Среда, 17 10 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Пошукі колераў жыцця

Выстаўка жывапісца Дзіяны Каласовіч у галерэі “Універсітэт культуры” засведчыла пра нараджэнне новага таленавітага мастака.

Знаёмячыся з работамі дагэтуль невядомай мне мастачкі, я ў чарговы раз падумаў пра тое, што нашай беларускай сталіцы не хапае галерэй, сучасных, прасторных залаў для адкрыццяў і знаёмстваў з сучасным выяўленчым мастацтвам. Так, ёсць Палац мастацтва, ёсць Музейсучаснага выяўленчага мастацтва, галерэі “Беларт” і яшчэ мо з дзясятак розных залаў, дзе можна выстаўляць карціны… І ўсё ж гэтага мала для двухмільённага горада. Для параўнання: у Празе з насельніцтвам каля 1, 3 млн. жыхароў налічваецца каля 160 мастацкіх галерэй, мастацкіх музеяў… Пагадзіцеся, уражвае!.. З дня ў дзень жывапісцы, графікі, скульптары Беларусі, Мінска ўзбагачаюць культурны складнік нашага жыцця. І так шмат, так многа са здзейсненага імі застаецца ў цянётах майстэрняў. Зрэдзьчасу, праўда, прабелы запаўняюць публікацыі спецыялізаваных выданняў: хаця і не такая ўжо частая госця ў часопісе “Мастацтва”, газетах “Культура” і “Літаратура і мастацтва” мастацкая рэцэнзія. Праўда, уважлівай да сучаснага жывапісу, сучаснай графікі з’яўляецца грамадска-палітычная газета “Звязда” са сваім спецыяльным выпускам “Жырандоля”. Тут нельга не падзякаваць яе арганізатара, руплівага аўтара і рэдактара тэкстаў Ларысу Цімошык. Ды і мастацкіх альбомаў у нас выдаецца не дужа багата… З выданняў апошняга часу ў памяці – альбомы Віталя Цвіркі, Уладзіміра Слабодчыкава, Уладзіміра Савіча, Сяргея Цімохава… А колькі мастакоў якіх, запамінальных, вартых увагі – без альбомаў, нават без сур’ёзных буклетаў…

Дзіяна Каласовіч у выяўленчым мастацтве працуе не так даўно. Вось што яна сама гаворыць пра ўласныя першыя крокі:

… – Што да маіх пачаткаў, да вытокаў, то на самай справе ўсё адбылося даволі банальна і проста. З самага ранняга дзяцінства я ў сабе чула творчасць, выразна разумела, што мне варта шукаць ідэі і па свойму іх вылучаць у шырокае жыццё. Творчае асяроддзе заўжды прыносіла мне адчуванне камфорту. Хаця і сям’я, здавалася, была далёкая ад усяго гэтага. Я нарадзілася ў вёсцы. Пасля мы пераехалі ў Салігорск…Я ведала, што ў горадзе ёсць мастацкая школа. І марыла стаць яе вучаніцай. Ледзьве ўгаварыла бацькоў, падалі туды дакументы. Я здала экзамены. Не хапіла аднаго бала. Гэтая сітуацыя крыху прынесла сумяціцу ў мае памкненні, у мой настрой. Але я не спужалася, пачала наведваць розныя гурткі…

Адразу прыпамінаюцца імёны мастакоў з Салігорскай, суседняй Слуцкай старонкі. Тут багацейшая на таленты зямля. Браты Басалыгі, Уладзімір і Міхась – графікі і жывапісцы, скульптар Генадзь Буралкін… Першыя ўрокі Дзіяна Каласовіч атрымала ад кіраўніка салігорскай студыі выяўленчага мастацтва члена Саюза мастакоў Беларусі Яўгена Раманавіча Смунева.

- Я і зараз з асаблівым трапятаннем стаўлюся да ацэнак Яўгена Раманавіча, – дзеліцца сваімі развагамі Дзіяна. – Мне здаецца, што я з’яўляюся заўсёднай яго вучаніцай. Кожную сваю работу спяшаюся паказаць яму. Спяшаюся падзяліцца сваімі ідэямі, сваімі новымі ўяўляеннямі пра прафесійныя далягляды. Яўген Раманавіч як выдатны педагог, умее і маўкліва “адказаць”, знайсці той фармат ацэнак, які і яму дазволіць давесці сваю думку. А я следам ужо яго ацэнкі, яго словы і яго ўражанні асэнсоўваю…

Доўгі час Дзіяна Каласовіч працавала эканамістам. Спрыяла гэтаму і адукацыя – Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт. Але спакою не давала другое, сапраўды паралельнае жыццё. Творчасць забірала ўсё болей часу. Гуманітарны, творчы характар мышлення паступова перамагаў настолькі, што раздвойвацца стала досыць складана. Сёння Дзіяну Каласовіч можна смела лічыць прафесійным мастаком, прафесійным жывапісцам.

- Займаючыся дызайнам інтэр’ераў, працуючы са шклом і штукатуркай, выпрабоўваючы сябе ў іншых накірунках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтв, я як быцам выпрабоўвала сябе, – гаворыць Дзіяна.

А я тым часам углядаюся ў яе карціны, развешаныя ў галерэі “Універсітэт культуры”. Вось іх назвы: “Дзіўнае, пераходнае”, “Інтэлектуалы”, “Пачатак новай эры”, “Паліглоты”, “Паэтычны хіазм”… Калі вы падумалі, што “Паліглоты” і “Інтэлектуалы” – гэта партрэты альбо выявы знаўцаў замежных моў і інжэнераў ці іншага кшталту інтэлектуалаў-мысляроў, то вы памыляецеся. За назвамі – колеры ў сваіх памкненнях да судакранання з жывой прыродай, колеры ў атмасферы ветру і неспакою. Мне здаецца, што дрэвы і кветкі, неба і зямля, сонца і месяц сутыкаюцца ў сваіх супрацьлеглых жаданнях. А як вынік – народжаныя мастаком думкі вырываюцца ў поле нашых уяўленняў і філасофскіх разваг пра жыццё і смерць, пра ўладу і бяссілле. Пра моц і знямогу… Тонкія рухі, тонкія дотыкі, тонкае выкладанне, здавалася б, тых фарбаў і адценняў, што не могуць супадаць… У карцінах Дзіяны Каласовіч спрачаюцца не толькі сюжэты як галоўныя складнікі яе прыдумак. У палотнішчах мастачкі спрачаюцца колеры, якія імкнуцца спасцігнуць сутнасць чалавечага мышлення. Так, колеры ўмешваюцца ў нашу свядомасць і, магчыма, нават нешта разбураюць з ранейшых уяўленняў.

Блукаючы па выстаўцы Дзіяны, блукаючы сярод яе красак, я мала думаў пра кампазіцыю, традыцыі вучнёўства, звязаныя з засваеннем класічнага малюнка. Хаця гэты прафесіяналізм прысутнічае ў пошуках таленавітага творцы ў кожнай з яе работ паасобку. Ды маю ўвагу займалі развагі пра сілу той іскры, што энергетычным выбухам асвятляла мыслярства мастачкі.

- У выбары жанраў я сябе не абмяжоўваю, – гаворыць Дзіяна. – Зараз захапілася партрэтам. Але пакуль што асцярожна стаўлюся да таго, каб знаёміць з работамі такога кшталту публіку. Магчыма, з часам адчую, што пройдзены і ў гэтым накірунку варты шлях. Тады адкрыюся, пагляджу, як рэагуе публіка… Але і ў партрэце – я гэта адчуваю сэрцам – прыхаваны мае эмоцыі на тым ці іншым адрэзку часу… Мне складана выдзеліць, каго і што я болей за ўсё люблю ў мастацтве, якія майстры пераварочваюць маю свядомасць так, што адчуваеш сябе ў нейкай бясконцай касмічнай прасторы. Дарэчы, без усялякага спадзявання на спакойнае прызямленне… Але я пільна ўглядаюся ў еўрапейскае мастацтва. Мяне цікавяць колеры сярэднявечча. Я люблю многія еўрапейскія музеі і галерэі, люблю туды наведвацца паўторна. І разам з тым я пазбягаю рэалізма ў прымітыўным яго асэнсаванні… Хаця тое, што напісана на маіх палотнішчах, – таксама рэалізм. Толькі ў іншым вымярэнні. Я болей размаўляю колерам і формай, перспектыва застаецца на другім плане…

І гэтая размова Дзіяны Каласовіч з гледачом уражвае, прыцягвае ўвагу, прымушае весці з мастачкай дыскусію.Часам, магчыма, дыскусію, якая падводзіць да пэўных спрэчак. Але гэта ні ў якім разе не прыніжае ступень цікаўнасці і захаплення тымі здзяйсненнямі, што ажывіў талент Дзіяны Каласовіч.

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 468 раз Последнее изменение Среда, 21 июня 2017 14:03
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии