Среда, 17 10 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Міхась Скрыпка ў Турыне

Калі вы едзеце з Мар’інай Горкі на Мінск, то, павярнуўшы на Чэрвень, сустрэнеце па дарозе вёску Турын. на Мінск. Старажытнае паселішча…

Вядомасць сваю вёска набыла з XVI стагоддзя. У Турыне нарадзіўся вучоны Якуб Наркевіч-Ёдка. У адным з турынскіх пасёлкаў яшчэ ў даваенныя гады было лецішча славутага дзіцячага пісьменніка Янкі Маўра. Дарэчы, прыязджаў ён у Турын і ў пасляваенныя гады, наведваў і іншыя паселішчы Пухавіччыны. Быў знаёмы і сябраваў са старшынём калгаса імя Чапаева М.Андрэевым.

Настаўнічаў у Турыне і паэт Міхась Скрыпка. Чалавек актыўны, ён таксама пакінуў свой след на Пухавіччыне. Мне асабіста шмат расказвалі пра Міхася Скрыпку, як пра свайго настаўніка, колішнія вучні Турынскай сярэдняй школы Аляксандр Іванавіч Смеяновіч, Фёдар Іванавіч Смеяновіч.

Гартаючы падшыўку пухавіцкай раённай газеты (тады яна называлася «Сцяг камунізму»), у нумары за 9 сакавіка 1956 года знайшоў артыкул Міхася Скрыпкі «Аб творчасці маладых». Фактычна перад намі — класічны агляд літаратурнай пошты, што паступала ў рэдакцыю «раёнкі». Пакінуўшы ўбаку агульныя і ўвогуле правільныя разважанні аб прыродзе творчасці, прадаставім слова аўтару: «Перада мною добрая паўсотня вершаў, апавяданняў, нарысаў, дасланых у рэдакцыю раённай газеты чытачамі. Пішуць настаўнікі, калгаснікі, вучні. Хай гэта іншы раз і нясмелыя крокі ў паэзіі, а толькі зарыфмаваныя думкі, але яны гавораць аб тым, што аўтар імкнецца выказаць радасць сваёй душы аб нашых днях або бічуе тое, што перашкаджае нам ісці наперад. Хацелася б ад душы пажадаць усім пачынаючым пісаць: памятайце, што да літаратурнай справы патрэбна ставіцца сур’ёзна, бо гэта не гульня ў рыфму…

З дасланых у рэдакцыю твораў заслугоўваюць увагі два: байка «Образованная свинья» і сатырычны верш «Надо строить баню» Н.Г. Шуранкова. Адразу відаць, што чалавек ведае жыццё і валодае тэхнікай вершаскладання. У байцы аўтар высмейвае пустых зазнаек, якія, маючы адукацыю, з пагардай ставяцца да простага чалавека.

Скажите слово ей —
Смешает с грязью вас:
— Щенок! Болван!

Ты ничего не знаешь

Окончил, может быть, случайно класс,

А и меня, свинью, уж поучаешь!

Верш «Надо строить баню» напісаны на канкрэтным матэрыяле. У Турынскім сельсавеце няма добрай лазні, і аўтар піша:

Чтоб я грязью не оброс,

То, как говорится,

Мне в столицу за сто вёрст

Надо ехать мыться.

Аўтар заканчвае верш заклікам пабудаваць лазню. Ёсць для гэтага ў калгасе і лес, і людзі. Уся справа ў кіраўніцтве…».

(«Сцяг камунізму», 1956, 9 сакавіка).

У аглядзе Міхась Скрыпка згадвае творы Фралова, Зубкоўскага, Шулякоўскага, Залеўскага, васьмікласніка Скачко, загадчыцы Кабыліцкай хаты-чытальні. І завяршаецца агляд наступнымі парадамі: «У вершы Залеўскага «Міру — мір» ёсць багата добрых мясцін, але «перасолены» рытарычнасцю, задужай прыўзнятасцю. Спусціць бы гэты верш з паднябесся на зямлю, ды адгабляваць яго паэтычным гэблем і выказаць добрыя думкі больш шчыра і проста, каб у вершы «ўсё да звання зразумеў не толькі аўтар, а і чытач».

Заканчваючы на гэтым, яшчэ раз хочацца пажадаць маладым таварышам плённай і настойлівай працы. Вучыцеся пісаць у вялікіх майстроў нашай літаратуры. Будзьце самі актыўнымі і чэснымі будаўнікамі новага грамадства, бо толькі з пазіцыі перадавога чалавека можна пісаць добрыя творы. Пішыце аб тым, што варта нашага часу, што дапамагае нашаму народу паскорыць свой рух да светлай будучыні — комунізму».

Міхась Скрыпка і сам выступаў у раённай газеце. У прыватнасці, у 1956 годзе надрукаваў нарыс «Думы простых людзей», дзе расказваў пра лёсы сялянак, калгасных працаўніц — Юліі Адамаўны Качура, Надзеі Сідараўны Шкатула, Ксеніі Андрэеўны Усцінчык. «…Я ведаю гэтых простых жанчын і ў быту, і ў працы. Яны належаць да тых людзей, аб якіх не пішуць у газетах, іх не фатаграфуюць для кінахронік, аб іх нават мала калі гавораць у раёне. Гэта простыя, сціплыя работнікі калгаснай вытворчасці, якія паціху робяць сваю вялікую справу, ствараючы багацце для нашага народа».

(«Сцяг камунізму», 1956).

Сам Міхась Аляксандравіч родам з вёскі Месціна Бярэзінскага раёна. Нарадзіўся 26 лістапада 1907 года ў сялянскай сям’і. Скончыў Рагачоўскі педагагічны тэхнікум у 1930 годзе. Настаўнічаў у Рагачоўскім раёне. У 1940 годзе скончыў завочна літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны быў у партызанах, у 1944—1945 — у Савецкай Арміі. Пасля вайны настаўнічаў у школах Магілёўшчыны і Міншчыны. У 1965—1971 гадах працаваў намеснікам дырэктара бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў БССР. Памёр 8 кастрычніка 1991 года. У друку ўпершыню выступіў у 1927 годзе. Выдаў зборнікі вершаў, баек, сатырычных мініяцюр «Сатыра і гумар» (1958), «Сатырычны калаўрот» (1967), «Ад смеху не ўцячэш» (1975), зборнікі аповесцей, апавяданняў «Мая хата не з краю» (1959), «Пад корань» (1962), «Усяк бывае…» (1963), «Шануючы вас» (1982), кніжку антырэлігійных нарысаў «Сцеражыся цемрашалаў!» (1964), «Дзіва ў кошыку» (1983), «Злазьце — прыехалі!» (1985), «З сэрцам і перцам» (1987), кніжку апавяданняў для дзяцей «Дзіва ў рэшаце» (1963) і вершаваны зборнік «Пад смешнай вясёлкай» (1971). У 1977 годзепабачыла свет кніга выбраных твораў «І з перцам, і з сэрцам». Аўтар болей як трыццаці аднаактовых п’ес, камедый для мастацкай самадзейнасці. Перакладчык з рускай і ўкраінскай моў. Пераклаў асобныя вершы Аляксандра Твардоўскага, Самуіла Маршака, Сяргея Міхалкова, Агніі Барто, С. Алейніка, А. Вішні, П. Глазавога і інш.

Мне давялося сустракацца і гутарыць з некаторымі вучнямі Міхася Скрыпкі па Турынскай сярэдняй школе. У Ташкенце пра Міхася Аляксандравіча расказваў Фёдар Іванавіч Смеяновіч, у вёсцы Пухавічы — Аляксандр Іванавіч Смеяновіч.

Праўда, жыццё ніколі не бывае аднакаляровым. І вось мне на вочы патрапіла кніга Сяргея Мікалаевіча Сяргеева «Педагагічныя накіды» (Мар’іна Горка — Мінск — Масква, 2004), які з 1960 па 1972 гады працаваў дырэктарам Турынскай сярэдняй школы. Вось невялікая цытата з грунтоўнага, манаграфічнага памеру тома: «Я школу прыняў у 1960 годзе ў верасні месяцы. У педкалектыве быў вялікі скандал. Дырэктара школы знялі з працы, Рудакоўскага Г.І. адправілі ў Светлаборскую сярэднюю школу, Скрыпка (пісьменнік-сатырык) паехаў у Мінск, але групы супернікаў у школе засталіся…» Не будзем шукаць падтэкст, але і не працытаваць не мог. Ужо хаця б на тое, каб акрэсліць спрадвечную ісціну: жыццё складаецца яшчэ і з праблем, непрыемнасцяў, самых розных хібаў.

З Турынам звязаны імёны і іншых пісьменнікаў: Янкі Маўра (пра гэта мы ўжо згадвалі напачатку), Івана Шамякіна, Фёдара Янкоўскага, Янкі Брыля (яны ў розныя гады прыязджалі на сустрэчу з чытачамі ў Турын. Іван Шамякін адзін тэрмін вылучаўся ў дэпутатаы па Пухавіцкаму раёну, прыязджаў у Турын на сустрэчу з выбаршчыкамі). У Турыне нарадзіўся гісторык Яўхім Карнейчык. Тут працаваў у школе і зрабіў першыя крокі па стварэнню краязнаўчага музея Міхаіл Спірыдонаў.

Алесь Карлюкевіч.

 

Прочитано 575 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии