Вторник, 07 12 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Гісторыі беларусак у тварах»: унікальны фотапраект з Новасібірска

  • Воскресенье, 10 января 2021 14:52
  • Автор  Сугучча

У супрацы з Новасібірскім цэнтрам беларускай культуры таленавіты фотамайстар Андрэй Чардакоў рэалізаваў фотапраект “Гісторыі беларусак у тварах”. Дзякуючы яму гожа, з нацыянальным каларытам створаны мастацкія вобразы беларускіх дзяўчат і жанчын, якія жывуць у Новасібірскай вобласці.

Фотамайстр Андрэй Чардакоў

Фотамайстр Андрэй Чардакоў

Спачатку — трохі пра надзённае. Супраца з няштатнымі аўтарамі ў розных краінах — вельмі важны складнік маіх клопатаў у рэдакцыі газеты “Голас Радзімы”. Па электроннай пошце адладжана перапіска з дзясяткамі сяброў выдання ў замежжы: паводле маіх падлікаў, такіх кантактаў звыш 50. Гэта, безумоўна, вымагае часу. Даводзіцца ж адрывацца ад “канвеера”, на якім “збіраецца” чарговы нумар. Затое й свежыя факты пра падзеі ў дыяспары заўсёды пад рукой. І ў газеце таксама. Несумненна, такія кантакты — справа ўзаемавыгадная: і для інфарматараў, і для выдання, адрасаванага ў першую чаргу актывістам дыяспары ды шырокаму колу іншых чытачоў.

Вось і з метадысткай Новасібірскага цэнтра беларускай культуры Таццянай Нялюбінай склаліся ў нас дзелавыя, творчыя стасункі. У тэксце “Пяць беларускіх дзён у Сібіры” (ГР, 15.11.2020) Таццяна згадала праект “Гісторыі беларусак у асобах”. Па нашай просьбе напісала пра яго больш падрабязна ды аператыўна даслала тэкст са здымкамі ў рэдакцыю.

Як вядома, Сібір стала другім домам для сотняў тысяч беларусаў і беларусак. І цяпер там жыве іх, мусіць, не менш (бо куды ж ім было падзецца!) — многія толькі асіміляваліся ды пішуцца ўжо рускімі. А каб трохі бліжэй угледзецца ў твары супляменніц у Сібіры, актывісты Новасібірскага цэнтра беларускай культуры задумалі фотапраект, які набыў назву: “Гісторыі беларусак у тварах”. Урэшце атрымаліся не проста будзённыя фотаздымкі, а далікатнае судакрананне з рознымі беларускімі лёсамі. Ну а “жаночы твар” вымалеваўся ў праекта ў немалой ступені таму, што сярод актывістаў дыяспары “прыгожая палова” пераважае. Да таго ж, піша Таццяна Нялюбіна, жанчыны заўсёды ахвотней згаджаюцца на ўдзел у розных творчых эксперыментах. І ўвогуле: хто ж, як не этнічная беларуска ў нацыянальным строі, можа найлепш перадаць прыгажосць і адметнасць свайго народа! У супрацы Цэнтра з фотамайстрам Андрэем Чардаковым (ягоны партрэт, узяты з інтэрнэта, мы таксама падаём) і з’явіліся высокамастацкія фотаздымкі беларускіх дзяўчынак, дзяўчат і жанчын з Новасібірскай вобласці.

У ліку тых, каго бачым на здымках — наша раней актыўная няштатная аўтарка Людміла Бяляўская, сябар Саюза журналістаў Расіі. Магчыма, сталыя чытачы памятаюць яе жывыя, напоўненыя светлай тугой па Бацькаўшчыне тэксты. Спадарыня Людміла пісала пра бацьку-гарманіста, ветэрана вайны й працы Уладзіміра Дзмітравіча Бяляўскага, пра родныя мясціны, блізкіх людзей з горада Кіраўска, што на Магілёўшчыне — пра ўсё тое, што заўсёды падсілкоўвае беларуску ў Сібіры жыццёвай энергіяй. Цешыла спадарыню Людмілу, што “пад татаў гармонік паспеў паскакаць і яго маленькі сібірскі праўнук Вадзім. Нашу хату на той час ужо знеслі, а бацькі мае паспелі пажыць і ў добраўпарадкаванай кватэры новай шматпавярхоўкі”. (“Роду нітачка несканчоная” — ГР, 18.01.2018.)

Людміла Бяляўская

Людміла Бяляўская

Яскравыя ўражанні пра Беларусь з дзяцінства і ў Анжалікі Нясцёркінай — у прыватнасці, пра вёску Дзямідавічы Нясвіжскага раёна, адкуль родам яе бацька. У тэксце Таццяны Нялюбінай чытаем: “У памяці ўсплывае ельнік, з узлеску якога быў цудоўны краявід з сажалкай, у якой мы любілі купацца. Вядома ж, хата з печчу, у якой бабуля гатавала нам беларускія стравы: няхітрыя, але вельмі смачныя!”. Было б цікава пачытаць: як аказаўся беларус з Дзямідавіч у Сібіры ды які працяг мае там ягоны род. Дарэчы, і ў адной галіны майго роду карані — з Нясвіжчыны: з Малой Быхаўшчыны.

На фотаздымках ёсць і дзве Валянціны, сяброўкі з дзяцінства: жылі ў суседніх вёсках Быхаўскага раёна, вучыліся ў адной школе ды амаль 40 гадоў таму разам паехалі ў Сібір. Валянціна Нячаева дагэтуль бачыць у снах вёску Ветранку (націск на е): вырасла, прызнаецца, пры лесе, слухаючы гоман дрэў і спевы птушак. І тое райскае месца ёй і сёння сніцца. Для Валянціны Самсонавай малая радзіма — гэта суседняя з Ветранкай вёска Кузькавічы. Яе таксама саграваюць успаміны маленства: “Нарадзілася на хутары, можна сказаць, у беларускіх балотах. І ўсё яшчэ памятаю птушыныя спевы, дзівосныя водары скошанай травы…”

Валянціна Самсонава

Валянціна Самсонава

Пэўна, няма такіх яркіх вясковых успамінаў у былой мінчанкі Марыі Белакурскай, салісткі Новасібірскага акадэмічнага тэатра оперы й балета. Ды ўсё ж беларускае паветра й для яе — найбольш свежае ды “смачнае”. Прынамсі, так Марыя расказала Таццяне Нялюбінай. Ураджэнка Смаргоні Марына Лапкіна прыехала ў Сібір услед за мужам, доўга пажыўшы і ў Мінску. Яе Беларусь — гэта “родная хата, бацькі, спакой, прыгожыя твары людзей, буслы, валошкі, шматлікія азёры й пах сапраўдных яблыкаў”.

Марыя Белакурская

Марыя Белакурская

А ў кіраўніцы Новасібірскага цэнтра беларускай культуры, спявачкі Анастасіі Дзяменцьевай родам з Беларусі бабулі й дзядулі. Адна з іх, Кацярына Лук’янаўна Зашчытава, — з Гомельшчыны. У дзяцінстве Анастасія і ўявіць сабе не магла, што беларускія песні бабулі так паўплываюць на яе лёс, прывядуць у ЦБК. Што да песень беларускіх, то ў іх, відаць, і сапраўды ёсць вялікая магічная сіла. Вось і Алеся Матвеева, яшчэ адна з удзельніц фотапраекта, згадвае, як маці перад сном спявала ёй у маленстве розныя песні, але засынала дзяўчынка толькі пад беларускую калыханку.

Таццяна Нялюбіна, Маша Гасюк, Анастасія Дзяменцьева

Таццяна Нялюбіна, Маша Гасюк, Анастасія Дзяменцьева

З самых юных беларусак Новасібірска засвяціліся ў праекце “Гісторыі беларусак у тварах” Светачка Басава ды Паліна Сямёнава. Яны, чытаем у тэксце, вельмі ганарацца сваімі прадзядулямі. Бо першая — праўнучка Уладзіміра Паўлавіча Драздова, старшыні Сібірскага рэгіянальнага саюза “Чарнобыль”, а другая — Мікалая Паўлавіча Роўбы, афіцэра ў адстаўцы, які родам з Міншчыны, у Сібір трапіў па службе. Дарэчы, і пра кожнага з іх, пэўна, можна расказаць на старонках нашай газеты.

Света Басава

Света Басава

Яшчэ важны момант адзначым: у Новасібірску шануюць памяць пра папярэднікаў, ёсць моцная повязь пакаленняў. Скажам, нашы супляменнікі памятаюць пра тое, што беларускія родавыя карані меў знакаміты акадэмік Валянцін Капцюг, і не менш вядомы ў Новасібірску акадэмік Андрэй Трафімук — таксама з нашага роду. Таццяна Нялюбіна піша, што ўдзельніцай фотапраекта стала й Соня Дуліна: унучка Ніны Кабанавай, першай кіраўніцы, а таксама й стваральніцы вядомага цяпер Цэнтра беларускай культуры. Ніна Васілеўна родам была з вёскі Лазаравічы Быхаўскага раёна, 15 гадоў яна ўзначальвала Цэнтр. Дзяўчынка ганарыцца бабуляй ды кажа, што менавіта дзякуючы ёй з’явілася і ў яе цікавасць да творчасці. Загінула Ніна Кабанава 20 ліпеня 2015 года: па дарозе на дачу кіравала машынай ды на трасе Новасібірск — Кузбас трапіла ў аўтакатастрофу. Пасля той трагедыі мы падалі ў газеце спачуванні, накіраваныя ў ЦБК ад беларусаў Іркуцка. Там ёсць радкі: “Яна прыязджала да нас у Іркуцк. Знаёмілася з нашым актывам. Таксама мы, гурт “Крывічы”, не аднойчы сустракаліся з Нінай Васілеўнай на розных мерапрыемствах у Новасібірску, Томску, Мінску ды іншых гарадах Расіі, Беларусі. Мы памятаем яе як адкрытую, самаахвярную, шчырую патрыётку Беларусі. Яна паклала шмат сіл ды энергіі на карысць адраджэння й развіцця Беларускай культуры. Таксама мы памятаем і сапраўдную гасціннасць Ніны Васілеўны. Яе годныя сустрэчы нашага гурта ў Новасібірску, яе клопат запалі нам у сэрцы”.

Соня Дуліна

Соня Дуліна

Спадзяемся, і гэтыя цёплыя радкі пра сваю душэўную бабулю-беларуску, падрастаючы, Соня Дуліна будзе згадваць. Як і верш “Перад тварам Вечнасці”, тады напісаны. Ён, дарэчы, і сёння надзвычай актуальны, — у пару, калі доўжыцца каранавірусная эпідэмія, і калі ў Беларусі ды й сярод беларусаў замежжа пэўныя дэструктыўныя сілы ўзяліся рэалізаваць драпежны, вар’яцкі, антыгуманны сцэнар “колеравай рэвалюцыі”, унесці раздрай, раскол сярод нас, натравіць брата на брата. Перад тварам трагедый, якія ўжо адбыліся, і якія, на жаль, пры такім развіцці падзей непазбежныя — давайце задумаемся пра Вечнае.

Мы — розныя, бы колеры вясёлкі,

І гэтым упрыгожваем Зямлю.

Адкінем спрэчкі, крыўды ці падколкі,

Што цэльны свет здрабняюць — на асколкі…

Хай будзе нам малітваю: “Люблю”.

Імгненне — і ўзрываецца бясконцасць…

Вясёлка — сімвал згоды на Зямлі.

Мірыціся, пакуль не бачна донца.

Мірыцеся, пакуль не згасла Сонца.

Мірыцеся, пакуль не адышлі…

Як мы пісалі ўжо, прэзентаваўся праект “Гісторыі беларусак у тварах” 16 кастрычніка ў ЦБК, пры тым кожная гераіня атрымала падарунак: каляндар на 2021 год з фотаздымкамі ўсіх удзельніц. Месяц працавала й фотавыстава ў Доме нацыянальных культур імя Г. Д. Завалокіна. Фотапраект ужо стаў з’явай мастацтва, і такім чынам ён знітоўвае ў прыгожае палатно Беларускай Дыяспары адметныя лёсы-нітачкі сібірскіх беларусак. Да таго ж, піша Таццяна Нялюбіна, праз прызму такіх фотаздымкаў можна больш расказаць і пра кожную з гераінь. Прычым хоць у кожнай з іх — сваё жыццё, свой лёс і свая гісторыя, ды ўсе яны, безумоўна, маюць моцныя духоўныя повязі з гістарычнай Бацькаўшчынай.

І на заканчэнне. Мы ўдакладнілі ў Таццяны: у праекце “Гісторыі беларусак у тварах” паўдзельнічала 15 гераінь. Некаторыя здымкі вырашылі вось так, вялікім разваротам прадставіць. Але, піша Таццяна, “працяг мы абавязкова плануем у будучым годзе”.

Дарэчы, працяг можа быць і міжнародным: у Беларусі. Супрацоўнікі ЦБК з цікавасцю ўспрынялі нашую прапанову-параду: паказаць мастацкія фотаздымкі прыгожых беларусак Сібіры й на іх гістарычнай Бацькаўшчыне. І прадпрымаюцца пэўныя захады, каб здзейсніць такі выставачны праект. Але пакуль не раскрываем падрабязнасцяў: як прыйдзе час — абавязкова раскажам.

Іван Ждановіч

Фота: Андрэй Чардакоў

Друкуецца ў газеце «Голас Радзімы»

Прочитано 256 раз Последнее изменение Воскресенье, 10 января 2021 14:52