Четверг, 01 10 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Штрыхі ў творчы партрэт бялыніцкай мастачкі Ларысы Журавовіч

  • Вторник, 21 июля 2020 10:08
  • Автор  Сугучча

 

Мастацкае шматаблічча Беларусі настолькі багатае, што часам думаецца пра тое, што далёка не ўсё мы можам уважліва разгледзець і нават заўважыць. Не скажу, што гэтыя развагі напрамую датычацца і лёсу таленавітага жывапісца, графіка, актыўнага, уражлівага аглядальніка навакольнага жыцця Ларысы Журавовіч, якая нарадзілася ў Бялынічах, тут жыве, адсюль выпраўляецца ва ўсе свае блізкія вандроўкі па Магілёўшчыне. Але і яе высокі, фундаментальны талент, яе выяўленні Чалавека і Зямлі, заснаваныя на крынічным дыханні роднага, айчыннага не так ужо шырока спасцігнуты… Не будзем абмяркоўваць пакуль што прычыны. Іх – шмат. Не ўсе яны вырашальныя арганізацыйна і згодна пэўным законам суіснавання грамадства і мастака. Праблема ці асноўная частка праблемы прыхаваны хутчэй у глыбокіх планетарных працэсах, якія змятаюць уклад жыцця, выбудоўваюць, лічы, пачварныя, пазбаўленыя гуманістычнага характару шляхі развіцця. І ці развіццё гэта, ці прагрэс рухаецца наперад, калі мы столькі страчваем вечнага, традыцыйнага, прыцягальнага і ва ўсе ранейшыя часіны зразумелага..?

Бялыніччына, Бялыніцкі край – сапраўднае мастацкае, асветніцкае гняздо Беларусі. Культурнае гняздо Беларусі. Адно толькі зварот да мастацкай гісторыі края пераконвае, што сонца мастацтва заўсёды было насычана праменьчыкамі дабрыні, шчасця, святла, радасці. Іначай хіба ж нараджаліся тут многія таленавітыя мастакі?! Такія мастакі, ганарыцца якімі можа кожная краіна, што ўжо казаць пра адну толькі маленькую староначку, пра адзін усяго толькі рэгіён… І я вось думаю, што, можа быць, з часам нехта захоплены злучыць, паяднае гэтыя імёны ў адну зорную каманду і раскажа пра Бялынічы, Бялыніцкі край як пра прастору, якая нарадзіла таленты Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі, Віктара Уладзіміравіча Альшэўскага і Ларысы Віктараўна Журавовіч. Розная вядомасць у кожнага з іх, магчыма, і розныя ў іх погляды на колеры і фарбы, рознае яны выдавалі, выдаюць вызначэнне сімвалам, архетыпам творчасці, але чамусьці яны падаюцца блізкімі не толькі па нараджэнні, але чамусьці іх не раз’ядноўвае тыя часіны час, у якіх пачаў фарміравацца мастацкі геній кожнага з іх.

Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля нарадзіўся 12 лютага 1872 года ў фальварку Крынкі цяперашняга Бялыніцкага раёна. У дваранскай каталіцкай сям’і дробнага арандатара. Маёнтак знаходзіўся за 20 км ад Бялынічаў. Дзяцінства прайшло на Віцебшчыне. Бацька значны адрэзак часу працаваў у Дняпроўскім параходстве. Сям’я мяняла месцы жыхарства. Бацька браў хлопчыка ў плаванне па Дняпры, Прыпяці, Сожы. Перад вачыма будучага мастака разгортваліся выключнай прыгажосці краявіды, колеры беларускіх пейзажаў паўставалі ва ўсёй разнастайнасці, у мностве адценняў. Зрок, свядомасць маладога чалавека насычалася гэтымі фарбамі, каб праз гады талент вялікага мастака здолеў увасобіць дадзеныя яму ўражанні ў геніяльных працах, што і зараз хвалююць гледача. Лірычнае асэнсаванне краявідаў прыроды прывяло Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулю ў кагорту буйнейшых пейзажыстаў XX стагоддзя. Так, у яго і школа была адпаведная. Пасля ўрокаў юначай пары, якія ён атрымаў у Кіеўскай малявальнай школе М. І. Мурашкі у 1885 – 1889 гады – вучоба ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Настаўнікамі сталі С. А. Каровін, В.Д. Паленаў, І. М. Пранішнікаў. У Маскве наш зямляк пазнаёміўся з І.І. Левітанам. Працаваў у яго майстэрні. І гэты ўплыў, безумоўна, адлюстраваўся ў многіх пейзажах Вітольда Каэтанавіча. Але ж чужыя ўплывы, чужы вопыт не спынілі развіццё таленту па арыгінальным шляху. І гэта заўважылі галерысты, гаспадары многіх мастацкіх музеяў, прыватныя калекцыянеры ўжо на самым пачатку творчай дарогі В. Бялыніцкага-Бірулі. У 1892 годзе такі патрабавальны збіральнік як Павел Міхайлавіч Траццякоў набывае яго працу “З ваколіц Пяцігорска”. У 1901 годзе беларускі (так, беларускі!) мастак уразіў гледача на Каўказскай юбілейнай выстаўцы пейзажам “Вечныя снягі”.  Пра ўнутраную беларускасць, беларускія перакананні Вітольда Бялыніцкага-Бірулі красамоўна сведчыць наступны запіс мастака падчас вучобы ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу: “Я – беларус… Як часта і інтэлігентныя людзі, вядомыя ў сваіх навуковых, спартовых ці іншых заслужаных справах, закінутыя творчым ці жыццёвым лёсам у іншыя краі, ці то саромеюцца, ці проста не лічаць патрэбным прыгадаць, якога яны роду-племені, з якіх краёў і ваколіц”.

У 1904 годзе Вітольда Каэтанавіча абіраюць членам Таварыства перасоўных мастацкіх выставак, а яшчэ праз чатыры гады нашага земляка ўганароўваюць званнем акадэміка жывапісу. У 1911 годзе карціна “Час цішыні” атрымала два медалі: ганаровы -- у Мюнхене, бронзавы – у Барселоне. 1911 годам адзначаны яшчэ адзін вялікі поспех мастака – карціна “Зімовы сон”. Зараз яна захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі. І за гэту работу Вітольд Каэтанавіч быў адзначаны бронзавым медалём Міжнароднай выстаўкі ў Барселоне. Кожны мінчанін, госць сталіцы нашай краіны мае шчаслівую магчымасць угледзецца ў гэтую лаканічную, багатую на сэнсы карціну, на якой адлюстраваны храм, абрысы якога выступаюць на фоне неба. Эмацыйны ўзнёслы тон працы дасягнуты, безумоўна, дзякуючы выключнаму майстэрству мастака.

Добра вядомы ва ўсім свеце рускі мастак Ілля Рэпін пісаў у свой час В. К. Бялыніцкаму-Бірулі: “На выстаўцы, калі я даведаўся, што няма Вашых карцін, вельмі засумаваў па Вас. Я так звыкся асвяжацца душою перад вашымі жывымі павевамі праўды, простасці і свабоды. І… я заўсёды з новым і большым задавальненнем гляджу на Ваш пагорак, з хатамі занесенымі снегам; люблю гэтыя беражкі, што белымі краямі люструюцца ў горнай рэчцы…” Масштаб зробленага В. Бялыніцкім-Бірулем уражвае. Толькі ў Беларусі захоўваецца 444 палатны класіка пейзажа. І, канешне ж, усе здабыткі, усе вышыні легендарнага бялыніччаніна добра знаёмыя Ларысе Журавовіч, якая прыйшла ў мастацкую працу праз дзесяцігоддзі пасля вялікага, славутага земляка.

Другая постаць, другі ўраджэнец Бялыніцкага “мастацкага гнязда”  -- жывапісец Віктар Уладзіміравіч Альшэўскі. Нарадзіўся ў вёсцы Вугольшчына 21 верасня 1953 года.  Падлеткам у 1965 годзе патрапіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па выяўленчым мастацтве імя Івана Ахрэмчыка. На змену гэтай школе, з якой звязаны многія легендарныя імёны беларускага мастацтва, прыйшла вучоба ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, які Віктар Альшэўскі закончыў у 1980 годзе. З 1980 года – удзельнік мастацкіх выставак і ў Беларусі, тагачасным Савецкім Саюзе, і за яго межамі. А з 1981 па 1984 гады – вучоба ў творчых майстэрнях жывапісу Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску пад кіраўніцтвам народнага мастака СССР, Героя Сацыялістычнай Працы Міхаіла Савіцкага. У 1984 годзе бялыніччаніна з вёсачкі Вугольшчына прынялі ў Саюз мастакоў Беларусі. З 1995 года Віктар Альшэўскі – акадэмік жывапісу Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва. Мастацтвазнаўцы так пазначаюць творчыя прасцягі таленавітага жывапісца: працуе ў станкавым жывапісе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, нацюрморта. Выкарыстоўвае ў творчасці сімволіку, тэматычна працы Віктара Альшэўскага блізкія да антычнай міфалогіі, хрысціянства, да грамадскіх, сацыяльных, звычайных жыццёвых рэалій сучаснасці. “Рэстаўрацыя”, “Карыятыды”, “Дзяцінства”, “Прастора”, “Парыў ветру”, “Маці”, “Аўтапартрэт з жонкай і дачкой” – угледзьцеся ў гэтыя і іншыя працы Віктара Альшэўскага і вы знойдзеце саміх сябе, пачнеце разважаць пра тое, што блізка менавіта вам асабіста. У гэтым, пэўна, і хаваецца тая галоўная таямніца сапраўднасці мастацтва (і жывапісу, і мастацкай літаратуры, і тэатра) – чужыя сюжэты дапамагаюць угледзецца ў самога сябе… Творы заслужанага дзеча мастацтваў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Віктара Альшэўскага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Траццякоўскай галерэі, галерэях «Spectrum» (Германія), “Ві-2” (Нарвегія), дырэкцыі выставак Саюза мастакоў Расіі, у прыватных зборах Беларусі і замежных краін. І, канешне ж, знаходзяцца работы земляка – і ў Бялыніцкім раённым краязнаўчым музеі імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі.

… А Ларыса Віктараўна Журавовіч нарадзілася ў Бялынічах 6 лістапада 1965 года. У 1983 годзе атрымала адукацыю на мастацкім аддзяленні Рэспубліканскай мастацкай школы па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя І. В. Ахрэмчыка. Легендарны Парнат… Так слэнгава называюць мастацкую школу ці гімназію-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка, праз выхаванне, адукацыю якой прайшлі дзесяткі талентаў. Парнат – дакладна ніхто не ведае, хто і калі даў такую “мянушку” школе юных талентаў. Вядома толькі, што за назвай – і інтэрнат, і вуліца Паркавая як адрас. Сюды шмат хто прыходзіў за мастацкай навукай, прыходзіў, каб развіць талент, пачынаючы з самых малодшых класаў. Прыязджалі і прыязджаюць з розных куточкаў Беларусі. Часта выбар на карысць вучобы ў Парнаце быў неўсвядомленым. Рашэнне прымалі дарослыя – ці то бацькі, ці то тыя першыя настаўнікі, якія ў кволых пялёстках мастацкага выбару дзетак выгледзелі талент, кіраваліся разуменнем, што яго, талент, можа ўмацаваць сур’ёзная вучоба, сур’ёзны прафесійны занятак… З пакалення тых, хто вучыўся разам з Ларысай Журавовіч (ці ў яе 1983-м закончыў вучобу ці выпусціўся праз год пазней ці годам раней) – мастак, куратар розных выставак, яркі прадстаўнік беларускага актуальнага мастацтва Руслан Вашкевіч, графік Юрый Якавенка (ганаровы член Расійскай Акадэміі мастацтваў; аўтар праектаў “alfabeto” – графічных лістоў да паэмы Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”, “Царства Саламона”), жывапісец, графік Ілона Касабука (аўтар сапраўднага графічнага летапісу пра Мінск; яе работы знаходзяцца ў мастацкіх музеях Варны, Шанхая, Нанкіна, іншых гарадоў свету), мастацтвазнаўца, куратар многіх мастацкіх выставак Таццяна Бембель, пецярбургская мастачка Таццяна Зазуля (пасля “Парната” яна паступіла ў Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В. І. Мухінай на факультэт “мадэліраванне касцюма”; працавала галоўным дызайнерам па лініі ТАА “Аидовер»), Пётр Пархімовіч, Ала Урублеўская, Дзмітрый Галуцкі, Сяргей Расолька…Пералік таленавітых імёнаў мог бы быць досыць доўгім.

Наступны этап адукацыі, відавочна, болей усвядомлены і асэнсаваны этап развіцця мастацкага мышлення Ларысы Журавовіч – вучоба на аддзяленні графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. На завяршэнне вучобы маладая мастачка за серыю каляровых афортаў “Восень. Зямля і людзі” на Усесаюзнай выстаўцы дыпломных прац ўзнагароджана бронзавым медалём Акадэміі мастацтваў СССР. 1989 год… Час маладосці, але і час сталення, асэнсаванне мастацкіх арыенціраў. Прыцягальная назва ў серыі афортаў. Восенню ў календары вясковага, сялянскага жыцця ідзе працэс падсумоўвання, завершаны працэс збірання ўраджая. Краскі восеньскага каляндара – гэта ж не толькі і далёка не адны пажоўклая лістота, пахмурнае неба, стомленая ад сваіх вяснова-летніх хуткасцяў і радасцяў рака… Сялянская восень – гэта колеры добрых настрояў завершанасці, гэта асэнсаванне зробленага, надзеі на ціхую, спакойную зіму і мо нават душэўная цішыня, некаторы адпачынак ад вечных турбот працаўніка на зямлі. Мастацтвазнаўцы даўно заўважылі, што тая выпускная праца выбудавала наступныя дарогі Ларысы Журавовіч. Вось і мастацтвазнаўца Мікалай Паграноўскі пісаў: “…Неабходна адзначыць, што цікавасць да сялянскага жыцця ў Ларысы Журавовіч ніколі не вычэрпвалася. У дыпломнай працы гэта выявілася напоўніцу. Серыю “Восень. Зямля і людзі” (1989 г.) можна лічыць першым поспехам маладой мастачкі <…> Простымі нешматлікімі дэталямі мастачка паказвае нялёгкую сялянскую працу. Тут яна наблізілася да выяўлення жыццёвай праўды, але выказала гэта не простым капіраваннем, а па законах мастацтва, гэта значыць – адлюстравала сутнасць таго, што спасцігала як мастак”.

Атрымаўшы пасля вучобы ў інстытуце размеркаванне ў Брэст, на Берасцейшчыну, у куточак Беларусі, які ментальна зусім адрозніваецца ад яе роднай Магілёўшчыны, Ларыса Журавовіч у нейкім сэнсе разгубілася, адчула некаторую няўтульнасць. Магчыма, з часам яна знайшла б сваё месца, выбудавала свой лёс і там, у горадзе над Бугам. Хаця з другога боку трэба мець пэўныя сілы, каб не згубіцца ў новай прасторы. Для мастака гэта, пэўна, асабліва важна. Радзіма, Бялыніччына, ціхія, спакойныя Бялынічы – гэта зразумелае асяроддзе. Мінск таксама ўжо станавіўся зразумелым, Мінск як горад мастацтва і маладосці, фактычна як горад яшчэ і дзяцінства… А вось у Брэсце трэба было б пачынаць наноў… Псіхалагічна для творчага чалавека, які шукае, як, якім чынам перадаць настрой, псіхалогію месца і чалавека з яго ўкладам у гэтым месцы, гэта вельмі і вельмі складана, няпроста. Пройдзе шмат часу пасля Парната і студэнцтва  -- і Ларыса Журавовіч у некаторай ступені сваё мастацкае крэда выкладзе праз наступныя словы: “Радзіма пачалася для мяне з бацькоўскага дома. З ім звязана ўсё – пах астылага попелу ў печы, прахалода драўлянай падлогі, жужжане пчол у адкрытым насцеж акне, пах раскіданага па падлозе аеру на Сёмуху, галасы родных людзей, якія сабраліся пасля працоўнага дня на сямейную “вячэру”… Гэта – знакавыя моманты майго жыцця, майго міра, самадастатковага ў сваёй прыгажосці і гармоніі. Такім ён застаўся для мяне назаўсёды”.

У рускіх мастакоў Апалінарыя Васняцова (1856 – 1933) і Мікалая Дубоўскага (1859 – 1918), якія працавалі на мяжы XIX і XX стагоддзяў, ёсць пейзажы з аднолькавай назвай – “Радзіма”. Апалінарый Васняцоў напісаў сваё палотнішча ў 1886 годзе, Мікалай Дубоўскі пазначыў завяршэнне працы 1905 годам. У першым творы – абагульнена-эпічны вобраз рускай прыроды. Вецер, воблакі, скрозь хмары прабіваецца кволы сонечны праменьчык, у далечыні – сялянскія надзелы зямлі. У Дубоўскага – шырокія прасторы палеткаў, удалечыні бачны вясковыя хацінкі… Вызначаючы велічнасць, выразнасць прыроды і вясковага жыцця ў гэтых пейзажах, сучаснікі і мастацтвазнаўцы з розных дзесяцігоддзяў адзначалі, што выкарыстаныя мастакамі эфекты “уносілі ў пейзаж дэкаратыўны пачатак…” З павагай ацэньваючы мастацкія рашэнні вядомых творцаў, вяртаюся да мастацкага выбару Ларысы Журавовіч. Сімвалы радзімы, архетып радзімы разглядаюцца ёй праз партрэт чалавека, праз нацюрморт з дэталямі чалавечага, сялянскага побыту, праз тое, што складала і працягвае складаць аснову жыцця. Мо камусьці падасца залішняй патэтыкай, але, паверце, для мяне радзімы ў нацюрмортах бялыніцкай мастачкі, дзе ёсць сала, чыгунок з бульбаю, талерка з салёнымі агуркамі, пляшка са зразумелай вадкасцю, заткнутая папяровым коркам, хлеб, які ляжыць на рушніку (хутчэй за ўсё – на даматканым рушніку! І абавязкова – на рушніку!), шмат болей, чым у шырокіх панарамных палотнішчах класікаў рускага і беларускага жывапісу. Мо так яшчэ і таму, што ўсё роднае мы звязваем найперш з вёскай, вясковым жыццём, якое было і застаецца для нас блізкім. У нас навідавоку заўжды былі жывыя складнікі… Гледзячы на такія нацюрморты Ларысы Журавовіч, ледзь не па памяці пачынаеш узнаўляць апавяданні Яна Скрыгана, Міколы Лупсякова, Янкі Брыля, Янкі Сіпакова, Міхася Стральцова, Алеся Жука… Так, і Міхася Стральцова неўміручы твор  -- апавяданне “Смаленне вепрука”…

“…Ён пачынае хламкаць, сутаргава і рашуча, як бы напярэймы той няпэўнасці, што раптоўна пасялілася ўжо ў ім і гняце яго. І гэтак жа рашуча, як пачаў, у нейкі міг перастае ён есці і, злосна рохнуўшы, востра ўскідвае лыч і нюхае паветра, але хваравіта-няўцямна, тужліва глядзяць у пустату яго маленькія, кволыя вочкі, і ўжо чамусьці няможна даверыцца яму ні асцярожлівай ласцы ў гаспадыніным голасе, ні паспешлівай яе руцэ, што дрыготка казыча за вухам. Рашуча і злосна ён зарохкае зноў, а потым нечакана жорстка калыхнецца ўбок аграмадна-гладкім сваім і грузным тулавам і напружыць карак, адступаючы назад і перастаўляючы пад сабой недарэчна круглыя, кароткія ногі. Каб умеў, падзівіцца мог бы ён, як тое рохканне неспадзеўкі слаба і нудліва абзавецца ў ім, не прарочачы ўжо нічога, акрамя бяды, бо не так убачыць ён, як учуе, што гаспадарова постаць непазбежна і цёмна набліжаецца ўжо да варот і забірае, засланяе сабою светлы прахон на двор. Не будзе ўжо гаспадыні, і застанецца ён сам-насам з гаспадаром. І будзе ён кідацца па пуні, рохкаць і тужыць, і нерухома будзе стаяць гаспадар, мусіць, беспамылкова зазнаўшы, што цяпер непатрэбны і марны быў бы любы падман: трэба лепей набрацца цярплівасці і чакаць, можа, нават выйсці за вароты, на двор — набрацца цярплівасці і чакаць. Ён і зробіць гэтак, і ўжо з-за варот пачуе, як ураз аціхне, перастане рохкаць вяпрук, як потым будзе бэрсаць ён лычом падсцілку, то прыслухоўваючыся, то пачынаючы непакоіцца зноў, як аберне ён цэбар з мешанкай і, нарэшце, рашыўшыся, пойдзе да варот. Гэта будзе самы трудны міг, калі трэба спакойна хіснуцца з-за вушака напярэймы яму і выставіць перад сабою дула ружжа, і старацца не чуць, як у грудзях цёмна чохкае, шырыцца сэрца, і цэліцца, блізка наставіўшы дула, ва ўяўную плямінку пад брывом, пад кароткімі, белымі, пруткімі вейкамі, і бачыць тужлівую, амаль па-чалавечы асэнсаваную пакору ў тым, як, змірыўшыся з непазбежнасцю, усё чухае, чухае ён безабаронным каркам аб вушак… Вось і ўсё.

І далей ужо няцяжка будзе ўявіць працяг. Уявіць ладнаватыя санкі, ну тыя, і фасон і памер якіх чалавек свядома ды з разлікам падладжваў пад сваю мажлівасць ды пад свой імпэт, каб выпадкам можна было і добрую вязанку дроў па шаранку прывезці з лесу, каб і малое магло ўправіцца з імі на зледзянелай горцы, каб і нядужага дзядка можна было прытарабаніць марозікам дамоў з суседавай лазні. Вось і абернуць тыя самыя санкі, і ўскоцяць яго на іх, і павалакуць па рэдкіх лапіках ранняга снегу ці па камлыжнай восеньскай зямлі куды-небудзь за пуню, у алешнікавы зацішак на лажку, і непарадак нейкі ўраз угледзіць сарока ў тамтэйшым гаспадарчым жыцці — застракоча, зашастае па алешніку ды па платах…” Міхась Стральцоў, які, дарэчы, нараджэннем з Магілёўшчыны, са Слаўгарадчыны, чуйна адчуваючы філасофію жыцця, стварыў, выбудаваў архетып цяпла і вечнасці вясковага жыцця пры ўсёй яго складанасці, настроіў чытача многіх пакаленняў (апавяданне напісана ў 1973 годзе) на захаванне генетычнай памяці. Ларыса Журавоіч, выкарыстоўваючы іншыя мастацкія сродкі, праз жывапіс і графіку ідзе шмат далей. Яна, валодаючы ўласнымі ўспамінамі, знаходзячыся і сёння ў эпіцэнтры адвечнага сялянскага, вясковага жыцця, дазваляе гледачу не адно толькі жыць успамінамі, а пашыраць уяўленні, дадумваць ролю, значнасць сімвалаў. Мастачка настройвае нас на псіхалагічнае ўсведамленне і асэнсаванне вечных памкненняў чалавека ў жаданні разабрацца ў сутнасці самога бясконцага і разам з тым такога кароткага жыцця.

Дарэчы, адна з выставак – “Глыбінка. Адкрыццё рэальнасці” -- Ларысы Журавовіч пройдзе і ў Слаўгарадзе, на радзіме Міхася Стральцова. Гэтая падзея адбудзецца ў межах арт-праекта “Пра творчасць, любоў і самую звычайную глыбінку”, які арганізавала мастачка параўнальна нядаўна і пра які мы яшчэ пагаворым. Мясцовая журналістка Святлана Ігарава пад уражаннем сустрэчы з творчасцю Л. Журавовіч напісала ў слаўгарадскай раённай газеце: “…карціны Ларысы Журавовіч уразілі – яны дыхаюць, нясуць у сабе фактурнасць. Нягледзячы на простыя, зразумелыя сюжэты, якія мы бачым у паўсядзённым жыцці, ахопліваюць пачуцці павагі, любові да традыцый прашчураў, да незнаёмых, але такіх родных людзей, да знаёмых з дзяцінства прадметаў, якія сталі часткай нашага жыцця. <…> На адкрыцці выстаўкі Ларыса Журавовіч падзялілася сваім поглядам на беларускую глыбінку, гаварыла пра неабходнасць, на яе погляд, паказаць гарадскому жыхару будзённы, для некаторых даўно забыты, а большасці нават невядомы сялянскі быт, паэзію сялянскай глыбінкі, простасць і шчырасць яе жыхароў – землякоў мастачкі. З цеплынёю і хваляваннем яна расказала пра гісторыю стварэння кожнага гарфічнага ліста.

Гэты праект – спроба адкрыць прыгажосць і непаўторнасць паўсядзённага жыцця ў беларускай вёсцы, якая многім падаецца будзённай, абмежаванай, замкнутай, пазбаўленай “тэхнічных” даброт. Адрадзіць павагу да народнага побыту, традыцыйнай народнай культуры, працы на зямлі, простага чалавека – у гэтым і складаецца мэта майго праекта, маёй творчасці і маёй любові. Любові да роднай зямлі, людзей, сціплай, але ўзвышанай беларускай прыроды, да знаёмых з дзяцінства прадметаў, якія сталі часткай майго жыцця, -- падзялілася Ларыса Журавовіч”.

Так вось атрымалася, што праз час віртуальны шлях звёў, злучыў мастачкау з захавальнікам высокага вясковага жыцця Міхасём Стральцовым, з яго радзімай і Ларысу Журавовіч. Так, пэўна, патрэбна Нябёсам… Міхась Стральцоў, Аркадзь Куляшоў, Анатоль Сербантовіч, Алесь Пісьмянкоў, Леанід Левановіч, Іван Чыгрынаў… Вось яны – літаратурныя летапісцы Магілёўскага края, якія і Бялынічы не абміналі. Гэта яшчэ раз сведчыць на карысць светласці, багацця гэтых мясцін, якія, сапраўды вылучаюць многія літаратурныя і мастацкія таленты. Ды не кожны, похапкам завітваючы на радзіму, адважыцца тут стала і паўсядзённа жыць… Разважаючы пра далучанасць Ларысы Журавовіч да розных рэгіёнаў, розных старонак Магілёўшчыны, кожная з якіх уражвае краскамі жыцця, багаццем гістарычных аб’ектаў, хараством геаграфічных ландшафтаў, задумваешся неўпрыкмет пра тое, што кожнаму з гэтых асяроддзяў патрэбны свае летапісцы. І ў мастацкай літаратуры, і ў выяўленчым мастацтве…

Слова – самой Ларысе Журавовіч: “Я ўсё болей ўцягвалася ў кругазварот вясковай працы, якая ахоплівае кожны дзень, пашыралася кола родных і знаёмых мне людзей, з’явіліся новыя ўражанні ад паездак па малой радзіме. Так і вызначылася тэма, якая стала галоўнай у маёй творчасці, --  жыццё маёй сям’і, маіх землякоў, беларускай вёскі, праца на зямлі. Паступова, год за годам я засвойвала жанры нацюрморта, пейзажа, інтэр’ера, партрэта, жанравыя кампазіцыі, каб болей поўна ахапіць гэтую тэму. Працавала ў розных тэхніках, але ўжо шмат гадоў застаюцца змешаная тэхніка і тэхніка пастэлі…” Але гэта ўсё будзе пасля. Спярша – адукацыя ў творчых майстэрнях  Акадэміі мастацтваў СССР, куды Ларыса Віктараўна патрапіла, вырваўшыся з Брэста… Займалася амаль тры гады ў майстэрні графікі народнага мастака Беларусі Георгія Паплаўскага: з 1991 па 1994 гады. У 1993 Ларысу Журавовіч прымаюць у члены Беларускага Саюза мастакоў. На той час яе працы ўжо былі прадстаўлены на шэрагу мастацкіх выставак.  Але галоўнае – школа таленавітага жывапісца і графіка Георгія Георгіевіча Паплаўскага. Такое, несумненна, запамінаецца, пакідае след на ўсё жыццё.

Георгій Георгіевіч Паплаўскі (1931 – 2017), хаця і нарадзіўся ў Роўна, на Украіне, -- глыбока беларускі мастак па менталітэту. Праўда, у большай ступені ён адбыўся як таленавіты графік. Яго кніжныя ілюстрацыі, прысвечаныя творам Васіля Быкава, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Алеся Адамовіча, знайшлі самую высокую ацэнку на розных конкурсах і выстаўках. Дыпломам “Найпрыгажэйшая кніга свету” адзначана на выстаўцы ў Лейпцыгу работа Георгія Паплаўскага па афармленню “Новай зямлі” народнага песняра Беларусі Якуба Коласа. Станковыя лісты “Індыйскі дзённік” і афармленне кнігі старажытнаіндыйскіх прытчаў “Ціракурал” адзначаны ў 1975 годзе Урадам Індыі Прэміяй імя Джавахарлалу Неру. Удзельнічаў народны мастак Беларусі ў міжнародных Біенале ў Любляне, Кракаве, іншых гарадоў Еўропы. З іншых узнагарод мастака – Сярэбраны медаль Акадэміі мастацтваў СССР за ілюстрацыі да кнігі Якуба Коласа “Выбранае” (1984), Прэмія Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў галіне літаратуры і мастацтва (2011), званні Акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Акадэміка Акадэміі мастацтваў СССР, Акадэміка Расіййскай Акадэміі мастацтваў, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, лаўрэата Прэміі Ленінскага камсамола Беларусі… Так, урокі Г. Паплаўскага, вандроўніка па свеце, аўтара цыклаў афортаў, прысвечаных самым розным экзатычным куточкам постсавецкай прасторы, розных краін свету, назаўсёды ўвайшлі ў свядомасць Ларысы Журавовіч. Частыя сустрэчы, размовы з мастаком такога масштабу, несумненна, пашыралі яе творчы дыяпазон. Але галоўны ўрок, відавочна, быў атрыманы ў іншым – каб перавесці ўражанні ад жыцця, трэба ўнікліва сягаць у яго глыбіні. І дзеля гэтага зусім не абавязкова выпраўляцца ў вялікае па адлегласці падарожжа.

Вучоба ў майстэрні графікі народнага мастака Беларусі Георгія Паплаўскага: з 1991 па 1994 гады. У 1993 Ларысу Журавовіч прымаюць у члены Беларускага Саюза мастакоў. На той час яе працы ўжо былі прадстаўлены на шэрагу мастацкіх выставак.  Але галоўнае – школа таленавітага жывапісца і графіка Георгія Георгіевіча Паплаўскага. Такое, несумненна, запамінаецца, пакідае след на ўсё жыццё.

… Бялыніцкі журналіст, празаік, публіцыст, драматург, краязнаўца, аўтар многіх кніг, прысвечаных роднаму краю, Міхась Карпечанка (ён зараз працуе галоўным рэдактарам бялыніцкай раённай газеты “Зара над Друццю”) праз гады так напіша пра “вяртанне” мастачкі да роднай старонкі, разглядаючы, рэцэнзіруючы яе выстаўку ў адной з аўтарытэтных карцінных галерэй: “ З самабытнай творчасцю члена Саюза мастакоў Беларусі Ларысы Журавовіч, якая яшчэ ў юнацкім узросце свядома выбрала жыццё на сваёй малой радзіме, у гэтай галерэі, дзе ў экспазіцыі персанальнай выставы прадстаўлена каля трох дзясяткаў яе жывапісных карцін, можна пазнаёміцца да 18 верасня (размова пра 2019 год. – А.К.). Чырвонай ніткай праз усе яе працы праходзіць тэма аўтэнтычнай прыгажосці беларускай вёскі, якая пад напорыстым ціскам глабальнай тэхналагічнасці, універсальнасці і стандартызацыі сучаснай цывілізацыі страчвае ўласную самабытнасць, народную культуру і духоўнасць.

Вядомая беларуская мастачка з Бялынічаў чарговай выставай абазначыла метафарычнае поле, асацыятыўныя сэнсы і лакалізацыі  ўласнай малой радзімы – непаўторнай, глыбока асабістай і кранальнай, таямніча-сакральнай і добрай.

--Радзіма пачнецца для мяне з бацькоўскага дома, – распавядала на адкрыцці выставы Ларыса Журавовіч, – а беларуская вёска стала тэмай усяго майго творчага жыцця. Адлюстраваныя на карцінах прадметы з’яўляюцца вернымі спадарожнікамі вяскоўцаў, якія падарожнічаюць з імі і са мной па жыцці. Для жыхароў вялікага горада, а тым больш – мегаполіса, вёска чужая, незразумелая. А я жыву ў гэтым свеце, які з’яўляецца для мяне гарманічным і самадастатковым. Мне яго заўсёды не хапае, таму адчуваю вострую настальгію, тугу па тым, што імкліва знікае са спрадвечнага вясковага ладу жыцця. Мне цяжка ўсведамляць тое, што частка гэта свету сыходзіць назаўсёды і незваротна. А з тым, што яшчэ застаецца, не варта спяшацца, каб развітацца.

Прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мастацтва Беларускай акадэміі мастацтваў Яўген Шунейка дакладна адзначыў майстэрства вядомай мастачкі, якая жыве і працуе ў беларускай глыбінцы: яна валодае талентам тонка і дакладна заўважаць спрадвечнае, галоўнае ў малюнках вясковага жыцця і побыту.

--Лічу Ларысу Журавовіч, – перакананы мастацтвазнаўца, – вельмі значным адкрывальнікам нашага цудоўнага свету, які мы нярэдка забываем.

--З боллю заўважаю, як знікае народная культура, змяняецца лад жыцця і знешні выгляд вёсак, – расказвае мастачка. – Але нішто не можа апраўдаць страту сувязі чалавека з прыродай, жыцця ў ёй, гармоніі і паўнаты, адвечнай працы на зямлі. У сваіх працах імкнуся захаваць мой свет, свет беларускай вёскі такім, якім ён ёсць, якім яго люблю, – прыгожым і гарманічным, сціплым і не патрабавальным, з надзвычай мудрымі і сумленнымі людзьмі.

Дырэктар галерэі “АртХаос” Лілія Лукашэнка на адкрыцці выставы Ларысы Журавовіч прызналася, што лічыць мастачку з Бялынічаў самабытным творцам, якая ўмее адлюстраваць жыццё такім, якім яно ёсць насамрэч, сапраўдным.  

--Нацюрморты, пейзажы, замалёўкі вясковага побыту, – сказала яна, – настолькі рэальныя, а часам і смачныя, што спараджаюць здзіўляльныя пачуцці. І гэта не проста выстава твораў мастака, яго творчасці, а гісторыя жыцця народа. Гэта адлюстраванне побыту, традыцый і культуры беларускага народа.

На адкрыцці выставы прысутнічалі і бялыніччане, землякі Ларысы Віктараўны. Выступаючы ад імя іх, старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Ганчук падкрэсліў: бялыніччане ганарыцца тым, што могуць пабачыць на карцінах Ларысы Журавовіч самыя значныя куткі роднага краю, сваіх працавітых землякоў. Карыстаючыся нагодай, ён запрасіў усіх прысутных прыязджаць на Бялыніччыну, дзе ў першую нядзелю верасня наступнага года пройдзе значнае агульнанацыянальнае свята – Дзень беларускага пісьменства, у рамках мерапрыемстваў якога абавязкова будзе працаваць і персанальная выстава твораў знакамітай бялынічанкі…”

Але да выстаўкі такога фармату трэба было яшчэ прыйсці. Прыйсці праз розныя творчыя, жыццёвыя выпрабаванні… І яна, Ларыса Журавовіч, выбудавала, сфарміравала гэтую дарогу, гэты бясконцы прасцяг праз нястомную працу. У 1996 – 2000 гг. мастачка арганізоўвае персанальныя выстаўкі ў Бялыніцкім мастацкім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Вернісажы такога характару заўсёды з’яўляліся і з’яўляюцца для Ларысы Віктараўны найболей адказнымі. Іначай і не можа быць – гэта ж справаздачы, вернісажы перад землякамі. Яны, родныя і блізкія людзі, -- першыя гледачы, першыя і галоўныя рэцэнзенты. У 1997 – 2000 гг. Ларыса Журавовіч удзельнічае ў Другім Міжнародным, Трэцім, Чацвёртым і Пятым пленэрах, прысвечаных памяці В. К. Бялыніцкага-Бірулі. Дарэчы, да 1997 года адносіцца і праца Ларысы Журавовіч “Дача “Чайка”. Нагадаем, што гэты адрас – адрас мастацкай, гістарычнай памяці пра вялікага Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулю… У 1912 годзе ўраджэнец бялыніцкіх Крынак набыў кавалак зямлі ў Цвярской губерні. На беразе возера Удомля. Непадалёкау ад гэтых мясцін часта працаваў на эцюдах Ісаак Левітан. Тут Вітольд Каэтанавіч пабудаваў дом са сваёй майстэрняй. Сваю сядзібу мастак назваў “Чайкай”. З гэтай мясцінай звязана вялікая частка творчага, асабістага жыцця Бялыніцкага-Бірулі. І Удомля, і навакольныя мясціны сталі крыніцай многіх творчых ідэй жывапісца. У 1917 годзе Вітольд Каэтанавіч адкрыў тут мастацкую школу для сялянскіх дзяцей. На дачцы “Чайка” і завершыўся 18 чэрвеня 1957 года зямны шлях вялікага беларускага і рускага мастака, геніяльнага жывапісца.

Мне чамусьці здаецца, што яшчэ ў Ларысы Журавовіч будуць і іншыя мастакоўскія звароты да тэмы дачы “Чайка”, да возера Удомля, да гэтай унікальнай старонкі, якая дала прытулак легендарнаму земляку. Каму, як не ёй, з уласцівай ёй чуласцю да роднага, блізкага, не стаць правадніком тых прыродных, жыццёвых сімвалаў, што крынічна жывілі, насычалі мастацтва Бялыніцкага-Бірулі ў іншай, далёкай ад Беларусі старонцы?!. Мо яшчэ не адну таямніцу геніяльнага, празорлівага шукальніка праўдзівых колераў якраз Ларыса Віктараўна і адкрые ўласцівай мастаку мовай?!. Пагадзіцеся, “мастацкае гняздо Бялыніцкага края” будзе не зусім поўным, калі не ўдасца сабраць усе памяткі, калі не ўдасца ўзнавіць усе сляды.

… Шмат хто з сённяшніх рэцэнзентаў (дарэчы, у тым ліку – і следам за прамым выкладаннем творчых перакананняў самой Ларысай Віктараўнай) гавораць пра канцэптуальную далучанасць мастачкі да роднага, пішуць пра яе як пра летапісца адыходзячай вёскі, пра яе захапленне працаўнікамі старэйшых пакаленняў, пра захапленне працалюбствам бацькоў. І пры гэтым, як мне асабіста падаецца, губляецца нешта сутнаснае ў асэнсаванні творчага, прафесійнага развіцця жывапісца і графіка. Звярніце ўвагу на шэраг яе ранніх прац, на тое, што створана ў першай палове, у сярэдзіне 1990-х гг. Напрыклад, на нацюрморт “Сярпы” (папера, змешаная тэхніка). На стале ці на лаве са старых дошак, якія і самі па сабе з’яўляюцца адлюстраваннем даўніны, ляжыць саламяны сноп. На ім – тры сярпы. Поруч – стары металічны кубак. Пусты кубак. У гэтым небагатым сюжэце прасвятляецца асаблівая філасофія не толькі з-за “партрэта” сярпоў як сялянскай працоўнай зброі, прылады працы жняі, але і разуменне, асэнсаванне таго, што кубак – шанц спатоліць смагу, даць сабе магчымасць працаваць настойліва, рупліва… Ёсць у гэтым нацюрморце і нешта біблейскае, што сілкуе адвечныя чалавечыя клопаты, паказвае характар чалавека працоўнага ў дзейсным, дынамічным развіцці. Ёсць вялікая філасофія жыцця… 

Дарэчы, 1993 – 2000 гг. падаюцца асабліва насычанымі, што датычыць мастакоўскай увагі да жанра нацюрморта. Запамінальнымі падаюцца наступныя працы: “Ракі” (1993), “Нацюрморт з грыбамі” (1993), “Велікодны нацюрморт” (1993), “Нацюрморт з грыбамі” (1993), “Ліхтар” (1997), “Нацюрморт са шчукай” (1999), “Бэз” (2000)… Несумненна, кожны жанр патрабуе свайго творчага настрою. Відаць, той перыяд найболей спрыяў развіццю ў Ларысы Журавовіч зацікаўленняў нацюрмортам. Працуючы і над імі, мастачка кіравалася наступнымі перакананнямі: “… З болем бачу, як знікае народная культура, змяняецца ўклад жыцця і знешні выгляд вёсак. Не глабалізацыя, не запатрабаванні эканомікі не могуць апраўдаць страты сувязі чалавека з прыродай, жыцця ў ёй, гармоніі і напоўненасці, адвечнай працы на зямлі. Паўсюль я бачу наступленне “пластмасавага” свету, чужых нашай культуры звычак і рэчаў. Нядзіўна, што прадметы народнага побыту пераўтвараюцца ў сувеніры, пазабаўленыя практычнага ўжытку і сэнсаў, і становяцца толькі ілюзіяй народнага побыту”. І яшчэ: “Так і акрэслілася мая мэта – захаваць у працах мой свет, свет беларускай вёскі такім, які ён ёсць, якім я яго люблю – прыгожым і гарманічным, сціплым і непатрабавальным, з мудрымі і сумленнымі людзьмі”.

Вядомы мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч пісала некаторы час назад на старонках аўтарытэтнай расійскай “Литературной газеты» пра захапленне бялыніцкай мастачкі нацюрмортам: “… Творчасць Ларысы Журавовіч – сапраўды ўнікальная з’ява. Мастачка бачыць паэзію ў будзённым, адкрывае глыбокі сэнс у побытавых рэаліях паўсядзённага жыцця. Можна сказаць, яна малюе тое, што ёй на самай справе блізка и зразумела. Кожная праца: нацюрморт, пейзаж ці партрэт – вынік сінтэза філасофских разваг аўтара і яе непасорэдных натурных уражанняў. Ланцужок творчых адкрыццяў мастачкі невычарпальны. Гэта і вясковы быт, і прадметы ўжытку, якія падаюцца такімі чужымі нязвыкламу гарадскому жыхару, але не перастаюць быць гарманічнымі, значнымі, цэласнымі пры натуральным укладзе жыцця, якія яшчэ захаваўся ў беларускай глыбінцы. Менавіта тут можна і сёння знайсці сапраўдную першабытнасць. Трэба толькі яе ўмець заўважыць.

Стары бацькоўскі дом стаў для Ларысы Журавовіч крыніцай творчых адкрыццяў. Здаецца, шмат разоў намаляваны кожны кут, кожны чыгунок і валізка, кожнае бервяно, але пісаць у іншым месцы яна не можа – натхненне не прыходзіць. Ларыса Журавовіч, у  адрозненне ад многіх беларускіх мастакоў, зарыентаваных на постмадэрнізм ці канцэпт, працуе толькі ў рэалістычнай манеры. У мастацтве яна бачыць не сябе, а прадмет выяўлення, выказвае ўласныя адносіны да яго.

– У Снайдэрса ёсць нацюрморт, -- неяк расказала яна, -- на ім шмат усялякіх прадуктаў: мяса, рыба, гародніна, садавіна, а побач стаіць прыслуга. Дык вось, у маіх асацыяцых мастак асацыіруецца з прыслугай, што падае талерку са сваім “творам” і чакае, што скажа адносна яго фантазій і майстэрства глядач.

Працы Ларысы Журавовіч на выстаўках адразу кідаюцца ў вочы: настолькі ярка выкладзены індывідуальны стыль мастачкі. Піша яна ў асноўным нацюрморты акварэллю і гуашшу. Акварэль дае празрыстасць, а гуаш трымае форму. На палотнах – плеценыя валізкі, чыгункі, яблыкі і грушы, гліняныя жбаны з малаком, боханы хлеба, каласкі з сярпамі, яйкі, цыбуля… Прадметны і асязальны, трывалы і надзейны свет… Калі Ларыса, напрыклад, піша жбан, то, па яе словах, уяўляе, як з яго льецца малако. Калі піша часнык – адчувае яго горкасць, калі малюе каласкі – бачыць, як сеюць зярняты на ўзараным полі… Фантазія? Не, гэта магутная энергетыка пераўвасаблення аўтара ў тыя прадметы, якія яна малюе на аркушы паперы. Кожны прадмет становіцца сімвалам: жбан – напоўненасць будзённага жыцця, цыбуля – яе горыч, яйка – пачатак існавання, кветкі – прыгажосць дня. Яе нацюрморты выглядаюць нагэтулькі натуральнымі, што падаецца: мастачка злучае рэчы не выпадкова, а з дапамогай асобнай, толькі ёй зразумелай канцэпцыі пастаноўкі. Яна ставіць перад сабою мэту – праз простыя побытавыя прадметы паказаць глабальную сутнасць жыцця. Для яе важнай застаецца ўнутраная знакавасць гэтых прадметаў, дэкаратыўныя эфекты другасныя, а знешняя падобнасць прыходзіць з майстэрствам. Галоўны “герой” яе нацюрмортаў – цішыня, якая хавае сімвалічны падтэкст твора і прыадчыняе яго толькі вельмі ўважліваму гледачу, які затрымліваецца каля прац Ларысы Журавовіч даўжэй, чым на звычайнае ў такіх выпадках імгненне. І тады ён пачынае бачыць залюстрэчча, ісцінную сутнасць яе прац.  – Я вывела дакладную формулу нацюрморта, -- расказвае мастачка. – Калі вызначыла яе для сябе, зрабіла некалькі дзесяткаў аркушаў, якія нясціпла называю “класікай”. У іх ёсць гармонія і баланс выяўленчых, тэхнічных, вобразных, знакавых момантаў. Але як толькі я распрацую дасканальна нейкую тэму, вяртацца і паўтарацца ў мяне няма ахвоты. Калі трапляеш у дзесятку, то дзявяткі і васьмёркі становяцца нецікавымі. Хаця, безумоўна, можна тусавацьь прадметы да бясконцасці: агурок – у адзін бок, тамат – у другі. Так можна працаваць усё жыццё, і нічога дрэннага ў гэтым няма. Толькі я імкнуся да дасканаласці ў форме, рытміцы, аб’ёме, колеры, прасторы нацюрморта. Напрыклад, калі малявала нацюрморт з чыгунком у печы, расказвала пра жыццё і смерць. Каласкі з сярпом – гэта пра вайну, пажарышчы, гарачыню на вуліцы, смагу. Безумоўна, нацюрморт нельга прачытваць з пункту гледжання моўнага расповяду, канструкцыямі слоў яго не перадасі. Нацюрморты нясуць на сабе адбітак рэальнасці, якую мы бачым, і вобразнае ўспрыняцце, якое прыводзіць да разваг пра глабальныя рэчы. Простыя прадметы могуць сказаць пра галоўнае, маленькія – пра вялікае. І калі прадметы загавораць, я магу сказаць, што праца атрымалася”.

Час прафесійнага сталення, час вызначэння галоўных прыярытэтаў уласнага творчага развіцця праходзіў у Ларысы Журавовіч у сумяшчэнні з пленэрамі, удзелам у выстаўках. Ці не першая з сур’ёзных персанальных выставак адбылася ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленнікава. 1998 год – выстаўка ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі. І ў гэтым жа годзе – вернісаж у Магілёўскім мастацкім музеі імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі. У 2001 – творчая справаздача ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску. І ў тым самым годзе – выстаўка ва Удомльскім краязнаўчым музеі… Мяркуючы па ўсім, выстаўка не магла не захапіць свядомасць мастачкі. Удомля і Бялыніцкага-Бірулі святы адрас, і край, які злучаны з лёсамі многіх і многіх рускіх мастакоў. Ісаак Левітан, Аляксей Венецыянаў, жывапісец і графік Аляксей Сцяпанаў (вядомы як адзін з заснавальнікаў “Саюза рускіх мастакоў”), рускі прыгонны мастак Рыгор Сарока (1823 – 1864; закончыў свой жыццёвы шлях самазабойствам у зусім маладым узросце), Аляксандр Мараваў, Канстанцін Каровін, мастацтвазнаўца, рэстаўратар, музейны дзеяч і жывапісец Ігар Грабар, тэатральны мастак, лаўрэат трох Сталінскіх прэмій Барыс Волкаў… У кожнага з іх была  “свая Удомля”… І хаця гарадок Удомля не дужа вялікі – усяго насельнікаў крыху болей за 27 000 чалавек, уваходзіць у яго прастору з персанальнай выстаўкай – і адказнасць вялікая, і асаблівае судакрананне з гісторыяй мастацтва, эмацыйная падзея для самой Ларысы Віктараўны. Вельмі хацелася б развіцця гэтых стасункаў Ларысы Журавовіч з Удомляй, дачай “Чайка”, ці нават – развіцця гэтай “удомельскай повязі” з самой нашай бялыніцкай зоркай… Мне асабіста ў гэтай суладнасці, у яе развіцці бачыцца ўсеагульны клопат пра захаванне рэалістычнага накірунку ў выяўленчым мастацтве, сцвярджэнні для будучых пакаленняў аматараў жывапісу сутнаснага, праўдзівага адлюстравання жыцця. Неяк спярша мяне зачапілі, як мне адразу падалося, сваёй неадапведнасцю рэаліям словы Мікалая Паграноўскага пра Ларысу Журавовіч: “… Ларыса Журавовіч – адна з нямногіх, хто шукае сябе ў рэалістычным накірунку…” І час гэтых словаў руплівага, уважлівага мастацтвазнаўцы – 1997 год. Так, падалося спярша задужа перабольшаным такое меркаванне М. Паграноўскага. Але ж час паказвае, што праўду сказаў паважаны Мікалай Міхайлавіч. Яго вопыт мастацтвазнаўцы, куратара выставак, музейшчыка, перашаадкрывальніка многіх цікавых імёнаў не падмануў… Рэалізм, якога і век не такі ўжо доўгі, калі лічыць вытокі ў 50-х гг. XIX  стагоддзя, калі французскі літаратурны крытык Ж. Шанфлёры ўпершыню ўжыў гэты тэрмін, супрацьпаставіўшы новы накірунак рамантызму і акадэмізму, губляе свае пазіцыі. Ужо не абавязковым для сцвярджэння сябе ў мастацтве захоўваць дакладнасць. Ужо не абавязкова аб’ектыўна адлюстроўваць рэчаіснасць… Так, даўно мінулі часіны, калі з “Маніфестам рэалізма” выступіў Гюстаў Курбе (1855 год). Але ж у грамадства быў і застаецца запыт на праўду. Напрыканцы XIX – пачатку XX стагоддзя станоўчы адказ розным сацыяльным групам аматараў выяўленчага мастацтва ў Расійскай імперыі далі перасоўнікі. Да гэтай з’явы, да “перасоўніцтва”, спрычыніліся многія нашы суродзічы. Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля – ці не адна з самых яркіх творчых асоб на гэтым шляху. І Ларыса Віктараўна Журавовіч – выдатная яго, няхай сабе і не па прамой “спадчыннай” лініі, вучаніца, выдатны наступнік. І выстаўка ва Удомлі – своеасаблівая справаздача і своеасаблівы сімвал захаванасці прыярытэтаў рэалістычнага мастацтва…

За вернісажам ва Удомлі прыйшла і выстаўка ў Маскве ў Цэнтральным доме мастака (2002 год). Падзея гэта адбылася ў значнай ступені дзякуючы ўвазе, знаёмству з бялыніцкай майстэрняй, творчасцю Ларысы Журавовіч расійскага мастака Валянціна Сідарава. Народны мастак Расіі, народны мастак СССР, добры сябра беларускай культуры В. Сідараў (сярод яго адзнак – і ордэн Францыска Скарыны, якім мастака Прэзідэнт нашай краіны адзначыў за неацэнны ўклад у развіццё беларуска-расійскіх культурных сувязяў), ён завітаў у Бялынічы, пазнаёміўся з мастачкай – і здалося, што патрапіў у палон яе шчырасці, адкрытасці, яснасці, якой так не хапае выпеставанаму ў гарадскіх умовах выяўленчаму мастацтву… У 2002 – 2003 гг. адбыліся яшчэ дзве маскоўскіх выстаўкі Ларысы Журавовіч – у галерэі Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі і ў галерэі “Les Oreades”…

Паступова, крок за крокам, мастачка ішла да галоўнага, відаць, на сённяшні дзень творчага праекта – “Пра творчасць, любоў і самую звычайную глыбінку…” З серыяй выставак на гэтую тэму Ларыса Журавовіч выправілася ў вялікае падарожжа. Але вось што яна расказвае сама пра задуманы і ўжо рэалізаваны арт-праект: “Выязны арт-праект  “Пра творчасць, любоў і самую звычайную глыбінку…” – спроба адкрыць перад гледачом  прыгажосць і непаўторнасць таго звычайнага, паўсядзённага жыцця, якое падаецца многім будзённым, абмежаваным, замкнутым, пазбаўленым тэхнічных “даброт”. І здаецца такім не толькі спакушанаму дабротамі сталічнаму гледачу, але часта і самому жыхару глыбінкі, які перастае шанаваць тую багатую гармонію, якую дае чалавеку жыццё ва ўзаемасувязі з прыродай, працу на зямлі, адчуванне сябе непадзельнай часцінкай стагоддзямі сфарміраванага ўклада жыцця. На жаль, сыходзіць практычна сыйшла, традыцыйная народная культура, ператварыліся ў дачныя пасёлкі вёскі, і эталонам прыгажосці становяцца пальмы з пластыкавых бутэлек. Страта сувязі з прыродай прыводзіць да «извращения» разумення пра прыгажосць і гармонію. Адрадзіць павагу да народнага побыту, традыцыйнай народнай культуры, працы на зямлі, простага чалавека – у гэтым і заключаецца мэта майго праекта, маёй творчасці і маёй лбві. Любві да роднай зямлі, блізкіх і незнаёмых, але ўсё ж родных людзей, сціплай, але задушэўнай беларускай прыроды, да знаёмых з дзяцінства прадметаў, якія сталі часткай майго жыцця. У гэтым праекце часткова прадстаўлены серыі маіх прац, створаныя за апошнія гады: “Бацькоўскі дом”, “Родныя пейзажы”, аўтабіяграфічная серыя “Маё дзяцінства”, серыя “Вясеннія дні” і, канечне ж, серыя партрэтаў “Землякі”. Усе гэтыя працы – старонкі майго жыцця, і старонкі самыя дарагія. Я буду рада, калі вы разам са мною зможаце прачытаць іх і адкрыць для сябе той велізарны і разнастайны свет “звычайнай” глыбінкі, які здольны здзівіць, парадаваць і прымусіць суперажываць любога, хто знойдзе час бліжэй пазнаёміцца з маімі творамі”.

З арт-праектам “Пра творчасць, любоў і самую звычайную глыбінку…”, які пачаўся персанальнай выстаўкай у родных Бялынічах, Ларыса Журавовіч праехала па ўсёй Магілёўскай вобласці. Праехала “музейным колам Магілёўшчыны”. Круглае, Шклоў, Горкі, Чавусы, Мсціслаўль, Дрыбін, Касцюковічы, Клімавічы, Клічаў, Краснаполле, Глуск, Хоцімск, Слаўгарад, Быхаў, Чэрыкаў, Бабруйск, Асіповічы… І ў кожным з гарадоў, невялікіх райцэнтраў была разгорнута свая, адрозная экспазіцыя выстаўкі прац Ларысы Журавовіч. Заключныя выстаўкі прайшлі ў Магілёве і Мінску. Арт-праект, для якога і не шукалі спонсараў, грашовай падтрымкі з боку магнатаў ці мецэнатаў, быў праведзены за сродкі сямейнага бюджэта Журавовічаў. Таксама ў гэтым выяўляецца адметнасць часу. Іншым разам незразумелае, блытанае, калі хочаце, мастацтва магнетычна прыцягвае сродкі, партнёраў, якія і сябе не супраць прапіярыць на фоне “інтэлектуальнага канцэптуалізма”. А вось рэалістычныя творы, працы, якімі, здавалася б, шмат хто захапляецца, як высвятляецца, не выклікаюць такой грашовай увагі. Парадаксальны час разбурэння духоўнасці, раструшчвання нацыянальнага кода, светлых славянскіх каштоўнасцяў працягваецца. І зброя ў праціўнікаў высокай гармоніі магутная – маўклівая знявага, адсутнасць інтарэсу…

Арт-праект, пра гэта гаворыць Ларыса Журавовіч усім гасцям і ўсім, хто адважыўся яе падтрымаць, а гэта найперш – прадстаўнікі культурна-асветніцкага жыцця на Магілёўшчыне, мясцовыя ўлады, -- гатовы ў падарожжа па ўсёй краіне. І мне падаецца на дзіва патрэбным, вартасным, каб мастачку з Бялыніч пачулі. Гэта важна і для ўсяе Магілёўшчыны, якую творча, сімпатычна, грунтоўна Ларыса Журавовіч здольная прэзентаваць усё нашай краіне і ўсяму свету. Красамоўнасць прац таленавітай бялыніцкай мастачкі заслугоўвае высокай увагі, частых сустрэч з гледачом у любых прасторах. Арт-праект, і гэта падкрэслівае Ларыса Віктараўна, не ставіць перад сабою камерцыйных мэтаў, наадварот – носіць сацыяльны характар. Літаральна ва ўсіх райцэнтрах Магілёўшчыны поруч з выстаўкай мастачка праводзіла сустрэчы з сацыяльна неабароненымі групамі насельніцтва – выхаванцамі школ-інтэрнатаў для сірат і дзяцей, якія засталіся без апякунства бацькоў, для жыхароў дамоў-інтэрнатаў для інвалідаў і пажылых людзей, для іншых катэгорый насельніцтва, хто, зразумела, пра вялікае мастацтва разважае ў апошнюю чаргу, а мо і зусім не разглядае яго як неабходную крыніцу ўражанняў для светлага, гарманічнага жыцця. Але ж гэта людзі, у некаторых выпадках – добра знаёмыя нам. Гэта – проста людзі, для якіх у нечым час, жыццё аказаліся болей жорсткімі, чым да іншых. І Ларыса Журавовіч адкрывае перад імі сваё сэрца. Сіла творчых памкненняў бялыніцкай мастачкі, высокі палёт яе натхнення – быццам тая гаючая крыніца, да якой несупынна прыпадаеш, каб спатоліць смагу, каб напіцца роднай вадою…

У Ларысы Журавовіч ёсць яшчэ адзін вялікі зямляк – рускі паэт, перакладчык “Слова пра паход Ігаравы”, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Ігар Шклярэўскі. Яго вершам і хацелася б паставіць кропку ў размове пра гарманічнае мастацтва, прысвечанае беларускай глыбінцы. Каментарыі тут, пэўна, зусім не патрэбныя. Як і ў жывапісе, графіцы Ларысы Журавовіч, так і ў паэзіі яе земляка Ігара Шклярэўскага набатным звонам гучыць самы галоўны запавет – запавет, самы галоўны тэстамент не забывацца роднага, а значыць вечнага, векавечнага (памятаеце караткевічаўскае: “І векавечны толькі край…”?):

Руки болять! Ноги болять!

Клевер скосили. Жито поспело.

Жито собрали. Сад убирать.

Глянешь, а греча уже покраснела.

Гречу убрали. Лён колотить.

Лён посушили. Сено возить.

Сено сметали. Бульбу копать.

Бульбу вскопали. Хряка смолить.

Клюкву мочить. Дровы пилить.

Ульи снимать. Сад утеплять.

Руки болять! Ноги болять! 

 

Алесь Карлюкевіч 

Прочитано 59 раз