Понедельник, 18 02 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Усевалад Ігнатоўскі. Ён вярнуў Вялікаму Княству Літоўскаму яго назву

  • Среда, 19 декабря 2018 10:56
  • Автор 

Яго выключалі з духоўнай семінарыі, а ён стаў на чале Акадэміі навук, ён вярнуў Вялікаму Княству Літоўскаму яго назву, а беларусам — гістарычную памяць, яго імя пры жыцці прысвоілі тэхнікуму, а пасля смерці забыліся пра яго на паўстагоддзя

Пра Усевалада Ігнатоўскага нельга сказаць, што рэвалюцыя дала яму ўсё. Калі б ён нарадзіўся ў іншы час, скажам, гадоў на дваццаць раней, ён бы не быў «панам сахі і касы» — напэўна, стаў бы праваслаўным святаром. Служыў бы ў ціхім прыходзе дзе-небудзь на Палессі, навучаў бы сялянскіх дзяцей у царкоўнай школцы. Пражыў бы спакойнае годнае жыццё... А пасля яго смерці, разбіраючы рэчы і запісы айца Усевалада, нашчадкі са здзіўленнем знайшлі б спісаныя яго рукой лісткі паперы, у якіх гаворыцца пра нейкіх беларусаў, што стагоддзямі жылі на гэтай зямлі. Рукапісы так і засталіся б ляжаць на сваім месцы, а можа, сталі б добрым падпалам для печы. І жылі б на зямлі беларусы, не ведаючы, што служыў у вясковым храме нейкі дзівак, які спрабаваў напісаць іх гісторыю. Жылі б, не ведаючы ці ведаючы, магчыма, нашмат менш пра саміх сябе і свой след на гэтай зямлі. 

Але гісторыя, як вядома, не церпіць умоўнага ладу. І сёння мы згадваем пра Усевалада Ігнатоўскага як пра выдатнага гісторыка, палымянага барацьбіта за ідэалы рэвалюцыі, чалавека, дзякуючы якому ў рэспубліцы з'явілася Нацыянальная акадэмія навук, Нацыянальная бібліятэка, які меў самае непасрэднае дачыненне да адкрыцця галоўнага ўніверсітэта Беларусі і да таго, што беларуская мова займела ўсе атрыбуты мовы дзяржаўнай — правілы, правапіс, падручнікі. Так распарадзілася яго лёсам рэвалюцыя, яна ж, па сутнасці, падняла яго на самую вяршыню, а пасля абрынула ўніз з такой сілай, што выжыць было проста немагчыма...

Семінарыст-эсэр

Нарадзіўся Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі ў вёсцы Такары Брэсцкага павета (цяпер Камянецкі раён Брэсцкай вобласці) 19 красавіка 1881 года ў сям'і вясковага настаўніка. Праўда, бацька Макар Іванавіч у хуткім часе скончыў Кіеўскую духоўную семінарыю і атрымаў прыход у адной з палескіх вёсак. Сына ён хацеў бачыць сваім спадкаемцам у служэнні Богу, таму пасля заканчэння царкоўнага вучылішча Усевалад накіраваўся ў Вільню ў духоўную семінарыю. Але доўга ён там не пратрымаўся: рэвалюцыя ўжо дыхала яму ў твар, ён ужо распаўсюджваў пракламацыі, таму з семінарыі яго папрасілі. Але якое гэта мела значэнне, калі ў жыцці было не менш важнае — таварышы з партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, з якімі, здавалася, заўсёды будзе па дарозе. Уступіўшы ў дваццацігадовым узросце ў партыю эсэраў, Ігнатоўскі ўсё ж налета здолеў закончыць семінарыю, праўда, ужо Магілёўскую, каб працягваць вучыцца далей.

У той жа год ён паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Але рэвалюцыя яго знайшла і там. У 1905 годзе за ўдзел у антыўрадавых выступленнях яго арыштавалі і выслалі са сталіцы на радзіму. Толькі праз год яму дазволілі вярнуцца і працягнуць навучанне, але рэвалюцыя ўжо ўчапілася ў гэтага прагнага да ведаў хлопца мёртвай хваткай: вельмі хутка за ўдзел у акцыях яго выключылі з універсітэта і ў адміністрацыйным парадку выслалі ўжо далей, на поўнач, у Аланецкую губерню, пад Архангельск. Пасля ссылкі яму забаронена было жыць у буйных гарадах імперыі.

