Вторник, 07 12 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Забыты літаратуразнаўца Раман Ляпіч

  • Пятница, 29 января 2021 16:07
  • Автор  Сугучча

Магаданская вобласць, Калымскі край… Бяскрайняя прастора… зазірнём хаця б у Цянькінскі раён. Ці дакладней, як называецца зараз муніцыпальнае аб’яднанне, ‒ у Цянькінскую гарадскую акругу. Усяго 11 паселішчаў. Тут размешчаны буйныя раёны золатаздабычы. І дзесяцігоддзямі ў гэтых мясцінах працавалі зняволеныя… Адзін час сярод іх быў і наш зямляк… Беларус родам з Пухавіччыны… 

Звернемся да яго творчай і жыццёвай біяграфіі… Праца майго земляка, ураджэнца вёскі Бор, што месцілася ў колішнім Ігуменскім павеце, альбо ў сучасным Пухавіцкім раёне, у партыйнай па тым часе 1930-х гадоў, газеце «Звязда» носіць зусім фрагментарны характар. У 1928‒1931 гадах малады чалавек, учарашні рабфакавец, вучыўся на літаратурным факультэце БДУ. З 1931-га ‒ у аспірантуры АН БССР. І недзе ў гэтым жа годзе, а мо і не на пачатку аспіранцкай вучобы, а яшчэ напрыканцы студэнцтва ‒ праца літработнікам у «Звяздзе» і «Рабочем». «Звязда» тады ўжо выходзіла на беларускай мове. «Рабочий» рыхтаваўся стаць газетай з усім вядомай зараз назвай «Советская Белоруссия» ці «СБ. Беларусь сегодня». Між іншым, сёння амаль маўчаць, не згадваюць беларускамоўную «Савецкую Беларусь» з Міхасём Чаротам на чале. А між тым надзвычай цікавая газета з розных пунктаў гледжання. І гісторыя беларускага друку будзе няпоўнай, калі яе абмінаць.

Пішучы на рускай і беларускай мовах, Раман Ляпіч выявіў сябе зусім не на старонках «Звязды». Свае літаратурна-крытычныя артыкулы, рэцэнзіі друкаваў у часопісах «Маладняк», «Мастацтва і рэвалюцыя», «Полымя рэвалюцыі», у газеце «Літаратура і мастацтва». Пра што пісаў малады па тым часе літаратуразнавец, які пэўны час папрацаваў (недзе каля пяці месяцаў) нават дэканам філалагічнага факультэта Мінскага педінстытута? Адказ ‒ у назвах артыкулаў, раскіданых па самых розных выданнях. Вось яны ‒ досыць трапныя, адпаведныя часу літаратуразнаўчыя доследы, час жыцця якіх нашмат меншы за творы, якія разглядаў Раман Ляпіч: «На барыкадах барацьбы за сусветную гегемонію пралетарскай літаратуры», «У палоне памылак», «Нацыянал-дэмакратычная фальсіфікацыя беларускай літаратуры», «Аповесць пра класавую нянавісць», «Песні будаўніцтва». Справядлівасці дзеля трэба заўважыць, што, знаходзячыся ў палоне літаратуразнаўчага вульгарызатарства, Раман Ляпіч і сам паказаў  спрошчанасць, памылковасць поглядаў на жывы літаратурны працэс у творчасці Ільі Гурскага, Алеся Кучара. Вульгарызатарства, фальсіфікатарства апошняга ‒ з'ява вядомая. Шкада, праўда, што ў рамане вядомага сучаснага пісьменніка ён выведзены пад чужым прозвішчам. Размова – пра раман Уладзіміра Дамашэвіча «Камень з гары». Праўда, пасля таго ж Кучара хоць кнігі застануцца. Чытаць іх наўрад ці хто будзе, акрамя руплівых гісторыкаў літаратуры. Мо хіба выпадкова чыясьці рука здыме з бібліятэчнай паліцы якую-небудзь з адзінаццаці кніг Алеся Кучара. Пасля Рамана Ляпіча і кніг не засталося.

Жыццё беларускага «звяздоўца» і ў газеце, і ў літаратуразнаўстве зусім фрагментарнае, хуткаплыннае. Іншы пласт, іншы абсяг ‒ другое, пасля 1938 года, жыццё зняволенага Рамана Ляпіча. Што ж здарылася з маладым, хрыстосаўскага амаль што ўзросту, дэканам філалагічнага факультэта Мінскага педінстытута?..

Расказваць пра «другое жыццё» Ляпіча і проста, і складана. Прайшоўшы Калыму і іншыя месцы ГУЛАГа, толькі ў 1968 годзе вярнуўся ў Мінск. Праз трыццаць гадоў. Вярнуўся інвалідам ІІ групы. Адзін з дзясяткаў, сотняў тысяч вязняў. Рэабілітавалі Ляпіча ў 1969-м. Памёр у 1977-м. Да літаратурных заняткаў болей не вяртаўся. Апошні год увогуле быў паралізаваны.

Але, відаць, напрыканцы свайго жыцця Раман Фёдаравіч расказаў пра свой арышт, свае лагерныя пакуты жонцы. У выніку ‒ амаль трыццаць старонак машынапісу. Праз адзін інтэрвал. 62 знакі ў радку. Сорак і болей радкоў на старонцы. Камусьці падасца, што няшмат у памяці ўтрымалася. А мо і дастаткова для гісторыі аднаго толькі жыцця? Да таго ж жыцця, большая частка якога прыпала на сталінскі лагер...

Пра арышт ён напісаў наступнае: «...грукат у дзверы паўтараецца... нічога не паробіш, трэба адчыняць... Яны прыйшлі за маёю беднай душою... Значыць, аджыў свой век...» «Хто там?» У адказ пачуў: «Адчыніце, мы з НКУС». Заходзяць у кватэру два чалавекі ў форме... Адзін з іх з дзвюма «шпаламі» на пятліцы. Спыталіся: «Ваша прозвішча?» Тут жа прад'явілі нейкую паперу, зацверджаную вышэйшай інстанцыяй, ‒ пастанову, і пачалі вобыск... Усе перавернутыя рэчы складваліся на падлозе ў кучу. На сцяне віселі партрэты правадыроў... як святых апосталаў, іх не чапалі, зрабілі толькі заўвагі: «Чаму сярод членаў урада фігуруюць «ворагі народа»?

Пра допыт: «Следчы сказаў: «Вам прад'яўляецца абвінавачанне ў шпіянажы. У сувязях з замежнай разведкай, з германскай разведкай, з нацдэмамі, за варожую дзейнасць супраць Савецкай улады...» Ляпіч спытаўся ў следчага: «Няўжо, як такое абвінавачанне ўстаноўлена?»

«Паслухайце, грамадзянін Ляпіч, пытанні тут задаю я, а вы будзеце адказваць на ўсе мае пытанні. Толькі «чистосердечные» прызнанні ў адказах аблегчаць ваша становішча. Па-першае, раскажыце, як вам удалося гэтак хутка падняцца па крутой лесвіцы навукі? Здзіўлены, як вы, сын селяніна бязграматнага, змаглі атрымаць вышэйшую адукацыю? Відаць, мелі пратэкцыю?.. «Даўно сабранае дасье ляжала на стале ў следчага. Што ў тым «дасье»?»

Усё ў турме ішло па даўно распрацаванаму сцэнарыю. І Ляпіч цудоўна разумеў, што з пасткі нікуды не вырвацца. Цікава, між іншым, што праз многія гады Раман Фёдаравіч пераказваў жонцы не нейкія там жахі, а тое, што ён тады думаў. «Няўжо мала месца на зямлі, пад бяскрайнім небам? Хто каму мяшае? Навошта абвінавачваць людзей, шукаць «дасье», складаць справу, арыштоўваць, заганяць у турмы? Каму патрэбны брацкія магілы?» І яшчэ: «Правату сваю, невіноўнасць даказваць цяжка, вельмі цяжка. Зганьбіць чалавека прасцей простага. Падпісаць прыгавор, адправіць іншага на эшафот ‒ аказваецца, гэта можна, калі яму пагражае смерць. Для следчага існаваў прыём допыту абвінавачваемага. Пачынаўся допыт з хітрасці, з выдумкі, дзейнічаў следчы на псіхіку. Следам за манеўрамі-хітрыкамі ‒ ганьбаванне, выкручванне рук».

Вось прозвішча следчага, які душыў Ляпіча, ‒ Савацееў. Аднойчы, калі следчы ў чарговы раз тыцнуў у твар пісталетам, Раман Фёдаравіч не вытрымаў, падняў над галавой табурэтку. Не апусціў. Нешта стрымала. Мо, інтэлігентнасць? Мо разуменне, што немагчыма вось так проста забіць чалавека? Савацееў не стрэліў. Пасля іранічна патлумачыў сваёй ахвяры, што яшчэ не закончыў работу, не дамогся падпісання пратакола абвінавачвання, затое паабяцаў: «Пакуль замнём гэты інцыдэнт. Сам згніеш у балоце, у тайзе, табе наканавана доўга паміраць, будзеш ногі за сабою цягнуць... Туды цябе пашлюць, куды Макар цялят не ганяў...» У Ляпіча хапіла мужнасці адказаць:

‒ Невялікая ваша заслуга перад Радзімай, сёння вы мяне дапытваеце старанна, а як бы вам не прыйшлося сядзець на маім месцы і адказваць на пытанні...

Збылося першае. Збылося і другое. Стаў «ворагам народа» і Савацееў, які дапытваў і адпраўляў у ГУЛАГ «ворагаў»...

Ці быў жа суд? Такім пытаннем і праз гады задаецца Ляпіч, які так і не падпісаў тое, што ад яго патрабавалі. Суд як умоўнасць, як фікцыя, канешне ж, быў. Але як гэты спектакль можна назваць строгім юрыдычным словам-вымярэннем?.. Юрыдычныя высновы нагадвалі нейкае вар'яцтва, бо былі пазбаўленыя ўсякай логікі. А што ў прынцыпе для іх логіка? Навошта яна, каму патрэбна? Так і асудзілі. На пасяджэнні «тройкі». Так, да канца 1938 года былі яшчэ «тройкі». Гэта ўжо пасля ‒ «ОСО». Можа, памятаеце ў Салжаніцына: «Как шутят в лагере: на нет и суда нет, а есть Особое Совещание». Бачыце: «на нет...»

Следам ‒ лагер, этап. У бараках ‒ дыктат блатных, якія звалі сябе «сябрамі народа». Розніца істотная: адны ‒ «ворагі народа», другія ‒ «сябры народа». Да свайго, «роднага» ГУЛАГа Раман Ляпіч дабіраўся не толькі па сушы, але і па моры. Падарожжа марскім шляхам ад Уладзівастока да Магадана ‒ 2667 кіламетраў. Адлегласць!.. «Шмат было ахвяр. Іх складвалі ў спецыяльнай каморцы, пасля складвалі акт, спісвалі, выкрэслівалі са спісаў (з жыцця). Паклаўшы ў мех, паласаты матраснік з завязаным канцом, пасля вялікага шторму выкідвалі за борт. Акулам... Этапнае начальства сумесна з карабельным папярэдзілі зняволеных, ‒ захоўваць цішыню ў трумах, баючыся інцыдэнту з нагоды праверкі з боку японскай марской берагавой аховы. З набліжэннем да праліва Лаперуза (у Японскім моры, паміж астравамі Хакайда і Сахалінам) ‒ мытная зона. Зона, дзе ажыццяўляецца праверка грузаў праз тэрытарыяльныя воды Японскага мора і праверка кнігі запісаў грузу. Японскія мытнікі, хітра пераміргваючыся з нашымі афіцэрамі, усё паўтараюць: «Рабочы скот...» З порта Находкі да Токіа ‒ 1700 км, да Магадана ‒ 2667 км».

Японцам, мо, і ўсё адно, каго і як душаць, лінчуюць у суседняй савецкай краіне. А вось самім савецкім людзям? Няўжо ўсё роўна? Няўжо паводзінамі, маўчаннем кіравала нежаданне нават блізка ведаць, разумець, што ж адбывалася, рабілася наўкола? У лік жа скаціны, на жывадзёрню мог трапіць любы з грамадзян, якія ўсё спадзяваліся на шчасце, на светлую будучыню. І ўсё роўна ‒ ніякага супраціўлення.

Магадан, Калыма...

«...Шлях прама на прыіск Дусканья. Дусканья ‒ гэта пасёлак. Там і прыіск залаты, зона для зняволеных. Акрамя зэкаў там жывуць і працуюць вольнанаёмныя. інжынерна-тэхнічны персанал. Там механічны цэнтр, майстэрні, цэхі. Здабываюць руду, золата. Адсюль хутка не вернешся. Для многіх гэтае месца ёсць апошні шлях і апошні прыпынак яго жыцця. Царства ім вечнае! У першую чаргу там гінулі палітзэкі, астрожнікі, інтэлектуальныя людзі. Іх здзекліва называлі арыстакратамі...»

Думаю, што такія, як Ляпіч, сапраўды былі арыстакратамі. Так, арыстакратамі духу, нягледзячы на сваё сельскае выхаванне.

Шкада, што ва ўспамінах выйшаўшага з трыццацігадовага (!) пекла Рамана Ляпіча няма многіх прыцягальных для наша абывацельскай памяці драбніц. Няма таго, што, напрыклад, расказвае пра Калымскі якраз ГУЛАГ усё той жа Аляксандр Ісаевіч Салжаніцын. Пра Калымскі, што раструшчыў нашага земляка і... выратаваў (не даў памерці!)  Рамана Ляпіча. Але ‒ слова Салжаніцыну: «Годзе ў тысяча дзевяцьсот сорак дзявятым напалі мы з сябрамі на цікавую заметку ў часопісе «Природа» Акадэміі навук. Пісалася там дробнымі літарамі, што на рацэ Калыме ў час раскопак была знойдзена падземная лінза лёду ‒ замёрзлы старажытны паток, а ў ім ‒ замёрзлыя ж прадстаўнікі выкапнёвай (некалькі дзясяткаў тысячагоддзяў назад) фауны. Рыбы альбо трытоны захаваліся настолькі свежымі, што прысутныя, раскалоўшы лёд, ахвотна іх з'елі.

Нешматлікіх сваіх чытачоў часопіс, трэба думаць, нямала здзівіў, як доўга можа рыбіна мяса захоўвацца ў лёдзе. Але мала, зусім мала хто мог сапраўды дайсці да багатырскага сэнсу неасцярожнай нататкі.

Мы ‒ адразу зразумелі. Мы ўбачылі ўсю сцэну да дробязяў: як прысутныя з жорсткай паспешлівасцю калолі лёд, як, парушаючы высокія інтарэсы іхтыялогіі і адштурхоўваючы адзін аднаго лакцямі, яны адбівалі кавалкі тысячагадовага мяса, цягнулі яго да вогнішча, адтайвалі і насычаліся.

Мы разумелі таму, што самі былі з тых прысутных, з таго адзінага на зямлі племя зэкаў, якое толькі і магло ахвотна з'есці трытона.

А Калыма была ‒ самы вялікі і знакаміты востраў, полюс лютасці гэтай дзіўнай краіны ГУЛАГ, геаграфіяй разадраны ў архіпелаг, але псіхалогіяй скаваны ў кантынент, амаль нябачнай, амаль не адчувальнай, непрыкметнай краіны, і насяляў яе народ зэкаў».

Але замест трапных падрабязнасцяў успаміны «звяздоўца» Рамана Ляпіча адкрылі нешта не меней важнае і істотнае, чым ёсць, прысутнічае ў «Архіпелагу ГУЛАГ» Салжаніцына. Зэк, палітзняволены Раман Ляпіч сцвярджае галоўнае правіла нават залежнага ад дзяржавы чалавека: крытэрый ацэнкі, уласная мерка жыцця ‒ сумленне. Яно ратуе ад непатрэбнага подпісу. Яно, сумленне, гартуе, дае сілы душы не стаяць на каленях.

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 230 раз