Пятница, 23 10 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

У Крэўскiм замку распачалiся работы па стварэннi арачнага праёма з уязнымi варотамi i пад'ёмнiкам

  • Пятница, 02 октября 2020 00:16
  • Автор  Сугучча

Гэта даволi складаны этап работ падчас узнаўлення паўночна-заходняй сцяны, якая непасрэдна прымыкае да Княжацкай вежы. Пачаць рэстаўрацыю менавiта гэтай сцяны прымусiла высокая ступень яе аварыйнасцi, хоць яна i захавалася лепш за iншыя. Каб не дапусцiць далейшага разбурэння, было прынята рашэнне правесцi пазачарговую рэстаўрацыю сцяны з аркай, варотамi i пад'ёмнiкам. Работы плануецца завяршыць да канца года.

Работы на Крэўскiм замку разлiчаны на дзве чаргi, кожная з якiх складаецца з некалькiх пускавых комплексаў. З iх тры ўжо завершаны. Сёлета работы вядуцца па пятым комплексе — на паўночна-заходняй сцяне. Гэты ўчастак захаваўся лепш за iншыя, але гiстарычная кладка схiльная да разбурэння. Каб яе замацаваць i выратаваць, было прынята рашэнне адысцi ад чарговасцi пускавога комплексу i выканаць работы менавiта на гэтым участку сцяны. Акрамя таго, тут знаходзiцца ўязная брама, якую таксама ў рамках рэстаўрацыi плануецца ўзнавiць.

Начальнiк аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражэва амаль штодзень выязджае на старажытны аб'ект, робiць здымкi, каб ацанiць змены, якiя там адбываюцца.

— Вiдавочна, як мяняецца аблiчча старажытнага замка. Пры гэтым галоўная задача — прадухiлiць разбурэнне, бо за апошнiя гады гэты працэс даволi iнтэнсiўны. Трэба захаваць гiстарычны аб'ект у тым стане, якi ёсць. Ён не будзе пабудаваны на тую вышыню, што была, а тады вышыня сцен дасягала 10 метраў. Зараз сцены аднаўляюцца на вышыню, якая захавалася, — растлумачыла суразмоўнiца.

Будуць адноўлены ўсе чатыры сцяны i Княжацкая вежа. Ёсць думка, што яна будавалася крыху пазней за сам абарончы кастэль. Частка вежы захавалася i будзе ўзноўлена. Тут праведзены даволi складаныя работы па кансервацыi. З аднаўленнем Княжацкай вежы ў раёне звязваюць пэўныя перспектывы, бо тут мяркуецца адкрыць музей. Дарэчы, значную экспазiцыю складуць рэчы, знойдзеныя пры раскопках. Частка iх цяпер захоўваецца ў Смаргонскiм гiсторыка-краязнаўчым музеi. Гэта ключы, керамiчныя i скураныя вырабы, фрагменты фрэсак i многае iншае.

Вежа i часткi дзвюх сцен, што прылягаюць да яе, — гэта другi этап рэстаўрацыi. Затым застануцца яшчэ дзве сцяны, на якiх пакуль работы не вялiся. Па iх зараз завяршаецца распрацоўка будаўнiчай дакументацыi. Гэта трэцi i чацвёрты пускавыя комплексы. Вiдавочна, што стан сцен, якiя чакаюць рэстаўрацыi, таксама небяспечны. Бывае, цаглiны падаюць нават ад ветру. Таму для доступу турыстаў адкрыта толькi тая частка сцяны, дзе былі кансервацыя i рэстаўрацыя. Там можна прайсцi, убачыць мур, ёсць фотавыстаўка. Пасля завяршэння кансервацыi турысты змогуць агледзець як знешнi, так i ўнутраны двор старажытнага кастэля, якi дайшоў з ХIV стагоддзя. Дарэчы, гэта першае ў Беларусi мураванае абарончае збудаванне з жылымi памяшканнямi. У падвале нават была турма для шляхетных асоб. Тут трагiчна закончыў сваё жыццё князь Кейстут, а яго сыну Вiтаўту ўдалося збегчы, апрануўшыся ў жаночае адзенне. Так сведчыць паданне.

Увогуле замак i сёння адкрывае ўсё новыя таямнiцы. Лiтаральна нядаўна падчас кансервацыi паўночна-ўсходняй сцяны пад камянямi выяўлена невядомая дагэтуль цагляная муроўка, што дае падставу меркаваць аб пабудовах з нейкiмi жылымi функцыямi. Нiякiх гiстарычных звестак пра гэтае збудаванне ў архiвах няма. Таму археалагiчны нагляд прапанаваў унесцi карэктывы ў праект. I такiх дадатковых работ узнiкае нямала, практычна на ўсiх этапах кансервацыi. I гэта нармальна, лiчаць у аддзеле культуры. Бо варта захаваць помнiк у тым выглядзе, якi ён павiнен быць па дакументацыi, i забяспечыць яго беспеку i надзейнасць. З гэтай мэтай i вядуцца работы. Для нарошчвання сцен выкарыстоўваюцца камянi i цэгла, якiя выпадалi са сцен i ляжалi каля муроў. Але гэтага недастаткова. На ўчастках, дзе цэгла не захавалася, робiцца мур з сучаснай цэглы, якая па сваiх тэхнiчных параметрах адпавядае старажытнай. Яна вырабляецца ўручную на беларускiм прадпрыемстве. Увогуле, увесь працэс работы вядзецца ўручную. Раствор падаецца таксама спецыяльны, рэцэпт якога распрацаваны менавiта для замка.

Як расказалi ў аддзеле культуры, работы фiнансуюцца за кошт сродкаў фонду Прэзiдэнта па падтрымцы культуры i мастацтва. Сёлета выдзелены амаль мiльён рублёў. За кошт фонду вялiся ў асноўным i работы па першым комплексе — кансервацыi Княжацкай вежы i паўночна-ўсходняй сцяны. Было выдаткавана 800 тысяч рублёў, крыху больш за 200 тысяч склала фiнансаванне рэспублiканскага i мясцовага бюджэтаў. Да канца года плануецца завяршыць работы па паўночна-заходняй сцяне, зрабiць арку з варотамi i пад'ёмнiкам.

— Будуць адноўлены ўязныя вароты з пад'ёмным механiзмам, каб паказаць, якi быў доступ у замак у той час, — расказала Таццяна Ражэва. — Былi i яшчэ адны вароты, але яны знаходзiлiся ў тых сценах, над якiмi мы сёлета не працуем. Хацелася б завяршыць этап кансервацыi, каб не было асцярогi за гэту сцяну, гэта па-першае, i каб мы змаглi працаваць з турыстамi ўнутры замка.

Спецыялiсты спадзяюцца, што Крэўскi замак захоўвае яшчэ нямала таямнiц. На фотаздымках стагадовай даўнасцi на тэрыторыi замка бачны вялiкiя варонкi ад бамбёжак Першай сусветнай вайны. Па сутнасцi, за сто гадоў тут нiякiх земляных работ не вялося. Таму ёсць спадзяваннi, што пры чарговых раскопках будуць знойдзены нейкiя цiкавыя рэчы.

Маргарыта Ушкевіч, фота аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама

Загаловак у газеце: Таямнiц становiцца менш

Крыніца: Звязда

Прочитано 33 раз