Четверг, 21 10 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Падарожжа ў далетапіснае мінулае: услед за росшукамі Міколы Багадзяжа і Ірыны Масляніцынай

  • Суббота, 15 мая 2021 01:35
  • Автор  Сугучча

«Беларусь далетапісная» – гэтая кніга гістарычных нарысаў Ірыны Масляніцынай і Міколы Багадзяжа, сімпатычна ў свой час аформленая Арленам Кашкурэвічам, не можа не хваляваць.

На маёй кніжнай паліцы яны поруч з іншымі гістарычнымі, краязнаўчымі кнігамі, якія некалі выйшлі ў РВУ «Літаратура і Мастацтва». Можна згадаць хаця б некаторыя з іх: «Сто асоб беларускай гісторыі» кандыдата гістарычных навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Анатоля Мяснікова, «Белорусские сокровища за рубежом» доктара філалагічных навук, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Адама Мальдзіса, «Нямцэвічы: сапраўдныя гісторыі» кандыдата філалагічных навук Анатоля Гладышчука, «Нашчадкі вогненных вёсак» доктара філалагічных навук Таццяны Падаляк, «Князь мсціслаўскі» пісьменніка Алега Ждана… Нарысы пра скарбы айчыннай культуры, гістарычныя раманы, жыццяпісы славутых суродзічаў – шматабсяжная жанравая і тэматычная палітра прадстае з гэтай адмысловай асветніцкай бібліятэкі аднаго выдавецтва.

З нядаўніх навінак – кніга гістарычных нарысаў Ірыны Масляніцынай і Міколы Багадзяжа «Беларусь далетапісная». Расповядам пра легендарных, а часам усё яшчэ і малавядомых персанажаў гісторыі самых даўніх падзей на тэрыторыі сучасных беларускіх земляў папярэднічае грунтоўная аўтарская прадмова. Яна невыпадкова называецца наступным чынам: «Падарожжа ў тумане». Ірына Масляніцына, Мікола Багадзяж адзначаюць: «Аднойчы ў прыватнай размове аўтарам гэтай кнігі давялося пачуць выказванне: «У той час, калі цывілізаваная Еўропа ўзводзіла гарады і хадзіла ў крыжовыя паходы вызваляць Труну Гасподню, нашы продкі апраналіся ў звярыныя шкуры і высвятлялі паміж сабою стасункі пасродкам дубіны». Было вельмі крыўдна, і не столькі за беспадстаўна абражаных продкаў, колькі за нашчадкаў, якія робяць сёння гэткія заявы, цалкам упэўненыя ў іх праўдзівасці.

І сапраўды, якія высновы прыходзяць на розум чалавеку, які сёння звернецца за ведамі пра мінулае свайго народа – любога з трох усходнеславянскіх – да падручніка гісторыі, гістарычнай энцыклапедыі, даведніка? Што гісторыя ўсходніх славян пачалася ў XI стагоддзі з легендарнага закліка трох братоў-варагаў Рурыка, Сінявуса і Трувора «правіць Руссю» з нагоды таго, што «зямля ў нас багатая, парадку толькі няма». Што ж было да іх прыходу? У неспрактыкаванага чытача ствараецца ўражанне, што нічога істотнага…»

Вось аўтары і імкнуцца даказаць зваротнае, запрашаючы чытача да «Падарожжа ў тумане». Шаснаццаць нарысаў, аб’яднаных у кнізе «Беларусь далетапісная», прысвечаны яркім, шматзначным постацям, акалічнасцям грамадскага, палітычнага жыцця на беларускіх землях. «Таргітай – сын Прыпяці» – пра Таргітая, якога скіфы ведалі як свайго героя-родапачынальніка з XV стагоддзя альбо самага пачатку XIV стагоддзя да нашай эры. Між іншым, карыстаючыся рознымі звесткамі, аналізуючы розныя выказванні, аўтары прыходзяць да цікавай высновы: «…Таргітай, паводле падання, ‒ сын Зеўса, і Геракл таксама. Таргітай – герой, які змагаецца з моцнымі, злымі ворагамі і пачварнымі жывёламі (такім яго паказвалі скіфы), і Геракл таксама. Безумоўна, блытаніна ўзнікла з-за таго, што жылі грэчаскі і скіфскі герой у адзін і той жа час. А даследчыкі Антычнасці называюць часам жыцця і дзейнасці Геракла XV  стагоддзе да н.э.

З апошняга ж прыведзенага намі падання Герадота вынікае яшчэ адзін цікавы факт. Імя сына героя, названага грэкамі Гераклам, Ячкі, безумоўна, насамрэч з’яўляецца Таргітаем, ‒ Скіф…»

«Скрэва, прамаці крывічоў» – зварот  да «Вялесавай кнігі», расповяд пра Багуміра, які, на думку пісьменнікаў, з’яўляецца праславянінам. А гісторыя жаніцьбы на Багуміравых дочках трох братоў-блізнят – атаясамленне з многімі легендамі, песнямі, паданнямі славянскага эпасу. «Няўрыда – краіна ваўкалакаў» – нарыс, першаштуршком да якога паслужылі словы Герадота пра неўраў,  Няўрыду. Адтуль, з Валыні і Заходняга Палесся, па меркаванні шэрагу даследчыкаў, ‒ радзінныя карэнні праславян. …Вальдэмар Полацкі, браты-князі Кій, Шчэка, Харыў, іх сястра Лыбедзь, Орый, Кісек, Хаган… Ці шмат мы ведаем пра гэтых гістарычных персанажаў у стасунках з гісторыяй Беларусі, увогкуле усходнеславянскіх земляў? Кніга Ірыны Масляніцынай і Міколы Багадзяжа ўводзіць у прастору такога ведання, дапамагае чытачу разняволіць свой гісторыка-асветніцкі кругагляд. «Беларусь далетапісная», на многіх сваіх старонках прадстаўляючы гісторыю міфалагізіраваную, ‒ добры дапаможнік для развіцця шырокага, заснаванага на сутыкненні розных думак і меркаванняў і пазбаўленага пэўных догмаў мышлення.

І. Масляніцына, М. Багадзяж ужо на пачатку кнігі звяртаюць увагу на тое, якія крыніцы аказаліся ў іх полі зроку. А гэта – «Мельпамена» Герадота, «Гетыка» Іярдана, «Кніга шляхоў і дзяржаў» Ібн Хордабега, «Залатыя лугі» Аль Масудзі, «Кніга межаў ад усходу на захад» (імя аўтара невядомае), «Геаграфія арыенціраў» Ібн Хацкаля, «Асалода тых, якія валодаюць вакол святла», «Тыфліскі рукапіс» (вядомы толькі ў цытатах, змешчаных у 1901 годзе ў часопісах «Вестник Всемирной истории» і «Византийский Временник»), «Жыціе Дзмітрыя Салунскага», «Сага аб Тыдрыку Бернскім», «Магілёўская хроніка», «Віцебскі летапісец»…І яшчэ – легендарная «Вялесава кніга», спрэчкі вакол сапраўднасці якой ідуць многія дзесяцігоддзі. Напрыканцы «Беларусі далетапіснай» аўтары падаюць вялікі спіс гістарычнай літаратуры, відавочна, тым самым запрашаючы чытача да далейшага досведу.

«Беларусь далетапісная» – з кніг, знаёмства з якімі прыносіць яшчэ і мастацкую, эстэтычную асалоду. Нарысы суправаджаюцца малюнкамі народнага мастака Беларусі Арлена Кашкурэвіча. Знакаміты кніжны графік дастаткова вобразна рэканструяваў персанажаў «Беларусі далетапіснай», што дазваляе яшчэ  кнігу і разглядаць, разважаючы пра нашых зусім далёкіх прашчураў.

Як на мой погляд, такой шчырай папулярызатарскай і разам з тым грунтоўнай у памкненнях зазірнуць у далёкія часіны гістарычнай літаратуры проста не стае па сённяшнім часе. І таму парада айчынным выдавецтвам: часцей звяртацца да такіх аўтараў, як Мікола Багадзяж і Ірына Масляніцына.

 

Мікола Берлеж

 

Прочитано 209 раз