Вторник, 24 10 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

У Парэчча, да Іванова..: З краязнаўчых вандровак па Пухавіччыне

Вялікі снег спаў, адыйшоў у зямлю. Учора была не зіма, а, лічы, шэрая восень. Праўда, восень снежаньская... так і ёсць. Раніцою, пакуль ехаў у электрычцы, зноў пачало паціху сыпаць з неба сняжынкамі. I, выйшаўшы на станцыі Пухавічы (зразумела, у горадзе Map’іна Горка — пухавіцкім райцэнтры), шукаю вачыма на прывакзальнай плошчы аўтамабіль Сяргея Мікалаевіча Сяргеева. Баюся, што мо надвор’е перашкодзіць нашай задуме, перапыніць у жаданні патрапіць у Парэчча.

А мне без Сяргеева ніяк... Ён жа не проста кіроўца. Ды і нават не проста экскурсавод. Сяргей Мікалаевіч больш як 40 гадоў назад працаваў тут, у Парэччы, дырэктарам школы... Углядаюся: і машына стаіць, і Сяргееў поруч топчацца.

Да Парэчча — амаль 30 кіламетраў. Часу для размовы хапае. Сяргееў згадвае 1959 год:

  — Працаваў у Мар’інай Горцы першым сакратаром райкама камсамола. Тады сярод іншых пачынаў быў і такі — гаганаўскі. Вось і я напісаў заяву (завочна вучыўся на геафаку Белдзяржуніверсітэта) з просьбай накіраваць мяне ў самую адсталую школу раёна. Першы сакратар райкамa партыі Абражэвіч угаворвае: «Пацярпі да кастрычніка. Забяром у апарат райкама...» Ад свайго не адступаю. Накіроўваюць дырэктарам у Парэчча. Еду на агледзіны. 120 дзяцей — у Парэччы і ваколіцах. Палова з гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак сядзяць дома. Фактычна школы няма. Стаіць звычайная хата. Фанерная перагародка дзеліць яе на два класных пакоі. Яшчэ адзін клас займаецца ў калгасным клубе... Сустракаюся праз некаторы час з брыгадзірам калгаснай будаўнічай брыгады Рыгорам Сойка. Паказваю чарцёж, пытаюся, ці змогуць дапамагчы. З калгаснымі будаўнікамі — поўнае паразуменне. Зноў — у райкам. Патрэбны ж грошы... на шчасце, усе клопат зразумелі. I праз год у Парэччы была самая сапраўдная школа...

А зараз у Парэччы школы няма. Будынак, праўда, яшчэ стаіць. Ды, мусіць, і яго век ужо нядоўгі.

Мінаем Сінчу. Праязджаем праз Омельна. З шашы збочваем на гравейку. Дарогі, праўда, зараз шматкрат лепшыя, чым тады — у 1950-я, 1960-я... А вось вёскі ўжо не тыя, не такія гаманлівыя, не шматгалосыя. Пераязджаем мост праз Пціч. Здаецца, тут яна ці не самая шырокая. На крайні выпадак на Пухавіччыне дык дакладна самая шырокая... I невыразнай зімою Парэчча ўражвае сваёй прыгажосцю, прастораю. Спыняемся ля веснічак у двор Міхаіла Сідаравіча Іванова.

— Мой старэйшы калега па рабоце ў Парэцкай васьмігодцы, — удакладняе Сяргееў.

Ведаючы, што Сяргею Мікалаевічу ідзе ўжо восьмы дзясятак, мяркую, гадаю, колькі ж Іванову... У першым пакоі хаты нас сустракае невысокага росту жвавенькі дзядок. Высвятляецца, што Міхалу Сідаравічу нядаўна споўнілася 90... Франтавік, настаўнік, партызан, пчаляр і рыбак. Словам, руплівы сельскі жыхар, на чый лёс выпала нямала жыццёвых выпрабаванняў. Як і на лёс пакалення, між іншым. Ужо даўно памерла жонка Іванова. Няма сярод жывых і двух яго сыноў, пра што Міхаіл Сідаравіч гаворыць з вялікай скрухай. Але ж трэба жыць, калі наканавана Богам. Вось і жыве парэцкі настаўнік, аглядае вёску, часам улетку ідзе на Пціч. Скардзіцца стары на тое, што электравудамі людзі-драпежнікі ўсю рыбу павыбівалі.

...У гэтыя мясціны Іваноў прыехаў яшчэ да вайны. Спярша ў вёсачку, што паблізу, — у Выемку. Загадчыкам пачатковай школы. Быў на той час асобны калгас — «Бальшавік». Маладога настаўніка абралі сакратаром камсамольскай арганізацыі. Моладзі было, згадвае Іваноў, не злічыць.

— А Парэчча дык не іначай, як Кітаем і называлі, — расказвае ветэран.

Тут, на пцічанскім раздоллі, сустрэў Міхаіл вайну. Была ўжо ў Іванова сям’я. Жонка Галя. Адзін за другім нарадзіліся хлапчукі. Паглядзеўшы на фашысцкія здзекі — дабраліся яны і да лясных, за балотамі схаваных вёсак і вёсачак. У партызанах (а патрапіў выемскі настаўнік у 3-ю Мінскую) накіравалі Іванова ў гаспадарчы ўзвод. Прызначылі шаўцом, замест кулямёта выдалі «Зінгер» (дзіва дзіўнае: тая самая партызанская машына і зараз працуе, стаіць «Зінгер» у хаце Іванова ў Парэччы). Час ад часу Міхаіл наведваўся дахаты. Аднойчы прыходзіць, а ў вёсцы, па хатах — чужыя дзеці. Яўрэйскія.

Гэта партызаны пад выглядам, што вязуць на аўтамабілі некуды на работы, выкралі з мінскага гета групу яўрэйскіх дзяцей. Вадзіцель толькі ў Парэччы і зразумеў, у якую западню патрапіў. Паспрабаваў уцячы. Партызаны немца застрэлілі. Дзяцей размеркавалі па хатах. Двое дзяўчынак узялася даглядаць і жонка Іванова. А яшчэ адно дзіця патрапіла ў хату да жончынай цёткі — Улляніхі. У Парэччы, Выемцы беларусы сталі для яўрэйскіх хлопчыкаў і дзяўчынак самымі роднымі і блізкімі людзьмі. Выратавальнікамі. Нездарма праз дзесяцігоддзі, стаўшы дарослымі, тыя дзеці паставяць у Парэччы помнік беларускім сялянам. Помнік праведнікам міра. Нездарма і зараз ідуць да Міхаіла Сідаравіча лісты з Ізраіля. Вось павіншавалі з 90-годдзем Сямён і Валя Рухаўцы.

...А Міхаіл Сідаравіч расказвае яшчэ адну эпапею выратавання. Да мая 1944 года некаторых з дзяцей з гета ўдалося на самалёце пераправіць за лінію фронта. За сваіх хаця і баяліся, ды ўсіх жа дзе схаваеш?!.

— У маі 1944 года пачалася самая, мусіць, жорсткая блакада, — згадвае Іваноў. — Камандаванне нашай брыгады, ды, відаць, і астатніх партызанскіх злучэнняў таксама, прыняло рашэнне распусціць сямейныя лагеры, гаспадарчыя падраздзяленні. А баявыя роты, падзяліўшыся на дробныя групы, пачалі прарывацца з варожага акружэння. Нас з жонкай і адным хлопцам фашысты загналі ў самае балота за які кіламетр ці паўтара ад Выемкі. На лясным востраве хаваліся ў зямлянцы. З усіх бакоў — балота. З аднаго — дык і ўвогуле багна. Разам з намі — чалавек дваццаць вяскоўцаў. Чуем: стрэлы, гамана, плачы. Куды ісці далей — не ведаем. Старэйшыя і кажуць мне: «Ты ж маладзейшы, партызан, схадзі разведай што-небудзь, невядома ж што рабіць...» Трохі адыйшоў. Залез на высачэзнае дрэва. Углядаюся. У Ямным чалавек мо 100 злавілі немцы, гоняць натоўпам. Выемка, Дубовае полымем гараць. Дубовае дык усё чырвань з дымам ліжуць. У Выемцы — асобныя хаты. І немцы вялікім атрадам пешшу ідуць з Ямнага на Выемку. Атрымліваецца, і на нас... Вёску, відаць, абыходзяць — і да лесу...

Саскочыўшы з дрэва, Міхаіл бягом вяртаецца да зямлянкі. У двух словах расказаў усё людзям, ды і гаворыць напрыканцы, што трэба глыбей у балота хавацца. Жонка, не першы раз блукаючы ва ўцёках, папрасіла пачакаць: трэба, маўляў, дзіця перапавіць. I хуценька шуснула разам з сынам у зямлянку. Астатнія і клункі свае яшчэ не ўхапілі, як падыйшла з вёскі цётка Раманіха. Яна ўжо ў дэталях ды са слязьмі пачала пераказваць, што робіцца па-за лесам. Людзі хвілін на 15 і затрымаліся. А чвэрці гадзіны якраз і хапіла, каб да ўзгорачка дабраліся немцы. Спярша — адзін. Праз лічаныя секунды — яшчэ двое. Следам — астатнія. Міхаіл стаяў за зямлянкай. Зброі не было. Ды куды кідацца на цэлую зграю. Сабака — вецер быў у другі бок — хованца не пачуў. Міхаіл споўз на зямлю і, гледзячы на немцаў, задам адпоўз у самую багну. Галю з дзіцем з зямлянкі выцягнулі і далучылі да ўсіх.

Людзей сагналі ў Парэчча. У царкву, што месцілася на самай вясковай узвышанасці. Ва ўсе гады ліхалецця службу тут правіў святар Слабадуха. Чалавек мужны і самаахвярны, ён прыйшоў да немцаў прасіць за людзей. Ды аказалася, што дарэмна. Выштурхалі святара. Ведалі б фашысты, што ён даўно дапамагае партызанам... У «калінінцаў», згадвае Міхаіл Сідаравіч, нават атрадны сцяг быў пашыты з чырвонага царкоўнага абруса.

Мост з Парэчча на Омельна быў разбураны. Людзей перагналі праз кладкі. Многіх запіхнулі ў «душагубкі». Другіх прымусілі запрэгчы коней альбо саміх пазапрагалі ў бароны. I пусцілі іх немцы паперадзе сваёй калоны. Баяліся, што партызаны дарогу замініравалі.

Ужо пасля, шмат пазней, Міхаіл даведаўся, як жорстка абыйшліся з жонкай Лазара Шашка. Ён знаходзіўся на фронце. Камуніст. Хто пра гэта мог ведаць, акрамя мясцовых паліцаяў? Вось і ўзгадалі двое мясцовых «бобікаў»...

— Прозвішча аднаго памятаю, — згадвае Іваноў, — Жук з Омельна. З ім яшчэ адзін быў з мясцовых. Спярша, як вылучылі жанчыну ад усіх, моцна збілі яе. Затым адрэзалі грудзі. На ілбе выкалалі зорку. А пасля жанчыну і чацвярых яе дзяцей расстралялі... Ды многіх тады, у блакадны май, пабілі, спалілі, расстралялі...

Галіну Іванову з сынам ды з іншымі вяскоўцамі прыгналі ў Map’іну Горку. На месцы, дзе доўгі час пасля вайны працавала музычная школа, у 1944-м фашысты ўтрымлівалі канцлагер. Незадоўга за гадзіны перад вызваленнем вязняў выгналі за горад. Тутды, дзе зараз знаходзіцца штучнае возера Міхайлаўскае, а тыды былі ямы. Туды і загналі ўсіх. Была сярод парэчанцаў і яўрэйская дзяўчына Марыя (з тых, што выратаваліся з мінскага гета). Светлыя валасы, звычайныя вочы нічым не выдавалі ў ёй яўрэйку. А вяскоўцы таксама ніяк не прагаварыліся.

...Прывялі да ямы. Прымусілі спусціцца ўніз. Раставілі кулямёты. Раптам прылятае перакладчыца ў нямецкай форме. Нешта шапнула старэйшаму аховы. I адразу ж немцы, паздымаўшы кулямёты, пабеглі да машын. Людзі яшчэ мо з гадзіну, анямеўшы ад неспадзяванага паратунку, сядзелі ў ямах. Пачуўся сапраўдпы гром. Стралялі з гармат недзе на другі бок Мар’інай Горкі. Лесам парэчанцы скіравалі да сваіх родных мясцін.

Узнавілася сям’я Івановых. Міхаіл знайшоў у лесе другога сына. Хлопчык хаваўся ў блакаду з сястрою Галіны. Выкапаў партызанскі шавец і прыхаваны ў лесе «Зінгер», наказаў жонцы, каб берагла, апекавалася як самым дарагім набыткам. А сам Міхаіл Сідаравіч пайшоў на фронт.

Спярша — 218-ы стралковы полк, 1-ы Беларускі фронт. Затым — 327-ы артылерыйскі полк. Штэцін, Данцыг, Кёнігсберг... Медаль «За адвагу». Кантузіла, параніла вока. Дома апынуўся 22 снежня 1945 года.

З тае пары і настаўнічаў. На пенсію выйшаў, калі даўно за 70 гадоў перайшло... Пакінуўшы расповеды пра ваенныя бядоты, згадвае Міхаіл Сідаравіч, як жылі ў 1940-я, 1950-я... Дружна, весела. Настаўнікі — першыя агітатары, галоўная мастацкая самадзейнасць, галоўныя музыкі і акцёры.

Хаця зімою рана прыходзяць прыцемкі, ды і гаспадарка Міхаіла Сідаравіча патрабуе дагляду — трэба карову даіць, курэй ды ката Рыжыка пакарміць, на вуліцы яшчэ светла. Ідзём з Івановым да галоўнай кропкі вышыні ў Парэччы. Туды, дзе раней стаяла царква. Яе недзе ў сярэдзіне 1950-х разабралі па бярвеннях. Перавезлі ў недалёкія Вецярэвічы і склалі будыніну наноў... Толькі ўжо вызначылі гэтым разам памяшканне як клуб. А на парэцкай вышыні — помнікі. Партызанам. Вяскоўцам, якія ратавалі яўрэйскіх дзетак. I яшчэ — магілы святароў. Пад адным з металічных крыжоў — прах Слабадухі.

Пакідаючы Парэчча ўзімку, у думках наказваю сабе вярнуцца сюды ўвесну ці летам. Хочацца пахадзіць па парэцкіх ваколіцах, агледзець панадпцічанскае раздолле. Хочацца зазірнуць у лясны масіу Чарцёж, наведаць Завод — мясціну, дзе, гавораць, была калісьці шкляная мануфактура (яе прыбралі яшчэ ці не ў 1928-м — перавезлі ў асіповіцкую Свіслач). Наведаць Святое — вёсачку, што перайменавалі ў Ільінку. Пахадзіць-піаблукаць іншымі тутэйшымі мясцінамі, прыгажосць якіх, здаецца, павіннна быць вечнай.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прочитано 222 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии