Четверг, 01 10 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Мір і ваколіцы. Навагрудак

  • Четверг, 02 апреля 2020 13:14
  • Автор 

Пазваніў Мікалай Андрэевіч Чаркашын. Пісьменнік з Масквы. Пісьменнік-марыніст. Ваенны журналіст. Ён нарадзіўся ў Ваўкавыску ў 1946 годзе. Служыў у Ваенна-Марскім Флоце намеснікам камандзіра па палітычнай частцы на падводнай лодцы. І часта бывае ў Беларусі. Напісаў некалькі кніг, звязаных з ваеннай гісторыяй нашай Айчыны. “Хацелася б хутчэй наведацца ў Навагрудак”, – сказаў Мікалай Андрэевіч. Ён і раней не аднойчы прыязджаў на радзіму Адама Міцкевіча, добра ведае музей паэта.

Расказаўшы пра гэты званок дырэктару Міцкевічаўскага музея ў Навагрудку, апантанаму збіральніку памяці пра класіка польскай літаратуры Міколу Гайбу, я пачуў у адказ: “Арганізуем сустрэчу з Мікалаем Андрэевічам, пакажам яму Навагрудак і Навагрудчыну літаратурную. Горад і наша старонка звязаны з імёнамі многіх пісьменнікаў…”

Давайце і мы паспрабуем успомніць, хто ж з паэтаў, празаікаў, літаратуразнаўцаў мае дачыненне да старажытнага горада. Канешне ж, у Навагрудку хапае адрасоў, звязаных з імем Адама Міцкевіча. Пры мясцовым кляштары з 1751 па 1831 гг. дзейнічала дамініканская школа. У 1807 – 1815 гг. у ёй вучыўся аўтар “Пана Тадэвуша”. Разам з Адамам Міцкевічам ў школе дамініканцаў вучыўся і Ян Чачот, будучы беларускі і польскі паэт, збіральнік фальклору. Праз гады Ігнат Дамейка напіша пра двух легендарных вучняў: “Два нашыя студэнты Наваградскай школы з гадоў маленства добра ведалі літоўскі люд, палюбілі яго песні, прасякнуліся яго духам і паэзіяй, да чаго, вядома ж, прычынілася і тое, што малое мястэчка Наваградак не шмат чым адрознівалася ад нашых вёсак і засценкаў. Школьнае жыццё было хутчэй сельскае. Сябры хадзілі на кірмашы, царкоўныя ўрачыстасці, бывалі на сялянскіх вяселлях, дажынках і хаўтурах. У тыя школьныя часы ўбогая страха і народная песня распалілі ў абодвух першы паэтычны агонь. Адам хутка ўзнёсся да высокай сферы сваіх цудоўных твораў. Ян жа да смерці заставаўся верны роднай паэзіі…” 

Па міцкевічаўскіх мясцінах і правядзе нас Мікола Гайба. Канешне ж, самая грунтоўная частка экскурсіі – у самім доме-музеі, які першапачаткова быў адчынены ў 1938 годзе. У гады Другой сусветнай вайны музей быў моцна пашкоджаны. І аднавілі гэты асяродак асветніцтва, культуры ўжо ў 1955 годзе. З 1989 па 1991 гг. правялі чарговую рэканструкцыю. А сучасны выгляд музей набыў у 2001 годзе. 

– У нашай экспазіцыі, фондах музея захоўваюцца некалькі тысяч экспанатаў, – расказвае Мікалай Гайба. – Вялікая калекцыя твораў выяўленчага мастацтва. Дарэчы, у нас заўсёды шмат наведвальнікаў. Летась у музей прыйшло болей 80 000 чалавек. Гэта і ўражвае, і прымушае шукаць самыя розныя формы арганізацыйнай, даследчай актыўнасці.

Разам з Міколам Гайбам, гуляючы па Навагрудку, згадваем і іншых літаратараў – ураджэнцаў старажытнага паселішча. У 1707 годзе тут нарадзіўся польскі паэт і каталіцкі прапаведнік, доктар тэалогіі Юзаф Бака. Пасля і служыў у родным мястэчку місіянерам. Выдаў некалькі кніг духоўнай прозы на лацінскай і польскай мовах. Юзаф Бака – і аўтар двух зборнікаў вершаў. Пры жыцці да паэта ставіліся досыць крытычна, творы яго называлі “безгустоўшчынай”. Быў і такі выраз: “Вершы а ля Бака”. А ў канцы XIX – на пачатку XX стагоддзяў вырастала зацікаўленасць творчасцю Юзафа Бакі. Сёння яго лічаць самым слынным паэтам позняга барока. Дарэчы, ва Уладзіслава Сыракомлі ёсць праграмны верш “Наследаванне Баку”.

Яркая фігура сярод навагрудскіх літаратараў – пісьменнік-мемуарыст Ігнацій Яцкоўскі (1800 – 1873). Працаваў адвакатам. У час паўстання 1830-1831 гг. дзейнічаў разам з навагрудскімі паўстанцамі. Ваяваў у складзе 13-га уланскага палка атрада Г. Дэмбінскага. Пасля паражэння паўстання хаваўся ў Кракаве. У 1833 г. з Трыеста выехаў ў Паўночную Амерыку. Праз некаторы час пераехаў у Лондан. Кіраваў польскай друкарняй і кнігарняй у прыгарадзе Лондана – Тотэнхеме. У 1857 годзе атырмаў дазвол вярнуцца на радзіму. Жыў пад Навагрудкам. Пісаў і друкаваў публіцыстычныя артыкулы, нарысы, ўспаміны, вершы. Аўтар публіцыстычных кніг “Палітычныя творы” (Лондан, 1853), “Трохгадовае знаходжанне на Усходзе” (Лондан, 1857). У мемуарах “Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды” (першае выданне выйшла ў Лондане ананімна ў 1854 годзе), дзе змясціў верш “Зайграй, зайграй, хлопча малы…” разам са звесткамі пра яго аўтара – Паўлюка Багрыма.

У 1867 годзе ў Навагрудку нарадзіўся рускі філосаф, юрыст, журналіст, публіцыст, літаратурны крытык Сямён Лур’е. Працаваў часопісе “Русская мысль”, газеце «Русские ведомости». Друкаваўся ў часопісах “Историческое обозрение»,  «Восход», «Мир искусства», іншых выданнях. У 1919 годзе эмігрыраваў у Францыю.

З горадам Міцкевіча звязаны і лёс беларускага паэта Алеся Бажко (1917 – 2013), які ў 1936 – 1938 гг. вучыўся ў музычным інстытутам імя Станіслава Манюшкі ў Навагрудку. Пасля яго заканчэння малады чалавек паступіў у Варшаўскую кансерваторыю. Вучоба была спынена з пачаткам Другой сусветнай вайны. Алесь Бажко вярнуўся на Карэліччыну і некаторы час працаваў дырэктарам Мірскага раённага дома культуры.

… Здаецца, якое дзесяцігоддзе ні вазьмі – паўсюль па часе раскіданы літаратурна-краязнаўчыя памяткі, – гаворыць наш гід Мікола Гайба. – Мяркуйце самі… Мемуарыст Фёдар Еўлашоўскі ў шаснаццатым стагоддзі служыў падсудкам навагрудскага земскага суда. Па дарозе ў Гродна ў адной з блізкіх да мястэчка вёсак спынілася з-за хваробы славутая пісьменніца, драматург Францішка Уршуля Радзівіл. Яе прывезлі ў бальніцу ў Навагрудак, дзе яна і памерла. У Навагрудку служыў ваяводам князь Юзаф Аляксандр Яблонскі, пятнаццаць гадоў служыў – з 1755 па 1772 гады. Гісторык, бібліёграф, перакладчык, паэт. Літаратарам быў і другі навагрудскі ваявода – Мікалай Хрыстафор Халецкі. Ён служыў раней за Яблонскага – у 1650 – 1653 гг. На цэлае стагоддзе раней. Яго першы літаратурны твор – панегірык гетману Яну Замойскаму быў надрукаваны ў Францыі ў 1606 годзе. Халецкі – аўтар многіх навуковых трактатаў, гістарычных даследванняў. Імёнаў можна згадваць безліч… У Навагрудку скончыў гарадское вучылішча яшчэ задоўга да Першай сусветнай вайны паэт, сатырык, гумарыст Анатоль Дзяркач.

… А колькі пісьменнікаў сюды прыязджалі напрыканцы XX – у пачатку XXI стагоддзя?!. Польскія, рускія, беларускія… Імёны шмат каго з іх можна ўзнавіць, зазірнуўшы ў кнігу наведвальнікаў Дома-музея Адама Міцкевіча. А будзеце мець крыху болей часу – зазірніце яшчэ і ў Навагрудскі краязнаўчы музей. І там не абыйшлося без памятак літаратурна-краязнаўчых…

Алесь Карлюкевіч

Ілюстрацыя: Shtetl Routes

 

Прочитано 95 раз Последнее изменение Четверг, 02 апреля 2020 13:15