Толькі ў 1908 годзе яму ўдалося вярнуцца да вучобы: здабыўшы фальшывую даведку «аб палітычнай надзейнасці і вернасці рэжыму», Ігнатоўскі паступіў у Юр'еўскі (Тартускі) універсітэт, які сёння знаходзіцца на тэрыторыі Эстоніі, і, паспяхова скончыўшы яго ў 1911-м, накіраваўся ў Вільню, дзе пачаў працаваць у прыватнай гімназіі пані Камароўскай. У 1914-м, перад самай вайной, ён уладкоўваецца выкладчыкам у нядаўна адкрыты Мінскі педагагічны інстытут. З ім жа трапляе ў эвакуацыю: да 1918 года інстытут працягвае работу ў расійскім Яраслаўлі.

Падпольшчык-камуніст

Ужо тады Ігнатоўскага вельмі цікавіць гістарычная навука: чытаючы студэнтам лекцыі аб гісторыі беларускіх зямель, ён збірае і захоўвае ўсе матэрыялы. Але навука магла пачакаць, а рэвалюцыя, якая ішла за ім след у след, чакаць не магла. У Яраслаўлі ён удзельнічае ў стварэнні левай эсэраўскай арганізацыі «Наш край». Люты 1917-га застаў яго там жа, і разам з бальшавікамі як прадстаўнік эсэраў Ігнатоўскі актыўна ўдзельнічае ў арганізацыі Савета рабочых дэпутатаў у горадзе.

Але ў запале класавай барацьбы без нацыянальнай прыналежнасці, якая была ўласцівая менавіта бальшавікам і эсэрам, Усевалад Макаравіч, інстытуцкі прафесар, не забывае пра сваю нацыянальнасць. І ўжо ў маі 1917 года стварае новую арганізацыю — «Маладая Беларусь», якая па сваіх ідэйных устаноўках бліжэйшая да Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1918 годзе Ігнатоўскі ўжо наладзіў кантакты з менавіта беларускім нацыянальным асяродкам рэвалюцыі — Белнацкамам (які ўзначальваў Чарвякоў) і беларускімі нацыянальнымі секцыямі... Ён уваходзіць у ЦК левага крыла БСГ як прадстаўнік аўтаномнай «Маладой Беларусі» (а на чале «левых» у «грамадзе» стаіць не хто іншы як Зміцер Жылуновіч).

У Мінск Ігнатоўскі трапляе ў 1918-м — у кароткі прамежак, калі немцы ўжо сышлі з горада, а палякі яшчэ не прыйшлі, — са сваім рээвакуяваным інстытутам. Аднаўляецца дзейнасць самога інстытута, у якім Ігнатоўскі старшыня Савета — па сутнасці рэктар. Ён выкладае ў інстытуце, ладзіць для ахвотных курсы беларусазнаўства, апякуецца адкрыццём беларускіх школ...

Але тут у Мінск прыходзяць палякі. І ў жыцці Усевалада Макаравіча пачынаецца вельмі цікавы час. З аднаго боку, ён выкладчык інстытута, які палякі не закрылі. З іншага — падпольшчык, палымяны барацьбіт з акупантамі, кіраўнік «Маладой Беларусі». Займаецца і ўласна палітыкай: у снежні 1919-га з яго падачы «Маладая Беларусь» канчаткова адкалолася і ад «Грамады», і ад левых эсэраў — разам з аднадумцамі, сярод якіх Сцяпан Булат і Міхась Чарот, Ігнатоўскі стварае на пачатку 1920 года цэнтр Беларускай камуністычнай арганізацыі, піша яе праграмны дакумент, асноўная думка якога — БКА вядзе барацьбу за аднаўленне Савецкай Беларускай Рэспублікі, спадзеючыся пры гэтым на дапамогу Савецкай Расіі і прызнаючы праграму і тактыку РКП(б). Падраздзяленні БКА былі ўтвораны ў некалькіх беларускіх паветах, пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі «сялянскія дружыны» — партызанскія атрады, якія вялі супраць палякаў узброеную барацьбу (ці не пра іх чытаем у коласаўскай «Дрыгве»?).

І — парадаксальны факт з біяграфіі падпольшчыка, рэвалюцыянера і фактычна ўжо камуніста (падобныя парадоксы маглі здарацца толькі ў той вар'яцкі час). З дазволу акупацыйных улад Ігнатоўскі рыхтуе і друкуе (!) першую рэдакцыю свайго «Кароткага нарыса гісторыі Беларусі». Сам у прадмове ўжо да выдання 1926 года так піша пра гэта: «Польская цэнзура выкасіла каля трэцяй часткі рукапісу, і кніжка выйшла з друку скарочанай і папсаванай... Нягледзячы на «zеzwоlеnіе» цэнзуры, акупацыйны ўрад праз нейкі час хапіўся і даў загад канфіскаваць кніжку. Студэнтам Педагагічнага Мінскага інстытута ўдалося забраць каля тысячы экзэмпляраў, а дзве тысячы канфіскавана. Гэтыя дзве тысячы «нарысу» белапалякі, уцякаючы з Мінска летам 1920 года, кінулі і такім спосабам, з перамогай Кастрычніка, «Нарыс» выйшаў на свет з паліцэйскай каморы»...

Але як увогуле палякі дазволілі друкаваць, хай сабе і прапусціўшы праз цэнзуру, кнігу, у якой напісана, што беларусы — асобны народ са сваёй адметнай гісторыяй, што яны маюць права на самавызначэнне? Кандыдат гістарычных навук Сяргей Траццяк тлумачыць гэта так: «У першым выданні «Нарыса» гісторыя заканчвалася падзеламі Рэчы Паспалітай. Як вядома, менавіта да гэтага часу на працягу некалькі стагоддзяў яна была ў нас агульная з палякамі, таму ў выданні кнігі цэнзары і ўлада напачатку не ўбачылі ніякай крамолы...»

Наркам-асветнік

Калі ў Мінск летам 1920 года прыйшла савецкая ўлада — гэтым разам усур'ёз і надоўга, — Усевалад Ігнатоўскі ўжо быў па сутнасці сваёй бальшавіком. ЦК БКА, які ён узначальваў, удзельнічаў у падрыхтоўцы праграмных дакументаў аднаўлення БССР і ў падпісанні адпаведнай дэкларацыі. 20 жніўня 1920 года БКА па яе просьбе была прынятая ў склад Кампартыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі, якая ўваходзіла ў РКП(б). Лідар БКА стаў членам кампартыі на месяц раней.

Пачынаецца сур'ёзная работа: трэба будаваць новую рэспубліку, якую ўзначальвае паплечнік і аднадумец — маладзейшы на дзесяць гадоў Аляксандр Чарвякоў. Ігнатоўскі добра разумее, што ідэалагічны складнік гэтага будаўніцтва вельмі важны: народ павінен ведаць не толькі пра перамогу пралетарыяту, але і пра ўласныя карані (навуковец-рэвалюцыянер Ігнатоўскі праз стагоддзі паказвае, як простыя людзі вякамі прыгняталіся, і гэта надае яшчэ большую значнасць веданню гісторыі), і пра тое, што на «мужыцкай» мове можна навучацца ў інстытуце і пісаць разумныя кнігі. Ігнатоўскі ведае, што рабіць у сферы асветы, нават пачынаючы практычна з нуля. Але яго ў кіраўніцтве БССР прызначаюць... наркамам земляробства. І ён пагаджаецца на гэту пасаду — «у парадку партыйнай дысцыпліны».

«Да прыходу ў 1924 годзе Дзмітрыя Прышчэпава наркамат земляробства памяняў не аднаго кіраўніка, — расказвае Сяргей Траццяк. — Першым наркамам земляробства маладое кіраўніцтва рэспублікі прызначыла Ігнатоўскага, зыходзячы з таго, што ён вырас у вёсцы, што доўгі час быў эсэрам — членам партыі, блізкай да сялянства. Да таго ж у той час ён, як і кіраўнік БССР Чарвякоў, быў прыхільнікам аб'яднання вяскоўцаў у сельскагаспадарчыя камуны».

Камуны, як вядома, на пачатку 20-х гадоў сябе не апраўдалі, да таго ж, у рэспубліцы загаварылі аб неабходнасці стварэння першага нацыянальнага ўніверсітэта. Так ці інакш, у 1921 годзе Усевалад Ігнатоўскі атрымлівае тую пасаду, на якой ён патрэбен найбольш, — народнага камісара асветы.

Гэта быў яго зорны час. Тое, што здолеў зрабіць Ігнатоўскі з аднадумцамі літаральна за сем-восем гадоў, у некаторых дзяржавах робяць стагоддзямі. У рэспубліцы з'явіўся нацыянальны ўніверсітэт, які праз некалькі гадоў быў укамплектаваны нацыянальнымі кадрамі, узнавілі дзейнасць сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках і ветэрынарны інстытут у Віцебску. Быў адкрыты Мінскі педагагічны тэхнікум, якому, дарэчы, надалі імя наркама асветы. І гэта не было падобна да «культу асобы». Ігнатоўскага любілі і паважалі. Студэнты, як сведчаць успаміны, звалі яго «бацькам»: ён жа паспяваў і выкладаць, быў у БДУ дэканам факультэта грамадскіх і педагагічных навук, намеснікам рэктара. Доктар гістарычных навук Пётр Петрыкаў у сваёй рабоце, прысвечанай чарговаму юбілею Ігнатоўскага, прыводзіць цытату з характарыстыкі, якую ў 1923 годзе падпісваў сакратар ЦК КП(б)Б Багуцкі: «Пользуется большой популярностью среди белорусской интеллигенции и общественных кругов. Теоретически образован, но не всегда умеет ориентироваться в политической обстановке, руководствуясь марксистским методом»... Тым не менш званне першага беларускага гісторыка-марксіста захоўваецца за Ігнатоўскім і сёння.

Менавіта ў бытнасць Ігнатоўскага наркамам асветы вучоныя-мовазнаўцы распрацавалі і выдалі каля двух дзясяткаў тэрміналагічных зборнікаў. Фактычна менавіта тады беларуская мова атрымала сваё нарматыўнае напаўненне, свае правілы — яе стала магчыма вывучаць у школах як паўнавартасны прадмет.

Пасля — новая вяршыня: стварэнне ў 1926 годзе Інстытута беларускай культуры, які Ігнатоўскі ўзначаліў. У канцы 1928 года Інбелкульт дарос да Акадэміі навук, і на пачатку 1929 года Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі становіцца яе першым прэзідэнтам. Пэўна, гэта была вяршыня таго, аб чым марыў...

І пры гэтым ён не стамляўся займацца даследчыцкай, навуковай працай. Дапаўняў і карэктаваў «Кароткі нарыс...», пісаў асобныя працы, прысвечаныя паўстанню 1863 года, першым дзеячам нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Тлумачыў гэта проста: «Узяўшы ў рукі ясны ліхтарык, павінны мы крок за крокам абысці мінулае нашай бацькаўшчыны. І ніводны куточак нашага шматпакутнага жыцця не можа і не павінен застацца без нашага стараннага агляду...» Толькі тады «будзе магчыма ўзяць крылле вольнай птушкі»...

***

Той, хто хоць крыху ведае, што адбывалася ў Беларусі на мяжы 20-х і 30-х гадоў мінулага стагоддзя, адразу падумае: гэты чалавек не мог у той час ацалець. У 1930 годзе Усевалада Макаравіча абвінавацілі ў тым, што ў сваіх даследчыцкіх працах ён ставіць нацыянальнае пытанне вышэй за класавае. Спачатку яго вывелі з ЦК партыі, пасля вызвалілі ад пасады прэзідэнта Акадэміі. У студзені 1931-га яго выключылі з партыі, і гэта было роўна прысуду. Тады якраз фабрыкавалася справа аб так званым Саюзе вызвалення Беларусі, і пасля спробы самагубства Янкі Купалы лідарам гэтай прыдуманай нацыяналістычнай арганізацыі было вырашана зрабіць Ігнатоўскага. Яго паходжанне з сям'і святара і эсэраўскае мінулае дапаўнялі партрэт «ворага народа». Але Ігнатоўскі не даў зрабіць з сябе здрадніка. Пасля чарговага допыту ў ДПУ 4 лютага 1931 года Усевалад Ігнатоўскі застрэліўся ў сваёй кватэры... Яго ціхенька пахавалі на Вайсковых могілках.

Сям'ю навукоўца чакаў страшны лёс. Малодшы і сярэдні сыны былі расстраляныя ў 1937 годзе. Жонку Марыю Севасцьянаўну асудзілі на восем гадоў лагераў. Ацалеў толькі старэйшы сын Міхась, які, як і бацька, стаў гісторыкам, але на пачатку 30-х, не могучы знайсці працу, з'ехаў у Сібір, працаваў там электрыкам. Маці пасля лагера прыехала да яго, там і памерла, а ён здолеў вярнуцца ў Беларусь толькі ў час хрушчоўскай адлігі.

Імя самога Усевалада Ігнатоўскага, першага аўтара сучаснай гісторыі Беларусі, было забыта на працягу шасцідзесяці гадоў — у яго ж нацыянальнае пераважала над класавым... Успомнілі аб ім ужо ў незалежнай Беларусі. Перавыдалі «Кароткі нарыс...», па якім цяпер не вучацца, як у 20-я, у кожнай школе, але які можна знайсці ў кожнай бібліятэцы. У 2007 годзе яго іменем была названая вуліца ў сталічным мікрараёне Дамброўка. У Нацыянальнай акадэміі навук сёлета падчас святкавання яе 90-годдзя партрэт першага прэзідэнта вісеў на пачэсным месцы.

Але думаецца, найлепшай памяццю для яго будзе, калі выканаем яго запавет, яго мару: «Ужо недалёка той час, калі кожны грамадзянін Беларусі будзе ведаць гісторыю краю, бо без яе ён не будзе свядомым грамадзянінам, не будзе тварцом будучыні. Толькі гісторыя дае моцны грунт для палітычна-сацыяльнай і культурнай творчасці».

Алена Ляўковіч

Крыніца: Звязда

Прочитано 16 раз Последнее изменение Среда, 19 декабря 2018 10:58
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии