Четверг, 01 10 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Ураджэнцы Беларусі ў навуковых установах Масквы

  • Воскресенье, 21 июня 2020 09:42
  • Автор  Сугучча

Гэта асобная і, на мой погляд, бязмежная тэма. Яна вырасла на зразумелай прывязанасці беларусаў, ураджэнцаў Беларусі да колішняй сталіцы Савецкага Саюза, да аднаго з галоўных гарадоў Расійскай імперыі. У Маскву ішлі, ехалі, дабіраліся праз самыя складаныя выпрабаванні. Бо тут заўжды быў цэнтр... Каб здзейсніцца ў многіх навуковых галінах – трэба ж было не іначай як у Маскву ці Санкт-Пецярбург альбо Ленінград і выбірацца. Гэта ўсе разумелі, гэтым кіраваліся.

Згадаем хаця б асобныя імёны і лёсы, якія адбыліся ў вялікай, сусветных маштабаў навуцы дзякуючы менавіта маскоўскім ВНУ, маскоўскім навуковым школам.  

Браніслаў Станіслававіч СВІРШЧЭЎСКІ (10.02.1904, г. Віцебск – 20.04.1954, г. Масква), расійскі вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі, доктар тэхнічных навук (1946). Закончыў Ленінградскі політэхнічны інстытут імя М. І. Калініна (1928). У 1928–1933 гг. – інжынер «Збожжатрэста», адначасова з 1930 г. – выкладчык, дацэнт Маскоўскага інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. З 1935 г. – загадчык кафедры эксплуатацыі машынна-трактарнага парка МІМЭСГ. Правёўшы шырокія даследаванні і абагульніўшы іх вынікі, падрыхтаваў падручнік па эксплуатацыі сельскагаспадарчай тэхнікі. Стаў заснавальнікам навуковай дысцыпліны «Эксплуатацыя машынна-трактарнага парку». Удзельнічаў у стварэнні арганізацыйна-тэхнічных правіл правядзення трактарных работ, што мела вялікае значэнне для вырашэння набалелых пытанняў механізацыі сельскай гаспадаркі ў калгасах і саўгасах у 1930–1950-я гг. Аўтар такіх кніг, як «Сельскагаспадарчыя рухавікі» (М.–Л., 1931), «Эксплуатацыя машынна-трактарнага парку» (М., 1940; 3-е выд., перапрацаванае – 1958), «Арганізацыя і тэхналогія вытворчасці трактарных работ» вучэбнага дапаможніка для вучылішч механізацыі і рамесніцкіх вучылішч па механізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці (М., 1954). За высокія дасягненні ў навукова-практычнай і выкладчыцкай дзейнасці адзначаны званнем лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР (1950), трэба разумець – яшчэ Сталінскай прэміяй, узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1945, 1949).  

Барыс Міхайлавіч ВОЛІН (сапр. імя – Іосіф Яфімавіч Фрадкін, 1.06.1886, Глыбокае, Дзісненскі павет Віцебскай губ. (зараз – Віцебская вобл.) – 16.02.1957, Масква), савецкі вучоны, журналіст, партыйны і дзяржаўны дзеяч. У 1910 г. здаў экстэрнам экзамены і атрымаў атэстат сталасці ў 1-й Арлоўскай гімназіі. Да 1914 г. – у эміграцыі ў Парыжы. У 1914–1917 гг. – студэнт юрыдычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У час узброенага паўстання 1917 г. у Маскве Волін – старшыня Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта ў Замаскварэччы. У 1917–1918 гг. – член выканкама Маскоўскага гаркама РСДРП(б), член рэдкалегіі газеты «Правда». У маі-жніўні 1918 г. – старшыня Арлоўскага выканаўчага камітэта РКП(б). У жніўні 1918 г. – чэрвені 1919 г. – старшыня выканаўчага камітэта Арлоўскага губернскага Савета. З 1919 г. – сакратар Бранскага губкама РКП(б), старшыня Кастрамскога, Харкаўскага губернскіх выканаўчых камітэтаў, намеснік народнага камісара ўнутраных спраў Украіны. У 1924–1925 гг. – першы сакратар паўнамоцнага прадстаўніцтва СССР у Парыжы, у 1925–1926 гг. – намеснік рэдактара «Известий ЦИК СССР», у 1926–1927 гг. – дырэктар аддзела ТАСС у Вене, у 1927– 1929 гг. – кіраўнік аддзела друку Народнага камісарыята замежных спраў СССР. У 1931–1935 гг. – начальнік Галоўнага ўпраўлення па справах літаратуры і выдавецтваў СССР. Адначасова ў 1932–1935 гг. працаваў дырэктарам літаратурнага аддзела Інстытута чырвонай прафесуры (у тыя ж гады – галоўны рэдактар часопіса «Борьба классов»). У 1935–1936-м – загадчык аддзела школ ЦК ВКП(б). У 1936– 1945 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Исторический журнал», член рэдкалегіі часопіса «Вопросы истории». 1 кастрычніка 1941 г. выехаў на фронт для чытання лекцый, патрапіў у акружэнне. Арганізаваў партызанскую групу. На той час было яму ўжо 55 гадоў (!). Увесну 1942 г. нашага земляка перакінулі на самалёце ў Маскву. У 1942– 1944 гг. ён працаваў над кнігай «Усенародная партызанская вайна». З 1944-га – на фронце. У 1945-м – навуковы супрацоўнік Інстытута Маркса – Энгельса – Леніна – Сталіна пры ЦК ВКП(б). У 1946– 1951-м – прафесар марксізму-ленінізму Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аўтар шэрага гістарычных навуковых прац, мемуарных нарысаў. Асноўныя тэмы даследаванняў – гісторыя камуністычнага руху ў Расіі, жыццё і дзейнасць У. І. Леніна, з якім Волін быў блізка знаёмы і неаднаразова сустракаўся. Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны I ступені.  

