Суббота, 30 05 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Жывы» віртуальны праект «На хвалі часу, у плыні жыцця»

  • Вторник, 31 марта 2020 13:19

Ідзе другі год працы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі над праектам, прымеркаваным да 100-годдзя ўтварэння літаб’аднання «Маладняк».

Віртуальны рэсурс «На хвалі часу, у плыні жыцця» працягвае папаўняцца новай інфармацыяй пра пісьменнікаў-маладнякоўцаў: створаны раздзел, прысвечаны Уладзіміру Хадыку, вядзецца праца над раздзеламі, прымеркаванымі да юбілеяў Уладзіміра Дубоўкі, Кузьмы Чорнага, Янкі Скрыгана. Да сумеснага «праекта чатырох» (Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць») далучаюцца іншыя ўстановы, новыя аўтары і даследчыкі гісторыі літаратуры 1920–1930-х гг.

Увесь час рэсурс «На хвалі часу, у плыні жыцця» папаўняецца кнігамі, паўнатэкставымі дакументамі, знойдзенымі фотаздымкамі і матэрыяламі з асабістых архіваў даследчыкаў. Распачынаем серыю публікацый пра новыя цікавосткі праекта.

У падраздзеле «Літаратурныя і дакументальныя выданні аб’яднання «Маладняк» размешчана цікавае выданне «Бліскавіцы: анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду» (2017), укладзенае Аксанай Данільчык і Віктарам Жыбулем. Упершыню пад адной вокладкай сабраны творы 61 беларускай паэткі, напісаныя ў міжваенны перыяд, з 1918 па 1941 год, – што стварае панараму літаратурнага жыцця эпохі.

«Сёння ужо ніхто не задае пытання, ці вартая аналізу жаночая паэзія сама па сабе – здаецца, гэта ўжо высветлены факт і адпраўная кропка для таго, каб зрабіць яшчэ адзін крок наперад – даследаваць створанае жанчынамі, вызначыць галоўныя тэндэнцыі паэзіі, напісанай жанчынамі, яе трансфармацыі ў канкрэтныя гістарычныя перыяды і, магчыма, вызначыць далейшыя перспектывы развіцця, а таксама пазбавіцца ад стэрэатыпаў, звязаных з ужываннем слова «жаночая». Акрамя таго, цэлы пласт беларускай літаратуры пакуль застаецца незапатрабаваным, і хацелася б спадзявацца, што гэтая лакуна будзе запоўнена... Анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду дапаможа па-іншаму паглядзець на літаратурны працэс 20–30-х гадоў і на ўдзел у ім жанчын… Сёння стаіць задача вярнуць беларускую жаночую паэзію 20–30-х гадоў з «няведамасці», каб аднавіць гістарычную і мастацкую справядлівасць», – адзначае кандыдат філалагічных навук Аксана Данільчык у прадмове да кнігі «Бліскавіцы».

Аўтарка гэтых радкоў далучылася да нашага праекта і стала актыўным ўдзельнікам круглага стала «Маладнякоўскімі крокамі», што прайшоў 16 студзеня 2020 г. у НББ. Аксана даследуе творчасць Зінаіды Бандарынай – паэткі «Маладняка», чые вершы ўвайшлі ў анталогію «Бліскавіцы», але акрамя таго займаецца вывучэннем творчасці Я. Пушчы, К. Чорнага, С. Дарожнага, М. Бяліны-Падгаецкага, Я. Пфляўмбаум, П. Бузука, пытаннямі культуры (дзейнасцю А. Бабарэкі, У. Дубоўкі, Т. Кляшторнага і інш.), італьянскім кантэкстам беларускай літаратуры міжваеннага перыяду.

На пасяджэнні ў рамках Дня літаб’яднання «Маладняк» А. Данільчык выступіла з дакладам «Паэзія і лёс «маладнякоўкі» Зінаіды Бандарынай», а ў часопісе «Маладосць» № 1 за 2020 г. у рамках праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця» выйшаў яе артыкул ««Асабістая справа»« Зінаіды Бандарынай і іншыя матэрыялы да біяграфіі». У № 5 часопіса «Маладосць» чакаецца новы матэрыял А. Данільчык пра творчасць З. Бандарынай. Даследчыца, паэтка і перакладчыца застаецца актыўным удзельнікам і сябрам рэспубліканскага праекта.

Запрашаем далучацца да праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця», які дае магчымасць праз сайт НББ папулярызаваць дзейнасць літаб’аднання «Маладняк» і свае даследчыцкія знаходкі!

Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Беларусі

 

Прочитано 447 раз