Четверг, 02 04 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Падарожжа па родным краі»: Капыльскі досвед

  • Среда, 19 февраля 2020 09:30
  • Автор  Сугучча

Прадаўжэннем кніжнай серыі выдавецтва «Беларусь» «Падарожжа па родным краі» стаў зборнік нарысаў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алеся Марціновіча «Капыльшчына. Душа рвецца сюды».

«Назву гэтай кнігі-споведзі я ўзяў, адштурхоўваючыся ад сказанага двума выдатнымі ўраджэнцамі Капыльшчыны. Класік беларускай літаратуры Кузьма Чорны з вялікай радасцю сустрэў вестку пра вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У сваім дзённіку ён пісаў: «Родныя мае мясціны. Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там…» Па сутнасці, тое ж самае прамаўляў у навеле «Адвячоркам» і Цішка Гартны: «Чаму я так ірвуся сюды – да гэтай прыроды?», – піша Алесь Марціновіч у прадмове да сваёй кнігі.

Перш-наперш пісьменнік-краязнаўца звяртаецца да раскрыцця паходжання назвы старажытнага паселішча. Вось што піша Алесь Марціновіч: «… Хутчэй за ўсё назва Капыль звязана з абазначэннемі адной з прылад для апрацоўкі глебы. Раней у сялянскіх дварах часта можна было напаткаць капыл – штосьці падобнае на матыку, кірку. Захавалася і назва «капылле». «Капылле, – як тлумачыць В. Жучкевіч, – палетак. Апрацаваны матыкай, капылом». Хоць верагодна паходжанне назвы Капыль і ад слова «капыл» у іншым яго значэнні, якое вядома і сёння.

Па-свойму падыходзіў да тлумачэння гэтай назвы ўраджэнец Капыля расійскі археолаг і этнограф Уладзімір Малюковіч. Ён звяртаў увагу на паняцце «капа» ў яго колішнім разуменні: старадаўняй меры вымярэння колькасці грошай, снапоў, яек. Яно, наколькі вядома, ужывалася некалі ў розных губернях, у тым ліку і на землях, што з’яўляюцца цяпер тэрыторыяй Беларусі. У гэтых разважаннях ёсць сэнс, хоць нельга адмаўляць і іншага варыянта. Буракі, іншыя дары поля і агарода для лепшага захоўвання складвалі ў капцы. Назва Капыль магла пайсці і ад гэтага слова».

А. Марціновіч расказвае пра курганы ў капыльскіх мясцінах. Згадвае пры гэтым легенду беларускай гісторыі і краязнаўства Аляксандра Карлавіча Ельскага (1834 – 1916), які «адкрыў два старажытныя паселішчы ў ваколіцах вёскі Пясочнае». Помнікам бронзавага веку, нагадвае пісьменнік, з’яўляюцца курганы ў ваколіцах цяперашняга райцэнтра, каля вёсак Быстрыца, Гулевічы, Навасёлкі, Пясочнае, Семежава, Чарнічнае, Макраны (сённяшняя Чырвоная Дуброва). Іх яшчэ называюць «капцы». Капыляне ўпэўнены, што гэта магілы заваёўнікаў – магчыма, шведаў, а можа і французаў.

З кнігі «Капыльшчына. Душа рвецца сюды» цікаўны чытач даведаецца пра тое, які горад болей старажытны – Слуцк ці Капыль. Якім чынам звязаны з краем казацкі генерал Мацвей Платаў? Хто такі адвакат Якуба Коласа і яшчэ Максіма Танка – Казімір Петрусевіч? Якія часопісы выходзілі ў Капылі на пачатку XX стагоддзя?.. На гэтыя і іншыя пытанні адказвае шукальнік гістарычнай праўды Алесь Марціновіч. У кнізе – расповед пра Мендэля Мойхер-Сфорыма, Кузьму Чорнага, Міколу Хведаровіча, Алеся Адамовіча, Анатоля Астрэйку, Адама Бабарэку, Алеся Бельскага, Алеся Гурло, Аляксандра Каваленю, іншых знакамітых асобаў, звязаных з Капыльскім краем.

Дарэчы, у серыі «Падарожжа па родным краі» павінны пабачыць свет краязнаўчыя кнігі Міколы Гайбы, Сяргея Чыгрына, Івана Аляксандрава і іншых дасведчаных збіральнікаў гістарычнай памяці пра розныя мясціны Беларусі

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 26 раз