Ісаак Абрамавіч ЧАРНЫ (нарадзіўся 6 верасня 1909 г. у Гомелі. Памёр у Маскве 1 жніўня 1967 г.). Як па сённяшнім часе, то і зусім малы век у гэтага чалавека. Чым жа вызначыўся гэты наш зямляк? У 1939 г. Ісаак Чарны абараніў дысертацыю і атрымаў ступень доктара тэхнічных навук. З 1941 г. ён – правадзейны прафесар. У 1949 г. механіка і матэматыка І. А. Чарнага адзначылі Сталінскай прэміяй.

Нарадзіўся І. Чарны ў сям’і добра вядомага ў Гомелі інжынера- электратэхніка Абрама Саламонавіча Чарнага. Ад бацькі ў спадчыну, пэўна, і атрымаў цягу да дакладных навук. У 1931 г. Ісаак закончыў фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Працаваў у Дзяржаўным навукова-даследчым нафтавым інстытуце. З 1930 г. (калі яшчэ сам быў студэнтам) выкладаў у Маскоўскім нафатавым інстытуце імя І. М. Губкіна. З 1943 г. ужо загадваў кафедрай агульнай і падземнай гідрамеханікі. А з 1938 г. адначасова з’яўляўся старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута механікі АН СССР. Асноўныя навуковыя працы нашага суайчынніка звязаны з гідрамеханікай і тэорыяй дыферынцыяльных ураўненняў з частковымі вытворнымі. Ісаак Чарны рашыў цэлы спектр задач у галіне неўсталяванага руху вадкасці па трубах, тэорыі фільтрацыі. Вучоны – аўтар тэорыі выкарыстання гарызантальных і пакатазалеглых ваданосных пластоў для падземных сховішчаў газа. Ісаак Абрамавіч заклаў тэарэтычныя асновы распрацоўкі радовішчаў нафты і газа. Сярод манаграфій І. Чарнага – «Падземная гідрамеханіка» (1948), «Асновы падземнай гідраўлікі» (1956), «Асновы газавай дынамікі» (1961), «Падземная гідрагазадынаміка» (1963) і інш. 

Лія Саламонаўна СЛАВІНА нарадзілася таксама ў Гомелі. 14 студзеня 1906 г. Памерла ў Маскве 23 верасня 1988 г. Савецкі псіхолаг. Вучаніца славутага Выгоцкага (таксама, між іншым, наш зямляк). Лія Славіна закончыла педагагічны факультэт 2-га Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1920–1930 гг. уваходзіла ў склад бліжэйшых вучняў Выгоцкага – так званая «пяцёрка Выгоцкага»: Запарожац, Бажовіч, Марозава, Левіна, Славіна. У 1938–1941 гг. – аспірантка Цэнтральнага педыятрычнага інстытута наркамата аховы здароўя СССР. Пасля вяртання ў 1944 г. з эвакуацыі працавала пад кіраўніцтвам Бажовіч у лабараторыі псіхалогіі выхавання Інстытута псіхалогіі АПН СССР. Абараніла кандыдацкую дысертацыю «Разуменне дзецьмі ранняга ўзросту вуснага апавядання» (1945). Вывучала пытанні развіцця матывацыі і цікаўнасці да вучобы ў дзяцей. Праводзіла эмпірычныя даследаванні з’яў сэнсавага бар’ера і афекта неадэкватнасці. Пакінула пасля сябе шматлікія публікацыі ў галіне псіхалогіі фарміравання асобы дзіцяці. З найболей вядомых прац, да якіх і зараз звяртаюцца спецыялісты, – «Індывідуальны падыход да непаспяховых і недысцыплінаваных вучняў» (1958), «Дзеці з афектыўнымі паводзінамі» (1966), «Псіхічнае развіццё школьніка і яго выхаванне» (1979) і інш.  

Доктар геолага-мінералагічных навук Давід Яфімавіч ГЕРШАНОВІЧ нарадзіўся ў вёсцы Вузляны Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці 17 красавіка 1920 г. Памёр у Маскве 29 студзеня 2007 г. Часта бываючы ў Вузлянах (гэтае паселішча – зусім блізка ад славутага ў Беларусі і за яе межамі прыватнага музея матэрыяльнай культуры «Дудуткі»), я неаднойчы падыходзіў да сціплага помніка яўрэям, якіх тут расстралялі ў 1941 г. нямецка-фашысцкія захопнікі. Недзе на гэтым месцы – і прах родзічаў Гершановіча. Варта нагадаць, што Вузляны – радзіма амерыканскага вынаходніка Давіда Сарнова, амерыканскага пісьменніка і публіцыста Юджына Лайанза. Тут нарадзіўся адзін з кіраўнікоў антыфашысцкага падполля ў Мінскім гета Міхаіл Гебелеў. Зараз адна з вуліц Мінска носіць яго імя.

...Давід Гершановіч закончыў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт. У гады вучобы быў сталінскім стыпендыятам. У 1941 г. на самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў накіраваны ў Ваенны гідраметэаралагічны інстытут, дзе прайшоў паскораны курс навучання. З 1943 г. – на Паўночным флоце. Узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі. Вярнуўшыся з фронту, паступіў на працу ў Галоўнае ўпраўленне Гідраметэаслужбы. У 1948 г. перайшоў у Дзяржаўны Акіянаграфічны інстытут. З 1956 г. – ва Усесаюзным навукова-даследчым інстытуце марской рыбнай гаспадаркі і акіянаграфіі. З 1969 г. загадваў лабараторыяй прамысловай акіяналогіі. З 1986 г. займаў пасаду галоўнага навуковага супрацоўніка аддзела марской экалогіі. Апошнія гады жыцця працаваў у Інстытуце акіяналогіі Расійскай акадэміі навук. Значную частку жыцця Давід Гершановіч прысвяціў вывучэнню рэльефу дна і грунтоў у прамысловых раёнах Сусветнага акіяна. Важнае значэнне маюць яго даследаванні падводных ускраін мацерыкоў, асабліва – у зонах рэзкай зменлівасці экалагічных умоў. Гэтыя даследаванні спрыялі станаўленню многіх раздзелаў марской геалогіі. Наш зямляк актыўна развіваў экспедыцыйныя даследаванні Сусветнага акіяна, арганізоўваючы і ўдзельнічаючы ў экспедыцыях у Берынгава мора, Аляскінскі заліў, Паўночную Атлантыку, Антарктыку, Паўднёва-Усходнюю частку Ціхага акіяна. Ён быў ініцыятарам пераабсталявання падводнай лодкі «Северянка» ў навукова-даследчае судна, удзельнічаў у першым яе рэйсе. Гэты праект паклаў пачатак серыі аўтаномных падводных даследчых апаратаў, дзякуючы рабоце якіх адбыліся змены ва ўяўленнях пра глыбакаводныя зоны Сусветнага акіяна. За гады жыцця і працы ў вялікай навуцы Д. Гершановіч выхаваў цэлую пляяду спецыялістаў у галіне вывучэння Сусветнага акіяна.

 

Алесь Карлюкевіч 

Прочитано 113 раз