Пятница, 25 05 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

З краязнаўчых вандровак. Угалец

Гэтыя радкі – фрагмент з маіх шматгадовых назіранняў за Пухавіччынай, яе паселішчамі і краявідамі. Размова – пра вёску Угалец…

  

«Угалец, вёска ў Турынскім селъсавеце, за 15 км на паўночны усход ад раённага цэнтра і ад чыгуначнай станцыі Пухавічы на лініі Мінск—Асіповічы. У ХІХ — пачатку ХХ ст. у Пухавіцкай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні, уласнасць Ратынскіх. Паводле перапісу 1897 г., 69 двароў, 458 жыхароў, працаваў хлебазапасны магазін. На пачтку ХХ ст. 77 двароў, 502 жыхары. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі на базе вучылішча адкрыта працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1922 г. вучыліся 70 хлопчыкаў і дзяўчынак, працавалі 2 настаўнікі. У 1930-х гг. створаны калгас “Чырвоны сцяг”, дзейнічала кузня. З канца чэрвеня 1941 г. да 2.07.1944г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У наваколлі дзейнічалі партызанскія брыгады “Полымя” і 1-я Мінская, ІІухавіцкі падпольны райком КП(б)Б. Вызвалены 46-м стралковым корпусам 3-й арміі 1-га Беларускага фронту. На 1.01.2002 г. 48 двароў, 72 жыхары».

(З гісторыка-дакументальнай хронікі Пухавіцкага раёна «Памяць».)

Не аднойчы бываючы ў далёкім ад вялікіх дарог Угальцы, ніколі і не думаў, што ўся — ад першай і да апошняй хаты — вёска ў Вялікую Айчынную вайну была спалена. Не думаў таму, што, як і ў кожнай вёсцы, бачыў тут тыя ж старыя, падфарбаваныя часам у шэрань, хаты, і здавалася, што век іх — стагоддзе, не меней... Ды вось сустрэліся на гарэлецкай вуліцы з жанчынамі сталага веку. Слова за словам — і галоўная тэма для вясенняй, майскай, чэрвеньскай, ліпеньскай размовы ў любой беларускай вёсцы: пра вайну загаварылі...

Узгадалі жанчыны і пра тое, што спаленая (і не аднойчы!) у вайну вёска аднаўленне сваё спаткала ажно ў сярэдзіне 1950-х...

— Толькі ў 1956-м годзе вылезлі з зямлянак...

Я нават здзіўленне сваё выказаў — няўжо ў 1956-м, праз 12 гадоў пасля вызвалення...

— Ды хіба ж я не помню, у 1956-м, — пацвердзіла жанчына.

А далей — болей, расповед пра лагер, у які субяседніца наша патрапіла напрыканцы вайны. У Германію не адправілі. Працавала ў Татарцы, ля Бабруйска.

— Везлі нас туды ў «данцынгах»...

Аказваецца, што гэта так вагоны з арыштантамі называлі — «данцынгі». У нас — «сталыпіны»... У іх — «данцынгі»... У кожнага — свае этымалагічныя «каштоўнасці»... З вызваленнем вязні працоўнага лагера вярнуліся ў вёску.

Вярнуліся, каб даведацца, што шмат каго з іх блізкіх, родных ужо няма сярод жывых. Апошняя блакада забрала многіх. А параўнальна недалёка ад Угальца — партызанскія могілкі. Гэта зараз іх называюць Баруслава. Раней, спярша — «юрчанкаўская лінія». Такая назва — у гонар камандзіра партызанскага атрада Фёдара Піліпавіча Юрчанкі.

— Юрчанкаўцы — самыя героі, — пераканаўча гавораць угалецкія жанчыны, дзеці вайны.

Юрчанка загінуў у лютым 1943 года. Атрад назвалі яго імем. А людзі і дасёння памятаюць, гавораць пра Юрчанку як пра самага знакамітага партызанскага героя. Парадоксы... У музеях, здараецца, ушаноўваюць адных, а з пакалення ў пакаленне перадаюць імёны другіх.

З угалецкіх старажылаў — Аляксандр Аляксандравіч Сушко. Восемдзесят шосты год ішоў на час нашай размовы настаўніку-пенсіянеру (у 1940-м годзе закончыў Слуцкае педвучылішча, да вайны працаваў у Старадарожскім раёне). Вучыў дзетак не толькі на Міншчыне, але і на Берасцейшчыне — у Лунінецкім раёне. У Гарэльцы жыве з 1970-га... Хаця, нарадзіўся Аляксандр Аляксандравіч непадалёку — на Асіповіччыне ў мястэчку Ліпень, перайменавана паселішча ў гонар вызвалення ад польскіх інтэрвентаў — 3 ліпеня 1920 года, і Ліпень-Халуі — з паселішчаў, каго не абмінула фашысцкае полымя.

 — ... Лічу, што пры ўсіх перыпетыях жыцця мне ўсё ж пашчасціла... Бацьку рэпрэсіравалі, а я застаўся за гаспадара… — расказвае Аляксандр Аляксандравіч, — дзве меншых сястры — 1922 і 1929 гадоў нараджэння...

Што да бацькі, то так — Аляксандра Іосіфавіча Сушко, 1883 года нараджэння, ураджэнца вёскі Ліпень, як сведчыць гісторыка-дакументальная хроніка Асіповіцкага раёна «Памяць», рэпрэсіравалі 19 лістапада 1937 года. Працаваў на будаўніцтве яшчэ аднаго чарговага водаканала недзе ля Рыбінска. Там і загінуў. Праз 50 з нечым гадоў пасля арышту рэабіліціравалі — 16 студзеня 1989 года. Зараз у ваколіцах Рыбінска створана некалькі мемарыялаў у знак памяці рэпрэсіраваных. Мо дзе выбіта і імя простага селяніна Аляксандра Іосіфавіча Сушко?..

— А за што, спытайцеся?! — гаворыць далей Аляксандр Аляксандравіч. — За што забралі?! За тое, што быў сынам батрака. За тое, што быў старшынёю камітэта беднаты. За тое, што дзяліў панскія і царкоўныя землі. За тое, што даў жыццё пасёлку Крынічкі... Знайшліся ж «удзячныя» людзі. Адзін раз узялі. Патрымалі. Выпусцілі! Праз паўтара гады зноў арыштавалі. Далі дзесяць гадоў... Як бы цяжка не было, а хацелася з-пад гнёту ўсяго дрэннага вырвацца. Прыкладам служылі маміны браты. Усе — настаўнікі Бродскія. Асабліва вылучаўся сярод іх Іосіф Бродскі.

— Прыгожае прозвішча, Аляксандр Аляксандравіч... Здаецца, зусім не беларускае...

— Антэк Бродскі, дзед па маці, - паляк. Але ж колькі ўсіхняй крыві ў беларусах!.. Мы ж — у цэнтры шляхоў-дарог!..

З 1944 года Аляксандр Аляксандравіч Сушко — у Чырвонай Арміі, на фронце. У пяхоце. Прапоўз-прайшоў сотні баявых кіламетраў. Два разы паранены. Кантужаны. Пад самы канец вайны прысыпаны зямлёю ў акопе-ячэйцы. За ратную службу, за салдацкую працу — і салдацкія ўзнагароды: медалі «За адвагу», «За баявыя заслугі»... Нядаўна да гэтых медалёў і іншых адзнак дадаўся і медаль Жукава. Адзначылі ім па справядлівасці — ваяваў салдат Сушко на 1-м Беларускім, Жукаўскім, фронце.

I заўсёды гэта памятае салдат Вялікай Айчыннай. А як дарагую рэліквію трымае ў сябе дома кнігу Анатоля Сульянава «Маршал Жукаў», якую вядомы пісьменнік і генерал падарыў асабіста салдату Аляксандру Аляксандравічу Сушко.

Пашчасціла ўсё ж Аляксандру Аляксандравічу... Адмераўшы няпростае жыццё, прайшоў франтавымі дарогамі, ён выхаваў трох сыноў — Лявонція, Аляксандра і Яўгена (усе трое разам са сваімі сем’ямі да нядаўняга часу жылі у Мар’інай Горцы, былі заўсёды частымі гасцямі ў бацькі ў вёсцы Угалец).

Шмат хто з угалецкіх з вайны не вярнуўся. Загінулі ў партызанах Павел Лук’янавіч Кляўко, Васіль Мікітавіч Шынкарык, Іван Андрэевіч Савіч, Аляксей Іванавіч Кляўко, Іван Цімафеевіч Епімашка, Уладзімір Апанасавіч Вераскоўскі. Міхаіл Апанасавіч Beраскоўскі, Іосіф Дзям’янавіч Карнейчык, Уладзімір Іосіфавіч Карнейчык, Мікалай Васільевіч Карнейчык, Мікалай Іванавіч Кляўко... Ва Угальцы на час маёй вандроўкі яшчэ жылі ветэраны вайны. Іх было і тады няшмат: Іван Лявонцьевіч Карэлы (партызан, франтавік, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі), партызан Іван Карнейчык, партызан Іван Атрашэўскі, партызанка Соня Савіч... Лічаныя, як кажуць, людзі. Час нікога не шкадуе. А зараз, пэўна, і зусім нікога ўжо з франтавікоў, партызан ва Угальцы ўжо няма…

Ва Угальцы яшчэ ў свой час на будынку школы (яе ўжо таксама няма, зачынілі, як і добры тузін пачатковых школ раёна: каму ж тут у іх хадзіць?! А да вайны, кажуць, ва Угальцы нават сямігодка была) месцілася мемарыяльная дошка як сведчанне таго, што ў вёсцы базіраваўся Пухавіцкі падпольны райкам КП(б)Б. Пазней дошку перанеслі на адзін з дамоў. А яшчэ пазней нехта яе ўкраў. Звычайнае ўсебеларускае стаўленне да гістарычнай памяці. Вандалізм не толькі матэрыяльны, але і духоўны.

На выездзе з Угальца вока чапляецца за доўгую, «шматвокую» хату. Паспяваем яшчэ распытаць, чыя сядзіба... Даўнейшыя, аказваецца, яе гаспадары — Ашэйчыкі. Ашэйчык Мікалай Захаравіч доўгі час быў генеральным дырэктарам «Салігорскпрамбуда». Ён, заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь, кавалер двух ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэна Пашаны, ордэна Айчыны III ступені, медаля «За працоўныя заслугі», ганаровы грамадзянін горада Салігорска, — з гэтых Ашэйчыкаў, адзін з трох сыноў Захара Ашэйчыка, каму некалі належала гэтая доўгая прасторная хата.

...Дарога да Мар’інай Горкі з Угальца можа складацца з розных маршрутаў. Туды мы дабіраліся, мінаючы Турын. Назад ехалі праз Светлы Бор. Пасля — праз Пухавічы і Блонь. Не так ужо і далёка. Ва Угалец ходзіць тры разы на тыдзень аўтобус — у сераду, пятніцу і нядзелю. Раніцай і вечарам. Пагадзіцеся, выключны камфорт па сённяшнім часе. У аўталаўцы патрэбы няма. Тут ёсць райспажыўсаюзаўская крама. Яе, праўда, аднойчы абрабавалі. Ды спадзяёмся, гэта болей не паўторыцца, а злодзеі надалей будуць абмінаць Угалец... А што да дарогі, то ёю думалася пра многія і многія таямніцы такіх паселішчаў, як Угалец. Шкада, што тут мала моладзі, што рэдка чуваць у гэтых вёсках галасы школьнікаў. Старым людзям так хочацца пагаварыць, выказацца пра свой няпросты шлях, пра той век, у якім многае з перажытага, выпакутаванага імі так назаўсёды і застанецца. Ніводная папера, ніводнае кінематаграфічнае дзіва не здолее гэта перадаць. А што сённяшні век? Ён будзе лягчэйшым, меншым на пакуты альбо такім жа няпростым... Хаця, няпросты ён ужо і зараз. I даўно ўжо паэт, адчуваючы многія бядоты-згрызоты часу, задаўся пытаннем, задаўся клопатам: «Я не знаю, что надо творить для спасения века...» Што трэба сапраўды зрабіць, каб сённяшні час не аказаўся падобным на папярэдні, на той учарашні «век-волкодав»?.. І хто на гэта пытанне здолее адказаць..?

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Угалец: зімовыя краявіды. Фота з foto-planeta.com

Прочитано 528 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии