Вторник, 22 05 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Мастачка, якая малюе … літаратуру

Мы вельмі часта гаворым у дачыненні да вывучэння айчынннай літаратуры пра вартасці літаратурнага краязнаўства. Мастачка Дзіяна Каласовіч, якая нарадзілася на Салігоршчыне, а зараз жыве і працуе ў Мінску, вырашыла спалучыць літаратурнае і мастацкае краязнаўства. Што з гэтага атрымаецца – яшчэ пакажа час.

Жывапісным палотнішчам, малюнкам, якія выяўляюць перад намі літаратурныя адрасы Міншчыны, звязаныя з лёсамі тых ці іншых пісьменнікаў, ацэнку дадуць гледачы, мастацтвазнаўцы і проста шэраговыя аматары выяўленчага мастацтва. А зараз Дзіяна Каласовіч падрабязна занатоўвае, замалёўвае ўбачанае і адкрытае менавіта ёю, спрабуе за кошт свайго ўласнага светапогляду, уласнага мастацкага зроку разабрацца, чаму менавіта ў пэўным месцы нарадзіліся тыя ці іншыя паэтычныя, празаічныя творы.

Вось, напрыклад, у Дукоры пад Мінскам творца шукае сляды драматурга Васіля Гарбацэвіча, яўрэйскіх пісьменнікаў братоў Чарных, народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы, які наведваўся сюды за сюжэтам п’есы “Партызаны”, літаратуразнаўца Янкі Казекі, які працаваў тут настаўнікам, краязнаўцы Васіля Свістуна…

  • Для мяне гэта досыць цікавы творчы вопыт, – прызнаецца Дзіяна Каласовіч. – Я раней не працавала гэтак адрасна, каб спалучыць, паяднаць краявід з адрасам і мастацкай і дакументальнай ідэямі. Але гэта захапляе, вымушае па-новаму ўзірацца ў прастору. Далягляды, як мне падаецца, вымалёўваюцца зусім іншыя. Ды і адкрываю надзіва шмат новага. Бо перад кожнай такой паездкай даводзіцца зазіраць у спецыяльную літаратуру, раіцца з дасведчанымі знаўцамі роднай старонкі. Шукаць, адным словам, крупінкі краязнаўчай памяці…

    Следам за пухавіцкай Дукорай, іншымі блізкімі да Мінска ваколіцамі адрасамі літаратурна-краязнаўчых пленэраў у Дзіяны Каласовіч будуць Любаньшчына, Салігоршчына. Як на першы погляд, то і не самыя багатыя на літаратурна-краязнаўчую памяць адрасы. Але Дзіяна лічыць іначай:

  • У Любані жыве адзін з самых старэйшых дзіцячых пісьменнікаў Беларусі Іван Муравейка. Ён яшчэ Вялікую Айчынную вайну прайшоў. Мае баявыя ўзнагароды. На рэйхстагу ў Берліне аўтограф свой пакінуў… У вершах Івана Муравейкі, які нарадзіўся ў самай буйнай вёсцы Любаньшчыны – Талі, умяшчаецца вельмі шмат мясцовага матэрыялу. Шматлікія мікратапонімы, родныя, самыя блізкія краявіды натхнілі таленавітага творцу на самыя розныя вершы, песні, – усё гэта заварожвае, захапляе. А яшчэ пра раку Арэсу, востраў Зыслаў, мястэчка Урэчча, іншыя мясціны Любаньшчыны пісалі Уладзімір Паўлаў, Ніна Маеўская, Сяргей Грахоўскі, Яўген Хвалей, Казімір Камейша… Спадзяюся, што мне ўдасца зазірнуць у іх вобразную сістэму, у іх каардыянаты творчага мышлення, удасца нешта сваё ўласнае, асабістае дадаць у мастацкае прачытанне нашай роднай старонкі.

Саюз мастака і пісьменніка можа, аказваецца, мець і такі характар, як і ў выпадку з задумамі жывапісца Дзіяны Каласовіч. Спадзяёмся, што працы яе, скіраваныя на каментарый літаратурнай памяці Міншчыны, знойдуць сваіх гледачоў не толькі на адмысловых выстаўках, але і ў альбомах, ды і ў іншага фармату рэпрадукцыях. А мо будуць выдадзены і мастацкімі паштоўкамі з лаканічнымі пісьменніцкімі тэкстамі?..

 

Алесь Карлюкевіч

 

Фота Дзіяны Каласовіч: Звязда

Прочитано 281 раз Последнее изменение Понедельник, 10 Июль 2017 11:50
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии