Вторник, 19 10 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

На Гродзеншчыне адкрылася выстава «Фарбы роднай старонкі»

  • Вторник, 06 июля 2021 11:28
  • Автор  Сугучча

Багатая палітра колераў, спантанныя сюжэты і па-дзіцячы наіўнае адлюстраванне рэчаіснасці — усё гэта ўласціва выстаўцы інсітнага («прымітыўнага») мастацтва, якая адкрылася ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Экспазіцыя «Фарбы роднай старонкі» налічвае каля 100 палотнаў, прадстаўленых найлепшымі мастакамі-прымітывістамі вобласці.

Дзевяць таленавітых жывапісцаў дазволілі сабе праігнараваць законы перспектывы і адмовіцца ад строгіх правілаў кампазіцыі. Галоўная ўмова іх творчасці — глядзець на свет вачыма дзіцяці і тварыць так, як патрабуе душа. У аўтараў удала атрымаліся не толькі надзіва «жывыя» пейзажы ды нацюрморты, але і арыгінальныя эксперыменты з пастэллю, керамікай і шоўкам.

Своеасаблівым талісманам выстаўкі абраны казачны «Кот у яблыневым садзе», вобраз якога ўвасобіла алейнымі фарбамі Валянціна Шышпаронак з Бераставіцы. Таленавітая мастачка на працягу многіх гадоў працавала ў галіне будаўніцтва. Дарэчы, усім удзельнікам выстаўкі па жыцці заўсёды ўдавалася сумяшчаць некалькі сур'ёзных заняткаў. Так, Лідзія Шпектарава і Ганна Чуканава, мастачкі з народнага аматарскага аб'яднання «Гарадзенскі каларыт» Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры, доўгі час працавалі на абутковай фабрыцы, Зоя Сярко — у вытворчым аб'яднанні «Азот», Данута Цыбулька-Цвятніцкая — у гандлі, Сяргей Еўдакімаў — на розных прадпрыемствах у якасці мастака-афарміцеля. Вядомая ў Гродзенскім раёне мастачка Ларыса Касіцкая сёння працуе кіраўніком дзіцячага гуртка выяўленчага мастацтва ў аграгарадку Азёры і піша іконы... на страусавых яйках. Алена Піразева з Навагрудка захапляецца інкрустацыяй бяростай, мастацкім роспісам, вышыўкай і актыўна ўдзельнічае ў мясцовым клубе майстроў «Каляровая альтанка».

Нездарма кажуць: чалавек таленавіты — таленавіты ва ўсім. Жывы доказ гэтых слоў — удзельнік выстаўкі Анатоль Кардаш з пасёлка Наваельня Дзятлаўскага раёна. Па прафесіі ён юрыст, з 1989 года займаецца жывапісам. Пейзажы Анатоля Аляксандравіча — сапраўдная крыніца мар для кожнага вандроўніка і аматара адпачынку на ўлонні прыроды! Вядомы на Дзятлаўшчыне творца сваімі рукамі змайстраваў ганчарнае кола і горн, засвоіў выраб глінянага посуду і на гэтым не спыніўся. Новы твор Анатоля Кардаша — аматарскае аб'яднанне «Эпатажны блюз» для наваельненскіх прыхільнікаў танцавальнай культуры.

Мастакі, чые работы да канца ліпеня можна будзе ўбачыць на выстаўцы «Фарбы роднай старонкі», перакананыя, што кожная творчая прыступка ў жыцці — гэта заўжды невялікая нагода для свята. Большасць аўтараў ужо ў досыць паважным узросце, але гэта не перашкаджае ім адчуваюць крылы за плячыма і імкнуцца да новых вяршынь.

Ала Бялькевіч, дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці

Крыніца: Звязда

Загаловак у газеце: Інсітная краса «Фарбаў роднай старонкі»

Прочитано 182 раз Последнее изменение Вторник, 06 июля 2021 11:36