Вторник, 21 08 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Шчырае сяброўства: Алесь Бачыла і Зоська Верас

Гэтых двух людзей, якія пакінулі свой адметны след у гісторыі беларускай літаратуры, беларускай культуры ўвогуле, асабліва і прадстаўляць не трэба. За Алеся Бачылу гавораць многія яго выдатныя вершы. Найперш – “Радзіма мая дарагая…”. Зоська Верас – цэлая эпоха: пражыла амаль сто гадоў, была знаёмая з Максімам Багдановічам, Змітраком Бядулем, Язэпам Лёсікам, Антонам Луцкевічам, Сымонам Рак-Міхайлоўскім…Пакінула ўспаміны пра многія акалічнасці беларускага жыцця ў Вільні. Сабраўшы цікавыя архівы самых розных матэрыялаў, шмат каму з гісторыкаў, краязнаўцаў, музейшчыкаў дапамагла ва ўзнаўленні гістарычнай памяці.

Так і Алесь Бачыла звярнуўся да Зоські Верас, збіраючы матэрыялы для кнігі пра Максіма Багдановіча…

Сталага веку беларуская пісьменніца жыла ў ваколіцы Вільнюса. Сюды і прыязджаў да яе наш зямляк – паэт, перакладчык, літаратуразнаўца Алесь Мікалаевіч Бачыла. Сведчанні тых сустрэч – у эпісталярнай спадчыне Зоські Верас, да якой зараз і звернемся…

28 верасня 1984 года З. Верас піша Алесю Белакозу – настаўніку-краязнаўцу: “У мяне часта набіраецца якой кніжкі па 2-3 экзэмпляры. Што лішняе – магу аддаць. Ці маеце, напрыклад, “Сцежкамі Максіма” А. Бачылы?..” Алесь Бачыла на той час ужо пайшоў з жыцця. У тым самым 1984 годзе З. Верас у лісце да гродзенскай паэтэсы Дануты Бічэль-Загнетавай піша: “Новыя кніжкі – “Дарогамі Максіма” А. Бачылы (новае выданне), “Творы” У. Галубка, хіба маеце?”. А яшчэ раней – 14 студзеня 1984 года – той самай Дануце Бічэль-Загнетавай: “Пасля смерці с.п. Алеся Бачылы пачала пісаць мне яго жонка…” Размова – пра Яўгенію Яфрэмаўну. І мне давялося з ёю перапісвацца, калі збіраў памяткі пра Алеся Мікалаевіча Бачылу…

Яшчэ раней – у студзені 1983 года – Зоська Верас піша паэтцы Ларысе Геніюш, якая на той час жыла ў Зэльве: “Цяпер не магу пагадзіцца з тым, што ўжо няма Алеся Бачылы. Столькі гадоў знаёмства, перапіски! Цяпер толькі даведалася, што ён узяў на сябе рэдагаванне майго зборніка, які выходзіць у выдавецтве “Юнацтва”. Гэта зборнік маіх публікацый, што былі параскіданыя па розных часопісах…“.

10 студзеня 1983 года Зоська Верас расказвае гродзенскаму літаратуразнаўцу Аляксею Пяткевічу пра сустрэчу з паэтам Уладзімірам Скарынкіным: “… рада была б гасцям, калі не прывязлі такую цяжкую, страшную вестку: памёр ад інфаркту Алесь Бачыла. Мяне як абухом па галаве дало. Перад самым Новым годам атрымала ад яго ліст. Як заўсёды, пісаў аб тым, чым займаецца, што піша, якія мае планы надалей…”

Тое, што Алесь Мікалаевіч Бачыла быў ініцыятарам выдання кнігі Зоські Верас, вынікае і з папярэдніх лістоў. Вось што расказвае пісьменніца ў лісце Адаму Мальдзісу 25 лістапада 1981 года: “Падобна, праект, каб надрукаваць усе мае публікацыі, выйшаў ад А. Бачылы”. І далей: Як я даведалася, што Новік ужо аднёс яму тое з маіх работ, што меў у сябе, я зараз жа напісала. Прасіла: Алесь Мікалаевіч, кіньце вы гэта і не думайце аб нейкім друку. Гэта справа безнадзейная і мне, да шчасця, непатрэбная. Адказу не атрымала ніякага…”

На вялікі жаль, у зборнік эпісталярыі Зоські Верас “Я помню ўсё” не ўвайшлі яе лісты, адрасаваныя Алесю Мікалаевічу Бачылу. Магчыма, іх няма і ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Але ж частка архіва паэта А. Бачылы захоўваецца ў Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі. Знаёмства з перапіскай З. Верас з аўтарам кнігі “Дарогамі Максіма” магло б праліць святло на многія акалічнасці не толькі адносна працы пісьменніка над гэтай адметнай і ў 1970-1980-ыя гг. вельмі своечасовай і запатрабаванай кнігі, але і на творчы і жыццёвы лёс самога Алеся Бачылы.

                                  

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 626 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии