Четверг, 21 10 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Суродзічы. Архіепіскап з карэліцкіх Скорыч

  • Вторник, 17 августа 2021 09:01
  • Автор  Сугучча

10 (23) лістапада 1911 года на Карэліччыне, у вёсцы Скорычы, нарадзіўся епіскап Рускай праваслаўнай царквы, архіепіскап Кіраваградскі і Нікалаеўскі БАГАЛЕП (Міхаіл Раманавіч Анцух).

Лёсы праваслаўных святароў, нягледзячы на іх высокае служэнне, даволі часта застаюцца для сучаснікаў і тым болей наступных пакаленняў “тэра інкогніта”. Вось і з біяграфіі нашага слаўнага земляка не дужа шмат вядома.

Жыў і вучыўся Міхаіл пад панскай Польшчай. У 1925 годзе закончыў сямігодку ў Ярэмічах. Турэц, Ярэмічы, Загор’е – мясціны, звязаныя з багатым пісьменніцкім асяроддзем. Адсюль, з навакольных паселішч – народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль, літаратуразнаўца Уладзімір Калеснік, празаік Яўген Крамко, дзіцячы пісьменнік Мікола Бусько, паэт Пятро Ламан… Пра іх шмат што вядома землякам. Згадваюць пісьменнікаў у мясцовых школах, у раённым краязнаўчым музеі, у раённай бібліятэцы… А вось ці памятаюць у гэтых мясцінах архіепіскапа Багалепа?..

Да 1934 года Міхаіл жыў з бацькамі. А ў лютым гэтага года паступіў паслушнікам у Жыровіцкі Успенскі манастыр. У 1936 годзе прыняў манаскі пострыг. Імя маладому чалавеку было дадзена Багалеп. 20 мая 1934 быў рукапрыкладзены ў сан іерадзьякана. А 14 кастрычніка 1939 года рукапрыкладзены ў сан іераманаха. Тым часам прыйшла новая, cавецкая, улада. Не адразу ў гаспадароў новага жыцця дайшлі рукі да храмаў, царкоўнага жыцця. І з прыходам вызваліцеляў ад польскага прыгнёту, усталяваннем cавецкай улады, і пасля з прыходам нямецка-фашысцкіх захопнікаў іераманах Багалеп заставаўся ў Жыровічах.

А ў ліпені 1943 года Мінскім мітрапалітам Панцялеймонам узведзены ў сан ігумена і прызначаны намеснікам Жыровіцкага манастыра. Праваслаўная царква і пад акупацыйнымі нямецкімі ўладамі перажывала няпростыя часіны. Мітрапаліта Панцялеймона ў маі 1942 года адхілялі ад кіраўніцтва Беларускай царквой, высылалі ў Лядзенскі манастыр. Пасля – у красавіку 1943 года – вярнулі ў Мінск…

У кастрычніку 1947 года ігумена Багалепа перавялі на пасаду настаяцеля прыходскага храма ў мястэчку Крошын. Гэта паблізу Баранавіч. У 1948 годзе наш зямляк паступіў у Ленінградскую духоўную семінарыю. А закончыўшы яе, працягнуў завочную вучобу ў Ленінградскай духоўнай акадэміі. І з чэрвеня 1950 года нёс службу ў храме ў Добрушы, на Гомельшчыне. У 1954 годзе перайшоў у Бранскую епархію, нёс службу ў храме Пятра і Паўла ў горадзе Клінцы.

1 студзеня 1959 ў біяграфіі нашага земляка – новы адрас: яго прызначаюць настаяцелем Балцкага Феадосьеўскага манастыра Адэскай епархіі. У жніўні 1959 года епіскап Багалеп узведзены ў сан архімандрыта. 9 лістапада 1963 года святар, якому мінула за 50 гадоў, хіратанісаваны ў епіскапа Мукачаўскага і Ужгарадскага. Хіратонію ў Троіца-Сергіевай лаўры ажыццявілі Патрыярх Алексій I, мітрапаліт Круціцкі І Каломенскі Пімен (Ізвекаў), мітрапаліт Ленінградскі і Ладажскі Нікадзім (Ротаў), архіепіскап Яраслаўскі і Растоўскі Леанід (Палякоў), епіскап Кастрамскі і Галіцкі Нікадзім (Руснак), епіскап Валакаламскі Піцірым (Нячаеў). Высокі аўтарытэт мела кожная з гэтых асоб. Былі ў іх біяграфіі і непасрэдны ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, і пакуты ў сталінскім ГУЛАГу…

З мая 1965 года наш карэліцкі зямляк – епіскап Кіраваградскі і Нікалаеўскі. 9 верасня 1974 года ўзведзены ў сан архіепіскапа указам Патрыярха Пімена. Дарэчы, вось як характарызавала кіраўніцтва ўрада Украіны (у прыватнасці, ўпаўнаважаны па справах рэлігій) архіепіскапа Багалепа: “… належыць да ліку найболей рэакцыйных і фанатычна правячых архіерэяў”, “далейшае знаходжанне Багалепа ў якасці епархіяльнага архіерэя надзвычай непажадана”.

У кастрычніку 1977 года архіепіскапа адправілі на пакой. А 13 мая 1978 года завершылася яго зямное жыццё. Пахаваны наш зямляк на могілках Успенскага мужчынскага манастыра ў Адэсе.

Такі вось шлях прайшоў ураджэнец Карэліцкага раёна Міхаіл Раманавіч Анцух (1911 – 1978). І калі на Гродзеншчыне, у Беларусі будзе складзена карта праваслаўнага краязнаўства, то, відавочна, знойдзецца ў ёй месца і адрасам, звязаным з лёсам гэтага руплівага, шчырага святара.

 

Мікола Міршчына

Прочитано 204 раз