Вторник, 22 05 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Паклаўшы руку на пульс Чалавека

Ірада Мусаева – азербайджанскі літаратуразнаўца. Тэма нашай размовы – яе артыкул пра кнігу Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночае аблічча” (які друкуецца ў жнівеньскім нумары часопіса “Полымя”), з якой яна пазнаёмілася ў перакладзе на азербайджанскую мову.

Дарэчы, з творам Ірада Мусаева пазнаёмілася праз пераклад, які здзейснены на азербайджанскую мову таленавітым празаікам Камранам Назірлі (і пакуль што існуе толькі ў рукапісе. Такія ўжо метамарфозы сённяшняга часу). Словам, паспрабуем унікнуць, як глядзяць на творчасць Святланы Алексіевіч у Азербаджане, у азербайджанскай мастацкай прасторы.

 

-  Глыбокапаважаная Ірада, ваш артыкул, прысвечаны кнізе Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночае аблічча”, -- першы зварот да разгляду творчасці беларускай пісьменніцы? Як даўно вам вядома яе імя ў літаратуры?

- Маё дзяцінства і студэнцтва прыйшлося на савецкі час. Беларускую літаратуру мы чыталі ў зборніках, хрэстаматыях, прысвечаных літаратурам народаў СССР. У гэтых кнігах усё было падобнае, аднатыпнае. Аднагучнае, аднакаляровае. Адна ідэя і ледзьве ці не аднолькавы змест... У час здачы экзаменаў ці залікаў па літаратуры народаў СССР, ведучы размову пра таго ці іншага савецкага пісьменніка, мы выкарыстоўвалі ледзьве ці не адны і тыя ж сказы. Вызначэнні кшталту “мір”, “інтэрнацыяналізм”, “наша вялікая радзіма – СССР” і інш. сталі шаблоннымі. А пасля нам была незразумелая савецка-афганская вайна, а затым мы не ведалі праўды пра Чарнобыль... Усё гэта адбывалася ўдалечыні ад нас. Першае дзеянне – вайна ў Афганістане -- трактавалася як сцвярджэнне закона праводзімай у СССР міралюбівай палітыкі, другое – Чарнобыль – проста як няшчасны выпадак... На самай справе у няшчасця не павінна быць герояў, але яны былі. І грамадства, атрымліваецца, павінна іх любіць, пеставаць.

Стварэнне вялікай літаратуры магчыма пры наяўнасці адрозных адзін ад другога філасофска-ідэялагаічных поглядаў, сацыяльна-палітычных даследванняў, калі глядзіш на рэчаіснасць іначай, чым бачаць яе іншыя. Пасля разбурэння савецкай улады мы забыліся аб гэтым, але не Святлана Алексіевіч. Церпяліва і ўпарта дабіралася яна да самых вытокаў, да самай сутнасці... Як сапраўдны публіцыст і пісьменнік... Дзіўна, але большасць лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі – пісьменнікі-публіцысты. Нядаўна, дарэчы, я напісала пра гэта артыкул пад назвай “Літаратуры, якія праглынулі публіцыстыку”. На 40 старонках я паспрабавала ўсё ж такі адказаць на такое важнае, на мой погляд, пытанне: у якой галіне мацнейшыя Джордж Аруэл і Г.Г. Маркес – у літаратуры ці журналістыцы. Доўгі і карпатлівы шлях у журналістыцы прывёў іх у вялікую літаратуру. І такіх пісьменнікаў сярод Нобелеўскіх лаўрэатаў даволі шмат. Аналітычная журналістыка наблізіла і Святлану Алексіевіч да ісціны – літаратурнай ісціны. Яшчэ да знаёмства з раманам “У вайны не жаночае аблічча” я ведала яе па творах, прысвечаных згаданаму “саветызму”. Не магу забыць яе шчымлівае пакаянне. Гэтае прызнанне якраз і стала пачаткам яе ўласнага шляху да ісціны. “Да Афганістана я верыла ў сацыялізм з чалавечым тварам. Адтуль вярнулася свабоднай ад усіх ілюзій. “Прабач мяне, бацька, -- сказала я пры сустрэчы, -- ты выхаваў мяне з верай у камуністычныя ідэалы, але дастаткова адзін раз убачыць, як учарашнія савецкія школьнікі, якіх вы з мамай вучыце, (мае бацькі былі сельскімі настаўнікамі), на чужой зямлі забіваюць невядомых ім людзей, каб усе твае словы пераўтварыліся ў тлен. Мы – забойцы, тата, разумееш!?” Бацька заплакаў”.

Так, мая работа “Літаратура жанчыны вайны” з’яўляецца першым маім артыкулам, прысвечаным беларускай літаратуры.

 -- Адкрываючы чытачу сваё ўласнае бачанне творчасці Святланы Алексіевіч ўсё ж такі вы паставілі б яе ў шэраг імёнаў якіх савецкіх ці з другіх літаратур творцаў, якія пісалі ці пішуць пра вайну?

 -- Зразумела, што ваенная тэма далёка не новая. У гісторыі сусветнай літаратуры, нават у антычнай літаратуры тэма вайны заўсёды была актуальнай. У “Іліядзе”, “Адысеі” Гамера раскрываецца сутнасць ваеннай філасофіі, яе анатомія. Але ў кожнай вайны, пагадзіцеся, свой твар, сваё аблічча, як і ў людзей... Цяжка назваць другі такі твор, дзе гэтак тонка і кранальна, як у Святланы Алексіевіч, раскрывалася б сапраўднае аблічча Другой Сусветнай вайны, характар яе дзеянняў супраць СССР. С. Алексіевіч, калі хочаце, “адрэдагавала” ідэю ўсіх аўтараў, якія пісалі пра вайну ў іншым ракурсе. У другіх творах і фільмах пра вайну людзі былі “сілай”, якая крочыла ўпоравень з тэхнікай. Такой была адна з прычын дасягнення перамогі. Але Святлана Алексіевіч ва ўсёй гэтай сумяціцы, шуме, крыку, хаосе вылучыла на першы план менавіта Чалавека. Яна паклала руку на пульс Чалавека, настолькі пранікнуўшы ў глыбіні яго душы, з такой выключнай чалавечнасцю адчуўшы ўсё, што адбываецца ў ёй, настолькі, што забылася на сталінскія парады Перамогі. ... У імя Чалавека. Не ў імя вайны людзей, вайны дыктатараў. Стаўшы на бок створанага Богам Чалавека, зрабіўшы “эпітэтам” яго трагедыю, яго страчанае шчасце, перанёсшы ўсё гэта на паперу, у гісторыю... Мы прачыталі неверагоднае мноства кніг пра вайну, адкрылі многіх аўтараў. Часам – досыць таленавітых. Аўтараў, чые кнігі пра вайну былі падзеяй для мільёнаў чытачоў. Я ўбачыла ў Святланы Алексіевіч рэмаркаўскі падыход, але гэта было проста падабенства, усё астатняе ўласціва толькі яе творчасці – творчасці беларускай пісьменніцы, прадстаўніцы народа, які панёс самыя вялікія страты ў Другой Сусветнай вайне. Ёсць у яе творчасці і боль за “страчанае пакаленне” – боль, які найболей выразна, чым у іншых, гучыць у У. Фолкнера і Э. Хемінгуэя.

 -- А ці знаёмая вам творчасць Васіля Быкава і Алеся Адамовіча? У чым вы асабіста бачыце прамыя іх уплывы на кнігі Святланы Алексіевіч?

 --  Васіль Быкаў быў не проста празаікам, яеі піша пра вайну, ён быў чалавекам вайны. Яго інтанацыі, якія гучаць у аповесцях “Пайсці і не вярнуцца”, “Трэцяя ракета”, не параўнаць са спакойным, сумрачным аповядам С. Алексіевіч. Мне здаецца, супярэчлівыя падыходы Васіля Быкава адносна Аляксандра Салжаніцына не супадаюць з адназначнай пазіцыцяй С. Алексіевіч.

 -- Але ж у “Доўгай дарозе дамоў” пісьменнік выказаўася адносна гэтага досыць прама... Я маю на ўвазе Салжаніцына...

 -- На жаль, я  не чытала. І магу гаварыць толькі пра мастацкую пазіцыю, пазіцыю, якая выкладзена ў яго мастацкіх творах. Хаця мне расказвалі пра выказванні Быкава менавіта ў гэтай кнізе.

А вось што да Алеся Адамовіча, то, на вялікі жаль, яго як празаіка я проста не ведаю... Паспрабую выправіць гэтую сваю правіну.

 -- Як вы лічыце: ці будуць у літаратуры і мастацтве паслядоўнікі Святланы Алексіевіч?

 -- Немагчыма сказаць пра гэта з пэўнай доляй дакладнасці. Але, як мне падаецца, усё ж павінны быць. Новы погляд, новы стыль, новыя сродкі выяўлення тае ці іншае з’явы якраз да гэтага і падштурхоўваюць. Прафесійныя чытачы, пісьменнікі, уражаныя гэтымі мастацкімі падыходамі Святланы Алексіевіч, і пашыраць яе сродкі, яе вопыт да стварэння, фарміравання школы, шырокага літаратурнага кола. Стыль Святланы Алексіевіч якраз і варты называцца літаратурнай, мастацкай школай. Пісьменніца навучыла чытача адчуваць і пражываць колеры, галасы падзей, пражываць пачуццямі герояў, спрабаваць на сабе іх кранальныя дотыкі. Нават на іншых мовах. Напрыклад, я ўсё гэта ўбачыла і адчула на нашай азербайджанскай мове. Яе, Святланы Алексіевіч, публіцыстыка рэальная, рэльефная і разам з тым высокамастацкая. Горкая, напоўненая, як само жыццё, “страшнымі” эпітэтамі, вобразамі, сімваламі. Але разам з тым гэтоа нават не вонкавая публіцыстыка. Ёсць нешта знутры тэкстаў, ёсць у іх нябачная сіла... Вельмі моцным духоўна паўстае сам аўтар, мастацкі летапісец... Сіла ўздзеяння ў вныіку атрымліваецца моцнай, магутнай нават... Святлане Алексіевіч удаецца адлюстраваць адценні, колеры смутку і радасці. І зрабіць, здзейсніць гэта – сапраўдны гераізм. Я – азербайджанскі чытач. Наўмысна падкрэсліваю гэта. Чытаючы раман “У вайны не жаночае аблічча”, я адчула слёзы і боль іранічнай усмешкі жанчын, незалежна ад таго, якой яны нацыянальнасці – рускія, беларускі, украінкі... Так баліць і азенрбайджанкам, так баліць і таджыксакім жанчынам, якія атрымалі сваю порцыю выпрабаванняў у час грамадзянскай вайны ў сярэдзіне 1990-х гг. Зразумела, тут важныя майстэрства, чуласць і адказнасць перакладчыка. Наш пісьменнік Камран Назірлі дастойна справіўся з гэтай задачай.

 -- Ці не падаецца вам, што сам факт прысуджэння беларускай пісьменніцы, прадстаўніцы таго народа, які асабліва пацярпеў у гады Вялікай Айчыннай вайны, у гады Другой Сусветнай вайны, з’яўляецца пацвярджэннем таго, што драматычная тэма ваеннай прозы, ваеннай публіцыстыкі ізноў вяртаецца да чытача, ізноў набывае новае дыханне?

 -- Ведучы размову пра савецка-афганскі канфлікт і Чарнобыльскую трагедыю, я адзначыла, што С. Алексіевіч уласціва асаблівая мужнасць, яна піша без аглядкі назад, аналізуе сутнасць, у пытаннях, дзе тысячы чалавек павераць стэрэатыпу і следам скажуць “так”, яна гаворыць “не!”. Як вы і заўважылі, страты беларускага народа ў вайне былі велізарнымі. С. Алексіевіч прыбрала, зняла, скінула “пенку” з усіх гісторыка-дакументальных матэрыялаў пра вайну. Яна “адфармаціравала” нашы развагі і ўспаміны... Мы пераасэнсавалі тое, што ведалі пра вайну, ізноў прааналізаваўшы звесткі, якія дагэтуль былі зафіксаваны. Назвала многія рэчы сваімі імёнамі, расставіўшы ўсё па сваіх месцах... Яна па-майстэрску, з ювелірнай дакладнасцю “прыхавала” гоман, гром, лозунгі вайны, ваеннай літаратуры, сілай і магутнасцю слова надала гэтай літаратуры “мастацкі воблік”, вобразнасць, выклаўшы ўсю праўду, якую ёй удалося раздабыць.

 -- Не так даўно на сайце “Сугучча: літаратура і публіцыстыка краін СНД” вы выступілі з вялікай рэцэнзіяй на аповесць другой беларускай пісьменніцы – “Дараванне” Алены Брава... Як вы лічыце, ці можна гаварыць пра тое, што і беларусам новага пакалення ў літаратуры і сёння падуладны асэнсаванне трагедыйнысці, драматычнасці вайны?

 -- І ў аповесці Алены Брава тэма вайны і боль чалавека, які прайшоў праз яе, вылучаецца на першы план. Чуласць прадстаўніцы маладога пакалення (беларускі Ларысы) да гісторыі вайны і кахання сталага веку чалавека (немца Ганса), міласэрнасць і клапатлівыя адносіны да яго ўспамінаў, мінулага, стварае новы від адносін да вайны ў літаратуры. У такім разе чытачы вымушаны азірнуцца вакол. Азірнуцца на старых, закінутых, страціўшых памяць, тых, хто запісвае ўспаміны ў дзённіку, хавае яго пад падушкай, як самую каштоўную “памяць”. Алену Брава і Святлану Алексіевіч раздзяляюць дзесяцігоддзі. Іх героі таксама адрозніваюцца па ўзросту. Ларыса значна шмат маладзейшая, яна – прататып героя сучаснасці, які не ведае вайну, але дакладана разумее яе вобраз і характар праз лёс Ганса. Супярэчлівасць у кульмінацыі палемікі пра вайну і мір часта тлумачыцца падобнымі нявызначанасцямі. Патрыятызм, гераізм і нацыяналізм пастаянна ўразаюцца ў межы барацьбы за чалавечнасць. Бясконцае ўжыванне выразу “гераічна загінуў” у кнігах, расповядах пра вайну, у гераічных летапісах, поруч з семантычнай нагрузкай, нараджае пытанні: цікава, а колькі чалавек забіў гэты персанаж, які праявіў “гераізм”? Д’ябальская раздвоенасць, супрацьстаянне ў нацыяналізіраваным, абмежаваным франтавым нашчадку Адама сфарміравала трагічны лёс для гісторыі чалавека і чалавечнасці... Удзельнік Крымскай вайны і стваральнік самай каштоўнай у свеце эпапеі пра вайну – Леў Талстой быў вымушаны дваяка гаварыць і пісаць пра вайну. “Вайна заўсёды прыцягвала мяне, але не вайна ў сэнсе запланаваных вялікімі генераламі манеўраў... маю ўвагу прыцягвала тое, чым па сутнасці з’яўляюцца вайна і забойства. Я хацеў ведаць не гэтулькі пра рэгуляванне войск пад Аўстэрліцам і Барадзіно, колькі тое, як і з якімі пачуццямі адзін салдат забівае другога”. Абедзве пісьменніцы – і Святлана Алексіевіч, і Алена Брава выконваюць місію, закліканую адказаць на пытанне Талстога пра вайну (“Я хацеў ведаць тое, як і з якімі пачуццямі адзін салдат забівае другога”)...

 -- Азербайджан знаходзіцца ў няпростай сітуацыі ўзброенага супрацьстаяння ў Карабаху... У вашых сем’ях хапае і болю, і трагедый. Ці магчыма стварэнне кнігі, якая падобная твору Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночае аблічча”, у азербайджанскай нацыянальнай літаратуры?

 -- Дзякуй за пытанне. Я не лічу сябе ніякім стратэгам, але я, паколькі родам паходжу з Карабаха, не маю права маўчаць пра ўбачанае і пачутае на працягу гэтага 25-гадовага канфлікта... Вялікі цюркскі літаратар А. Несін казаў, што людзі ў адказе не толькі за прамоўленае, але і за тое, пра што яны маўчаць. Прабачце, у гэтым звязку згадаю свой артыкул “Наша вайна і сусветная літаратура”. Лёс і характар нашай вайны зусім іншыя. Наша вайна не падобная ні на адну другую. Людзі, якіх мы прытулілі, -- выгнаннікі з родных селішчаў. Разграблены нашы дамы. З нас па-жывому садралі скуру, выкалалі вочы, разграбілі нашы родныя мячэці, матэрыяльную і духоўную спадчыну, нас палілі, гвалтоўна выганялі нас з прыгажэйшых гарадоў і раёнаў, заганяючы ў палаткі і інтэрнаты...

У гэтым канфлікце мы сапраўды з’яўляемся бокам, які называюць ахвярай, мы з’яўляемся бязвіннымі людзьмі з парушанымі правамі, мы з’яўляемся прыгнечанымі, якіх падверглі гвалту. Мы засумавалі па родных сценах, родных вуліцах, базарах, дарогах, што вялі ў школу, бібліятэках, мячэцях, лазнях, стадыёнах, тэатру, чайхане. Апошнія падзеі (красавіцкія баі 2016 года) даказалі, што смутак пераўтварыўся не ў сум, а ў памкненні да барацьбы.

Сябры Антуана дэ Сент Экзюперы, які спазнаў вайну і пісаў пра яе, спрабавалі пераканаць яго ў тым, што ён прынёс бы краіне шмат болей карысці, калі быў бы толькі пісьменнікам, угаворваючы яго падаць прашэнне аб адпраўцы ў запас. Аднак пісьменнік і баявы лётчык Экзюперы адхіліў гэтую просьбу, і ў хуткім часе яго накіравалі ў зону баявых дзеянняў. У адным са савіх лістоў Экзюперы піша: “Я абавязаны ўдзельнічаць у гэтай вайне. Усё, што я люблю, -- пад пагрозай. У Правансе, калі гарыць лес, кожны, хто не з’яўляецца падонкам, хапае вёдры і лапаты. Я не хачу аказацца падонкам. Я хачу біцца, мяне вымушаюць да гэтага любоў і мая ўнутраная рэлігія. Я не магу заставацца ў баку і спакойна глядзець на гэта”.

Цікава, ці будзе асуджальна азербайджанскаму салдату, азербайджанскаму мужчыне, які патрапіў у такое ж становішча і жадае змагацца за тое, што блізкае і дарагое яго сэрцу, думаць так, як думаў Экзюперы? І літаратуралізаваць усё гэта. Аднак сёння напісанае намі пра Карабах, хаця і выкладзена эмацыйна, горача, не можа прэтэндаваць на высокую літаратуру. Не хапае майстэрства канцэптуалізаваць і актуалізіраваць тэму і ідэ, надаўшы ёй каштоўнасць агульначалавечага масштабу...

 -- Вы, відаць, адзін з нямногіх крытыкаў, хто называе “У вайны не жаночае аблічча” раманам... Вы ўпэўнены, што гэты твор – якраз раман..?

 -- Я прачытала гэты твор С. Алексіевіч як раман. Я ніяк не магу прыняць разгляд намі ўсіх тэкстаў з пункту гледжання крытэрыяў “класічнага рамана”. Засваенне магчымасцяў жанра з’яўляецца няпростай праблемай, якая ўласціва нашаму літаратуразнаўству. У выпадку ўз творам Святланы Алексіевіч пісьмы, дзённікі, успаміны, гістарычныя дакументы разглядаюцца скрозь прызму раманнага мышлення, якое параднілася з тэкстам рамана...

 -- Вы знаёміліся з творам “У вайны не жаночсае аблічча” па азербайджанскаму перакладу згаданага ўжо Камрана Назірлі... Раскажыце, наколькі паспяхова перакладчык перадаў сутнасць, увесь мастацкі боль, усю жыццёвую праўду твора Святланы Алексіевіч?

 -- На сённяшні дзень пераклад часта застаецца праблемным участкам азербайджанскай літаратуры. Выконваецца дужа шмат перакладаў. 70-гадовая “жалезная заслона” забарон савецкага часу не дазволіла азербайджанскаму чытачу своечасова пазнаёміцца з сусветнай літаратурай. Па сутнасці, мы чытаем запозненую літаратуру. Часамі Фолкнер, Хемінгуэй, Стэйнбек ці хто іншы з пісьменнікаў, алкрытых у Расіі, напырклад, у 1960-ыя ці 1970-ыя гг., успрымаюцца як літаратурная з’ява сённяшняга часу... Часта якасць перакладу не задавальняе чытача. Выданне напоўненых памылкамі тэкстаў – знявага не толькі аўтара, але і азербайджанскага чытача. Мною напісана некалькі артыкулаў з гэтай нагоды. На днях у нашай “Літаратурнай газеце” мы правялі шырокае абмеркаванне дадзенай тэмы з удзелам Камрана Назірлі. Прафесіяналы паспрабавалі патлумачыць прычыны, народжаныя нядасканаласцю перакладу, страты, якія наносяцца падобнымі перакладамі літаратурна-мастацкім густам і ўспрыняццю. Зразумела, у Азербайджане існуе шматвекавая школа перакладу, дастойнымі прадаўжальнікамі якой з’яўляюцца такія майстры справы, як Вілаят Гаджыеў, Вілаят Гуліеў, Камрат Назірлі, Месіага Мухамедлі і іншыя.

Камран Назірлі для нас з’яўляецца эталонам мастацтва перакладу. Мае ўласныя назіранні ў час вывучэння тэкстаў пра праблемы перакладу паказваюць, з якімі цяжкасцямі сутыкнуўся К. Назірлі пры перакладзе на азербайджанскую мову кожнага сказа, кожнага слова. Раман Святланы Алексіевіч ён пераклаў на азербайджанскую мову з вялікай любоўю і ўвагай. Зразумела, не толькі з лексічна-семантычнага, але і з літаратурна-эстэтычнага, духоўна-псіхалагічнага аспектаў.

А вам, глыбокапаважжаная Ірада, вялікі дзякуй за ўвагу да творчасці Святланы Алексіевіч, да беларускай літаратуры!

Гутарыў Алесь Карлюкевіч

Баку – Мінск

Прочитано 509 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии