Четверг, 18 07 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Помнік «Масіў імёнаў» адкрыецца ў сакавіку

  • Воскресенье, 24 февраля 2019 13:47
  • Автор  Сугучча

Неўзабаве, ужо ў сакавіку, у мемарыяльным комплексе «Трасцянец» адкрыецца новы аб'ект — помнік «Масіў імёнаў». Ён ушануе памяць больш як 10 тысяч аўстрыйскіх яўрэяў — ахвяр лагера смерці. Наогул, гэта ўнікальны на сёння прыклад двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне мастацтва і аднаўлення гістарычнай памяці паміж Беларуссю і Аўстрыяй.

Дарэчы, гэта першая краіна, якая адгукнулася на прапанову Беларусі ўзвесці нацыянальныя помнікі ў памяць аб загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны ў лагеры смерці побач з вёскай Малы Трасцянец. Урад Аўстрыі не толькі выступіў ініцыятарам, але і фінансава падтрымаў праект.

Напярэдадні адкрыцця помніка ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў прайшоў семінар з удзелам гісторыкаў, прадстаўнікоў дыпламатычных місій, скульптараў і архітэктараў, якія ў розныя гады працавалі над стварэннем мемарыяльнага комплексу.

«Беларусь мае вялізны вопыт ва ўшанаванні ахвяр памяці Другой сусветнай вайны, — нагадвае рэктар Акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, — таму ідэю помніка прапанаваў аўстрыйскі архітэктар Даніэль Санвальд, але на этапе падрыхтоўкі ўтварыўся ўжо аўтарскі калектыў, куды ўвайшоў наш беларускі скульптар Канстанцін Касцючэнка».

Нагадаем, адкрыццё першай чаргі мемарыяльнага комплексу «Трасцянец» адбылося летам 2015 года, а летась з удзелам прэзідэнтаў трох краін — Беларусі, Аўстрыі і Германіі — у месцы масавых расстрэлаў ва ўрочышчы Благаўшчына, дзе падчас вайны былі знішчаны каля 150 тысяч чалавек, прайшоў мітынг-рэквіем і адкрыццё другой чаргі мемарыяла.

Прадстаўнік федэральнай канцылярыі Аўстрыі Пія Марыя Шольнбергер падкрэсліла, што рэалізаваны сёлета сумесны праект вельмі важны і патрэбны не толькі для грамадства абедзвюх нашых краін, але і на больш глабальным узроўні: «У многіх на слыху назвы буйных нацысцкіх лагераў смерці, але Малы Трасцянец для вялікай колькасці людзей дагэтуль застаецца белай плямай у гісторыі. Між тым продкі, сваякі многіх сучасных аўстрыйцаў — у тым ліку тых, якія пражываюць сёння ў іншых краінах, — ляжаць у Трасцянцы. Таму мы спадзяёмся, што адкрыццё помніка і далейшая сумесная праца па ўвекавечанні памяці ахвяр лагера смерці дазволіць ліквідаваць гэту пляму».

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Аўстрыі ў Беларусі Алаізія Вёргетэр падзякавала ўсім, хто ўдзельнічаў у праекце, і заўважыла: «Праца была здзейсненая літаральна за год — гэта вельмі кароткі тэрмін для праектаў такога маштабу. Мы ўжо многае даведаліся адно аб адным і шмат чаму навучыліся: напрыклад, пры вырабе манумента былі выкарыстаны інавацыйныя падыходы да матэрыялаў, каб тыя і адпавядалі мастацкай канцэпцыі, і дазволілі помніку захаваць вонкавы выгляд ва ўмовах беларускага клімату».

...Сам манумент уяўляе сабой пастаўленыя на адмысловы пастамент дзесяць калон, што сімвалізуюць дзесяць эшалонаў з аўстрыйскімі яўрэямі, якіх дэпартавалі з Вены і вывезлі ў лагер пад Трасцянцом, каб бязлітасна знішчыць. (Паводле падлікаў сучасных даследчыкаў, з больш як тысячы венскіх яўрэяў цудам уратаваліся хіба 17 чалавек — пераважна з першага эшалона, які накіравалі ў Мінскае гета.) На кожнай калоне — імёны, часткова размытыя, паўсцёртыя, як часам сціраюцца яны з нашай памяці. Прычым не прозвішчы, а менавіта імёны, якія маглі належаць дзецям і дарослым, адукаваным і непісьменным: Іда, Борух, Стэфан, Тэафіла, Эльза, Рэнэ — і тысячы іншых. Гэтыя імёны вядомыя, бо адзначаны ў транспартных спісах, якія скрупулёзна складалі нацысты, і адноўленыя на жоўтых шыльдачках, якія прывезла з Аўстрыі ініцыятыўная група з ліку сваякоў тых, хто загінуў у Благаўшчыне. А вось іменных спісаў знішчаных у лагеры смерці беларускіх яўрэяў і ўласна беларусаў няма, бо архіў СД знік...

«Ведаеце, можна многа чытаць пра вайну, глядзець хроніку, хадзіць у музеі. Але калі ты стаіш на ўскрайку ямы-печы і бачыш рэйкі, на якія клалі дровы для спальвання людзей, калі бачыш цюбік зубной пасты альбо яшчэ не распакаваную бляшанку з лекамі, то ўсведамляеш і перажываеш маштаб трагедыі нашмат глыбей, — прызналася падчас сустрэчы архітэктар Галіна Левіна, дачка знакамітага беларускага архітэктара Леаніда Левіна і адна з яго суаўтараў па мемарыяле «Апошні шлях» ва ўрочышчы Благаўшчына. — Выказаць словамі, прамовіць публічна гэтыя эмоцыі немагчыма. Але, мабыць, менавіта яны не даюць наноў прабіцца парасткам нянавісці і прымушаюць любіць людзей — усіх, незалежна ад іх нацыянальнасці і веравызнання...»

Вікторыя Захарава

Фота атрыманы ад пасольства Аўстрыі ў Беларусі

Крыніца: Звязда

Загаловак у газеце: Імёны ў камені

Прочитано 161 раз Последнее изменение Воскресенье, 24 февраля 2019 13:48
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии