Воскресенье, 23 09 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Уладзімір Цвірка. Сталовічы

  • Вторник, 08 Май 2018 11:26
  • Автор  Сугучча

Зусім непадалёк, на абшары ваколіцы, дыхае вялікі шматпавярховы горад. Але ў гэтай вёсцы ён зусім не адчуваецца. Тут подых іншага жыцця: разважлівага, нетаропкага, калі хочаце — памяркоўнага. Здаецца, што людзі рухаюцца неяк павольна, не спяшаючыся, як быццам ужо зранку спланавалі і расклалі дзень па хвілінах. І, ведаеце, нечакана для сябе адчуў, што мой бег, мая мітусня непрыкметна зніклі, можа, нават засталіся ў тым вялікім горадзе, з якога толькі што прыехаў сюды.

І такі стан адразу спадабаўся. І адчуў я сябе нават неяк вальней і прывольней, як быццам заехаў да старога добрага знаёмага. Пайшоў па вуліцы, прыпыняючыся і вітаючыся з усімі, каго сустракаў з мясцовых жыхароў, дасюль зусім незнаёмымі. А яны ў адказ трошкі ўсміхаліся, ківалі, непрыкметна нахіляючыся ў мой бок. Калі ж запытаўся, дзе можна паглядзець той ці іншы старадаўні будынак, здавалася, што суразмоўца забываўся нават пра свае справы. Бо да яго звярнуліся з пытаннем, з просьбай! Ён можа нечым дапамагчы гэтаму гарадскому небараку, які нічога ў ягонай мясцовасці не ведае, ну, проста як сляпое кацяня! І цябе бяруць за руку і вядуць у патрэбным напрамку, непасрэдна да таго месца, пра якое толькі што пытаў. Вось, глядзі, госць паважаны, якія цуды тут у нас захаваліся! І абавязкова яшчэ нешта распавядзе твой праваднік. І высветліцца, што гэта інфармацыя перадаецца толькі табе і больш нікому. Можа, суразмоўца нават панізіць голас, абернецца туды-сюды, каб не падслухаў хто...

Гэта наша правінцыя, нашы мілыя вёсачкі і іх жыхары — шчырыя, прыветлівыя, гатовыя кінуць усё і дапамагчы. Гэта ў нашых генах. І засталося ад продкаў. На душы становіцца цяплей і ўтульней.

Але ж асноўная мэта, дзеля якой я сюды завітаў, — паглядзець адзіны ў Беларусі храм рыцараў Мальтыйскага ордэна. Болей на абшарах нашай радзімы шукаць — не знайсці.

Так! Менавіта тут, у Сталовічах Баранавіцкага раёна, захаваўся такі архітэктурны помнік. Яго, праўда, трохі перабудоўвалі. Але ўсё па парадку. У самым пачатку XVII стагоддзя, а дакладней у 1610 годзе, на гэтым месцы, дзе цяпер уздымаецца мураваны храм, на грошы князя М. Радзівіла быў пабудаваны драўляны касцёл Святой Марыі і Іаана Хрысціцеля, які прызначаўся для рыцараў Мальтыйскага ордэна. Менавіта для гэтага храма з Італіі прывезлі скульптуру Маці Божай. Побач у 1639 годзе будуецца цагляная Ларэтанская капліца. Над праектам спачатку працаваў італьянскі архітэктар І. Фантана, а пасля яго смерці завяршыў будоўлю І. Г. Глаўбіц.

 Узводзіўся касцёл Іаана Хрысціцеля з 1740 па 1746 гады на сродкі ўладальніка мястэчка Сталовічы, прадстаўніка шляхецкага роду М. Дамброўскага, які насіў высокі тытул камандора рыцарскага Мальтыйскага ордэна. Першапачаткова будынак касцёла меў адметныя рысы архітэктуры віленскага барока. Паводле старых здымкаў і малюнкаў, пасля паўстання пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага ў 1863 годзе касцёл перадалі праваслаўным, а над яго вежамі і малітоўнай залай узняліся купалы. Сёння тых купалоў над будынкам касцёла няма, але над яго вежамі высяцца праваслаўныя крыжы. Асвечана царква ў гонар Святога Аляксандра Неўскага. Храм працуе і па сёння.

Зусім побач з гэтай святыняй мы ўбачым мемарыяльны камень з шыльдай, на якой пазначана дата бітвы (12. ІХ. 1771 г.) паміж канфедэратамі гетмана М. Агінскага і войскамі А. Суворава. А 5 жніўня 1772 года Расія, Прусія і Аўстрыя ажыццявілі Першы падзел Рэчы Паспалітай.

Цікава ўбачыць і дзеючы касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса, пабудаваны ў Сталовічах у стылі неаготыкі ў 1907 годзе на сродкі вернікаў.

Гэты куточак Брэстчыны багаты архітэктурнымі помнікамі і мясцінамі, звязанымі з жыццём і дзейнасцю нашых знакамітых землякоў. Вось і помнік у Сталовічах, як белы карабель, нібы плыве па зялёных хвалях наваколля з далёкага мінулага. З надзеяй і верай у нас, хто пакрысе ўспамінае сваю спадчыну.

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 73 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии