Вторник, 15 10 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Блонь: Беларускі адрас Лізаветы Вадавозавай

  • Воскресенье, 31 марта 2019 16:09
  • Автор  Сугучча

Ёсць у гісторыі беларуска-расійскіх культурных сувязяў адрасы асаблівыя. Размова пра сядзібы, мясціны, якія натхнялі пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў на творчыя здзяйсненні. А часам – проста былі прытулкам для адпачынку, для таго, каб набрацца сіл і разважлівасці дзеля будучых значных спраў. Адна з такіх напаўзабытых прастор – вёска Блонь у Пухавіцкім раёне, на Міншчыне. І зараз тут знаходзіцца колішняя сядзіба рэвалюцыянераў-народнікаў Анатоля Восіпавіча Бонч-Асмалоўскага і Варвары Іванаўны Вахоўскай.

Сядзіба Бонч-Асмалоўскіх у Блоні - выгляд з парка (цяпер будынак належыць Раённаму краязнаўчаму музею)

Прайшлі дзесяцігоддзі, што там казаць, прайшло болей як паўтара стагоддзя, як ўпершыню ў гэты сядзібны аднапавярховы дом з калонамі ўвайшлі Бонч-Асмалоўскія… А з 1880 года тут пачалі звіваць сваё сямейнае гняздо іх сын і нявестка – Анатоль Восіпавіч і Варвара Іванаўна… Тут, у сядзібным доме на беразе невялікай рачулкі Цітаўкі, выраслі іх дзеці – Іван, Радзівон, Глеб і Ірына. Сюды, у сядзібу, якая не давала спакою мінскай паліцыі, ад года ў год – з 1880-х і да самай Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1917 ішлі, ехалі з розных куточкаў Расійскай імперыі рэвалюцыянеры (вяртаючыся з катаргі ці астрога, марылі пра адпачынак у асяроддзі блізкіх людзей), вучоныя, пісьменнікі…

Сярод гасцей Блоні – Піліп Мікалаевіч Валынскі, Канстанцін Канстанцінавіч Судзілоўскі, Яўгенія Канстанцінаўна Судзілоўская, Аляксандра Іванаўна Мароз, Рыгор Аляксандравіч Мачтэт, Уладзімір Пятровіч Цэдэрбаўм, Сцяпан Венедыктавіч Язерскі, Сяргей Піліпавіч Кавалік, Кацярына Канстанцінаўна Брэшка-Брашкоўская… І яны, і шмат хто яшчэ з задавальненнем наведваліся ў Блонь, да гасцінных гаспадароў-аднадумцаў. Прыязджалі сюды і руская пісьменніца Лізавета Вадавозава і яе муж – гісторык Васіль Іванавіч Сямеўскі.

Чытаем ва ўспамінах Анатоля Восіпавіча Бонч-Асмалоўскага: “Часам падоўгу, а калі-нікалі толькі кароткі час гасцявалі ў нас у Блоні і многія іншыя рэвалюцыянеры і грамадскія дзеячы… <…> з гісторыкам Васілём Іванавічам Сямеўскім і яго жонкай Лізаветай Мікалаеўнай Вадавозавай мы былі добра знаёмыя доўгія гады <…> – усе яны неаднаразова пражывалі ў нас у Блоні…”.

Лізавеце Вадавозавай побыт жыцця беларускіх сялян, з якімі народнікі Бонч-Асмалоўскія жылі ў дружбе і добрасуседстве, быў добра знаёмы. Яна нарадзілася параўнальна непадалёку – у Парэччы Смаленскай губерніі. Год нараджэння – 1844, 5 (17) жніўня. У 1862 годзе Лізавета Вадавозава закончыла Смольны інстытут. Заснаваны ў адпаведнасці з указам Кацярыны Другой 5 (16) мая 1764 года, Смольны меў на той час амаль стогадовую гісторыю.

У той час, калі ў інстытуце вучылася Вадавозава, тут працаваў легендарны педагог К. Д. Ушынскі, які правёў у гэтай навучальнай установе цэлы шэраг прагрэсіўных рэформ: новы сямігадовы план навучання, пашырыў істотна колькасць гадзін, адведзеных для рускай мовы, геаграфіі, гісторыі, прыродазнаўства. Сярод тых, хто разам з Лізаветай закончыў вучобу ў Смольным інстытуце, – Марыя Іванаўна Рашэт, Марыя Іванаўна Малафеева, Аляксандра Мікалаеўна Лейхтвельд. Годам пазней – Аляксандраўна Аляксееўна Грыгор’ева, Марыя Іванаўна Ізмайлава, Аляксандра Мікалаеўна Ляпунова, Марыя Іванаўна Луніна. У той самы час у Смольным вучылася і руская паэтэса Марыя Валянцінаўна Ватсан, якую, на жаль, сёння не так часта згадваюць… Дарэчы, менавіта Марыя Ватсан першай поўнасцю пераклала на рускую мову раман Сервантэса “Дон Кіхот” (1907) і выканала пераклад першых кніг з цыкла пра Тарзана.

Сярод выкладчыкаў Смольнага інстытута – і педагог В. І. Вадавозаў. Пазней ён стане першым мужам Лізаветы Мікалаеўны. У сям’і Вадавозавых на так званых “аўторках” часта бывалі пісьменнікі, публіцысты, вучоныя. Сярод іх – Сляпцоў, Якушкін, браты Курачкіны, Гайдэбураў і шмат хто яшчэ. Ладзіліся розныя дыскусіі, дыспуты. Інтэлігенцыя жадала жывых, нефармальных стасункаў. У канцы 1860-х гг. Лізавета Мікалаеўна вывучала ў Германіі і Швейцарыі арганізацыю дзіцячых садкоў “па сістэме Фробеля”. З 1863 года пачала выступаць у перыядычным друку. Канечне ж, штуршком да гэтага сталі педагагічныя зацікаўленні маладой жанчыны. Сваю справу зрабіла і навукова-педагагічнае асяроддзе першага мужа

Аўдавеўшы ў 1886 годзе, Лізавета Мікалаеўна выйшла замуж за гісторыка В. Сямеўскага. Відаць, у Блоні яна разам з ім была напрыканцы 1880-х і ў 1890-я гг.

Адзін з першых артыкулаў Лізаветы  Вадавозавай – “Што перашкаджае жанчыне быць самастойнай?”, які быў напісаны пад уплывам знаёмства з раманам М. Г. Чарнышэўскага “Што рабіць?”. І ўжо з-за гэтай публікацыі маладога аўтара заўважылі, пра Лізавету Мікалаеўну пачалі гаварыць. У адной са сваіх кніг – “Разумовае развіццё для дзяцей ад першага з’яўлення да васьмігадовага ўзросту” (Санкт-Пецярбург, 1871; 7-е выданне – 1913 год) – Вадавозава прапаноўвала асновай дашкольнага выхавання зрабіць народныя песні, гульні, казкі. Выдала нечаканы на той час дапаможнік – “Аднагалосыя дзіцячыя песні і рухомыя гульні з рускімі народнымі мелодыямі” (Санкт-Пецярбург, 1876 год). Відаць, у беларускай Блоні Вадавозава таксама цікавілася дзіцячымі гульнымі, народным побытам у стасунках з выхаваннем дзяцей. І калі б была магчымасць зазірнуць у архіў вядомага рускага педагога і пісьменніцы (а ці захаваўся ён увогуле?!), то, можа быць, і знайшліся б на гэты конт некаторыя сведчанні.

Лізавета Вадавозава супрацоўнічала з дзіцячымі перыядычнымі выданнямі: “Детское чтение”, “Народная школа”, “Голос учителя”.

Галоўнай кнігай рускай пісьменніцы, якая гасцявала ў Блоні Бонч-Асмалоўскіх, лічыцца трохтомнік “Жыццё еўрапейскіх народаў. Геаграфічныя апавяданні” (Санкт-Пецярбург, 1875 – 1883 гг.). Мяркую, што кнігу чыталі ці хаця б крыху знаёміліся з ёю і Глеб, і Радзівон, і Іван, і Ірына Бонч-Асмалоўскія. Не маглі не пазнаёміцца. Перапрацаваны і дапоўнены варыянт гэтай кнігі выйшаў яшчэ і ў дзесяцітомным кніжным праекце – “Як людзі на белым свеце жывуць” (Санкт-Пецярбург, 1894 – 1901).

Памерла Лізавета Мікалаеўна Вадавозава ў сакавіку 1923 года. Мажліва, яшчэ прыйдзе час – і ў Блоні з’явіцца мемарыяльная шыльда са згадкамі пра ўсіх наведвальнікаў гэтай славутай мясціны. І імя Лізаветы Мікалаеўны Вадавозавай такім чынам будзе належна ўшанавана ў судакрананні з Беларуссю, з Міншчынай.

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 204 раз Последнее изменение Воскресенье, 31 марта 2019 16:13
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии