часткі. У выніку атрымалася трохкніжжа, бо другая кніга складалася з дзвюх частак. Адным словам, выданне “Купала і Колас, вы нас гадавалі…” здзейснілася. Было шмат згадак у друку. Было шмат рэцэнзій. Дарэчы, Віталь Уладзіміравіч Скалабан паяднаў у рабоце над кнігай і архівістаў і бібліёграфаў. Акрамя таго, аб’яднаў даслдечыкаў Беларусі і Расіі, што таксама істотна паўплывала на грунтоўны, найболей поўны характар сабранага матэрыялу.

Апошняя прэзентацыя (ужо пасля поўнага завяршэння праекта) праходзіла ў Нацыянальным архіве Беларусі. Без Віталя Уладзіміравіча, які на той час ужо пакінуў гэты свет… Зразумела, ці не ўсе выступоўцы згадвалі Віталя Уладзіміравіча. І тады, і зараз думалася і думаецца пра вартасць высокай адзнакі гэтай працы. Не позна, мяркую, гэта зрабіць і зараз… Канешне, звычайна пра прэміі і ўзнагароды жывыя рупяцца дзеля жывых. Але ў знак памяці пра выдатнага архівіста, унікальнага беларусіста, сумленнага гісторыка трэба было б змяніць традыцыю.

Згадаўшы фактычна адзін толькі “эпізод” шматаблічнага жыцця Віталя Уладзіміравіча, ведаю, што такіх спраў за ім лічыцца далёка не адна. Неяк на аўтобусным прыпынку ён сказаў пра расхрыстанасць, пра тое, што раскідаў сябе па розных клопатах. Гэта прагучала ў звязку з навуковымі здабыткамі ці адзнакамі – маўляў, магла б даўно быць напісанай доктарская… І было ў той кароткай размове крыху і нечага роспачнага. Але, аглядаючыся зараз на пражытае і зробленае Скалабанам, я думаю, што ўсё ў яго жыцці атрымалася як трэба.

Так, і доктарская дысертацыя, і манаграфіі па тых перыядах беларускай гісторыі, якія цікавілі яго найперш, – усё гэта магло б, зразумела, адбыцца і,   відаць, было б не лішнім. Не толькі асабіста для Віталя Уладзіміравіча, але і ўвогуле для беларускай гістарычнай навукі. Але ён адбыўся ў іншым. Праз розныя практычныя здзяйсненні – публікацыю дакументаў, выступленні ў перыядычным друку, праз дакументальныя фільмы і тэлевізійныя перадачы, а яшчэ праз шматгадовае супрацоўніцтва з газетай “СБ. Беларусь сегодня”, праз многія і многія выступленні на канферэнцыях, чытаннях, праз тысячы падказак і аргументаваных кансультацый для іншых – ён зрабіў неверагодна шмат. Зрабіў дзеля вяртання сапраўднай беларускай гісторыі. Такім ужо склаўся яго лёс. Шчаслівы лёс сумленнага навукоўца, сумленнага гісторыка нашай Айчыны.

Відавочна, сёння, праз некалькі гадоў пасля смерці Віталя Уладзіміравіча Скалабана, мала – адно толькі ўспомніць яго і яго здабыткі. Добра было б выдаць хаця б яшчэ адну кнігу – кнігу з многіх яго газетных і часопісных публікацый. Мяркую, напамін такога характару, сённяшні зварот да ранейшых гісторыка-краязнаўчых пошукаў Віталя Скалабана справакаваў бы развіццё, шырэйшае вывучэнне пачатых ім некалі тых ці іншых тэматычных абсягаў. Несумненна, гэта будзе толькі на карысць.

Алесь Карлюкевіч

Фота: nn.by

Прочитано 238 раз Последнее изменение Пятница, 04 Август 2017 10:23
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии