Четверг, 21 06 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Невядомы пераклад апавядання Васіля Быкава

Такім загалоўкам, відаць, можна было б аб’яднаць цэлы шэраг артыкулаў. Выпадак, калі ў гісторыі творчасці вялікага пісьменніка ўлічаны не ўсе бібліяграфічныя спасылкі, засведчаны не ўсе яго публікацыі, пэўна, не адзінкавы. Магчыма, пройдзе час — і новыя ўдакладненні дазволяць узнавіць пераклады прозы Васіля Быкава ў поўнай ступені. А зараз наша размова — зусім пра канкрэтны выпадак. Пра выяўлены факт публікацыі апавядання народнага пісьменніка Беларусі «На возеры» на калмыцкай мове. Сам твор быў надрукаваны ўпершыню ў газеце «Гродзенская праўда» — 18 жніўня 1957 года. Наступная публікацыя апавядання — у лютаўскім нумары часопіса «Маладосць» за 1958 год.

На рускую мову апавяданне было перакладзена М. Гарбачовым. І надрукавана ў красавіцкім, чацвёртым, нумары часопіса «Дружба народов». А таксама — у газеце «Советская Литва» 14 жніўня 1960 года. Гэтыя публікацыі, у адрозненне ад калмыцкага перакладу, пазначаны ў біябібліяграфічным слоўніку «Беларускія пісьменнікі» (Мінск, 1992 год — том 1, старонка 435).

Канец 1950-х — пачатак 1960-х гадоў — час уваходжання Васіля Быкава ў сапраўдную літаратуру. І, несумненна, кожная з публікацый (няхай сабе і перакладная) была для яго важнай, сведчыла пра прызнанне. Як жа з’явіўся ў друку пераклад на калмыцкую мову?

29 верасня 1961 года старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі (тады, зразумела, — БССР) Пятрусь Броўка напісаў ліст старшыні Саюза пісьменнікаў Калмыцкай АССР М. Б. Нармаеву. Цытуем: «Паважаны Мархаджы Бамбаевіч!

Не так даўно ў Беларусі гасцяваў пісьменнік вашай арганізацыі Міхаіл Ванькаевіч Хонінаў. З ім, у мінулым партызанам на нашай зямлі, зараз адным з дзеячаў калмыцкай культуры, нам было вельмі цікава пазнаёміцца і пагутарыць. Тав. Хонінаў у дні свайго прыезду да нас пабываў у шэрагу раёнаў нашай рэспублікі, выступіў на старонках друку, шмат чаго цікавага расказаў нам пра калмыцкую літаратуру, культуру, пра сённяшняе жыццё вашага народа. Падборка вершаў Міхаіла Хонінава была перакладзена на беларускую мову ў нашай літаратурнай газеце.

У час гутарак з тав. Хонінавым ішла размова, што добра было б, калі б мы маглі шырэй пазнаёміць беларускага чытача з сучаснай калмыцкай літаратурай. На першым часе, магчыма, добра было б падабраць матэрыялы (вершы, апавяданне, невялікі артыкул, пару фотаздымкаў) на старонку для нашай літаратурнай газеты. Было б таксама добра, калі б вы парэкамендавалі нам для перакладу які-небудзь цікавы твор калмыцкай прозы, у прыватнасці для нашых юных чытачоў».

І далей: «Што датычыцца перакладу беларускіх твораў на калмыцкую мову, дык нам хацелася б, каб Ваша арганізацыя звярнула ўвагу ў першую чаргу на творчую спадчыну класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. У будучым, 1962, годзе ўся краіна будзе адзначаць 80-годдзе з дня нараджэння гэтых карыфеяў літаратуры. У сувязі з гэтым Вашы пераклады і выданні твораў гэтых пісьменнікаў былі б вельмі патрэбнымі. Акрамя гэтага, мы можам прапанаваць для Вашага перыядычнага друку сваю літаратурную старонку, а для Вашага выдавецтва, калі яно выкажа жаданне, — адну з нашых сучасных кніг.

Просім абмеркаваць нашы прапановы і паведаміць нам сваё рашэнне…»

Відавочна, ліст гэты Міхаіл Ванькаевіч Хонінаў сам непасрэдна і перадаў старшыні калмыцкай пісьменніцкай арганізацыі.

У 1962 годзе на калмыцкай мове і выходзіць невялікая кніга вершаў Янкі Купалы. Перакладчык, зразумела, — Міхаіл Хонінаў.

А ў 1963 годзе «Калмыцкая праўда» («Хальмг унн») 11 жніўня змяшчае разварот, прысвечаны беларускай літаратуры. Публікацыі тэкстаў беларускіх пісьменнікаў (ёсць сярод іх і рускі паэт Ігар Шклярэўскі, які, пэўна, быў знаёмы М. Хонінаву па паездках на Магілёўшчыну) папярэднічае ўрэзка. У ёй пазначана, што над перакладамі твораў Васіля Быкава (заўважна, што пераклад зроблены з рускай мовы) і іншых аўтараў працавалі Санджы Каляеў, Ліджы Інджыеў, Бося Саганджыева і Міхаіл Хонінаў. А непасрэдна пад тэкстамі імёны перакладчыкаў не пазначаны.

У «Калмыцкай праўдзе» тады, акрамя апавядання Васіля Быкава «На возеры» (па-калмыцку — «Нуурт»), былі надрукаваны вершы Петруся Броўкі, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Віктара Ракава, Яўгена Крупенькі, Марыі Шаўчонак, Васіля Карпечанкі, Эдзі Агняцвет, Ігара Шклярэўскага, Сямёна Пацёмкіна, Кацярыны Васільковай, Мікалая Касцяна. Два апошнія прозвішчы па сённяшнім часе ўвогуле нічога не гавораць. Магчыма, гэтыя аўтары (як і Ігар Шклярэўскі) былі знаёмы М. Хонінаву па паездках на Магілёўшчыну? Можа быць, нешта ў гэтым накірунку падкажуць магілёўскія літаратурныя краязнаўцы?

Хто ж перакладаў апавяданне Васіля Быкава? Ясна, што не Міхаіл Ванькаевіч. Вось філалагічных навук Рыма Хонінава: «…Калі бацькоўскія пераклады болей-меней можна дыферэнцыраваць, паколькі яго пераклады былі паўтораны ў часопісе «Теегін герл» («Зорка ў стэпе»), то наконт астатніх трэба разбірацца… Таму, хто ўсё ж такі пераклаў апавяданне таго ж Быкава, незразумела пакуль. Любы з іх, акрамя бацькі».

Значыць, перакладчыкамі апавядання «На возеры» мог быць кожны з іх — і Каляеў, і Саганджыева, і Ліджы Інджыеў? Кожны з гэтых пісьменнікаў працаваў і ў прозе, і ў паэзіі. А Каляеў і Саганджыева — яшчэ і ў драматургіі.

Санджы Каляеў (1905 — 1985) — народны паэт Калмыкіі. Пісьменнік, фалькларыст, перакладчык, літаратуразнаўца, драматург. У 1963 — 1966 гадах працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Теегін герл». Надрукаваў пераклады Янкі Купалы і Якуба Коласа. Ліджы Інджыеў (1913 — 1995) — таксама народны паэт Калмыкіі. Пісьменнік, паэт, перакладчык, франтавік з 1942 года. Аўтар рамана «Дачка Вольгі» і аповесці «Запіскі пра вайну». Пераклаў на калмыцкую мову творы М. Горкага, А. Пушкіна. С. Ясеніна, Т. Шаўчэнкі, Ю. Марцінкявічуса ды інш. Актыўна працавала ў літаратуры, у галіне мастацкага перакладу і Бося Саганджыева.

Але хутчэй за ўсё пераклад ажыццявіў Ліджы Інджыеў. Ён быў бліжэй за іншых да прозы, магчыма, яму імпаніравала праца над пераўвасабленнем на родную мову твора паплечніка-франтавіка. Але, канешне ж, гэта яшчэ не адказ на пытанне. Галоўнае, пра што можна гаварыць дакладна: існуе яшчэ адзін пераклад твора Васіля Быкава. Хутчэй за ўсё — адзіны пераклад яго прозы на калмыцкую мову.

Калі на мовы літаратур былых саюзных рэспублік творы Васіля Быкава перакладаліся дастаткова актыўна (як прыклад — па 4 — 6 кніг народнага пісьменніка Беларусі выдадзена на ўзбекскай, кіргізскай, украінскай мовах), то ў перакладах на мовы народаў Расіі проза класіка беларускай літаратуры прадстаўлена не вельмі важка. Праўда, ёсць кнігі на татарскай, тувінскай, якуцкай, чувашскай мовах. Вядомы пераклад, які надрукаваны ў перыёдыцы, — на макшанскую. Няўжо гэта ўсё? Можа быць, хутчэй тут на магчымыя высновы ўплывае недагляд бібліёграфаў? Выпадак з выяўленнем калмыцкай публікацыі 1963 года паказвае: для поўнай карціны прысутнасці Васіля Быкава і ўвогуле беларускай літаратуры ў свеце пошук трэба настойліва працягваць.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
"Літаратура і мастацтва" №35 (4835) 4 верасня 2015 г.

Прочитано 709 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии